Мультыплекс: хутка будзе кіно!

№ 34 (852) 23.08.2008 - 29.08.2008 г

Мультыплекс “Беларусь” ўжо амаль гатовы прыняць першых гледачоў — прыхільнікаў кіно. 20 жніўня міністр культуры краіны Уладзімір Матвейчук наведаў толькі што адбудаваны першы ў краіне пяцізальны кінатэатр. Новы будынак міністру спадабаўся, а карэспандэнт “К” упэўнілася, што станоўчыя эмоцыі будуць і ў сталічных жыхароў ды гасцей Мінска, калі яны ўпершыню сюды завітаюць.

 /i/content/pi/cult/178/1738/Multypleks.jpg
Цікаўныя пазіраюць на незвычайны будынак з-за агароджы, што пакуль акружае яго, а некаторыя нават заходзяць пасядзець на ўтульных лавачках у цені дрэў каля кінатэатра. Яшчэ нядаўна тут можна было бачыць толькі будаўнічыя рыштаванні, многія не ведалі, праходзячы міма пад драўляным брылём, што тут ажыццяўляецца шыкоўны сучасны праект. (Падрабязна пра яго “К” пісала ў № 30 за 2008 г.)

Што да ўнутранага афармлення, то яно таксама незвычайнае. “Беларусь”, напэўна, будзе самым шчодра асветленым кінатэатрам, бо сюды пранікае святло не толькі праз вокны, але і праз шкляную столь. Мультыплекс стварае ўражанне своеасаблівай лесвіцы “ў неба”, на якую доўга будуць — пакуль прывыкнуць — дзівіцца мінчукі і госці сталіцы. Пад ёй знаходзіцца ўтульны кафетэрый, дзе гледачы змогуць пачакаць пачатку сеансаў. Адзінае, што прымушае задумацца, гэта невялікая плошча фае, як і яго маленькія канапкі. У дні прэм’ер, падаецца, тут будзе, бадай, цеснавата, але выглядае памяшканне ўсё ж сапраўды элегантна.

Цешаць вока і выклікаюць задавальненне кіназалы. З мяккіх крэслаў не хочацца ўставаць, так і прасядзела б тут не толькі свой, але і наступны сеанс. Рацыянальным новаўвядзеннем стаў і большы перапад вышынь паміж радамі крэслаў: ён складае амаль 25 сантыметраў, што з’яўляецца навінкай для кінатэатраў рэспублікі.

Гледачам нават малога росту практычна не будуць перашкаджаць бачыць экран тыя, што сядзяць наперадзе. Праходы паміж радамі таксама шырэйшыя, таму пазнюры не прымусяць уставаць іншых. Адсутнасць звычайнай для кінатэатра сцэны скіроўвае ўвагу толькі на экран, які амаль ад падлогі да столі. І пасля завяршэння сеансаў гледачам таксама будзе зручна пакінуць залу, бо ў кожнай з пяці ёсць дадатковы выхад на вуліцу.

Сістэма дэманстрацыі фільмаў тут таксамановая: кіраваць паказам фактычна будзе камп’ютэр. Раней ён выкарыстоўваўся ў кінатэатрах з DOLBY-сістэмай толькі для апрацоўкі гуку ці выяўленчага раду. Цяпер жа пры дапамозе новай тэхнікі адзін механік здолее запусціць амаль адначасова стужкі ва ўсіх пяці залах: кінапраектарная, што знаходзіцца ў цэнтры, абслугоўвае ўвесь мультыплекс. Хутка тут будзе кіно!


Алена САБАЛЕЎСКАЯ