“Шчодры стол...” для “Несцеркі”

№ 34 (852) 23.08.2008 - 29.08.2008 г

Днямі Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” завяршыла працу над дакументальнымі фільмамі “Шчодры стол беларуса” рэжысёра Валерыя Каралёва і “Лазер Алфёрава” Паўла Магіліна і Уладзіміра Мароза.

Паглядзеўшы “Шчодры стол беларуса”, можна даведацца пра дзейнасць харчовай прамысловасці нашай краіны. У яркім і пазнавальным фільме, арыентаваным па задуме аўтараў на самую шырокую аўдыторыю, адлюстравана праца вядучых айчынных прадпрыемстваў.

Дзве часткі кароткаметражкі “Лазер Алфёрава” прысвечаны жыццю і навуковай дзейнасці нашага земляка Жарэса Алфёрава, які ў 2000 годзе за даследаванні паўправаднікоў стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. У стужцы падкрэсліваецца, што славуты вучоны падтрымлівае цесныя сувязі з навуковымі ўстановамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, хаця даўно жыве ў Расіі.

Варта адзначыць, што для Уладзіміра Мароза фільм «Лазер Алфёрава» — гэта дэбют у якасці кінарэжысёра студыі «Летапіс». Беларускаму гледачу ён больш вядомы як сцэнарыст такіх дакументальных фільмаў, як «Айцец Сергій», «Леанід Левін. Вайна і любоў», «Пад крылом анёла», «Пакуль зямля трывае», «Скарбніца слова» і іншыя.

Прыемная навіна і для маленькіх аматараў мультыплікацыйнага мастацтва: працягваецца работа над чацвёртым фільмам серыяла «Несцерка» рэжысёра Ігара Волчака. У новай серыі, што называецца «Як Несцерка ліха пабачыў», аўтары фільма імкнуцца расказаць пра тое, як Несцерка вяртаецца з кірмашу дамоў. Па дарозе ён дапамагае знойдзенаму кату, трапляючы пры гэтым у шэраг кур’ёзных сітуацый. Аднак у выніку добры ўчынак Несцеркі прыносіць яму поспех.

Айчынная кінастудыя не забывае і пра аматараў “дарослых” серыялаў. На гэтым тыдні ў Ялце завяршыліся здымкі 4-серыйнага тэлефільма «Крапавы берэт» рэжысёра Андрэя Голубева. Там здымаліся эпізоды, падзеі якіх разгортваюцца ў пустыні. Згодна з агульнай стылістыкай фільма, «ялцінскія» сцэны насычаны эфектнымі экстрэмальнымі трукамі. Зараз жа для стваральнікаў стужкі надышоў даволі адказны мантажна-таніровачны перыяд.


Наш кар.