Эмацыйныя рознагалоссі

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

Праекты past і perfect Антаніны Слабодчыкавай
З яркай і заўсёды пераканаўчай мастачкай Антанінай Слабодчыкавай размаўляем пра тое, “як гэта ўсё ўладкавана”. Ня столькі пра канцэпцыі і задачы, а пра тое, як унутры сябе мастак шукае для іх рашэнне, злучае ідэі і матэрыялы, як развівае праект у некалькіх версіях. Страх страціць і страх згубіцца — адна з скразных тэм аўтаркі. Мне хацелася хоць бы ледзь-ледзь адкрыць: як мастацтва гэта канструюе?

/i/content/pi/cult/813/17428/12.jpg“Нейкі тумблер пераключыўся”

— Тоня, а вось цікава: у цябе няма самапаўтораў, няма таго, што традыцыйна завецца “пазнавальным творчым почыркам”. Таму сёння я б прапанавала паразмаўляць аб саміх падыходах, аб кантрастах у мове, у кантэкстах. І наогул аб нечаканых рэчах. Мне гэта ўдвая цікава: я ніколі не згаджалася з меркаваннем, што для тваіх праектаў характэрная гендарная праблематыка, мова эмацыйная і наогул усё зводзіцца да гульні, да такіх квазіпобытавых гісторый. Я бачу жорсткасць, часам нават брутальнасць тваіх прац. У крайнім выпадку, гратэск, трагікамедыю. Напрыклад, даўнейшыя “Цацкі ў Чорным”, то-бок “Чорная праца” (2009). Напэўна, там ёсць рэпліка з хатняй тэмы, але ў першую чаргу — цяжкае, бясконцае адчуванне трывогі, такі дзень сурка ў ідэальнай форме круга. Вырвацца з яго немагчыма. Як атрымалася, што ты пачала з такой працы?

— З яе пачалося для мяне летазлічэнне сталага перыяду. Я шмат зразумела пра сябе як пра мастачку, як я хачу працаваць з матэрыялам, з колерам. Да яе былі планшэты-калажы, я называла іх “чорнымі плямамі” — гэта была прэлюдыя. І хацелася адысці ад плоскай паверхні да аб’ёму, з ідэальным чорным, і з ідэяй кола сансары (па веры большасці індыйскіх рэлігій — цыкл смерці і адраджэння. — заўв.рэд.). “Кожны дзень я раблю сваю чорную, брудную працу і думаю дрэнныя думкі, і кожны дзень ідзе працэс працы над сабой, перапрацоўка негатыўнай інфармацыі. Калі ўсё разумееш, але не здольны з замкнёнага круга вырвацца — з пакут, трагічнасці. Можна выйсці, але гэта складана. Усё сканчаецца і знікае разам з табой, і ўсё не мае сэнсу”, — прыкладна так. У працы былі цацкі, так, таму што я — мастачка, і я маці. Гэтыя рэчы звязаныя на фізічным узроўні.

— А што наконт гратэску, трагікамедыі?

— Што тычыцца трагікамедыі, то я не падзяляю момант умоўна-бытавы і ментальны. Толькі цяпер пачынаю сябе разумець як індывіда, і думаю, што ў мяне з нараджэннем дачкі адбылося дакладнае сутыкненне з новым жыццём. Нейкі тумблер пераключыўся. Я моцна спалохалася — напэўна, гэта пафасна гучыць.

Творчасць як тэрапія

— А цяпер зробім рэзкі пераход да Майстэрні, што ты вядзеш для ўсіх жадаючых, і якая цалкам пазітыўная. Яна ж не пра “замкнёнае кола пакут”. Але сэнс у іх дакладна ёсць. Які?

— Гэта дарослая студыя, па сутнасці, мы займаемся развіццём творчага мыслення ў самых розных яго праявах. Ёсць праекты з відэа, калажамі, інсталяцыямі, арт-кнігамі, ляўкасам, вышыўкай. І мы нават зрабілі некалькі выстаў. Цалкам дакладна, што праз творчасць працуе тэрапія, а людзям даволі часта бывае цяжка прымірыцца з рэчаіснасцю. У мастацтве адбываюцца глыбінныя адкрыцці, праз асабістыя праекты распагоджваюцца экзістэнцыяльныя рэчы. І зразумела, што, як мастак, я нешта магу параіць.

/i/content/pi/cult/813/17428/13.jpg— Ці лёгка людзям раскрываць сябе?

— Для ўсіх нас — гэта камфортны стан узаемадзеяння, важнае ў зносінах з дарослымі людзьмі. У іх ёсць траўматычны асабісты вопыт, і праз канцэнтрацыю, захоплена, часам нават з запалам, яны адкрываюць сябе.

#янотут

— Твой асабісты, самы яркі экзістэнцыяльны праект — вядома, “Яно тут” (2012). Больш за ўсё ён уразіў мяне ў Гомелі, у гістарычным Палацы Паскевічаў, сярод мармуру і люстэркаў, у асвятленні класічных жырандоляў. Гэта неверагодна моцнае выказванне аб тым, што заўсёды ёсць прысутнасць Другога ў часе і прасторы.

— Калектыўны, маштабны праект “Палацавы комплекс” (куратар Міхаіл Гулін; 2012) стаўся для мяне вельмі значным. З ім, у гэты перыяд, я пачала намацоўваць сваю ідэалогію ў мастацтве. Калі раней працы былі больш інтуітыўнымі, то ў “Яно тут” ужо разумела, якія пытанні мне цікава задаваць. А адказы можна і не знайсці. І яшчэ было важным узаемадзеянне сучаснага мастацтва з неспецыфічнай прасторай Палаца.

/i/content/pi/cult/813/17428/14.jpg— Адкуль гэтыя словы “Яно тут”?

— Пачалося ўсё з вершаваных радкоў Монікі Рынке, яна была першакрыніцай, і я развівала гэту тэму для праекта “Літара” з куратарам Ірынай Герасімовіч. Менавіта тады я паспрабавала працаваць з кнігай — са словамі, знакамі. З тых часоў кожны мой праект пачынаецца з кнігі. У выніку я прыйшла да арт-book і да штучных кветак, якія ў “Яно тут” таксама фарбавала ў чорны колер. Але гэта што тычыцца матэрыялу і інструментаў. А ў філасофскім плане я бачу сувязь маёй інсталяцыі з “Нiчога няма” (графічны твор Аляксея Лунёва. — заўв. рэд.), хоць яе на той момант не бачыла.
Тобок, гэта толькі сувязь, адказ і ў той жа час не адказ — пра гэта можна разважаць. А “Яно” ў любой прасторы заўсёды прысутнічае, цяпер гэта нават хэштэг.

— Што было пасля?

— Пасля “Яно тут” я пачала здымаць хатняе відэа. Гэта пайшло паралельна: майстэрня доўга была ў нас у кватэры, мая дачка Маруся дома, я таксама. Была яшчэ іншая сітуацыя, у доме, дзе я ў дзяцінстве праводзіла цэлыя месяцы. Маруся грала на піяніна, і гэты момант сапраўды трэба было “спыніць”. Дачка па ходзе прыдумляла музычны твор, а я стаяла каля акна. Перада мной — зноў вёска, каровы, што ідуць міма, а далей — лес. Такая класічная карцінка, толькі ўжо з маім дзіцём, якое піша музыку.

Ад чорнага — да белага

— А вось інсталяцыі “Чорны стол” і “Белы стол”. Першы быў паказаны ў Гомелі (у праекце “Палацавы Комплекс”), другі — “Purity” — у Вроцлаве. Відэа з Вроцлава ты паказала на навагодняй імпрэзе “Чай з лёдам”, у зусім новым фармаце прагляду і абмеркаванняў арт-праектаў. Прычым, у святочныя дні прыняла гэтую суполку ў сябе ў майстэрні. Было шумна, настроі самыя розныя: ад апатыі да рамантычных чаканняў чагосьці звышнатуральнага. А потым у Мінску праект ператварыўся ў “На белым лепш за ўсё бачны бруд”. Праекты зусім розныя, але якія кантэксты цябе хвалявалі?

— Спачатку быў посуд... Мне было цікава, як працаваць з такім матэрыялам. І стол — у паўсядзённай традыцыі і ў Палацы. У другім выпадку правілы іншыя, асаблівая сервіроўка. Сам “стол” набывае зусім іншы характар, людзі збіраюцца спецыяльна, апранаюцца спецыфічна. Магчыма, гэта сям’я, некалькі пакаленняў, або нейкія супольнасці. Гэта прынцыпова іншае месца, дзе людзей абслугоўваюць.

У мяне ёсць дзіцячы ўспамін пра музейны двор, дзе стол быў застаўлены муляжамі ежы. Выходзіш, і адразу ствараецца прад-адчуванне, якім ён мог бы быць. І з’яўляецца жаданне зрабіць стол, якога там акурат няма. Свой стол, каб з’явілася жыццё, пах абруса, сурвэтак. Мне хацелася зрабіць стол святочны, пампезны, але ён з мінулага — гэта значыць з пылам, са слядамі часу, магчыма, нават пасля пажару. Так ён атрымаўся чорным, плюс выпадкова ўтварылася пераклічка з партрэтамі групы “Рэвізія”, яны як быццам завяршылі нейкае дзеянне.

Уся праца ў Палацы стала памятнай — ты разумееш, што рэальна яе можаш зрабіць. Нават у фінансавым плане ўсё атрымалася: увесь ганарар я выдаткавала на працу, і была шчаслівая. З пункта гледжання арганізацыі таксама ўсё працавала: за кожным мастаком быў замацаваны чалавек, які дапамог усё рэалізаваць. Для мяне супрацоўніца музея знайшла муляжы тартоў на хлебазаводзе — я была вар’яцкі ёй удзячная.

Несмяротны матэрыял

— А вось твая ванна — “Святы жах” на “Арт-Мінску”, што адбыўся пару гадоў таму — засталася для мяне загадкай. Інсталяцыя атрымалася проста злавеснай...

— Да таго моманту валасы ўжо былі тым матэрыялам, з якім я даўно хацела папрацаваць. Памятаю “Гендарны маршрут” з Зояй Літвінавай і Зояй Луцэвіч (куратар выставы — Ірына Саламаціна. — Заўв. рэд.), я паказала там такі аб’ект: шафа дзіцячая, і з яе тырчала дзіцячая каса. У адным з куратарскіх праектаў Ірыны Герасімовіч з рэфлексіяй на нямецкае кіно (Заслаўе, 2012) я зрабіла “кадр” з ложкам, з бялізнай, дзе з-пад коўдры быў бачны вялікі чорны “хвост” валасоў — як быццам жанчына спіць. Валасы — гэта ж нешта дзіўнае, — ты працягваеш іх адчуваць і пасля жыцця чалавека. Добра, пэўныя рэчы — яны ўсё ж застаюцца прадметамі, але валасы — гэта жывы і несмяротны матэрыял. Я бачыла ў піцерскім музеі мумію з валасамі. Гэта мяне шакавала: яны сапраўдныя, да іх можна дакрануцца! Аказваецца, ёсць у чалавеку нешта, што звязвае розныя часы. Але як аб’ект, асобна ад чалавека, яны палохаюць, выклікаюць трывогу. Як штучныя кветкі. Тобок валасы мне падабаюцца як матэрыял, але ён выклікае эмацыйныя рознагалоссі.

— А як з’явілася назва?

— Назва “Святы жах” прыйшла ад адчування, што ёсць чалавек, твой блізкі, але цалкам асобны, і ты яго не чуеш. Ён табе не належыць, як камяк валасоў, які ўжо не на тваёй галаве. Увогуле, ідэя ванны паўстала з відэа з дачкой Марусяй: было цікава назіраць, як яна ляжала ў вадзе і гуляла з цацкамі, з упрыгожваннямі, нешта мармытала. У інсталяцыі ёсць гук — але там толькі вада, і мы не чуем, што Маруся кажа. Наглядчыца ў зале потым папярэджвала гледачоў, што навушнікі можна не браць: “там нічога няма”.

Любоў Гаўрылюк, арт-журналіст