У сузор’і “Лотаса”

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Ірына Рыбачук стварае ў 1998 годзе Школу-студыю харэаграфічнага мастацтва, становіцца яе дырэктарам, а праз пэўны час арганізоўвае эстрадна-спартыўны калектыў.

 /i/content/pi/cult/176/1735/Lotas.jpg

Балетмайстрам яго стала Таццяна Кавальчук. Педагогі пачалі індывідуальную работу па падрыхтоўцы дзяцей, а балетмайстар паралельна занялася стварэннем харэаграфічных твораў. Кампазіцыі “Вернасць”, “Агонь і вада” адзначаны лаўрэацкімі дыпломамі рэспубліканскага тэлеконкурсу “Сузор’е надзей”.
На базе калектыву, які назвалі “Чорны лотас”, сталі фарміравацца рознаўзроставыя групы. Пачаўся творчы пошук музычных рытмаў разам з гукарэжысёрам студыі С.Грачухіным. Рашэннем бацькоўскага сходу — па ўзгадненні з дырэкцыяй школы-студыі — быў набыты першы камплект сцэнічных касцюмаў спачатку самым маленькім артыстам, а пасля — і астатнім узроставым групам. Першыя выступленні ансамбля з цалкам сфарміраванай праграмай убачылі балельшчыкі спартыўных мерапрыемстваў у Палацы і манежы спорту Брэста. Яркасць, натхненне, навізна, якасць і неардынарнасць кампазіцый выклікалі шэраг прапаноў па творчым супрацоўніцтве. “Чорны лотас” у Брэсце стаў вядомым і запатрабаваным.
Колькасць дзяцей-удзельнікаў за дзесяцігоддзе павялічылася ці не ўдвая, умацавалася матэрыяльная база калектыву. Стала зразумелай для гледача і назва ансамбля: спартыўная пластыка асобных харэаграфічных твораў нагадвае далікатную, прыгожую і экзатычную кветку. Харэаграфічны твор “Казка Шахерэзады”, да прыкладу, дэманструе пластычныя рознакаляровыя спартыўныя матывы, сабраныя, нібы ў бутоны лотаса. Дарэчы, пастаноўка адзначана дыпломам лаўрэата Міжнароднага фестывалю-конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Пэрміна Чарамошу” (Украіна).
Не менш яркім і адмысловым стаў нумар “Танцуй, танцуй” у пастаноўцы Таццяны Кавальчук: танцоры, быццам кветкі ў полі, сагрэтыя сонцам, гарэзліва рухаюцца пад музыку цёплага ветру...
Для маленькіх артыстаў ансамбля Таццяна Вячаславаўна паставіла сюжэтны танец паводле народнай песні “Гусі, гусі...”. Неверагодная пластыка, спрытнасць гульні ў “хованкі” зачароўваюць.
Нацыянальная тэма выдатна распрацаванаў харэаграфічных нумарах “Ясь”, “Іван ды Маня”, “Анёлы”... “Чорны лотас” па заслугах атрымаў званне ўзорнага самадзейнага калектыву.

Людміла БЯРНЕЙ,
вядучы метадыст
па харэаграфічным мастацтве
Брэсцкага абласнога
грамадска-культурнага цэнтра