Таленавіты і непрадказальны

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

“Вашаму тэатру дадзены гонар адкрыць VIII фестываль “Галасы гісторыі”, прысвечаны 60-годдзю Вялікай Перамогі, спектаклем “Выпадковы вальс”. Такое пасланне з Волагды атрымалі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя М. Горкага напачатку сакавіка 2005 года. Гонар вялікі, але… спектакль тады яшчэ ўвогуле не існаваў, а я толькі заканчваў яго сцэнарый — п’есай назваць той опус не магу. Запрашэнне было жэстам вялікага даверу і павагі: у 1999-ым на V фестывалі тая ж трупа з вялікім поспехам паказала ў Волагдзе спектакль “У сутонні” паводле Аляксея Дударава. Абодва згаданыя спектаклі паставіў рэжысёр Барыс Луцэнка. І завадатары не сумняваліся, што мінчукі і на VIII фестываль прывязуць нешта незвычайна цікавае. Так у выніку і атрымалася. Бо для тэатральнага свету Расіі Барыс Луцэнка быў —

Ад Макбета да Цёркіна

Рэжысёрскі факультэт Барыс скончыў пасля мяне, але ў больш сталым веку. Ягоных пастановак у тэатры імя Янкі Купалы я не бачыў, адно чуў ад яго самога пра захапленне драматургіяй “Раскіданага гнязда”, якое ён увасобіў. Гэты матэрыял будзе вабіць яго ўсё творчае жыццё.

/i/content/pi/cult/811/17394/14_1.jpg

Расціслаў Янкоўскі ў спектаклі “Макбет”.

А вось узначаліўшы ў 1973-м Рускі тэатр, ён запрашаў мяне на ўсе свае новыя пастаноўкі.

Сапраўдным дасягненнем стаў у 74-ым “Макбет”, які скарыў Маскву. Расціслаў Янкоўскі  — поўны комплексаў Макбет — і Аляксандра Клімава ў ролі рашуча-непахіснай лэдзі склалі смяротна-змрочны дуэт злачынцаў. Глядзець на іх забойствы было жудасна, але трагічны лёс каралеўскай пары заварожваў, часам нават выклікалі яны нешта накшталт спачування ў сваім незваротным крывавым слізганні ў пекла.

Барыс узгадваў, што праз шмат год Марк Захараў, сустрэўшы яго ў Маскве, прыгадваў таго “Макбета”.

А пасля:«Переправа, переправа — Берег левый, берег правый...»

Сцэнай пераправы пачынаўся ў наступным годзе луцэнкаўскі спектакль “Васіль Цёркін” паводле Аляксандра Твардоўскага.

Калі ў далёкай будучыні, ужо ў 2000-ыя, мы распачалі супрацоўніцтва працягласцю ў паўтара дзесяцігоддзя і шэсць пастановак, Барыс,як кажуць, “у творчым экстазе” адкрываў мне тэатральныя таямніцы: “Спектакль павінен пачынацца або гучна, або ціха”.

І я прыгадаў яго “Васіля Цёркіна”: гэты спектакль пачынаўся вельмі гучна. Адразу сполахі выбухаў, мільгаценне пражэктарных промняў, вогненныя пункціры трасіруючых чэргаў, асляпляльныя траекторыі ракет!.. Пад аглушальную кананаду Яўген Лявонцьеў — Цёркін — разам з байцамі гроб праз раку і выкрыкваў тэкст паэмы. Фарсіраванне воднай перашкоды было ўражвальнае.

/i/content/pi/cult/811/17394/14_2.jpg

На фоне афішы да спектакля “Дзівіцеся, хто прыйшоў!”

Камічны Янкоўскі

Памятаю, як квіткі на “Трохграшовую оперу” з Валерыем Бандарэнкам, на “Вяртанне ў Хатынь” паводле Алеся Адамовіча людзі запытвалі за квартал ад Рускага тэатра.

Памятаю “Лазню” Уладзіміра Маякоўскага з расплывістым аўтарскім фіналам — якая, тым не менш, стала значным спектаклем для тэатра, у памяшканні якога ў 1920-ыя гады выступаў славуты савецкі паэт.

Калі ўжо ў ХХІ стагоддзі ў рэцэнзіі на спектакль “Пане Каханку” тэатразнаўца са здзіўленнем адзначыў камічныя рысы ў характары галоўнага персанажа, якога ўвасабляў Расціслаў Янкоўскі, я проста абурыўся: даследчык не бачыў яго Аптымістэнку ў “Лазні”!..

Расціслаў да Мінска служыў у тэатры адной сярэднеазіяцкай рэспублікі і ў кампаніях ці пры сустрэчах расказваў анекдоты ці тамтэйшыя здарэнні — ды не проста расказваў, а акцёрскі паказваў персанажаў, перадаючы іх спецыфічны акцэнт вельмі смешна!

Вось такім быў у “Лазні” і яго Аптымістэнка: з жудасна-камічным “маларасійскім” вымаўленнем!.. Проста Янкоўскага “падсадзілі” на трагічна-гераічныя ролі, звузіўшы амплуа выдатнага акцёра.

/i/content/pi/cult/811/17394/14_3.jpg

З Аляксеем Баталавым.

Тады, у “Лазні”, яшчэ ішло ўзаемаспазнанне адзін аднаго, збліжэнне вялікіх талентаў Луцэнкі і Янкоўскага. Іхнія найвышэйшыя дасягненні пакуль наперадзе…

Гамлет у “ссылцы”

Але ў 1982-м тагачаснае Міністэрства культуры не даравала Луцэнку свавольніцтва: ён прыняў прапанову паставіць спектакль у ГДР. За гэта яго, зняўшы з пасады мастацкага кіраўніка Рускага тэатра, што называецца, “саслалі” ў Тэатр кінакцёра.

Дабудова да кінатэатра “Масква”: маленечкая сцэна, меншая за клубную ў вёсцы, без куліс і машынерыі — адно для невялікага прэзідыўма. Трупа незнаёмых і малавядомых акцёраў, абмежаваны, у большасці “не касавы” рэпертуар… Але Луцэнка ўзнімае тэатр на творчую вышыню і дасягае той папулярнасці, якую не заўсёды мае тэатр сёння.

Немагчыма павялічыць і абсталяваць клубную сцэну, немагчыма адразу зрабіць папулярнымі акцёраў, каб менавіта “на іх” хадзілі…

Але магчыма засвоіць новы рэпертуар, магчыма запрасіць своеасаблівых рэжысёраў, магчыма заманіць гледача новай тэатральнай мовай. Луцэнка ўсё гэта выкарыстаў — і ў тэатр было літаральна не трапіць. Адна з маіх сябровак глядзела там “Лісістрату” дзевяць разоў, і такіх прыхільнікаў было нямала. Я сам хадзіў на некаторыя спектаклі па два-тры разы — уражвала!

/i/content/pi/cult/811/17394/14_4.jpg

Барыс Луцэнка. 1968 год.

Ён амаль цалкам прыняў у тэатр акцёрскі выпуск майстэрні Аляксея Баталава з Інстытута кінематаграфіі.

Барыс адкрыў нам драматурга Уладзіміра Арро з яго п’есай “Дзівіцеся, хто прыйшоў!”. У гэтай пастаноўцы раскрыўся талент Пятра Юрчанкова-старэйшага ў ролі дарагога цырульніка Кінга - пасля яе акцёр пачаў неяк хутка творча расці. Наступная прыступка ўверх: роля прафесара каледжа ў спектаклі “Не баюся віржынскага ваўка”. Там усяго квартэт акцёраў, усе навідавоку: пара маладых Наталля Курсевіч і Юрый Казючыц і пара больш сталых сужэнцаў Святлана Кузьміна і Пётр Юрчанкоў. Свецкі прыём у доме апошніх паступова пераўтвараецца ў сарамлівае высвятленне ўзаемаадносін гаспадароў, якія ў свае звычныя садамазахісцкія гульні ўцягваюць і маладую пару. Здзекамі і насмешкамі разбураюцца адносіны — і ў выніку абедзве радзіны няшчасныя.

Акцёры пад настаўніцтвам Барыса Іванавіча набываюць майстэрства і ўпэўненасць ва ўласных творчых магчымасцях.

І вось яны падступіліся да “Гамлета”: шматперсанажны праект заняў і ўз’яднаў усю трупу.

Тут здзейснілася мара кожнага маладога акцёра: роля Гамлета. Яе адметна сыграў Юрый Казючыц. Ён хіліцца да бацькі-нябожчыка (Аляксандр Аржылоўскі) — яны аднадумцы, амаль сябры. Ідэальнай партнёркай Казючыцу стала Наталля Курсевіч — такая ж трапяткая, безабаронная.

Луцэнка плённа выкарыстаў выдатныя чалавечыя і акцёрскія якасці выканаўцаў. Не перабольшу, калі скажу, што Казючыца прэм’ерам мінскіх сцэн зрабіў менавіта гэты рэжысёр. Ён жа разам з дарагімі яму акцёрамі Святланай Кузьміной і Іванам Мацкевічам “перацягнуў” Юрыя ў Рускі тэатр, калі ўзначаліў яго ў другі раз — у 1991годзе. Але да гэтага яшчэ далёка.

Між іншым, Барыс мне апавёў, што літаратурную аснову спектакля скампанаваў з пяці (!) перакладаў “Гамлета”. Як ён рыхтуе тэксты будучых спектакляў, як “падладжвае” драматургію пад сваю рэжысёрскую канцэпцыю, як нажніцамі выразае з машынапісу рэплікі і выразы, а потым уклейвае ў сцэнічны варыянт п’есы, і не па адным разе — пра гэта я дазнаюся падчас нашага будучага супрацоўніцтва. Але і да яго яшчэ далёка.

Антычныя жарсці і самвыдат

Таленавіты Луцэнка не баяўся параўнання з таленавітымі калегамі.

Ён у 87-м запрасіў літоўца Костаса Адамайціса паставіць пантаміму “Выбачайце, вольных месцаў няма”. Бо разумеў: гэта пашырэнне творчых магчымасцяў акцёраў яго тэатра.

Ён знайшоў польскую п’есу Яраслава Івашкевіча “Лета ў Наане” — пра заблытаныя стасункі капрызлівага Фрэдэрыка Шапэна і ганарлівай Жорж Санд — і зразумеў, што яна нібы прызначаная для Юрыя Казючыца. А паставіць яе запрасіў польскага ж рэжысёра Богдана Парэмбу.

Ён прапанаваў свайму сябру кінарэжысёру Валерыю Рубінчыку паставіць “Лісістрату”. Антычныя жарсныя персанажы ў выкананні маладых напаўаголеных акцёраў прыцягнулі ў Тэатр кінаакцёра ўвесь асвечаны Мінск. Я асабіста “частаваў” гэтым спектаклем прыезджых сваякоў і сяброў, а калі меў магчымасць, ахвотна суправаджаў гасцей. “Лісістрата” — вяршыня творчых дасягненняў Тэатра кінаакцёра — ды бадай адна з вяршынь тэатра на Беларусі ўвогуле.

Не абыходзіў Луцэнка і беларускую літаратуру. Акрамя купалаўскага “Гнязда”, ставіў п’есы Андрэя Макаёнка. Прыкметным атрымаўся спектакль “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” паводле Івана Чыгрынава. Барыс са смехам расказваў і паказваў мне, як аўтар, запрошаны на здачу спектакля, сядзеў, адвярнуўшыся ад сцэны, і адно расчулена прыгаворваў сам сабе: “Які тэкст!.. Які тэкст!”

Але некаторыя задумы Барыс тады было немагчыма ажыццявіць.

Недзе ў той перыяд адным спякотным летнім днём запрасіў ён мяне з Рубінчыкам да сябе ў кватэру на Пуліхава і стаў чытаць здабытую з самвыдату п’есу Мікалая Эрдмана “Самазабойца”.

Жонка яго Людміла адпачывала на лецішчы, а таму мы ўтрох, распрануўшыся да бялізны, сёрбалі халодны боршч і дзівіліся смелым рэплікам галоўнага персанажа Падсякальнікава:

— У газеце “Известия” надрукавалі, што жыць стала лепей. Я чакаў, што будзе абвяржэнне.

— У маёй смерці прашу нікога не вінаваціць,акрамя нашай роднай савецкай улады.

Канешне, такой крамоле тады не магло быць месца на сцэнах савецкіх тэатраў.

Але Луцэнка дачакаўся іншых часоў і ўсё ж ажыццявіў тую сваю задуму.

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр