“Лістапад” чакае заявак ад журналістаў і кінематаграфістаў

№ 33 (1472) 15.08.2020 - 22.08.2020 г

Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” чакае заяўкі ад журналістаў, кінакрытыкаў, культурных аглядальнікаў, лідараў меркаванняў, блогераў — славуты кінафорум запрасіў медыясупольнасць да акрэдытацыі. Заяўкі будуць прымацца да 25 верасня ўключна. Сам фестываль пройдзе ў Мінску з 6 па 13 лістапада.

Нягледзячы на магчымую другую хвалю пандэміі, што прагназуецца медыкамі, дырэкцыя “Лістапада” спадзяецца, што адна з найпрэстыжных культурных падзей Беларусі ўсё ж адбудзецца ў афлайн фармаце. Яшчэ ў сакавіку быў аб’яўлены старт прыёму заявак ад кінематаграфістаў, і, нагадаем, што падаць сваю работу ў рамках шасці конкурсных праграм можна яшчэ да 31 жніўня.

Колькі інфармацыі па фарматам конкурсаў.

Асноўны конкурс ігравога кіно — у ім чакаюць фільмы з краін былога камуністычнага блока.

Конкурс ігравога кіно “Маладосць на маршы” — тут спаборнічаюць дэбюты з усяго свету.

У асноўны конкурс дакументальнага кіно прымаюцца поўнаметражныя і дакументальныя карціны сярэдняга метру з краін былога камуністычнага блока.

Конкурс нацыянальных кінашкол запрашае да ўдзелу дакументальныя студэнцкія, у тым ліку дыпломныя работы з усяго свету.

Пяты конкурс “Лістападзік” — фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі.

Асобна некалькі слоў пра Нацыянальны конкурс. Фармат яго гучна абмяркоўваўся ў мінулым годзе, і сёлета ён мае такія патрабаванні. “[У конкурсе] удзельнічаюць поўнаметражныя, сярэднеметражныя і кароткаметражныя ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя карціны, створаныя беларускімі аўтарамі на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, а гэтаксама фільмы, знятыя замежнымі кінематаграфістамі, у цэнтры якіх — Беларусь, яе мінулае і цяперашняе”. На дадзены момант, як паведаміў каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўрынюк, на ўдзел у беларускай праграме даслана 19 заявак.