Мінскія лялечнікі былі запрошаны Іранскім цэнтрам драматычнага мастацтва, артыстычная рада якога выбрала з багатага рэпертуару тэатра спектакль-прытчу “Пясочны замак” у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Анатоля Ляляўскага. Паводле яго слоў, спектакль мінчан сумяшчае ў сабе мастацтва лялькаваджэння і драматычную ігру, чароўную музыку і прыёмы візуалізацыі. І хаця ў Іране больш папулярнае класічнае лялечнае тэатральнае мастацтва, наш спектакль з выкарыстаннем “жывога гуку” ў выкананні групы “Партманет” гледачы сустрэлі досыць прыязна.
Зазначым, што “Пясочны замак” удзельнічаў у конкурснай праграме гэтага вядомага міжнароднага тэатральнага форуму. Беларускі дзяржаўны тэатр лялек упершыню знаёміў аматараў тэатральнага мастацтва на Блізкім Усходзе са сваёй творчасцю, але выклікаў вялікую зацікаўленасць з боку Саюза пісьменнікаў Ірана. Яго прадстаўнікі пасля выступлення нашых лялечнікаў выказалі жаданне завязаць і падтрымліваць цеснае супрацоўніцтва з беларускімі драматургамі.
Літаральна адразу пасля прыезду дамоў тэатр распачаў падрыхтоўку да Беларускага міжнароднага фестывалю тэатраў лялек, што адбудзецца сёлета 3—8 кастрычніка. Фестывальныя пляцоўкі, апрача сцэны мінскіх лялечнікаў, размесцяцца таксама ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы, Нацыянальным тэатры імя М. Горкага. Чакаецца прыезд тэатраў з Расіі, Індыі, Чэхіі, Польшчы, Бельгіі, Германіі, Славеніі, Літвы, Вялікабрытаніі.
К. А.