“Катрушніцкі лемязень” і патрабавальны райдэр наймаладзейшага раёна

№ 34 (852) 23.08.2008 - 29.08.2008 г

Дрыбінскі раён — наймаладзейшы на Беларусі. Паўстаў ён у вясковым і маланаселеным кутку Горацкага краю толькі ў 1989 годзе, калі перасяленцы з забруджаных радыёнуклідамі тэрыторый Магілёўшчыны сталі ўладкоўваць свой побыт на новым месцы. Для іх узводзіліся сучасныя пасёлкі, якія пакрысе абрасталі сучаснай інфраструктурай. У тым ліку — і “культурнага” характару. Сёння ў раёне прадстаўлены ўвесь шэраг устаноў культуры, куды апрача клубнай і бібліятэчнай сістэмы ўваходзяць таксама музей і Дом рамёстваў.

Шмат што змянілася тут за гэтыя няпоўныя два дзесяцігоддзі. Ды галоўны брэнд Дрыбіншчыны, яе адметнасць, пра якую згадвалася нават у слоўніку Бракгауза і Эфрона, застаецца той самай. Гэта — шапавальства: не толькі ўменне зрабіць з купкі воўны валёнкі або шапку для лазні, але і своеасаблівая субкультура, а мо ў нечым і светапогляд. Недарэмна ж шапавалы нават стварылі ўласную мову — ці, хутчэй, прафесійны жаргон, які мае назву “катрушніцкі лемязень”. Мужчыны Дрыбіншчыны вольна валодаюць ім і пасёння.

 
Падзелу на “карэнных” і “прыезджых” тут няма
Ці прыжыліся абяздомленыя Чарнобылем людзі на сваёй “новай радзіме”? Ці прыўнеслі яны ў культуру Дрыбіншчыны свой каларыт? З гэтага пытання я пачаў гутарку з намеснікам старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрыем Пімашэнкам і начальнікам аддзела культуры Інай Балаўнёвай.

 /i/content/pi/cult/178/1739/K3.jpg/i/content/pi/cult/178/1739/K3.jpg
 Дзмітрый Пімашэнка.
— Ведаеце, калісьці сэрца ў многіх і праўда шчымела, — кажа Дзмітрый Леанідавіч. — Вы ж разумееце, наколькі для вясковага чалавека важная яго малая радзіма.
Але потым боль суцішыўся — усё ж нямала часу прайшло. А праблемы “карэнных” і “прыезджых” у нас наогул няма. Людзі прызвычаіліся жыць разам, парадніліся між сабою …

— Што да культурных традыцый, яны ў нас і праўда вельмі розныя, — дадае Іна Васільеўна. — Бывае, збяруцца пажылыя жанчыны ў ансамблі, і адна пачынае спяваць песню так, як гэта заведзена ў іх на Чэрыкаўшчыне, другая ёй пярэчыць: у нас на Краснапольшчыне матыў зусім іншы, а трэцяя настойвае на “дрыбінскай” версіі той самай песні. І такія творчыя дыскусіі могуць трываць вельмі доўга. Раён маленькі, але ж у нас нават вяселлі праходзяць па-рознаму!

Прыкладам, там-сям ёсць звычай, паводле якога ў дзень шлюбу маладыя павінны быць звязаны паміж сабою ручніком прычым цэлы дзень!

— Звычай прыгожы, і змяняць тэму на праблемы празаічныя нават не хочацца…

Д.П. — Вы маеце на ўвазе матэрыяльную базу? Неаспрэчна, на сяле яна патрабуе ўдасканалення. Чамусьці так павялося, што пад час будаўніцтва пасёлкаў для перасяленцаў дамы культуры ў нас размяшчаліся пераважна ў прыстасаваных памяшканнях, не заўсёды самых лепшых. Таму цяпер нам належыць звяртаць на сферу культуры асаблівую ўвагу.

Жыхары Дрыбіна ўжо не адчуваюць сябе абдзеленымі, а вось на вёсцы... Там сітуацыя таксама паступова выпраўляецца. Значна хутчэй гэты працэс пайшоў у апошнія гады, дзякуючы Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла.

 /i/content/pi/cult/178/1739/K4.jpg
Іна Балаўнёва.

— Ці згодны вы з тым, што культура павінна зарабляць?

Д.П. — Так, гэта адзначана і пры зацвярджэнні дзяржстандартаў. І культура ў нас зарабляе. Вядома, патрабаваць нейкіх значных фінансавых вынікаў ад сельскіх устаноў культуры не трэба яны выконваюць іншую місію. Але ў райцэнтры длягэтага створаны ўсе ўмовы.

І.Б. — Дзякуючы ўласнаручна заробленым сродкам мы робім усе “бягучыя” рамонты. План платных паслуг няспынна расце, але “даганяць” яго нам пакуль удаецца. Якім чынам? Прыкладам, у раённым Цэнтры культуры часцей сталі выступаць айчынныя зоркі. Балазе, цяпер мы можам задаволіць нават вельмі прыдзірлівыя райдэры.

Канцэрты ў “філарманічнай” зале і сельскай краме

Дрыбін, які да вайны быў мястэчкам, а па вайне, што не пакінула тут і каменя на камені, стаў вёскай, сёння выклікае дзіўнае ўражанне. Часам падаецца, нібы ты патрапіў у звычайнае сяло, а часам — нібы ў квартал элітнай сталічнай забудовы. Помнікаў архітэктуры тут не засталося, аднак... сучаснікі вырашылі іх стварыць. Поруч з упрыгожаным ратушнай вежай райвыканкамам і недабудаванай пакуль царквой на гэты статус цалкам можа прэтэндаваць і Цэнтр культуры.

Калісьці гэтая ўстанова ў Дрыбіне не магла быць падставай для гонару. Месцілася яна ў больш чым не прыстасаваным памяшканні: колішняй панскай стайні. Але тыя няўтульныя часіны засталіся хіба ва ўспамінах.

— Мы памятаем, у якіх умовах раней даводзілася працаваць, і таму асабліва беражом тое, што маем цяпер,— кажа намеснік дырэктара ЦК Святлана Трусава. І сапраўды, будынку ўжо сем год, а выглядае ён як навюткі.

А маюць дрыбінцы цяпер сучасны гмах з шыкоўнымі інтэр’ерамі, у якія густоўна ўпісваюцца хатнія расліны і карціны, утульным дыскатэчным танцполам і глядзельнай залай з мяккімі крэсламі, чыё тэхнічнае начынне рэгулярна абнаўляецца. “Прычапіцца” тут няма да чаго нават пры жаданні — настолькі ўсё выглядае бездакорна. Нават выклікаючы асацыяцыі з лепшымі філарманічнымі пляцоўкамі Беларусі.

 /i/content/pi/cult/178/1739/K1.jpg/i/content/pi/cult/178/1739/K2.jpg 

Райвыканкам і царква: помнікі архітэктуры ХХІ ст.
 
На вялікай і цудоўна аздобленай сцэне аркестр народных інструментаў, які складаецца пераважна з выкладчыкаў школы мастацтваў, выглядае прыгожа ды арганічна. Ды і гучыць ён сакавіта і зладжана. Запытаў ва Уладзіміра Куцеева, дырэктара калектыву, які сёлета стаў народным, ці складана ўтрымліваць пастаянны склад. Той адказаў, што пэўныя цяжкасці, неаспрэчна, ёсць — адшукаць замену ў маленькім гарадку бадай немагчыма. І таму творчыя інавацыі ў праграме або нават партытурах нярэдка становяцца неабходнасцю.

Галоўныя хіты праграмы аркестра, а таксама і народнага ансамбля “Дзянніца” прысвечаны роднаму краю і яго славутаму промыслу. Недарэмна ж важнай часткай сцэнічнага касцюма салістаў з’яўляюцца… тыя самыя валёнкі.

Праекціроўшчыкі будынка Цэнтра культуры прадугледзелі ўсё, нават кавярню. Прычым яна мае асобны ўваход — каб не перашкаджаць моладзі, што сабралася на дыскатэку, спакойна і цвяроза адпачываць. Кавярня называецца “Малахіт”, і гэта цалкам адбілася на яе інтэр’еры, вытрыманым у адным тоне і стылістыцы. Ацаніць іх на выдатна можна нават па сталічных крытэрыях. Але... ці не перашкаджае такая “дачыная” ўстанова працы Цэнтра культуры? Як запэўніла мяне яго дырэктар Вольга Цмугунова, абсалютна не перашкаджае — насуперак усеагульнай боязі.

— Тут няспынна ладзяцца розныя імпрэзы — ад вяселляў і “карпаратывак” да дзіцячых святаў,— кажа яна.— Жыхары раёна ўжо належна ацанілі магчымасць сабрацца ў коле сяброў у такім утульным месцы, і мы рады, што можам яе прадаставіць.

Так, менавіта раёна, а не толькі горада. Бо арганізацыя свята Цэнтрам культуры прадугледжвае не толькі арэнду кавярні і стварэнне добрага настрою, але і дастаўку ўдзельнікаў на аўтобусе з любога кутка Дрыбіншчыны.

Зала ў ЦК досыць вялікая, але найпапулярнейшыя імпрэзы — такія, як “Міс Дрыбнічанка”, — усё адно не змяшчаюць усіх ахвотных, таму і ладзяцца яны на падворку. Дарэчы, конкурс мае і свайго дублёра — “Маленькая ледзі”, удзельніцы якой ацэньваюцца не толькі паводле знешніх дадзеных, але і па творчым крытэрыі. Ну а тыя, каму праявіць сябе на гэтых двух конкурсах па зразумелых прычынах не наканавана, могуць выпрабаваць сваё шчасце ў трэцім, які мае назву “Ваш выхад”. Ён не мае ніякіх гендэрных і ўзроставых абмежаванняў ды ставіць перад сабой мэту адкрыць новыя таленты — па прынцыпе “хто на што здатны”.

— І адкрываюцца, дарэчы! — кажа Іна Балаўнёва. — Стараемся потым, каб гэтыя людзі ад нас далёка не адыходзілі. Дзякуючы такім конкурсам папаўняюцца нашы мастацкія калектывы.

Як і ў кожным сельскагаспадарчым краі, культура Дрыбіншчыны цяпер на жніве. Канцэрты для хлебаробаў ладзяцца бадайштодзённа — часам нават па некалькі на дзень. Паколькі гэты спосаб культурнага абслугоўвання тут даўно ўжо не ў навіну, імправізаваныя імпрэзы на палях і зернетаках плануюцца загадзя. Аднак усяго не сплануеш: калі хтосьці з камбайнераў дасягне асаблівых поспехаў у сваёй нялёгкай працы, артысты абавязкова спяюць у яго гонар.

Але раённы аўтаклуб і ў іншую пару года не прастойвае: за мінулы год ён правёў амаль дзве сотні імпрэз. Працы ў яго багата: аддаленых вёсак у раёне 67.

Па словах загадчыка “ўстановы на колах” Людмілы Казусёвай, канцэрты ладзяцца ў самых розных, часам нечаканых месцах: і на падворках, і па хатах, і нават… у сельскай краме. І тая акалічнасць, што публікі на імпрэзы ў малалюдных вёсках збіраецца небагата, артыстаў ніколі не бянтэжыць. Бо ўсе разумеюць, як патрэбны там іх спевы.

Музыка, застылая ў саломе

У школе мастацтваў, размешчанай у камянічцы былога райвыканкама, панавала атмасфера лёгкага рамонту, характэрная для апошняга месяца лета. Вучняў у школе ды яе філіялах нямала — 350 чалавек, прычым пяцёра з іх — стыпендыяты Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Не бракуе і выкладчыкаў, прычым нават па такой “дэфіцытнай” спецыяльнасці, як харэаграфія.Сёлета харэаграфічны калектыў школы мастацтваў «За¬бава» пад кіраўніцтвам Ганы Шаранда атрымаў прызавыя месцы на абласным конкурсе харэаграфічнага мастацтва, Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці «Залатая пчолка», рэгіянальным фестывалі дзіцячай творчасці «Славянскі карагод»...

Не скардзяцца тут і на праблему з музычнымі інструментамі — агульную для многіх навучальных устаноў. Дзякуючы дапамозе ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама і яго начальніка Анатоля Сінкаўца іх арсенал абнаўляецца рэгулярна. Ёсць тут нават і такая дзівосная рэч, як фартэпіяна з “начыннем” раяля — і адпаведным гукам.

А завуч школы Жанна Цырыбка здатная рабіць інструменты сваімі рукамі — праўда, з саломы. Гучаць яны, вядома, не могуць, але… нібы ўвасабляюць застылую музыку.

Па словах дырэктара Дрыбінскай ЦБС Тамары Салтанавай, працэнт камп’ютэрызацыі
 /i/content/pi/cult/178/1739/K5.jpg

Тамара Салтанава.

бібліятэк раёна надзвычай вялікі —70%. І такія яе тэмпы нядаўна дазволілі ўвесці новыя віды платных паслуг, прычым не толькі ў Дрыбіне. Бібліятэка працуе актыўна: бярэ ўдзел у разнастайных раённых імпрэзах, ладзіць латэрэі і забавы. На пытанне, ці не ўзнікае тут канкурэнцыі з Цэнтрам культуры, дырэктар адказала, што ўсё вырашаецца палюбоўна:

— Да нас звяртаюцца з прапановай, а мы адказваем: з задавальненнем! Ды і нашым дзяўчатам гэта вельмі цікава: рабіць сабе касцюмы, пераўвасабляцца…Асабліва шчыруюць на гэтай глебе супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі. У выніку дзеці прыводзяць у чытальную залу і сваіх бацькоў.

Дбайна выконваецца і “пятнаццаціпрацэнтны” паказчык, датычны папаўнення кніжнага фонду. Тут ён складае нават не 15, а ўсе 26%. Што красамоўна сведчыць пра ўвагу да праблемы з боку аддзела культуры і мясцовых уладаў. Дадатковай крыніцай папаўнення фондаў стала акцыя “Падаруй бібліятэцы кнігу”.

— Але найбольш актыўна мы працуем у галіне дэмаграфічнай бяспекі. У нас усе маладыя бібліятэкары ў дэкрэтным адпачынку, — жартуе дырэктар ЦБС.

Жарты жартамі, аднак гэты прыемны факт сведчыць пра тое, што маладыя спецыялісты ў раёне замацоўваюцца. Узроўнем іх падрыхтоўкі Тамара Салтанава больш чым задаволена.

Колькі год таму свае “ўлазіны” справіў раённы гісторыка-этнаграфічны музей. Экспазіцыя стваралася за сродкі аддзела культуры і сваімі рукамі, а папаўнялася яна таксама ўласнымі высілкамі супрацоўнікаў — праз частыя экспедыцыйныя выправы ад хаты ў хату, якія значна спрасціліся са з’яўленнем у раёне аўтаклуба: вольнае месца для музейнага работніка ў “Газелі” заўсёды знаходзіцца. А людзі ахвотна перадавалі ў музей рарытэтныя рэчы.

Лішне казаць, што не абмінута ў экспазіцыі ўвагай і шапавальства. Гэтаму ўмельству тут адведзена асобная зала — пераўтвораная ў майстэрню “катрушніка”. А вось другая адметнасць музея — зала з сотняй ікон ХІХ стагоддзя — стала для яго падарункам. Усе гэтыя абразы былі затрыманы супрацоўнікамі Брэсцкай мытні пры спробе нелегальна вывезці іх за мяжу, а потым перададзены ў музей. Дзейнасць гэтай установы таксама не абмяжоўваецца адно толькі яе сценамі: яна ладзіць выстаўкі, прымеркаваныя да святаў, і гастрольныя выправы па раёне. Вялікім поспехам сярод дзятвы карыстаюцца інтэрактыўныя этнаграфічныя заняткі ў дзіцячых садках — з гульнёвымі элементамі, тэатралізацыяй і выкарыстаннем музейных прадметаў. Гэта адзін з відаў платных паслуг, якія аказвае ўстанова.

— Плата сімвалічная — 400-500 рублёў, — кажа дырэктар музея Алена Рабкавец. — Але ўсё ж... Для нас, вядома, самае прыемнае — што дзеці нас чакаюць і заняткі гэтыя ім у радасць. Інфармацыю яны засвойваюць вельмі жвава — у такім узросце ўсё цікава! Таму і знаёміць з традыцыямі роднага краю трэба змалку.

Зрэшты, і зробленая з любоўю экспазіцыя музея запатрабавана мясцовымі жыхарамі. Але для таго, каб гэтая ўстанова атрымала хаця б самую ніжэйшую катэгорыю, наведвальнікаў усё адно не хапае. Бо як іх можа набрацца аж 35 тысяч за год, калі ў Дрыбіне, гэтым самым маленькім раённым цэнтры на Беларусі, жыве ўсяго тры з гакам тысячы чалавек, а ва ўсім раёне — трохі больш за 13?

ДК у былой лазні

Яшчэ нядаўна СДК у Кароўчыне добра адлюстроўваў словы намесніка старшыні райвыканкама. Месціўся ён… у былой малочнай на ўскраіне вёскі, не надта прыдатнай для служэння музам. Але цяпер, пасля леташняга пераўтварэння гэтай вёскі ў аграгарадок, яе новы “агмень культуры” сведчыць, хутчэй, пра акрэсленую Дзмітрыем Пімашэнкам тэндэнцыю выпраўлення сітуацыі. Таму кароўчынцы не могуць нарадавацца.

 /i/content/pi/cult/178/1739/K6.jpg

Ансамбль “Дзянніца”.

Праўда, цяпер СДК таксама масціцца ў прыстасаваным памяшканні: ён заняў будынак былога лазнева-пральнага камбіната. Але, дзякуючы капітальнаму рамонту з элементамі мадэрнізацыі, гэтая акалічнасць зусім не даецца ў знакі.

— Перараблялі тут літаральна ўсё, — распавядае дырэктар СДК Віктар Лёўкін. — Адзін толькі каркас застаўся ад былога будынка.

А са старой установы ў абноўленую перайшоў народны ансамбль побытавага танца “Вытокі”, які летась адсвяткаваў сваё дзесяцігоддзе.

— Мы пераймалі свае танцы непасрэдна ад бабуль, — распавядае мастацкі кіраўнік СДК Таццяна Караленка. — Падэспань, зялёная, дасада, кракавяк, сямёнаўна… Усе гэтыя танцы калектыў выконвае так, як танчылі іх на вячорках менавіта тут, у гэтай мясцовасці. Часта бывала так, што, прыязджаючы на фестываль і бачачы выступы іншых калектываў, мы сутыкаліся з тым, што назвы танцаў тыя самыя, а танцавальныя рухі моцна адрозніваюцца.

Прыгожыя тканыя спадніцы таксама дасталіся ўдзельніцам калектыву ў спадчыну ад бабуль. Нават спосаб завязвання хусткі ў іх нейкі асаблівы. І гэты сакрэт яны не выдаюць.

Але куды важнейшы за ўсе інтрыгоўныя акалічнасці той факт, што не так даўно ў “дарослага” калектыву з’явіўся дзіцячы “спадарожнік”. Яго ўдзельнікі паспелі ўжо засвоіць амаль увесь рэпертуар “Вытокаў”.

…А ў фае ўжо “рэжа” пад баян Марыя Кушнярова — яшчэ адзін неметалічны “цвік” ДК. Лёс гэтай пажылай кабеты незайздросны. “Сіратой была і сірот гадавала, — скрушліва кажа яна пра сваё жыццё. — Маці з бацькам рана памерлі, брат з фінскай вярнуўся, а з Вялікай Айчыннай — не, і дзетак пакінуў...” А тут, больш як праз сорак год пасля вайны, — новая навала, якая прымусіла немаладую ўжо жанчыну пакінуць сваю родную вёску Беразякі на Краснапольшчыне. Але… “Усё адно гору не паддавалася! — раптам вясёла выбухае васьмідзесяцігадовая кабета. — Бо як паддасіся — заклююць і куры”. І распачынае сваю новую зухаватую прыпеўку ўласнага аўтарства. Не, не ўласнага — “гэта Бог мне дае”, пераканана Марыя Макараўна.

З чаго нараджаецца Дом рамёстваў?

Пытанне заканамернае — асабліва калі ўлічыць, што для многіх куткоў Беларусі такі тып установы пакуль яшчэ ў навіну, дыпламаваных спецыялістаў не заўжды стае, а людзей, якія маглі б узначаліць ці, тым больш, арганізаваць Дом рамёстваў фактычна з нуля, ва універсітэце наогул не падрыхтуеш. Бо для гэтага адных ведаў ды ўмельства замала...

На Дрыбіншчыне Дом рамёстваў паўстаў толькі летась — прычым базуецца ён не ў “сталіцы раёна”, а ў аграгарадку “Кароўчына”, з філіялам у Дрыбіне. Рамонт у вызначаным для гэтай установы будынку яшчэ не скончыўся. Адпаведна яна акурат у стадыі станаўлення. Але праца ўжо ідзе поўным ходам.

 /i/content/pi/cult/178/1739/K7.jpg

 Марыя Кушнярова са сваёй вышыванкай.

— Цяпер я займаюся экспедыцыйнай работай, — распавядае дырэктар Дома рамёстваў Ларыса Заклікоўская. — Бо пакуль што пласт народных умельстваў цалкам у нас не даследаваны, і збіраць матэрыял даводзіцца па драбнічках. Заходзіш у хату да старога дзядулі і бачыш там цудоўныя кашы з лазы. Ён паведамляе: а яшчэ і калыскі ўмею плесці, але каму гэта цяпер патрэбна? Я адказваю: нам, нам патрэбна! І адразу бачу, як у ягоных вачах запаліўся агеньчык зацікаўленасці. Ён паабяцаў, што ў верасні запасецца лазою і зробіць майстар-клас. Менавіта гэтак мы абрастаем патрэбнымі кантактамі, якія потым у нашай працы вельмі спатрэбяцца.

Па адукацыі Ларыса Сямёнаўна педагог, а па натуры — чалавек інтэлігентны і… па-добраму апантаны. У пошуках цікавага этнаграфічнага матэрыялу яна здатная нават залезці на паддашак закінутага дома. Мусіць, менавіта спалучэнне гэтых якасцей абумовіла тое, што пасаду кіраўніка Дома рамёстваў прапанавалі менавіта ёй.

Дарэчы, гэты набор якасцей характэрны для многіх работнікаў культуры краю. Прыкладам, доўгі час Святлане Трусавай даводзілася пераадольваць больш як дваццацікіламетровую адлегласць да вёскі Цёмны Лес… на веласіпедзе. І ўсё дзеля таго, каб не пакідаць народны калектыў “Журавінка”, якім яна кіруе.

Валёнкі з моды ніколі не выйдуць

У планах Дома рамёстваў — рамонт (ці, хутчэй адраджэнне) аднаго з двух ацалелых у раёне кроснаў, што даўно ўжо ў нерабочым стане, а потым і іх асваенне. Але неаспрэчна, што галоўная ўвага гэтай установы будзе нададзена менавіта шапавальству. Абмінуць гэтую адметнасць Дрыбіншчыны наведвальніку ніяк не ўдасца: у бібліятэцы і музеі вам пакажуць выдадзены іх намаганнямі слоўнік “катрушніцкага лемязня”, а анекдатычных гісторый пра гэтых зухаватых герояў вы наслухаецеся паўсюль поўны кораб.

Нават мясцовая каманда КВЗ выкарыстоўвае шапавальскі слэнг — між іншым, з вялікім поспехам на абласной сцэне.

Прычым шапавальства — не проста традыцыйная экзотыка: рамяство жыве і дагэтуль. Валёнкі робяць не толькі людзі сталага веку: сярод сённяшніх “катрушнікаў” ёсць і маладыя хлопцы. Аляксандр Храпенка, пераняўшы гэтае ўмельства ад старэйшых, цяпер і сам ужо дае майстар-класы ў Доме рамёстваў. Раней нюансы майстэрства шапавала трымаліся ў поўным сакрэце — на тое і быў прызначаны незразумелы для старонняга вуха “лемязень”. Цяпер — наадварот.

Так, старажытны промысел ужо не такі папулярны, як раней. Бо справа гэтая брудная і карпатлівая — на адну пару сумленна зробленых валёнак трэба затраціць да васьмі гадзін часу, — а дывідэнды не такія і вялікія. Але ж дзеці вучацца з ахвотаю. Ды і попыт на такую прадукцыю па-ранейшаму немалы. Вунь на колішніх “Дажынках” у Бабруйску адбою ад пакупнікоў не было! Купляюць яе і рыбакі ды паляўнічыя, і маладзенькія дзяўчаты — каб потым расшыць гэты арыгінальны абутак бісерам, надаўшы яму зусім іншы выгляд.

— Валёнкі з моды ніколі не выйдуць! — пераканана Алена Рабкавец.

…Пакідаючы Дрыбіншыну, ты прыходзіш да высновы, што літаральна ў кожным кутку Беларусі ёсць свая“разынка” або “перлінка” — почасту ўтоеная ў глыбокім глеі. І справа работнікаў культуры — адкрыць яе, ачысціць і зрабіць відочнай для ўсіх.


Ілля СВІРЫН,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Дрыбін — Мінск

Фота аўтара