Майстэрства продкаў і цяпло драўляных сцен

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

Падыходзіць да фіналу лета, набліжаецца пачатак новага навучальнага года. Для многіх гарадскіх жыхароў Беларусі летняя пара, відаць, дагэтуль у значнай ступені асацыюецца з дзіцячымі гадамі, канікуламі і вёскай. У дзяцінстве я і сам любіў улетку бавіць час у гасцінным доме ў бабулі і дзеда на Вілейшчыне, альбо ў вясковай хаце непадалёк ад Мінска, збудаванай яшчэ маім прадзедам. На жаль, гэты будынак, які перажыў амаль усе трагічныя і бурлівыя падзеі ХХ стагоддзя, сёння ўжо знаходзіцца не ў лепшым стане — рана ці позна з хатай давядзецца развітацца. Няма ўжо і маіх вясковых дзеда і бабулі, няма да каго мне прыехаць у нашай вёсцы.

/i/content/pi/cult/813/17425/8.jpgАле яшчэ з дзяцінства я ведаў, што ёсць зусім непадалёк ад майго роднага Мінска куток, дзе можна заўжды таксама дакрануцца да вясковай атмасферы, зноў адчуць цяпло старой драўлянай хаты, палюбавацца вытанчанымі сілуэтамі ўтульных цэркваў і велічных млыноў-ветракоў. Месца гэтае — Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, што ў вёсцы Азярцо. Гісторыя скансэна (музея пад адкрытым небам - заўв.рэд.) распачалася ў 1976 годзе, калі была арганізаваная рабочая група па стварэнні музея, у якую ўвайшлі беларускія архітэктары, гісторыкі і этнографы.

Па ўсёй краіне былі накіраваныя экспедыцыі, якія шукалі, вывучалі і фіксавалі помнікі драўлянага дойлідства для перавозкі ў музей і наступнага аднаўлення на новым месцы. Збіраліся таксама прадметы побыту, якія мусілі напоўніць інтэр’еры будынкаў. Часам дамы выкупаліся ў прыватных асобаў, часам — у калгасаў. Дарэчы, у некаторых з жылых дамоў можна і сёння пабачыць фотаздымкі, на якіх выяўленыя іх колішнія гаспадары — такія каштоўныя дакументы для будучай экспазіцыі таксама збіралі ў экспедыцыях.

Нарэшце ў 1982 годзе пачалося будаўніцтва музейнага комплексу, і да 1994-га былі адкрытыя для наведвальнікаў тры сектары экспазіцыі: “Цэнтральная Беларусь”, “Паазер’е” і “Падняпроўе”. Сёння ў іх склад уваходзяць каля чатырох дзясяткаў аб’ектаў, частка з якіх знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі. Усе помнікі, прадстаўленыя ў музеі, маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі. Пра сучасны стан рэчаў у галіне захавання і аднаўлення помнікаў драўлянага дойлідства ў беларускім скансэне мы паразмаўлялі з намеснікам дырэктара музея па навуковай рабоце Яўгенам Мікулам, загадчыкам навукова-экспазіцыйнага аддзела Ігарам Івановым і намеснікам дырэктара па будаўніцтве і рэстаўрацыі Алегам Калістратавым.

Нельга захаваць? Можна аднавіць

Трэба разумець, што помнікі народнай драўлянай архітэктуры ў музеі пад адкрытым небам апрыёры знаходзяцца ў ненарматыўных тэмпературных і вільготнасных умовах, таму супрацоўнікі музея прыкладаюць усе намаганні для іх зберажэння і стварэння аптымальнага рэжыму захавання. Для гэтага забяспечваецца вентыляцыя памяшканняў, праводзіцца апрацоўка драўніны прэпаратамі, якія абараняюць яе ад шкоднага ўздзеяння насякомых і грыбоў, ажыццяўляецца кантроль за тэмпературай паветра.

Тым не менш, як адзначаюць адмыслоўцы, дрэва — матэрыял не вечны, так ці іначай, з часам яно парахнее і падвяргаецца гніенню. Таму спецыялісты рэстаўрацыйна-будаўнічай службы музея таксама займаюцца рамонтнымі работамі, заменай асобных дэталяў будынкаў. У сувязі з гэтым паўстае пытанне аўтэнтычнасці помнікаў — ці дапушчальнае выкарыстанне новых дэталяў, ці не страчваецца такім чынам арыгінальны воблік аб’екта? Як захаваць помнікі народнай архітэктуры настолькі, каб яны заставаліся сапраўднымі крыніцамі ведаў аб традыцыях і асаблівасцях беларускага драўлянага дойлідства?

Як адзначае загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Ігар Іваноў, акрамя арыгінальнасці матэрыялу, ёсць таксама паняцці арыгінальнасці формы, тэхналогіі і функцыі. У выпадку, калі немагчыма захаваць арыгінальнасць матэрыялу, можна зрабіць акцэнт на арыгінальнасць формы, альбо вывучыць традыцыйныя тэхналогіі і навыкі апрацоўкі дрэва. Як прыгадвае намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце Яўген Мікула, на працягу 1970 — 1990 гадоў помнікі драўлянага дойлідства траплялі ў скансэн у розным стане. У такіх вядомых сёння ў музеі аб’ектаў, як прыдарожная капліца з вёскі Каралеўцы Вілейскага раёна, альбо ўніяцкая царква з вёскі Логнавічы Клецкага раёна, і ў іншых каштоўных помнікаў узровень захаванасці яшчэ да перавозкі быў не вышэй за пяцьдзясят працэнтаў, а стрэхі і падлогі часта былі страчаныя цалкам.

Ці дапушчальны навадзел?

За апошнія пяць гадоў на тэрыторыі музея былі адноўленыя тры помнікі: прыдарожная капліца 1802 года з вёскі Каралеўцы на Вілейшчыне, Спаса-Праабражэнская царква 1707 года з мястэчка Барань пад Оршай і шатровы млын-вятрак пачатку мінулага стагоддзя з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна. Узровень захаванасці матэрыялу ўсіх гэтых аб’ектаў быў невысокі, але на сённяшні дзень шэраг адмыслоўцаў прытрымліваецца меркавання, што калі ў помніку захоўваецца мінімум 30 працэнтаў арыгінальнага матэрыялу, то ён можа лічыцца аўтэнтычным.

У выпадку з царквой з Барані, напрыклад, гэтая ўмова была выкананая — дарэчы, гэта найстарэйшы аб’ект у музеі, які датуецца пачаткам XVIII стагоддзя, прывезеная ў музей яна была яшчэ ў 1986 годзе. А вось, напрыклад, з млыном з Зелянца сітуацыя іншая — тут было выкарыстана 90 — 95 працэнтаў новага матэрыялу, але, тым не менш, удалося захаваць і пэўныя аўтэнтычныя элементы. Так ці іначай, адмыслоўцы лічаць апраўданым і правамерным выкарыстанне новых матэрыялаў, бо на сённяшні дзень у Беларусі засталося не так багата помнікаў драўлянага дойлідства.

Як прыклад неабходнасці вызначэння разумнага балансу паміж захаваннем арыгінальных элементаў помніка і заменай іх новымі, Яўген Мікула расказвае аб цэнтральным храме знакамітага расійскага музея-запаведніка ў Кіжах — царкве Праабражэння Гасподняга. Архітэктар Аляксандр Апалоўнікаў, які быў стваральнікам кіжскага запаведніка і рэстаўратарам яго аб’ектаў, у пэўны момант прыняў рашэнне захаваць адно з бярвенняў храма, стан якога выклікаў сумненні — але ў выніку гэты элемент падвергся гніенню, храм давялося ўздымаць і складваць наноў, і затраты на гэтыя работы былі відавочна несувымерныя кошту замены аднога бервяна на новае. Таму ўрэшце Апалоўнікаў быў вымушаны прызнаць, што яго рашэнне аб захаванні старога элемента была немэтазгодным.

Трэба ўлічваць таксама, што ў Расіі і Беларусі традыцыйна адрозніваліся падыходы да паняцця спелай драўніны. У Расіі будавалі зрубы з моцнай сасны, лістоўніцы, спелай лічылася драўніна ўзростам 80 - 100 гадоў. У адпаведнасці з традыцыйнымі практыкамі збору драўніны, яна адлежвалася на працягу года і захоўвалася адпаведным чынам. Драўніна ж у Беларусі больш падлягала парахненню і гніенню, што робіць праблему захавання помнікаў народнага дойлідства яшчэ вастрэйшай.

Вяртанне школы майстроў

Актуальным застаецца і пытанне якасці рэстаўрацыйных структур. Калі ў савецкі час існавалі сур’ёзныя рэстаўрацыйныя школы, пры якіх дзейнічалі брыгады цесляроў з устойлівымі навыкамі, то пазней яны былі страчаныя — таму сёння падрадныя арганізацыі часта вымушаныя прыцягваць да рэстаўрацыйна-рамонтных работ будаўнікоў. Страта пераемнасці тэхнік і навыкаў з распадам СССР была выкліканая перадусім адсутнасцю заказу і спыненнем фінансавання.

Так ці іначай, рэстаўрацыя з’яўляецца сферай будаўнічых работ, у аснове якіх ляжыць разуменне, што будынак мусіць быць трывалым. Работы на помніках архітэктуры, нават калі гэта цякучы рамонт, які не патрабуе праекта, ажыццяўляюцца падраднымі арганізацыямі на падставе будаўнічага заканадаўства, дзе адсутнічаюць паняцці спеласці дрэва, выкарыстання традыцыйных інструментаў і тэхнік, захавання арыгінальных дэталяў. Улічыць усе гэтыя нюансы магчыма толькі пры стварэнні праектнай дакументацыі, але гэта патрабуе ўжо большых сродкаў ды рэсурсаў і больш складанай працэдуры зацверджання.

У той жа суседняй Расіі, напрыклад, падобныя пытанні рэгулююцца заканадаўчымі дакументамі, якія спалучаюць сферы будаўніцтва і культуры. У адпаведнасці з такім заканадаўствам, незалежна ад таго, якія віды работ здзяйсняюцца на помніках, іх трэба выконваць з выкарыстаннем традыцыйных інструментаў, пры навуковым падыходзе і вывучэнні будынка. Вядома, гэтыя патрабаванні не заўжды выконваюцца, але, тым не менш, яны існуюць.

Так ці іначай, у Расіі, у адрозненне ад Беларусі, ніколі не перарывалася пераемнасць школы рэстаўрацыі, а архітэктура Рускай Поўначы з’яўляецца пэўным нацыянальным брэндам. Але і ў беларускім скансэне сёння маецца значная калекцыя традыцыйных інструментаў, і пры належным супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі магчыма было б ажыццяўляць зняцце копій і вывучаць работу з дрэвам традыцыйнымі спосабамі, даследаваць і адраджаць цяслярскія тэхнікі.

Новае жыццё старых дамоў

Што тычыцца далейшага напаўнення музейнай экспазіцыі — усё больш актуальнай выглядае даўняя ідэя стварэння філіяла музея ў Мінску, на Паўночным завулку, непадалёк ад новай станцыі трэцяй лініі метрапалітэна “Плошча Францішка Багушэвіча”. Са з’яўленнем метро гэты куток, безумоўна, можа зрабіцца новым месцам прыцягнення для гараджан. Тут можна было б стварыць як выставачныя прасторы, так і майстэрні — хаця неабходна яшчэ будзе вырашыць праблему падвядзення камунікацый. Так ці іначай, прадметы для стварэння адпаведнай экспазіцыі ўжо ёсць — у музеі захоўваецца калекцыя прадметаў з сямейных збораў нашчадкаў аднаго з мінскіх чыгуначнікаў, на падставе гэтых рэчаў можна было б аднавіць выгляд кабінета работніка чыгункі пачатку ХХ стагоддзя.

У наступным годзе ў самім музеі спадзяюцца адкрыць экспазіцыю, якая паказвала б кватэру-майстэрню краўца. Пакуль вядзецца адбор прадметаў і праца з архіўнымі фондамі, але ўжо вядома, што размясціцца яна можа ў будынку, перавезеным на тэрыторыю музея з Мінска. Гэта адзін з драўляных аднапавярховых дамоў з колішняй Васкрасенскай вуліцы (цяпер яна мае назву Вызвалення).

У будучыні мусіць раней ці пазней паўстаць і пытанне стварэння чарговых сектараў, якія паказвалі б драўляную архітэктурную спадчыну рэгіёнаў, пакуль не прадстаўленых у музеі — Заходняга і Усходняга Палесся, Панямоння, а таксама асобнага сектара, прысвечанага драўлянай архітэктуры беларускіх мястэчак. Спатрэбяцца новыя фондавыя памяшканні і выставачныя залы. Але пакуль найважнейшая задача палягае ў тым, каб уратаваць і зберагчы тыя ўзоры драўлянай архітэктурнай спадчыны, якіх сёння, з цягам няўмольнага часу, застаецца ўсё менш. Толькі тады зможам мы захаваць і перадаць нашчадкам жывую памяць пра цяпло і ўтульнасць нашага агульнага беларускага дома.