Горад кансьюмерызму ў горадзе

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Як часта вы задумваліся пра рэкламу вакол нас? Пра тое, наколькі востра стаіць праблема масавага спажывання? А хацелі б вы пагрузіцца ў гіпербалізаваную рэальнасць? Тое магчыма зараз дзякуючы выставе “Плінтус”, што адкрылася 31 ліпеня непасрэдна ў цэнтры Мінска на маладзёжнай урбан-пляцоўцы “Пясочніца”.

/i/content/pi/cult/809/17351/12.jpgЧатырнаццаць мастакоў-дызайнераў, студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прэзентавалі сваё бачанне праблемы бяздумнага спажывання “даброт” цывілізацыі. Інсталяцыя, жывапіс, перформансы, друкаваныя банэры... — выбар сродкаў выказвання маладых мастакоў самы разнастайны. І як засведчылі арганізатары падзеі, у праект трапілі самыя цікавыя работы па азначанай тэме.

Паводле слоў Валерыі Каляга, сакуратаркі выставы, культуролага, “Плiнтус” - гэта мадэль гарадской прасторы, пагружанай ва ўтапічны свет рэкламных абліччаў, брэндаў, моды. Былі сумневы з нагоды пляцоўкі, але канцэпцыя ідэальна “лягла” ў новую гарадскую лакацыю. Людзі, ежа, галубы — менавіта дзякуючы адкрытасці, публічнасці месца, нам удалося дамагчыся жаданага эфекту”.

/i/content/pi/cult/809/17351/13.jpgПрастору выставы варта ўспрымаць як перапляценне вуліц мегаполіса з рэкламнай інфармацыяй, якая транслюецца з кожнага вольнага і нявольнага кутка. Усё гэта ўплывае на эмацыйную сферу асобы і кіруе паводзінамі чалавека на падсвядомым узроўні, прыгнятае ўласныя думкі, усё больш падводзячы яго да бяздумнай масавасці. Паказаць гіпербалізаваную рэальнасць спажывання, горад кансьюмерызму ў горадзе — такой была ідэя арганізатараў.

Невыпадкова і на афішах “Плінтуса” можна ўбачыць фразу “тут ваша рэклама”. Менавіта гэтыя словы часта размяшчаюць у горадзе на білбордах, што адмысловым чынам праецыруюць на чалавека візуальную і тэкставую інфармацыю аб новым прадукце ці паслуге.

Стаць часткай рэальнасці праекта “Плінтус” і паразважаць аб агучанай праблематыцы публіка мае магчымасць па адрасе праспект Машэрава 11/10. Час працы выставы з 12:00 до 23:00.

Паліна Бязуглая

Фота прадастаўлены арганізатарамі