Яе Аўрора была кранальнай

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

Народная артыстка Беларусі, знакамітая балерына і выдатны педагог Ірына Савельева, якая днямі пайшла з жыцця, пакінула пра сябе самую светлую, добрую памяць. Успамінамі пра тое, як яна танцавала, вучыла, выхоўвала, якім чалавекам была, дзеляцца яе калегі і былыя вучні, якія працуюць у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.

/i/content/pi/cult/812/17404/08.jpgЛюдміла Бржазоўская, народная артыстка, балетмайстар-рэпетытар Вялікага тэатра Беларусі:

— Я была адной з яе самых першых вучаніц. І заспела яе на сцэне, бо некаторы час, як яна да нас прыехала, яна была салісткай і адначасова выкладала. Памятаю, як убачыла яе ў “Спячай прыгажуні”. Яе Аўрора была вельмі кранальнай і пяшчотнай, скарала тэхніка выканання, адточанасць кожнага руху. І гэта не дзіва: яна ж вучылася ў тагачасным Ленінградзе, а тамтэйшая ваганаўская школа была і застаецца эталонам харэаграфічнай класікі. Памятаю, як яна ўпершыню прыйшла да нас — разам з Уладзімірам Бурцавым, які ёй дапамагаў, і яны ўзяліся за нас, што называецца, “у чатыры рукі”. Гэта было так выдатна! Яна ўсю сябе аддавала нам, і ўрокі атрымліваліся цікавымі, насычанымі. Кожны — як сапраўднае свята. Яна была добрым, прыстойным чалавекам, усё тлумачыла, ніколі не лаялася. З ёй мы дабіліся папраўдзе высокіх поспехаў. Доказам — хаця б тое, што ледзь прыйшоўшы ў тэатр, я адразу станцавала Сольвейг у “Пер Гюнце”, які ставіў тагачасны галоўны харэограф Атар Дадзішкіліяні. Потым пайшлі цэнтральныя партыі ў ягоных пастаноўках “Рамэа і Джульеты”, “Спартака”, пазней — у балетах Валянціна Елізар’ева. А пачаткам усяму гэтаму была менавіта яе праца і школа.

/i/content/pi/cult/812/17404/09.jpgЯна перадавала нам усё, чым валодала сама. На выпускным іспыце я танцавала “Паміраючага лебедзя” на музыку Сен-Санса, Чорнага лебедзя з балета Чайкоўскага — знакамітае па-дэ-дэ з 32-га фуэтэ, і “Шапэніяну”. Усё гэта было і ў яе рэпертуары. Ды яна не вымушала капіраваць сябе — наадварот, настройвала на пошук уласнай індывідуальнасці. Мне заўжды бліжэй была лірыка, і той жа “Паміраючы лебедзь” быў маёй візітоўкай цягам усёй кар’еры. А вось Савельева яго танцавала нячаста, ёй бліжэй былі тыя ж фуэтэ, штосьці бліскуча тэхнічнае. Яе партнёрам быў Валянцін Давыдаў, разам яны нават ездзілі на конкурс у Варну.

Я ёй бясконца ўдзячна за ўсё. І не я адна. Пазней яна брала навучаць дзяўчат больш малодшых, працавала з імі з першага класа да выпускнога. І стварыла тую балетную школу, з якой выходзяць зоркі. Дарэчы, гэтым можа пахваліцца не толькі Беларусь. У савецкія часы яе выхаванкі былі шырока запатрабаваны ў Расіі, Украіне, іншых рэспубліках, пазней — у далёкім замежжы. Таму можна гаварыць пра ўплыў яе школы на працяг лепшых традыцый і развіццё балетнай класікі ў многіх рэгіёнах.

Таццяна Шаметавец, заслужаная артыстка Беларусі, загадчыца трупай балета Вялікага тэатра Беларусі:

— Я была сярод тых, хто патрапіў да яе адразу, як яна скончыла ўласную танцавальную кар’еру і пачала займацца ўжо выключна выкладаннем. Нават цягам таго, як мы займаліся ў яе ўсе гады сваёй вучобы, можна было прасачыць, як яна развівалася, удасканальвалася як педагог. Мы выпускаліся ў 1979 годзе, і хаця ў тэатры вакансій было небагата (маглі ўзяць усяго адну — дзвюх яе выхаванак), узялі ўсіх пяцярых, па-за штатам. І ўсе сталі вядучымі артысткамі. Гэта тычылася не толькі нас, але і практычна ўсіх, каго яна навучала. Сярод тых, хто апынуўся ў замежжы, — Паліна Русецкая, Святлана Пясецкая, Вольга Бурынчык.

Выкладчыкам яна была патрабавальным, вытрымлівала ў класе неабходную дыстанцыю. Але сама прыдумвала харэаграфічныя камбінацыі і заўсёды паказвала іх сама, прычым у поўную сілу. Ці ж можна пасля гэтага не старацца? Тым больш, што вучыла яна вельмі добра, усім дала выдатную акадэмічную форму, добрую пластыку рук.

Мы дзеці таго пакалення. Памятаю, калі нас прынялі ў камсамол, для нас гэта былі такія шчасце і гонар, што мы ад радасці “завалілі” да яе ў госці. Была вельмі цёплая атмасфера, яна частавала нас пірагамі і мы вялі задушэўныя размовы.

Мы тады былі яшчэ “маленькімі”, не зацыкліваліся на тым, што можна есці, а што нельга — і “трэскалі” тыя пірагі за абедзве шчакі. Пірагі былі яе фірменнай стравай, яна гатавала іх з самым розным начыннем — смаката! І як чалавек была гранічна сумленным, адкрытым, гатовым заўжды прыйсці на дапамогу.

Вольга Гайко, народная артыстка Беларусі:

— Нашу першую сустрэчу з ёй я не памятаю. Яна прыйшла да нас, калі мы вучыліся ў 6-м класе. Змена педагога для дзяцей — гэта заўсёды складана. Але яна закахала нас у сябе літаральна з першага погляду, і гэтую любоў мы пранеслі праз усё сваё жыццё. Яна стала для нас ідэалам, непарушным аўтарытэтам — і ў прафесіі, і ў жыцці. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але і дагэтуль я лічу яе лепшым педагогам.

У класе панавала строгая дысцыпліна, здаровая канкурэнцыя. Але ж яна не сеяла паміж намі варожасці — толькі сяброўства. Выхоўвала вынослівасць, упартасць — і разам з тым часта жартавала, давала паблажкі: маўляў, а давайце крыху расслабімся — і правядзе больш лёгкі ўрок, чым звычайна.

Вучыла выяўляць характар, адстойваць свае інтарэсы. Памятаю, аднойчы мне далі вучыць нейкую Варыяцыю, я узрадавалася, але потым яе ў мяне раптоўна забралі — без тлумачэння прычын, аддалі іншай дзяўчынцы, якая вучылася ў іншага педагога. Я “праглынула” сваю крыўду, хаця вельмі хацела тую Варыяцыю танцаваць і развівацца надалей. А Ірына Мікалаеўна кажа: “Ты павінна змагацца за тое, што належыць табе. Чаму ты прамаўчала?” Так яна выхоўвала нас як жанчын, шмат размаўляла з намі, дзяўчатамі, вучыла з гонарам несці сябе па жыцці. Любімыя словы: “Падавайце сябе з апломбам”. Гэта тычылася і побыту, і прафесіі.

Выхаванак яе балетнай школы пазнаеш, адрозніш адразу. Яна прытрымлівалася больш “прахалоднага” піцерскага стылю. Не цярпела густаўшчыны, жадання зайграваць з гледачом, з усіх сіл яму спадабацца — любымі спосабамі. Не, для яе галоўным былі ўласна прафесійныя якасці, яна дала нам вельмі правільную пастаноўку ног, рук. Вялікую ўвагу надавала ступням, а балетны верх, рукі ўвогуле лічыла ўпрыгожваннем усяго танца. Іншымі словамі, прывівала той высокі акадэмізм, дзякуючы якому склалася наша жыццё ў балеце. Мы памятаем гэта, будзем памятаць заўжды — і імкнемся перадаваць гэта наступным пакаленням.

Марына Вежнавец, заслужаная артыстка Беларусі, заснавальніца і кіраўнік Балетнай школы Вежнавец:

— Ірына Мікалаеўна ўсім, каго навучала, дала дарогу ў прафесію, выхавала нас не толькі артыстамі і педагогамі, але і асобамі. І мы імкнемся працягваць тое, што яна ў нас заклала. Калі яна штосьці гаварыла, сумневаў ні ў кога не было. Яна магла навучыць кожнага! Увесь наш клас, усе сталі прыма-балерынамі.

Калі мы вучыліся ў 9-м класе, у яе здарыўся інфаркт, яе паклалі ў шпіталь. Мы яе, вядома, наведвалі, дык яна і там умудралася даваць нам урокі. А калі мы здавалі іспыт, раптам убачылі яе ў акне. Так настрой адразу ўзняўся! Уяўляеце, яна збегла са шпіталя і прыйшла нас падтрымаць.

Нас яна таксама заўсёды яднала, вучыла трымацца разам, падтрымліваць адзін аднаго і ў горы, і ў радасці, быць “у дыялогу”. Маленькі прыклад. Кожны з нас імкнуўся падарыць ёй букет — самы лепшы. А яна гаворыць: не, вы падарыце мне лепей адзін букет ад усіх — разам, вось ён і будзе самым лепшым.

Калі я заснавала сваю дзіцячую балетную школу, яна прыходзіла і да нас, глядзела ўсе нашы працы, была старшынёй камісіі. І кожную раніцу, становячыся да балетнага станка, мы ўсе яе згадваем. І будзем згадваць! Яе не стала, а я ўсю ноч не магла заснуць, у памяці ўсплывалі карціна за карцінай.

Ірына Яромкіна, народная артыстка Беларусі:

— Ірына Мікалаеўна была тым чалавекам, якога паважаеш. Здавалася б, звыклае слова — паважаць, але насамрэч ім сказана вельмі многа. Яна змагла так сябе паставіць з намі, вучнямі, што мы яе — любілі. І адначасова — паважалі. Як гэта спалучалася? Вельмі проста. Многія педагогі, здараецца, адразу імкнуцца ўнушыць страх: маўляў, іначай ніякай дысцыпліны не будзе. А мы сваю выкладчыцу не баяліся. Яна ўмела зацікавіць, лічыла вельмі важным, каб чалавек хацеў працаваць, удасканальвацца, каб у яго была матывацыя, заснаваная на жаданні, любові, натхненні. Але ж Ірына Мікалаеўна магла быць і строгай, прычым своечасова — там, дзе гэта патрабавалася. Вучыла нас быць моцнымі духам, не раскісаць, ставіць перад сабой мэту — і скіравана ісці да яе.

Вучыла найперш сваім уласным прыкладам. Мела свой жаночы гонар. Не ганарыстасць, а менавіта гонар. Паважала чужыя меркаванні, але адстойвала свае. Многія схільны паддавацца чужым уплывам, ісці за тымі, каго большасць, здраджваць самому сябе: маўляў, я думаю іначай, але ж астатнія мяне наўрад ці падтрымаюць — значыць, я буду, як усе, так прасцей. Для яе такое было немагчыма.

Колькі добрых спраў яна зрабіла! Калі ў кагосьці ўзнікалі нейкія непрыемнасці, часам з-за ўпартасці (а не трэба забываць, што падлеткі — гэта і пераходны ўзрост, і юначы максімалізм), яна заўсёды станавілася на бок вучня, дапамагала вырашыць праблемы. За кожнага была гарой, выратоўвала нават тых, каго збіраліся адлічваць. Калі бачыла, што чалавек хоча працаваць, адстойвала яго, забірала ў свой клас, выхоўвала.

Лічыцца, што ў любой творчай прафесіі — усе канкурыруюць паміж сабой. А яна навучыла нас сябраваць. Называла нас “братцы кролики” — мы і дагэтуль так самі сябе называем.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"