Генадзь МАРКЕВІЧ: “Магу аддаць песню забясплатна”

№ 32 (1471) 08.08.2020 - 15.08.2020 г

Я назаву ўсяго пару яго песень, і вы абавязкова пагадзіцеся са мной, што сённяшні госць “К” — рэальна адзін з вядучых беларускіх хітмэйкераў: “Жемчуга”, што ўвасоблены Інай Афанасьевай, і “Падае снег” у выкананні Вольгі Плотнікавай. Ды і як чалавек кампазітар Генадзь МАРКЕВІЧ добры, паверце…

Не вельмі любіць оперу

— Для цябе перыяд сацыяльнай адлегласці стаў прадуктыўным часам працы?

— І так, і не. Спярша быў парыў, што засяду ў студыі — яна ў мяне дома знаходзіцца, пачну плённа працаваць, альбом запісваць. А потым навалілася маса другасных спраў — сэмплы пачысціць, камп’ютар — ад нейкага смецця, заняўся ўсім тым, да чаго рукі не даходзілі. Асвойваў спадарожныя маёй прафесіі “рамёствы” — працу з відэа, гукам. І па хаце нешта трэба было рабіць. Але сякія-такія музычныя накіды нарадзіліся, праўда “пад ключ” нічога не стварыў.

— Я думаў, можа, ты не толькі мелодыі песень прыдумляў, а і на буйныя па форме творы замахнуўся. На оперу…

— Не, опера — дакладна не маё. Хоць я і акадэмічны музыкант па адукацыі — скончыў у 2001-м тады яшчэ Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры па класе харавога дырыжыравання. Сёння класіку магу, канешне, паслухаць, але не больш.

/i/content/pi/cult/810/17365/6_1.jpg

— Твая жонка — папулярная спявачка Вольга Плотнікава — у анлайне выступае? Дарэчы, хай і са спазненнем, мы віншуем яе з мінулым юбілеем, перадай ёй нашы пажаданні ўсяго самага добрага!

— Дзякуй, абавязкова перадам! Оля выступала ў рамках праекта, арганізаванага прадзюсарскім цэнтрам “Спамаш” — у падтрымку медыцынскіх работнікаў. Правяла майстар-класы — як прадстаўнік Беларусі — для ўдзельнікаў аднаго з расійскіх конкурсаў, І запісала некалькі аўдыякніг для літаратурнага праекта: Ганны Князевай “Кольца з трыма амурамі”, Алега Роя “Недарэчная звычка жыць”, Маргарыты Южынай “За збычу мараў!”, Надзеі Волгінай “Замоўлена закахацца”…

— Пачынаючы прафесійны шлях, ты адразу акунуўся ў поп-музыку, у эстраду, як на постсавецкай прасторы кажуць. Няўжо, да прыкладу, рок-стылістыка ніколі не прыцягвала?

— Зусім і не адразу! У школе ў родным Навагрудку, калі яшчэ быў вучнем, граў у гурце “Свечки” самую розную музыку на танцах, нават у гарадскім парку. Памятаю, нешта і запісваць спрабавалі. І ва ўніверсітэце быў гурт — адну яго праграму здавалі, як і патрабавалася ў той час, камісіі — з песнямі савецкіх афіцыйных аўтараў; а другую рабілі ўжо для душы — рок-н-рольную. Паспелі, дарэчы кажучы, у рамках культурнага абмену ў 1988-м з’ездзіць у Патсдам, дзе выступілі на адкрытай пляцоўцы з двума нямецкімі калектывамі. А грунтаваліся мы — удзельнікі студыі “Красные звезды” — у мінскім Палацы культуры прафтэхадукацыі. У ім жа рэпеціравалі і такія вядомыя на той момант гурты, як “Инспектор”, “Акцент”, “Квинта”. Але тут разваліўся Саюз і трэба было неяк выжываць. Я апынуўся ў студыі гуказапісу, падглядаў за старэйшымі таварышамі, сам паволі стаў “руліць” — дэбют выпаў на нейкую песню тагачаснага гурта “Мроя”. Метал-каманды запісваў — “тяжеляк” тады ў модзе быў. Набіваў руку, увогуле. А ўжо пазней пачалося маё супрацоўніцтва ў якасці кампазітара і аранжыроўшчыка з поп-выканаўцамі — з Аляксеем Хлястовым, Інай Афанасьевай, іншымі.

Выканаўцы ёсць, але…

— Айчынную папулярную песню часцяком лаюць. Па справе, лічыш?

— Заўважаю гэта. Можна з пенай у роце даказваць камусьці, што з ёй усё нармальна. Я ў дыскусіі не ўступаю — кожны вольны выказваць сваё меркаванне. Аднак — часам лаюць сапраўды па справе. З іншага боку, калі ў песні ёсць хоць бы з дзясятак прыхільнікаў, значыць, яна мае права на існаванне. Моду ў папулярнай музыцы для нашага шырокага кола слухачоў вызначаюць сёння не фірмовыя заходнія артысты, а, на жаль, расійскія, і менавіта не высокага ўзроўню, якіх засілле ў радыё- і тэлеэфірах. І калі беларускі выканаўца прыязджае ў глыбінку, публіка чакае ад яго нешта такога ж. Таму шэраг айчынных выканаўцаў, аўтараў песень і падладжваюцца пад чаканні. І па гэтых творах робяцца высновы аб усім сучасным беларускім музычным рынку. Не заўважаючы таго, што ў краіне ўжо склалася тусоўка з маладых, таленавітых артыстаў. Яны арыентуюцца на лепшыя сусветныя музычныя трэнды, дзейнічаюць у іх рэчышчы. У чымсьці нават зайздрошчу ім, таму што яны робяць больш сучасную музыку, чым я. Для іх Scorpions, Whitesnake — калектывы, на якіх выхоўваўся я, — пусты гук. Мы неяк з маёй 12-гадовай дачкой пачулі па тэлевізары песню Mamma Mia квартэта ABBA. Я спытаўся ў Аліны: “Ведаеш, чыя песня?” — “Не”. А мне здавалася, кампазіцыі шведаў знаёмыя ўсім. Паставіў дачцэ яшчэ некалькі твораў ансамбля — яна нешта ўзгадала... Ні на што не намякаю, ні да чаго не заклікаю і не ведаю, ці правільна паступілі ва Украіне, па большай частцы адмовіўшыся ад расійскага музычнага кантэнту, але нічога страшнага з украінскай папулярнай музыкай не адбылося, наадварот — у суседзяў на першыя пазіцыі паднялося шмат цікавых спевакоў і спявачак, калектываў.

/i/content/pi/cult/810/17365/6_2.jpg

З жонкай Вольгай Плотнікавай.

— А што з кампазітарскай думкай цяпер у гэтым жанры ў Беларусі?

— Мяркую правільным, што маладыя выканаўцы сталі самі сабе пісаць песні. Узяць Кірыла Гуда. У яго ёсць трэкі, якія мной не прымаюцца, але ёсць і проста класныя, я не разумею, як ён іх складае. У асноўным жа, усё — выкананне, мелодыя, тэкст, аранжыроўка — у Кірыла знаходзіцца ў гармоніі. У сённяшняй музыцы мне не імпануе падобнасць па мелодыі і аранжыроўцы шэрагу песень аўтарства новых артыстаў, да таго ж такія рэчы і не цікавыя. Я прыхільнік меладычных кампазіцый: калі гэта “медляк”, усё павінна быць немым, калі хуткая рэч, каб усе пусціліся ў скокі. У свой час здзівіла тое, што рэп можна выконваць пад гітару. Гадоў, напэўна, 15 таму я стаяў на балконе, а паверхам вышэй хлопцы пад акампанемент гітары зачытвалі “текста”. Зараз у музыцы мяне здзівіць нічога не можа.

— Як мяняўся беларускі шоу-бізнэс за тыя трыццаць з лішкам гадоў, што ў ім працуеш?

— У адпаведнасці са зменай пакаленняў артыстаў, слухачоў, музычных арыенціраў, тэхналогій. Можа, у нас усё гэта не так відавочна праявілася — у адрозненне ад тых краін, дзе існуе сапраўдная музычная індустрыя, але таксама адбывалася. Я заспеў фініш савецкай эстрады, у 1990-я стала ўзнікаць песенная культура незалежнай Беларусі, а з пачатку 2000-х і па гэты дзень ідзе яе фарміраванне і развіццё.

Галоўнае, каб песня “сядзела”

— Па якіх крытэрыях выбіраеш тэкставікоў, выканаўцаў?

— Хутчэй, зыходзячы з асабістых матываў. І па прынцыпе — зараз на мяне калегі-прафесіяналы накінуцца - “дылетанцкаму”: падабаецца тое, што робіць чалавек, ці не падабаецца. Мне вельмі шмат прапануюць тэкстаў, і вельмі шмат я адсейваю. І вось толькі тады, калі ўзнікае жаданне тут жа, па заканчэнні чытання, схапіць гітару і праспяваць дасланае, гэта і азначае — прыйшло тое, што трэба. Канешне, у прыярытэце і чыста чалавечыя якасці магчымых суаўтараў — камфортна будзе з імі працаваць ці не. А на выканаўцаў я з гадамі навучыўся прымяраць песні — нібы той кравец вопратку на заказчыкаў. Iмгненна бачу — на тым канкрэтная кампазіцыя сядзіць, як улітая, а на іншым, як на голенькім.

— Выкажам здагадку, я раптам захацеў стаць спеваком. Колькі мне давядзецца заплаціць за адну кампазіцыю нашым “топавым” аўтарам песень?

— Калі ў мяне просіць песню нават зусім невядомы спявак, я ніколі адразу не адмаўляю, прыглядаюся да яго, прыслухоўваюся, і, адчуўшы, што мы з ім на адной хвалі, магу істотна знізіць цану. Або наогул адмовіцца ад грошай. Шчыра кажу, бывала такое. А так - “топы” просяць за песню ў сярэднім 1500-2000 умоўных адзінак.

— Ты ж таксама пішаш для артыстаў з сумежных краін. Для беларускіх меладыстаў і паэтаў-песеннікаў вынікі гэтай дзейнасці з’яўляюцца добрай матэрыяльнай падмогай. Ці ў дадзеным выпадку гаворка ідзе, хутчэй, проста пра папаўненне ўласных партфоліо?

— Па-рознаму. Для мяне супрацоўніцтва, дапусцім, з расійцамі — гэта пашырэнне кола творчых зносін, новыя сустрэчы, абрастанне кантактамі. Заўсёды яшчэ і цікава падгледзець, падслухаць, як у іх там з артыстычным жыццём. Іншая справа, ёсць шэраг расійскіх выканаўцаў — і іх у дастатковай колькасці мне траплялася, што паводзяць сябе з суразмоўцам адкрыта пагардліва, пазіцыянуюць сябе гаспадарамі жыцця. А мы ж, беларусы, сціплыя, так… вочкі апусцім долу пры размовах з падобнымі людзьмі... Аднак, як правіла, па тых сумах, што я называў, заўсёды з партнёрамі дамаўляўся — будзь яны нават “звездунами”.

— Ужо будучы масцітым кампазітарам, ці ніколі не хацелася яшчэ і самому заспяваць свае песні?

— Дарэчы, такі досвед быў... Аааа, ты пра масцітага кажаш. Зараз адкажу. Смешны выпадак прыгадаўся, што да твайго пытання. Я ж, складаючы, запісваю і “дэмкі” з уласным вакалам. Адпаведна, калі намячаецца праца з Масквой, адсылаю гэтыя опусы верагодным выканаўцам, іх прадзюсарам. Ну і неяк такі вось варыянт — і па гэты дзень па невытлумачальнай для мяне прычыне — выйшаў у зборніку чарговых лепшых песень. Разам з песняй Леаніда Агуціна, з кампазіцыямі яшчэ нейкіх выканаўцаў яго ўзроўню. Пацешная гісторыя, так? Але стаць спяваючым кампазітарам жадання не было. Ды цяпер і позна ўжо ператварацца ў Ігара Нікалаева.

Фота з архіва Генадзя Маркевіча

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"