Самыя адданыя гледачы хто? Вяскоўцы!

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

У ліпені ў эфір выйшаў 400-ты выпуск праграмы “Наперад у мінулае” сацыякультурнага тэлеканала “Беларусь 3”.
А гэта значыць, што за восем гадоў было здзейснена 400 тэлепадарожжаў у беларускія вёскі і райцэнтры, адзнята амаль столькі ж фальклорных калектываў, зроблена 400 новых сучасных версій беларускіх народных песень! Песні не заканчваюцца, народныя калектывы гэтак жа прагнуць паказаць сваю творчасць усёй краіне, ідэй у стваральнікаў праграмы яшчэ хапае — так што і далей па нядзелях “Наперад у мінулае” чакае ля экранаў усіх сваіх прыхільнікаў. А іх нямала — гэта адна з самых папулярных перадач тэлеканала.

/i/content/pi/cult/808/17342/025.jpgДаць новае жыццё народным песням і падарыць ім сучаснае гучанне — такой была першапачатковая канцэпцыя праграмы: запісаць спевы народнага непрафесійнага калектыву ў гучанні, набліжаным да аўтэнтычнага, а потым прапанаваць гледачам тую ж песню ў сучаснай аранжыроўцы і ў выкананні поп- і рок-артыстаў. Ідэя з’явілася ў рэжысёра Анатоля Вечара, раней вядомага па розных нават культавых у свой час музычных тэлепраектах — “Кліп-абойма”, “Акалада”, “Музычны плэй-оф” і многіх іншых, якія ён ствараў разам з вядучай і рэдактарам Аксанай Вечар. Акрамя ўсяго, гэтай творчай брыгадай здымаліся і кліпы беларускіх выканаўцаў. І вось ужо восем гадоў сямейная пара Вечароў увесь свой вопыт працы з музыкай скіроўвае на беларускі фальклор і на народныя калектывы.

— На самым пачатку ў нас была думка, што трэба вяртаць у сучаснасць народныя песні, новым гучаннем прывабліваць да іх моладзь, — расказвае Анатоль Вечар. — Але калі мы пачалі ездзіць па вёсках, на першы план выйшла зусім іншае — паказаць менавіта унікальных народных артыстаў, менавіта гэтых бабулек, якія, адпрацаваўшы ў полі ці па гаспадарцы, па вечарах ідуць у клуб і натхнёна спяваюць. І ў нас адна з тых рэдкіх праграм, якая абсалютна дакладна ведае сваіх гледачоў, ведае проста ў твар.

За восем гадоў “Наперад у мінулае” аб’ездзіла амаль усю Беларусь, пабывала ў самых далёкіх, самых адарваных ад цэнтраў і дзіўных мясцінах. Згадваюцца і такія вёскі, у якіх на дзясяткі кіламетраў навокал няма ні душы, і вёскі на памежжы, дзе сам па сабе падключаецца тэлефонны роўмінг. Ды й для калектываў з вёсак паблізу сталіц і гарадскіх цэнтраў прыезд здымачнай групы заўсёды становіцца святам.

Аксана Вечар ўспамінае:

— Памятаю, як аднойчы, калі песні ўжо адспяваліся і адзняліся, адна бабулька кажа: “Ну ўсё, “Наперад у мінулае” прыехала, Аксану Вечар пабачыла, цяпер і паміраць можна!” (смех) Нас там настолькі любяць, што падчас бывае нават няёмка — усе абдымаюць, частуюць. Ці расказваюць такія гісторыі: “Стаю ўчора ў гародзе, палю буракі, і думаю — хутка аўталаўка прыедзе, трэба ісці. А потым — божухна, якая аўталаўка, “Наперад у мінулае” ж пачынаецца! І бегма да тэлевізара”. Пра нас і прыпеўкі складаюць: “Дзед піхае мяне ў плечы — баба, глянь, Аксана Вечар! З печы сіганула я наперад у мінулае”.

— Яны сапраўды ўспрымаюць нас як родных, — працягвае Анатоль Вечар. — Вось, напрыклад, здымалі мы ў славутай сваім фальклорам вёсцы Новае Палессе ў Лельчыцкім раёне. А потым мне адтуль тэлефануюць: “Слухай! Глядзеў чарговую праграму — запісвай, што там было не так. А ўвогуле — грыбы пайшлі, давайце прыязджайце, чакаем!” А гэта ж 400 кіламетраў ад Мінска.

У Беларусі практычна немагчыма знайсці раён, у якім не было б фальклорнага ансамбля, у якім не было б энтузіястаў, што захоўваюць і нават адшукваюць і адраджаюць песні і абрады — з пэўнага часу праграма “Наперад у мінулае” пачала здымаць і абрады. У некаторых выпадках здымачная група і двойчы завітвае ў госці да аднаго і таго ж народнага калектыву — калі занадта багаты і цікавы рэпертуар. Героямі праграмы бываюць і дзіцячыя фальклорныя ансамблі, але сярэдні ўзрост артыстаў — у асноўным артыстак — ад 50 да 70 гадоў. І яны не стамляюцца здзіўляць рэдкімі і ўнікальнымі песнямі. Такім чынам, праграма “Наперад у мінулае” стварае сапраўдны архіў беларускага фальклору, папаўняе яго ўнікальнымі відэа- і аудыяматэрыяламі, прычым робіць гэта на сучасным тэхналагічным і эстэтычным узроўні. Па законах тэлевізійнага жанру ў праграме існуюць мантаж і скарачэнні, а каб запіс песні ці абраду ў выкананні народнага калектыву захаваўся для гісторыі і аматараў у поўным варыянце, ёсць варыянт у інтэрнэце.

— Мы ж цяпер і абрады здымаем, — расказвае Анатоль Вечар. — А гэта цэлыя захапляльныя спектаклі, якія падчас існуюць толькі ў адной канкрэтнай вёсцы. Вось тэлефануем мы, напрыклад, у Мядзельскі раён — ці ёсць у вас што нам цікавага паказаць? — Так, абрад “Масляк”. — Гэта пры грыбы? — Не, пра мак і каноплі. (смех) Там па восені жанчыны збіраліся і рабілі з мака і канопляў кшталту цукерах, і гэта стала абрадам. Ці вось зараз нас запрашаюць у Сенненскі раён пазнаёміцца з вясельным абрадам “Ганяць сучку”. А які неверагодна цікавы абрад “Завіванне наміткі” мы знялі ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна! Як пад песні закручваюць галаўны ўбор нявесты. Усяго і не пералічыш.

У юбілейны 400-ты раз каманда праекта завітала ў госці да народнага фальклорнага калектыву “Зараначка” вёскі Блонь Пухавіцкага раёна. Сустрэча і здымкі адбываліся на беразе рэчкі Цітаўка. Жарты, прыпеўкі, добры настрой — праграма атрымалася вясёлай, якім і павінны быць юбілей. Песняй пад нумарам 400 стала “Ой, на гары ды дубіна…”. Пасля таго, як яна прагучала ў выкананні “Зараначкі”, за справу ўзяліся папулярныя выканаўцы — Аляксандр Сухараў і Сяргей Сухамлін. Будучы вялікімі паклоннікамі рок-музыкі, яны прапанавалі гледачам менавіта рокавы варыянт. А ў гонар юбілейнай лічбы артысты ўспомнілі і самую першую песню, што гучала яшчэ ў пілотным выпуску праграмы “Наперад у мінулае” восем гадоў таму, — “Мяшчаначку” з вёскі Маршалкі Валожынскага раёна. Менавіта Аляксандр Сухараў быў героем пілотнай праграмы, бо яго як даўняга сябра рэжысёр Анатоль Вечар тады запрасіў апрабаваць новы фармат.

Не станем забывацца на тое, што у кожнай праграме з’яўляецца новая сучасная версія народнай песні, і менавіта ў гэтым “фішка” тэлеперадачы. У свой час Анатоль Вечар як рэжысёр працаваў на “Дзіцячым Еўрабачанні”, а кампазітар і аранжыроўшчык Юрый Вашчук, які потым праславіўся ў якасці артыста Тэа, рабіў для фестывалю аранжыроўкі дуэтных песень маленькіх артыстаў і дарослых зорак. І менавіта гэтае ўдалае супрацоўніцтва падштурхнула Анатоля да ідэі праграмы “Наперад у мінулае”. Рэжысёр згадвае:

— Я, калі прапаноўваў Юру ўзяцца за праект, кажу: “Ты ўяўляеш, якая гэта для аранжыроўшчыка будзе цяжкая праца? Кожны тыдзень без перапынкаў трэба будзе прыдумваць па адной новай аранжыроўцы, пад новага артыста, пад новую народную песню?” Юра рызыкнуў, і я шчыра скажу — калі б тады ў нас не было такога чалавека, як ён, то і праграмы не было б. За першыя пару гадоў Юра стварыў нам каля 100 песень, і як мінімум палова з іх — хіты.

Юрый Вашчук, дарэчы, і сам дагэтуль згадвае той час — бо даводзілася працаваць проста гераічна, хаця і вельмі цікава. Але ж у нейкі момант яму давялося пакінуць праект “Наперад у мінулае” — спявак Тэа са сваім “Чызкейкам” выйграў беларускі нацыянальны адбор на конкурс “Еўрабачанне” і ў яго пачалося іншае жыццё. Нейкі час аранжыроўшчыкі ў тэлеперадачы змяняліся — працаваў і Кірыл Ермакоў, зараз вядомы як спявак Кірыл Гуд, і Максім Осіпаў з групы “Дразды”, і Вячаслаў Шарапаў, нярэдка і самі артысты клапаціліся пра стварэнне аранжыровак. У апошнія гады тры склалася пастаянная каманда — Сяргей Сухамлін, вядомы на беларускай эстрадзе кампазітар і аранжыроўшчык, і малады музыкант Арцём Кандрацюк.

— Яны могуць усё — ад звыклай эстрады да цяжкага рока, — кажа Анатоль Вечар. — Таму і новыя версіі песень ў нас атрымліваюцца такія розныя. Сяргей Сухамлін увогуле для мяне чалавек неспасціжны — калі нейкі аўрал, ён можа нават за ноч напісаць аранжыроўку, прычым бліскуча.

Адзнята 400 выпускаў, і, натуральна, можна падзівіцца — няўжо ў нас ёсць 400 папулярных спевакоў і спявачак? Сапраўды, за гады ў праграме паўдзельнічалі ледзь не ўсе вядомыя артысты, але былі і пачаткоўцы, і юныя спевакі — напрыклад удзельнікі конкурсу “Дзіцячае Еўрабачанне”. Пакуль па тэхнічных і арганізацыйных прычынах няма магчымасці запрашаць да ўдзелу групы, але ж час ад часу іх вакалісты здымаюцца асобна. Як жартуе Анатоль Вечар, праграма “Наперад у мінулае” для вясковай, самай адданай публікі становіцца папулярызатарам артыстаў, пра якіх на вёсцы і не чулі.

Акрамя ўсяго, на тэлеканале “Беларусь 3” з запісаных новых версій народных песень складаецца хіт-парад, і ён таксама мае сваіх пастаянных прыхільнікаў. Хаця стваральнікам праграмы хацелася б, каб песні гучалі яшчэ болей — напрыклад па радыё, каб яны былі сабраныя ў альбомы ці нешта падобнае. Даўно ўжо прыдумваюцца і цэлыя мюзіклы, але ўвасобіць іх у жыццё яшчэ не ўдалося. Наперадзе — “новае мінулае”: новы тэлевізійны сезон, новыя вандроўкі і новыя сустрэчы. Штотыдзень па нядзелях у эфіры.

Фота прадастаўлены Белтэлерадыёкампаніяй.


/i/content/pi/cult/808/17342/026.jpgАксана Вечар: “У вёсцы Якімава Слабада Светлагорскага раёна мы сустрэлі надзвычай каларытнага мужчыну, падобнага да Льва Талстога, які хадзіў за плугам. Ён папрасіў зрабіць маю фатаграфію — бо, маўляў, мастак, і хоча мяне намаляваць. Праз нейкі час мне тэлефануе дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў і кажа: “Аксана, наш беларускі Пірасмані прасіў перадаць вам ваш партрэт!” І вось цяпер гэтая карціна, напісаная Сяргеем Кавалём, вісіць у нас дома”.