…нават важней за жыццё

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

Калі пра некага гавораць “ аўтар аднаго твора”, гэта не значыць, што на ягоным рахунку няма больш нічога вартага. Проста адзін верш, песня ці карціна пераважваюць ўсё астатняе са зробленага гэтым творцам на працягу жыцця. І, адпаведна, усё астатняе ўспрымаецца як падрыхтоўчы матэрыял да адного шэдэўра. Славуты рускі жываапісец Аляксандр Іванаў лічыцца аўтарам аднаго палатна, Агінскі — аднаго паланэза, Сервантэс — адной кнігі. Тыя, хто “ў тэме”, ведаюць, што гэта не так, але я кажу пра шырокую грамаду. Са згаданымі творцамі беларускага рэжысёра Валерыя Рубінчыка (1940 — 2011) яднае тая акалічнасць, што ў вачах тае грамады ён рэжысёр аднаго фільма — “Дзікае паляванне караля Стаха”.

Такое меркаванне да недаўняга часу меў і я. Я не кінаман, не кіназнаўца — паспаліты глядач. Засяроджваю ўвагу толькі на тым, што мяне сапраўды закранула. Выстава да 80-годдзя Валерыя Давідавіча, што зараз праходзіць у Музеі беларускага кіно, разбурае згаданы стэрэатып у адносінах да творчасці Рубінчыка.

“Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў”, “Магіла льва”, “Апошняе лета дзяцінства”, “Вянок санетаў”, “Адступнік”, “Камедыя пра Лісістрату”… — гэта таксама ягоная рэжысура. Высветлілася, што фільмы гэтыя я глядзеў, памятаю з іх асобныя эфектныя кадры, эпізоды, акцёраў. Памятаю не так добра, як “Дзікае паляванне…”, але ж памятаю!

/i/content/pi/cult/811/17383/9_1.jpg

Элеанора Сямёнава. Эскізы касцюмаў персанажаў фільма “Дзікае паляванне караля Стаха”.

Творчы лёс Валерыя Рубінчыка склаўся шчасліва. Нездарма ж ён казаў, што кіно для яго важней за жыццё. Відаць, так ён пераклаў для сябе антычны афарызм “ Navigare necesse est , vivere non est necesse і”  — Жыць не так ужо неабходна, але неабходна хадзіць на караблях па моры. Творчасць па сваёй сутнасці такая ж стыхія як мора і неба.

Нарадзіўся Валерый у Мінску. Тут вывучыўся на рэжысёра ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце; працаваў на “Беларусьфільме”, дзе зняў дванаццаць мастацкіх карцін. Потым перабраўся на “Мосфільм”. Там зняў шэсць мастацкіх стужак. З другой паловы 80-х засяродзіўся на выкладчыцкай дзейнасці. Вёў рэжысёрскую майстэрню ва ВГИКе, рыхтаваў сцэнарыстаў, працаваў дэканам факультэта сучаснага мастацтва. Быў ушанаваны званнем Заслужанага дзеяча мастацтва Расійскай Федэрацыі, акадэміка, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук Расіі. Ягоныя фільмы сабралі вялікую калекцыю нацыянальных і міжнародных узнагарод. Памёр у Маскве.

/i/content/pi/cult/811/17383/9_3.jpg

Элеанора Сямёнава. Плашч і фуражка Беларэцкага.

На выставе прадстаўлены дакументальныя фатаграфіі, афішы фільмаў, бутафорыя і сапраўдныя прадметы, што скарыстоўваліся на здымках, эскізы дэкарацый, касцюмы персанажаў. Гэта як прайсціся экскурсіяй па закуліссю тэатра пасля таго, як паглядзеў сцэнічную дзею. Цікава гэта, мяркую, найперш прафесіяналам.

Стварэнню шэдэўра паводле твора Уладзіміра Караткевіча папярэднічала, як мне падаецца, не вельмі ўдалая спроба ўзнавіць даўнюю беларускую гісторыю ў фільме “Магіла льва”. Хоць і сабралі добрых акцёраў, а фільм не атрымаўся. Адчуваецца, што аўтарам не хапіла ведаў не толькі пра этнаграфію і матэрыяльную культуру нашага Сярэднявечча, але і разумення гістарычных працэсаў у Беларусі ў тую эпоху. Ды, мабыць, гэта быў усё ж-такі карысны досвед для беларускага кінематографа.

/i/content/pi/cult/811/17383/9_2.jpg

Аляксандр Чартовіч. Макет аб'екта “Батлейка”.

Кіно — дарагая цацка. Мяркуючы на матэрыялах выставы, ставарэнне “Дзікага палявання…” каштавала не так і дорага. Тое, што за малыя грошы ды яшчэ ва ўмовах тагачаснага падазронага стаўлення ідэалагічных структур да ўсяго беларускага рэжысёр здолеў стварыць выдатны фільм на сюжэт нацыянальнай гістарычнай міфалогіі — гэта подзвіг.

/i/content/pi/cult/811/17383/9_6.jpg

Аляксандр Чартовіч. Эскіз сцэны “Раз'езд гасцей”.

Памятаю, калі фільм выйшаў на экраны, пэўны час нават культурныя людзі ў Маскве лічылі, што ён створаны паводле кнігі “польскага пісьменніка Влодімэжа Караткевіча”. Насколькі нязвыклым быў вобраз Беларусі ў гэтым фільме. Фільм і зараз глядзець цікава, хоць ўжо ніхто не аспрэчвае той факт, што Беларусь — краіна са складанай, драматычнай і адначасова рамантычнай гісторыяй.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"