Рарытэтныя выданні ўзбагацілі нацыянальную “кніжніцу”

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

Унікальныя кніжныя выданні і архіўныя дакументы папоўнілі фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Адзін з найбольш дарагіх і цікавых экзэмпляраў — прыжыццёвае выданне Мялеція Сматрыцкага, у ліку набытых рарытэтаў — найкаштоўнейшы рукапіс татар Беларусі — хамаіл, напісаны на беларуска-польскай мове арабскімі літарамі.

/i/content/pi/cult/812/17402/04.jpgТвор “Exethesis expostulatia…” Мялеція Сматрыцкага, архіепіскапа Полацкага, быў выдадзены ў Львове ў 1629 годзе яшчэ пры жыцці аўтара — знакамітага філолага, царкоўнага і грамадскага дзеяча. Кніга надзвычай рэдкая і адзіная з вядомых нам у Беларусі. Асобнік, што цяпер патрапіў у Нацыянальную бібліятэку Беларусі, прадстаўляе цікавасць як помнік кніжнай культуры XVII стагоддзя ўсходнееўрапейскага рэгіёна і культурнай спадчыны былой Рэчы Паспалітай.

Хамаіл — рукапіс беларускіх татар ХІХ стагоддзя — гэта малітоўнік, зборнік малітваў на арабскай мове з тлумачэннямі на беларускай мове арабскай графікай. Меркаваны час стварэння — 1842 год (паводле калафона перапісчыка). Хаця на помніку на заднім фарзацы (адпаведна татарскаму парадку чытання) і прысутнічае надпіс “1836”, аднак дакладную дату з’яўлення рукапісу вызначыць не ўдалося. У зборніку можна прачытаць каляндарна-астралагічныя, знахарскія і іншыя тэксты на арабскай, цюркскай, беларускай і польскай мовах арабскай графікай. На верхнім фарзацы захаваліся кірылічныя запісы імёнаў уладальнікаў — Ібрагіма Беганскага і Адама Радкевіча з Мількуноў (цяпер вёска — в. Мількунь Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці). Гэтая кніга мае значную каштоўнасць як помнік шматмоўнай і шматканфесійнай культуры Беларусі, акрамя таго яна ўяўляе з сябе вялізную цікавасць для мовазнаўцаў — славістаў, цюрколагаў, арабістаў, а таксама для гісторыкаў, культуролагаў і рэлігіязнаўцаў.

Да таго ж, Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала і цэлы комплекс архіўных дакументаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Абсалютна ўнікальнымі з’яўляюцца дзве граматы каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх — Сігізмунда Вазы і Уладзіслава IV, якія ўладарылі на мяжы XVI—XVII стагоддзяў. Адзін з іх — рукапісны дакумент “Прывілей Жыгімонта ІІІ Вазы ад 27 лютага 1617 г. Мінскаму ўніяцкаму манастыру (у асобе ігумена Афанасія Пакосты) на выраб мёду, утрыманне шпіталя і млына на р. Свіслач” на старабеларускай мове. Захаваўся нават подпіс караля Жыгімонта ІІІ Вазы і пячатка канцлера. Падобна на тое, што раней “Прывілей” захоўваўся ў калекцыі беларускага роду Тышкевічаў у маёнтку Чырвоны Двор Ковенскага павета (зараз вёска Раўдондварыс Каўнаскага раёна Літоўскай Рэспублікі). Фундушовы дакумент на ўтрыманне манастыра ў Мінску мае безумоўную каштоўнасць і выбітнае значэнне для Беларусі як прыклад арыгінальнага гістарычнага дакумента, прававога акта з адлюстраваннем прававых адносін між дзяржавай і царквой. Ён адлюстроўвае працэс замацавання ўніяцтва ў Мінску у першай трэці XVII стагоддзя і паступовы пераход былых праваслаўных арганізацый пад кантроль уніяцкіх іерархаў.

/i/content/pi/cult/812/17402/05.jpgЗначнай каштоўнасцю з’яўляецца “Грамата караля і вялікага князя Уладзіслава IV дамініканскаму манастыру ў г. Гродна ад 6 чэрвеня 1633 года” з пацвярджэннем дарэнняў, зробленных яго заснавальнікамі Фрэдэрыкам Сапегам і Хрысцінай Пацей (Гродна, 8 чэрвеня 1633 г.). Дакумент на лацінскай мове зафіксаваны на пергаменце і падпісаны ўласнай рукой Уладзіслава IV (1595—1648) — гэта каралеўская канфірмацыйная грамата на маёмасць і прывілеі гарадзенскага манастыра дамініканцаў у Гродна. Падобныя дакументы рэдкія для айчынных збораў і антыкварнага рынку, што надае ім адметнае значэнне. А гэтая грамата прадстаўляе цікавасць для вывучэння гісторыі Гродна і адносін царквы і дзяржавы ў Рэчы Паспалітай.

Яшчэ некалькі адметных дакументаў, нованабытых Нацыянальнай бібліятэкай, варта згадаць — напрыклад “Шлюбныя вобыскі” за 1841—1844 гады. Скрудэлінскай Пакроўскай праваслаўнай царквы Зельбургскага уезда Курляндскай губерніі (цяпер мястэчка Скрудаліена ў сучаснай Латвіі) і праваслаўнай Свята-Троіцкай Даўгінаўскай царквы Мінскай губерніі (сучасная Беларусь) за 1881—1893 гады, 1904—1913 гады. Шлюбныя вобыскі — дакументальнае ўвасабленне распаўсюджанага з XVI стагоддзі і да сярэдзіны 1920-х гадоў звычаю так званага “вобыска шлюбнага” на нашых землях і на тэрыторыі ўсёй Расійскай Імперыі. Дакумент запаўняўся ад рукі ў спецыяльнай кнізе (яе выдавала епархія) і фіксаваў персанальныя звесткі заручаных, якія збіраліся і вывяраліся духоўнымі служачымі перад царкоўным шлюбам, каб пазбегнуць кананічных парушэнняў.