Узнагароды ў “жывым” фармаце

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

“Маладыя таленты Беларусі” — так гучна называецца Рэспубліканскі творчы радыёконкурс, што паспяхова ладзіцца ўжо некалькі гадоў запар. Вынікі 9-га такога спаборніцтва былі падведзены яшчэ ўвесну, але ў “жывым” фармаце, што называецца афлайн, узнагароды знайшлі сваіх героеў у ліпені.

/i/content/pi/cult/809/17353/15.jpg— Для нас было важна, — расказала аўтар і кіраўнік праекта, загадчыца аддзела музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна Якушава, — каб узнагароджванне не стала нейкай фармальнасцю, а прайшло як мага больш урачыста. Пераможцы гэта заслужылі! Уяўляеце, заявак да нас прыйшло — калі 400. Фіналістамі ў розных намінацыях і ўзроставых групах сталі 157 удзельнікаў, сярод іх — 124 салісты і 33 калектывы. Так што канкурэнцыя была сапраўды моцнай! Дый сам конкурс, а таксама яго правядзенне мелі сёлета свае асаблівасці. Конкурс, як і многія іншыя творчыя праекты-2020, прысвячаўся 75-годдзю Вялікай Перамогі. І калі летась абавязковай умовай было выкананне твора пра малую радзіму, дык сёлета маладыя і юныя эстрадныя вакалісты павінны былі ўключыць у свой рэпертуар песню на ваенную тэму. Праслухоўванні ж адбываліся дыстанцыйна: першы тур ішоў аўдыё, другі і трэці — відэа. І ў гэтым, як аказалася, былі не толькі свае мінусы, але і, як ні дзіўна, некаторыя плюсы. Так, не было, на жаль, той узаемаэнергіі, якой абменьваюцца выканаўцы і слухачы, калі сустракаюцца “жыўцом”. Затое журы мела магчымасць вярнуцца да ранейшых выступленняў, яшчэ раз усё параўнаць і ўзважыць. Звычайна самым вызначальным бывае трэці тур. Падпаўшы пад магію асобы, журы часам даруе некаторыя хібы, што сустракаліся ў таго ці іншага выканаўцы раней. І наадварот: трэці тур можа безапеляцыйна перакрэсліць усё зробленае раней. А хтосьці, магчыма, усяго толькі сілы не разлічыў, не размеркаваў іх па днях, каб на доўгі час хапіла. Журы, як і заўсёды, было вельмі прадстаўнічым: Ядвіга Паплаўская, Леанід Шырын, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, дацэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вераніка Сахарава (фартэпіяна), Святлана Сітнікава (флейта) і іншыя. Узначальваў гэту “судзейскую калегію” народны артыст Беларусі, кампазітар Леанід Захлеўны. Узровень сёлета быў настолькі высокім, прычым адразу ва ўсіх намінацыях, што журы прапанавала пашырыць спіс пераможцаў: дадаць да лаўрэатаў яшчэ і дыпламантаў конкурсу, чаго раней не было. У выніку дыпламантамі сталі тыя, хто разглядаўся як магчымы лаўрэат, але крыху не дабраў балаў. Прысуджаліся і спецыяльныя дыпломы — за нейкую асобную выканальніцкую рысу, за інтэрпрэтацыю пэўнага твора. Увогуле, з вялікай увагай мы ставіліся да ўсіх юных музыкантаў. Прывяду такі прыклад. Узрост удзельнікаў, як вядома, быў абвешчаны з 10 да 21 года. Адной маленькай піяністцы, запісы якой нам даслалі, яшчэ не споўнілася дзесяць. Але мы ўсё ж вырашылі яе паслухаць — і не памыліліся: яна пераўзыходзіла многіх старэйшых канкурсантаў сваёй узроставай катэгорыі і стала адной з пераможцаў.

Уладальнікаў Гран-пры аказалася трое — па адным у трох асноўных конкурсных кірунках: эстрадны вакал, інструментальная музыка і фольк (намінацыя “Спадчына”). Пераможцамі ў гэтых галінах сталі, у адпаведным парадку, Настасся Жабко, Аляксей Іардасопаль і Улада Філіповіч. Усяго ж намінацый было шэсць, бо ў кожным з гэтых напрамкаў асобна разглядаліся салісты і ансамблі. Салісты, у сваю чаргу, падзяляліся на тры ўзроставыя катэгорыі: 10 — 12 гадоў, 13 — 16, 17 — 21. Што ж да эфектыўнасці такога пошуку сапраўдных айчынных талентаў, дык праз гэты радыёконкурс, да прыкладу, прайшоў у свой час сёлетні пераможца “Славянскага базару ў Віцебску” Раман Волазнеў: восем гадоў таму ён быў уладальнікам Гран-пры “Маладых талентаў Беларусі”.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"