Рычард звонку і знутры

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

На сцэне Камернага драматычнага тэатра, што месціцца ў Доме літаратара, у ліпені адбылася прэм’ера спектакля Ave, Richard паводле “Рычарда ІІІ” У.Шэкспіра. Малады рэжысёр Лізавета Машковіч нечакана для многіх перавяла густанаселенае дзеянне п’есы ў фармат практычна монаспектакля.

/i/content/pi/cult/812/17410/016.jpgНаколькі па-рознаму можа быць інтэрпрэтаваны вядомы шэкспіраўскі сюжэт, тэатральная грамадскасць сталіцы і замежныя госці леташняга Міжнароднага форуму TEART пераканаліся ў час фінальных паказаў творчай майстэрні швейцарскага рэжысёра Дэні Майфера, запрошанага правесці майстар-класы ў рамках згаданага фестывалю. Папярэдне праводзіўся кастынг, і ўдзельнікамі той “Школы TEARTа” сталі шасцёра нашых маладых рэжысёраў — кожны са сваім бачаннем “Рычарда ІІІ”. Усе шэсць падрыхтаваных эскізаў былі прадэманстраваны публічна, лепшыя з іх арганізатары абяцалі паставіць. Першым такім плёнам і стаў цяперашні Ave, Richard.

Але ж як змяніўся той пачатковы накід! І гэта пры тым, што літаральна следам за нашым форумам эскіз Лізаветы Машковіч удзельнічаў у фестывалі “XVII рэжысёрскія майстэрні” ў Маскве — на малой сцэне Тэатра імя Яўгена Вахтангава. Гледзячы колішні фрагмент, я хвалявалася, прызнацца, якім паўстане ўвесь спектакль. Бо падрыхтаваныя тады сцэны базіраваліся на магічных дзеяннях з лялькамі вуду, праз гэта і вырашаліся эпізоды забойстваў. Ці не атрымаецца заснаваны на гэтай ідэі спектакль залішне прадказальным?

/i/content/pi/cult/812/17410/017.jpgАказалася, не. Бо да той ідэі з героямі-лялькамі, прычым добра распрацаванай, разгалінаванай, узбагачанай дадатковымі ходамі, разнастайнасцю саміх лялек (дарэчы, вуду сярод іх зніклі), дадаліся новыя рэжысёрскія прыдумкі, што раней знаходзіліся хіба ў зародку. Таму правільней будзе не параўноўваць, што было і што стала, не шукаць адрозненні, а ацэньваць прэм’ерны спектакль.

Мастак Аляксандр Адамаў задае вельмі простыя візуальныя каардынаты: шматфункцыянальны камп’ютарны стол, на якім раз-пораз з’яўляюцца прыхаваныя да часу лялькі ды іншыя прылады. Вялікую ролю адыгрывае відэа: сэлфі героя, перапіска ў сацыяльных сетках, тэксты з вікіпедыі. Рэжысура з ухілам у эстэтыку тэатра лялек выяўляецца і ў тым, як рукі ў пальчатках ператвараюцца ў служак, з якімі герой вядзе размову, і ў тым, што адно з пакаранняў становіцца гэткім фокусам з нажом і апрацоўчай дошкай.

Сваім жыццёвым лозунгам герой лічыць наступны мэсэдж, шматразова ім паўтораны, бы тая мантра: “Светам кіруе сіла, а я і ёсць гэтая сіла”. Ажно не: з самага пачатку зразумела, што Рычард (Мікіта Чабатар), а дакладней, сучасны хлопец, што ўявіў сябе Рычардам, не вольны ў сваіх учынках. Бо ім кіруе музыкант (Іван Машкароў) — тая ўнутраная музыка душы, што можа быць і прачнуўшымся сумленнем, і, наадварот, чорнай пачварай нізінных інстынктаў. Бэмс — і станісты акцёр становіцца гарбатым. Бэмс — і прыгожы твар перакручвае ад злосці. Бэмс, бэмс, бэмс… Дык па кім звоніць звон?

Важную ролю ў гэтым асэнсаванні адыгрывае вялізны Цень героя, выклікаючы паралелі з аднайменнай казкай Я.Шварца. І ўвесь аповед успрымаецца жыццяпісам гістарычнага персанажа (а рэальны Рычард ІІІ, як сведчаць даследчыкі, вельмі адрозніваўся ад шэкспіраўскага героя, быў ледзь не яго антыподам), не шэкспіраўскай хронікай забойстваў, ажыццёўленых дзеля ўзыходжання на трон (дарэчы, гэтаму прысвечаны і “Макбэт”), а даследаваннем таго, як дэградуе чалавек, узяты ў палон прагай самаўзвялічвання. Замкнуўшыся ў пакоі, сам-насам з лялькамі і смартфонам, адкуль чэрпае парады (да прыкладу, як закахаць у сябе дзяўчыну, якая цябе не кахае), герой вынаходліва плануе і ажыццяўляе (пакуль — толькі на ляльках, сярод якіх ёсць і пупс, і Барбі) чараду забойстваў, каб выкласці ў сеціва доказы сваёй унікальнасці, прызнання, улады. Марыць пра ўладарства светам, ды не можа паладзіць з самім сабой.

У ціхай кульмінацыі ён спявае калыханку. У гучнай — шмат разоў крычыць: “Авэ, Рычард!”, ад чаго становіцца папраўдзе страшна. Але фінал, дзе чуюцца тэлефанаванні з няўцямнымі галасамі, пужае яшчэ больш: пакутлівае асэнсаванне зробленага выклікае ў героя паранаідальныя сімптомы, а разуменне немагчымасці “перайграць” падзеі прыводзіць да эмацыйнага выбуху, на абломках якога дзве скрыжаваныя люмінесцэнтныя лямпы сімвалізуюць game over.

Вядома, кожны з гледачоў успрыме ў пастаноўцы тое, на што сам скіраваны. Але спектакль, пазначаны 16+, найперш разлічаны, што вельмі важна, на моладзь, нават на падлеткаў. Адсюль і злёгку жаргонны сціслы пераказ зместу — па матывах У.Шэкспіра. І віртуальнае жыццё героя, замураванага ў чатырох сценах. І тэма пакутлівага станаўлення юнака, не пазбаўленага талентаў, які сам сабе псуе лёс. Дзе тая мяжа, за якой пачынаюцца няўмольныя працэсы самаразбурэння асобы? Спектакль заклікае ўсталяваць гэту лінію — раз і назаўжды. І пасля не пераходзіць акрэсленую рысу.

 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"