Бас-гітара — one love

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Адзіная ў Беларусі бас-гітарыстка — так часта прадстаўляюць Людмілу Крукоўскую. Насамрэч, можа, і не адзіная, але дакладна са спіса найлепшых нашых музыкантаў, чый інструмент бас-гітара. Канешне, у першую чаргу Людмілу ведаюць у джазавых колах — а яна пайграла з усімі значнымі калектывамі, ад “Дыліжанс-джаза” да Apple tea і “Аўтсайдараў”, і з усімі, якія толькі ёсць у Беларусі, музыкантамі гэтага стылю. Але ж і рок, і эстрада, і самыя іншыя жанры ёй падуладныя — у свой час была праца і з “рок-каралямі” групай Rouble zone, і з сімфанічнымі аркестрамі. А з пэўнага часу Людміла Крукоўская не толькі музыкант, але і арганізатар канцэртаў — кіраўнік праекта BlackWhiteJazz, які выводзіць джаз на сцэны і дае магчымасць музыкантам выступаць, а меламанам атрымліваць асалоду ад любімай музыкі.

/i/content/pi/cult/809/17349/10.jpg— Колькі год вы на сцэне, столькі год вам, мабыць, даводзіцца сустракацца са здзіўленай рэакцыяй, што жанчына — ды на бас-гітары.

— Я гэта чую яшчэ з таго часу, як заявіла маме, што паеду паступаць у Мінск на бас-гітару, а яна сказала — дзе ты бачыла, каб дзяўчынка на ёй іграла! Насамрэч, зараз у свеце нямала і бас-гітарыстак, і кантрабасістак. Але ў нашай краіне на бас-гітары акрамя сябе і яшчэ адной дзяўчыны я нікога больш не ведаю. Мо і ёсць пачаткоўцы, але ў Беларусі гэта сапраўды рэдкасць.

— А як вы і бас-гітара знайшлі адна адну?

— Гісторыя хоць і праўдзівая, але даволі рамантычная. Калі я ўжо заканчвала Віцебскае музычнае вучылішча па класе акардэона, мой знаёмы музыкант з дыксіленда пахваліўся бас-гітарай, якую сам зрабіў. І я, калі пачула гэты чароўны, нізкі, аксамітны гук, проста закахалася — настолькі, што бас-гітара пачала мне па начах сніцца. Я знайшла, як зарабіць грошай, і купіла гэты інструмент. Канешне, калі праз пару месяцаў я паехала паступаць у Інстытут культуры ў Мінску, нармальна іграць яшчэ не ўмела. Але ізноў жа — нейкае містычнае супадзенне, рука лёсу — мне пашчасціла сустрэцца з такімі майстрамі і музыкантамі з вялікай літары, як Уладзімір Угольнік і Уладзімір Бялоў, якія набіралі курс: яны сказалі, што ім падабаецца мая музыкальнасць і яны хочуць, каб я ў іх вучылася.

— Я так разумею, што вы ў сваёй сустрэчы з бас-гітарай бачыце нешта містычнае. А ніколі не пашкадавалі?

— Ніводнага разу! Наадварот — мне прыносіць задавальненне пастаянна на ёй іграць, пастаянна вучыцца і ўдасканальвацца. У інстытуце я займалася ў літаральным сэнсе і днём і ноччу — у інтэрнаце іграла па начах у душавым пакоі — суседкі нават скардзіліся на мяне, ці прасіла вахцёршу дазволіць застацца ў зале і зачыніць мяне там на ноч. Акрамя таго, часта ж даводзілася сутыкацца з недаверам і скептыцызмам у дачыненні да сябе, таму я павінна была іграць не проста добра, а вельмі добра! Мне трэба было ў дзесяць разоў болей прыкладаць намаганняў у параўнанні з якім хлопцам. Бо пра хлопца казалі “малады перспектыўны музыкант”, а як бачылі мяне, дык адразу — ды што яна зможа?

— Ну зразумела, прыйшла маленькая, худзенькая светленькая дзяўчынка — якая тут бас-гітара? Ваша далікатная знешнасць у спалучэнні з брутальнай бас-гітарай дагэтуль жа выклікае пэўнае здзіўленне.

— Я часта згадваю гісторыю, як яшчэ на першым курсе інстытута мой педагог Уладзімір Бялоў сказаў, што ансамбль у рэстаране “Папараць-кветка” шукае бас-гітарыста — то паспрабуй. Атрымалася даволі смешна, я прыходжу і пытаюся: “Вам патрэбны бас-гітарыст?” — “Так, патрэбны. А што, вы кагосьці ведаеце?” (смех) У выніку мяне ўзялі, і там я прайшла добрую школу: з пальцаў кроў капала за чатыры гадзіны працы ў рэстаране. З таго часу перайграла з неверагоднай колькасцю музыкантаў і груп — даказваць ужо нічога не трэба, усе ведаюць і самі запрашаюць. А люблю я і рок, і поп, і нават хіп-хоп. Хаця самая вялікая любоў гэта, зразумела, джаз. І насамрэч, я ніколі не пашкадавала, што абрала бас-гітару і што даводзілася ісці насуперак стэрэатыпам пра нежаночы іінструмент.

— Дык зараз можа быць нават процілеглы стэрэатып, бо з беларускіх бас-гітарыстаў вас у ліку першых згадаюць…

— Раскажу вам выпадак з жыцця, які гучыць як анекдот. Калі майму старэйшаму сыну Артуру было тры гады, ён спрабаваў музіцыраваць на ўсякіх розных інструментах, што былі ў нас дома. І я ў яго пытаюся: “Ну што, вырасцеш — будзеш музыкантам?” — “Буду!” — “А на чым хочаш іграць — можа, на бас-гітары, як я?” А ён так напружыўся і нават абурыўся: “Мама, ты што! Я ж не дзяўчынка”. (смех)

— У нас многія выдатныя музыканты — інструменталісты і вакалісты — вымушаныя зарабляць у асноўным выкладчыцкай працай, бо канцэрты рэдкія: працуюць у навучальных установах, набіраюць вучняў. А вам ўдалося пазбегнуць падобнага?

— Я якраз з тых, хто больш іграе, чым выкладае. У музычнай школе калісьці я папрацавала вельмі нядоўга, і вучань у мяне зараз толькі адзін, бо бяру далёка не ўсіх. Па вялікім рахунку, я ніколі не магла паскардзіцца на адсутнасць менавіта выканаўчай, а не выкладчыцкай працы — нават у часы, калі адчуваўся сапраўдны спад у канцэртах і фестывалях. А з джазавай музыкай зараз нейкі рух пачаўся, адбываецца нават міні-адраджэнне джаза ў Беларусі. І “Джаз ля Ратушы” ў Мінску, і новы фестываль — дзякуй Інге Бухвалавай і Equilibrium arts. І мы, музыканты, самі пачалі нешта рабіць, самі ладзім канцэрты: я ў Мінску, саксафаніст Аляксандр Краўчук у Гродне, спявачка Жэня Лятун пераехала ў Пінск і, гледзячы на нас, таксама ўжо нешта арганізоўвае, Паша Аракелян на цэлы саксафонны фэст замахнуўся, заварушылася жыццё і ў Гомелі. Разумееце, калі ніхто іншы не робіць, то даводзіцца нам самім арганізоўваць сабе канцэрты.

— Вось таму і з’явіўся праект BlackWhiteJazz? “Спасение утопающих…”

— Не тое што я спецыяльна так прыдумала і зрабіла: жыццё само падвяло. У мяне даўно ляжала свая аўтарская праграма, а публічна выканаць яе і не было дзе. І гітарыст Міша Філіпеня аднойчы на мяне канкрэтна “наехаў” — маўляў, колькі можна, чаму ты не іграеш сваю аўтарскую музыку, гэта няправільна! Тады я ўжо мэтанакіравана падрыхтавалаcя і на студыі зладзіла невялікі канцэрт-прэзентацыю. Нечакана гэтая падзея вельмі рэзанансна адгукнулася ў нашых джазавых колах, і мяне запрасілі штотыдзень ладзіць джазавыя вечары ў адным кафэ. А я прыдумала такую канцэпцыю, што гучаць там будзе менавіта беларускі аўтарскі джаз. Бо нашы цудоўныя музыканты не толькі іграць умеюць, але і сваю музыку пішуць, а вось паказваць яе няма дзе — у асноўным жа попыт на нейкія знакамітыя, папулярныя творы. І назвала я гэты праект BlackWhiteJazz, для больш простай працы давялося адкрыць ІП, так і пайшло. І на гэты момант за чатыры гады я правяла недзе каля 60 канцэртаў, больш паловы з іх — канцэрты аўтарскай музыкі. Уяўляеце, колькі музыкантаў у нас раней не знаходзілі ніякага выйсця для сваёй уласнай творчасці!

— Такім чынам, цяпер вы не проста музыкант, але і бізнесвумен.

— Бізнес у мяне даволі своеасаблівы. (смех) Калі толькі бізнесвумен называць чалавека, які свае сілы, час і здольнасці аддае, а грошай не зарабляе: мне проста вельмі хочацца, каб нешта адбывалася, каб канцэрты іграліся. Пасля першага года працы я падлічыла, што ў месяц зарабляла недзе па сто долараў, — пры тым што сама сабе я ж не плаціла за выступленні ў гэтых канцэртах! А калі ўлічыць яшчэ і выдаткі на бензін, то, можа, і нічога не зарабляла. Такая вось бізнесвумен.

— Але ж арганізацыйныя здольнасці вы маеце? Дарэчы, ці змянілася стаўленне да вас з боку калег-музыкантаў?

— У мяне атрымліваецца нешта арганізоўваць, і ўпэўнена, калі б арганізацыю канцэртаў я зрабіла сваёй асноўнай справай, то дасягнула б неблагіх вынікаў. Але зараз гэта ўсё ж хобі. Бо іграць самой і быць музыкантам мне падабаецца значна болей. І так, у кагосьці стаўленне да мяне змянілася — у нейкіх маладых музыкантаў, у тых, хто хоча, каб я запрасіла іх у праект. Хоць і рэдка, але здараюцца і негатыўныя моманты, і тады сябры мяне супакойваюць — маўляў, немагчыма для ўсіх быць добрай, абавязкова будуць незадаволеныя. Я ж да гэтай справы паставілася з усёй адказнасцю — каб рабіць толькі на вышэйшым узроўні, каб збіраць толькі вельмі яскравыя праграмы, каб не згубіць аўтарытэт у публікі! У нейкіх момантах я проста наіўны чалавек, які думае, што навокал гэткія ж энтузіясты, як і я, але падчас бывае такое стаўленне, што музыканты ўсё ўспрымаюць як належнае: маўляў, вы мне стварыце ўмовы — я адыграю і атрымаю грошы, ды й ўсё. А яшчэ і нечым будуць незадаволеныя.

— Ну, гэта звычайная справа — той, хто сам нічога не робіць, заўсёды знойдзе да чаго прычапіцца.

— Цяпер ужо я вырашыла, што буду рабіць канцэрты толькі тады, калі сама захачу, калі не трэба будзе пераадольваць нейкія звышскладанасці, і для тых музыкантаў, хто таксама будзе гарэць ідэяй.

— Увогуле, адчуванне, што і не так многа музыкантаў у Беларусі іграе джаз — на канцэртах, фестывалях і ў праектах звычайна ўсё знаёмыя імёны…

— Ёсць такое. Мы самі падчас смяёмся — нас як шахматы пераставілі, вось ужо і новы джазавы праект. (смех) Але нас сапраўды не так шмат, як магло бы быць. Адным музыкантам не цікавы гэты жанр, іншыя з’язджаюць за мяжу, многія працуюць месяцамі на круізных лайнерах ці яшчэ дзе. І такім чынам на рэгулярнай аснове ўдзельнічаць у джазавых праектах маюць магчымасць толькі тыя, хто пастаянна жыве ў Беларусі. Але мы адзін аднаму яшчэ не надакучылі і пастаянна прыдумваем нешта новае.

— Магчыма, колькасць джазавых музыкантаў адпавядае колькасці аматараў джаза? Гэта не самы папулярны жанр у нашай краіне.

— За апошнія гады мы мелі магчымасць пераканацца ў тым, што ў джаза ёсць свая публіка, у нейкім сэнсе мы яе нават гадуем. Людзі пачынаюць лепей разбірацца ў джазе, пачынаюць ім больш цікавіцца і часцей хадзіць на канцэрты. Неаднойчы згадваўся поспех “Джаза ля Ратушы”, але калі казаць і пра аўтарскі джаз — мінулай восенню, напрыклад, Павел Аракелян са сваёй групай “Аўтсайдары” сабраў перааншлаг у вялікай зале Белдзяржфілармоніі! І пасля перапынку канцэрты паціху будуць аднаўляцца. Праект BlackWhiteJazz цяпер супрацоўнічае і з канцэртнай залай “Верхні горад” — з ёй вельмі зручна мець справу, і там на восень-зіму плануем нямала цікавага. Мабыць, працягнем практыку правядзення дабрачынных джэмаў. Карацей, джаз па-ранейшаму будзе гучаць на мінскіх, і не толькі, сцэнах.