Запіс у творчым нататніку

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

Відаць, у памяці кожнага чалавека ёсць “нататнік”, дзе пазначаны творы мастацтва, якія яго калісьці ўразілі. У маім “нататніку”, у раздзеле “жывапіс”, лічы, палову спіса складаюць краявіды. Магчыма, таму што я заспеў той час, калі жытло, каб яно лічылася “багатым”, было прынята ўпрыгожваць рэпрадукцыямі карцін у рамах. Было тое ў дзяцінстве, у 50-х. Некаторыя з іх захаваліся ў мяне дагэтуль. Хачу адзначыць, што хоць тагачасная савецкая паліграфія была вельмі далёкай ад дасканаласці, якасць тых рэпрадукцый была даволі высокай. Не толькі блізка да арыгінала перадаваўся колер, але чыталася нават фактура палатна.

/i/content/pi/cult/813/17429/15.jpgДык вось на большасці тых рэпрадукцый былі класічныя краявіды рускіх мастакоў — Саўрасаў, Шышкін, Левітан… У той час, ва ўсіх адносінах, найбольш важным лічыўся сюжэтны жывапіс на ідэалагічна-вывераныя тэмы, чалавек паспаліты аздабляў свой побыт, сваю прыватную прастору не сцэнамі вайны і будаўніцтва, а немудрагелістымі выявамі бярозавых гаёў, рачулак, вясковых хат і ляснога гушчару. Так што краявід — гэта маргіналія “вялікага стылю”. У свядомасці паспалітага гледача ён часта на першым плане.

Выстава “Пейзаж. Светаўспрыманне”, што зараз праходзіць у нашым Нацыянальным мастацкім музеі, вярнула мяне ва ўспаміны дзяцінства. Тут прадстаўлены каля 20 работ беларускіх мастакоў з калекцыі музея, створаных ў другой палове мінулага стагоддзя. Напачатку згаданага перыяду менавіта традыцыі расійскага рэалізму ў версіі мастакоў-перасоўнікаў вызначалі стылістыку нашага жывапісу. Пазней сюды дадаліся ноткі суровага стылю і нацыянальнай рамантыкі. Усе мастакі, чые творы складаюць экспазіцыю, пакінулі заўважны след у беларускай культуры. Гэта Яўген Красоўскі, Канстанцін Касмачоў, Мікалай Казакевіч, Леанід Шчамялёў і іншыя. Творы эцюднага характару. Пра гэта сведчыць іх малы фармат і ўяўная “недаробленасць”. Гэта як дзённікавы запіс у нататніку, які можа стаць асновай нейкага аповеду ці рамана, а мо так і застанецца фіксацыяй хвіліннага настрою. Але нават і па гэтых жывапісных нататках можна прасачыць стылёвую эвалюцыю ў беларускім жывапісе другой паловы мінулага стагоддзя.

Выстава працуе да 27 верасня.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"