Рэгіянальны ракурс актуальнай праблематыкі

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Першым пунктам у праграме пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якое прайшло 24 верасня, стала абмеркаванне выканання на Брэстчыне “культурнага складніка” Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гг. Погляд на гэтую магістральную ініцыятыву ў рэгіянальным ракурсе дазволіў выявіць агульныя тэндэнцыі ходу яе рэалізацыі, характэрныя для рэспублікі ў цэлым. Збольшага яны станоўчыя, нягледзячы на шэраг праблемных момантаў, якія таксама маюць агульны характар.

У цэлым, члены калегіі пагадзіліся з тым, што выкананне праграмы ў вобласці адбываецца паспяхова. Пра гэта сведчаць канкрэтныя вынікі працы, агучаныя ў дакладзе начальніка Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгора Бысюка. У 2005 — 2007 гадах на Брэстчыне былі створаны 105 аграгарадкоў, у якіх дзейнічаюць 113 устаноў культуры, адпаведных сучасным стандартам. Сярод іх — 17 устаноў культуры новага тыпу (што амаль у паўтара раза болей, як было запланавана), два дамы рамёстваў і школа народнай творчасці. Перавыкананы план таксама і па камп’ютэрызацыі бібліятэк, фарміраванні перасоўных устаноў культуры, адкрыцці на сяле філіялаў дзіцячых школ мастацтваў.

Два дзесяткі філарманічных пляцовак, што ўзніклі ад пачатку дзеяння дзяржпраграмы, не прастойваюць без справы: па словах Рыгора Басюка, кожны другі канцэрт Брэсцкай абласной філармоніі адбываецца менавіта ў аграгарадках.

Гэтыя паказчыкі робяць абгрунтаванымі спадзевы на тое, што і сёлета культура вобласці здолее выканаць пастаўленыя дзяржавай задачы. Хаця значная частка запланаваных на гэты год здзяйсненняў на Брэстчыне яшчэ толькі наперадзе. Пакуль створана толькі адна ўстанова культуры новага тыпу — пры плане ў 5. Да канца года належыць таксама забяспечыць камп’ютэрнай тэхнікай 12 бібліятэк, адкрыць Дом рамёстваў… А ў трох аграгарадках вобласці ўстановы культуры фактычна не дзейнічаюць, знаходзячыся на рамонце або рэканструкцыі.

Адным словам, працы багата, і на Брэстчыне яе аб’ёмаў не баяцца, але… Як неаднаразова адзначалася пад час пасяджэння калегіі, выканаць дзяржаўныя задачы будзе магчыма толькі ў тым выпадку, калі фінансаванне будаўнічых і рамонтных работ будзе ажыццяўляцца ў поўным аб’ёме, а гэта залежыць у першую чаргу ад мясцовых улад.

Агульнай праблемай выканання дзяржпраграмы з’яўляюцца пераходныя аб’екты культуры. За мінулыя гады на Брэстчыне іх назапасілася 12, але, па словах Рыгора Бысюка, сёлета спіс скароціцца да трох: установы культуры, чыё пераўтварэнне па розных прычынах затрымалася, урэшце будуць даведзены да ладу. Як падкрэсліў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка, пераходных аб’ектаў 2008 года не павінна быць наогул.

Адметным досведам выканання дзяржпраграмы на Брэстчыне стала рашэнне аблвыканкама адрасна выдаткаваць 1 млрд. рублёў на набыццё апаратуры і музычных інструментаў для ўстаноў культуры аграгарадкоў. Па словах начальніка ўпраўлення культуры, ініцыятыва здолела ў значнай меры выправіць стан матэрыяльнай базы гэтых устаноў.

Разам з тым, “слабым звяном” у выкананні на Брэстчыне пастаўленых дзяржавай задач паранейшаму з’яўляецца стварэнне новых працоўных месцаў — ва ўстановах культуры аграгарадкоў з пачатку дзеяння дзяржпраграмы іх паўстала ўсяго тры. Таму ў адным з пунктаў рашэння калегіі была звернута ўвага на гэты аспект.

Рыгор Бысюк згадаў у сваім дакладзе “вузкае месца” ў стварэнні на сяле ўстаноў культуры якасна новага тыпу (у краіне іх сёлета паўстала ўжо 21 — большая частка з запланаваных 32).

Часам атрымліваецца, што пераўвасабленне ўстановы прыносіць яе супрацоўнікам не толькі гонар, але і пэўныя страты ў сямейным бюджэце. Гэтая парадаксальная сітуацыя абумоўлена паніжэннем групы аплаты працы.

Другім важным аспектам культурнага працэсу, які абмяркоўваўся пад час калегіі, сталі вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці арганізацый сферы культуры за першае паўгоддзе 2008 года. Як паведаміла пад час свайго дакладу начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры РБ Вольга Кананюк, чысты прыбытак, атрыманы камерцыйнымі арганізацыямі Міністэрства за гэты перыяд, склаў 1790 млн. рублёў — пры плане ў 553. План перавыкананы больш чым у тры разы, але… далёка не ўсімі. Асобныя ўстановы дапусцілі ў сваёй дзейнасці досыць значныя страты — напрыклад, арганізацыі кінавідэапракату Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай і Мінскай абласцей.

Пракатчыкам было рэкамендавана шукаць рэзервы аптымізацыі сваёй дзейнасці, а вось некаторыя прадпрыемствы і ўстановы неўзабаве павінны скончыць сваё існаванне — стратнае і немэтазгоднае не толькі з эканамічнага пункта гледжання. У іх ліку — РУП “Цэнтр музеязнаўчых, аздабленчых і даследчых работ” Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, “Рарытэт” Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, ААТ “Белатракцыён” і іншыя. Неўзабаве павінны распачацца захады па іх ліквідацыі.

Аптымізацыі гаспадарчай дзейнасці сістэмы Міністэрства культуры краіны павінна спрыяць таксама перадача некаторых устаноў на баланс мясцовых улад, што павінна стаць карысным і для саміх устаноў. Так, Музей беларускага Палесся перадаецца ў камунальную ўласнасць г. Пінска, а музей-палац Агінскага ў Залессі, які сёння з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, плануецца перадаць на баланс Гродзенскай вобласці.

Сярэдняя заработная плата работнікаў культуры за першае паўгоддзе 2008 года павялічылася на 14% параўнальна з годам мінулым і склала 627,9 тыс. рублёў. Тым не меней, яна па-ранейшаму застаецца меншай за сярэдні заробак па рэспубліцы, складаючы толькі 77% ад яго. Выключэннем сталі хіба работнікі культуры Мінскай вобласці, а таксама арганізацый рэспубліканскага падпарадкавання.

Дыскусію сярод прысутных выклікала наступная тэма, прапанаваная на абмеркаванне пад час пасяджэння калегіі: паляпшэнне якасці праектаў нарматыўна-прававых актаў. У сваім дакладзе начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Вештарт адзначыла шэраг недахопаў, з прычыны якіх праекты дакументаў не заўсёды праходзяць усебаковую ўдумлівую экспертызу зацікаўленых бакоў. Як адзначыў першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Рылатка, які быў старшынёй пасяджэння, неабходна павялічваць штат кваліфікаваных юрыстаў ва ўстановах культуры. На яго думку, актуальныя праблемы ў распрацоўцы нарматыўна-прававых актаў магла б вырашыць праца лабараторыі экспертаў, здатных узважыць усе нюансы і тонкасці кожнага нарматыўна-прававога акта.

У ліку іншых пытанняў, якія абмяркоўваліся пад час пасяджэння калегіі, стала наданне Беларускаму дзяржаўнаму музычнаму тэатру звання “акадэмічны”. Пярэчанняў сярод прысутных гэтая прапанова не выклікала.


Ілля СВІРЫН