Каларыт, які абраны досведам

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

У Гомельскай карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі адкрылася персанальная выстава светлагорскага мастака Міхася Пранішнікава. Экспазіцыю з поўнай падставай можна лічыць тэматычнай, бо ўсе 39 карцін увабралі ў сябе пейзажную своеасаблівасць беларускага Палесся. Напісаны яны каларытам, які абраны ўласным вопытам. А ён у Міхася Германавіча сапраўды багаты. “У няпоўныя 16 гадоў я ўпершыню выйшаў на эцюды,— успамінае ён. — Эцюднік быў вялікі, запэцканы фарбамі, і па ўсім было відаць, што ён ужо нямала гадоў верна служыў па прызначэнні. Падарыў мне яго бацька…” Удакладню толькі, што менавіта ў гонар Германа Міхайлавіча Пранішнікава названа наша карцінная галерэя “Традыцыя”.

/i/content/pi/cult/808/17341/022.jpgАле паслухаем тое, што памятаецца сыну пра першы выхад на эцюды. “Эцюднік мне вельмі падабаўся. Але я амаль увесь дзень праблукаў па лясах і лугах, а пэндзлем да яго і не дакрануўся. Нічога годнага для сваёй будучай карціны так і не знайшоў. А бацька кажа: “Яшчэ ідзі…” Ізноў хадзіў. Ушчэнт стомлены і нейкі агаломшаны, пытаю ў бацькі: “А ў чым справа?” Ён смяецца ў адказ: “Ты што — хацеў, каб гатовыя сюжэты карцін Шышкіна, Левітана былі заўжды і ўсюды? Дык вось, сын мой, пачынаць трэба з малога. Веды збіраюцца па макулінках. А там, — хто яго ведае? — можа, і ты станеш мастаком. Сапраўдны жывапісец піша не тое, што бачыць, а тое, што ведае…”

/i/content/pi/cult/808/17341/023.jpgЗ Германам Міхайлавічам я сябраваў да самага апошняга дня яго трагічнай смерці. І ахвотна веру гэтым словам. Ён і мне казаў, адчуваючы сваю мастакоўскую сілу: “Я магу зараз напісаць усё, пра што думаю і ўсё, што адчуваю…”. А пра сына часам захоплена ўсклікаў: “О, Міхайла можа!..” Але вернемся да гомельскай выставы. Час для яе не самы лепшы. Рашыцца на наведванне карціннай галерэі могуць далёка не ўсе аматары жывапісу. Але хіба мог Міхась Пранішнікаў адмовіць ёй, названай у гонар народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі, які даў яму рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз мастакоў! Дарэчы, падтрымаў яго сваёй рэкамендацыяй і яшчэ адзін народны мастак — Леанід Шчамялёў.

І вось, гледзячы на рэтраспектыўную экспазіцыю, адразу ж адчуваеш арыентацыю на шматпластовы жывапіс “старых майстроў”, які вымушае здабываць свой колер, свой каларыт, знаходзіць яго ўнутраную, а не вонкавую праяву. Многае мастак змог узяць ад бацькі ў творчую спадчыну. Выключная якасць: усе яго творы маюць карцінную завершанасць. А гэта сведчанне кампазіцыйнай дакладнасці, умення таленавіта ўбачыць, адчуць і ўвасобіць самае галоўнае. Нават у вялікіх, прасторавых пейзажах ён застаецца пераканаўча лаканічным. Менавіта так глядзяцца, у прыватнасці, карціны “Крыніца”, “Жнівень”, “Дарога праз лес”, “Сунічная паляна”, “Масток”, “Ускраіна”, “Ля прычала” і, вядома ж, “Стыхія”, “Адліга”. Мастак ставіць перад сабой вельмі складаныя творчыя задачы і ўмее дасягаць жаданага. Майстэрства для яго толькі сродак, а не самамэта.

/i/content/pi/cult/808/17341/024.jpgПрашу Міхася Пранішнікава расказаць пра сюжэты некаторых карцін, прадстаўленых у гомельскай экспазіцыі.

— Тэмы “Жніўня” і “Вясны” я ўзяў прама пад вокнамі шостага мікрараёна ў Светлагорску,— распавядае ён. — У “Жніўні” травы саспелыя, неба высокае, яшчэ цёплае. Лес — амаль да небасхілу. Дзве хвоі, што многае пабачылі за сваё стагоддзе… Напісана карціна пастозна, рэльефна.

Так, вопыт дазваляе Міхасю Германавічу не толькі выбіраць адзіна магчымы каларыт, але і не парушаць пры гэтым традыцый рэалістычнага жывапісу. Яны захоўваюцца і ў карціне “Вясна”, хоць яна ў некалькі іншым — упрыгожваючым стылі. Своеасаблівасць кампазіцыі надае ёй стрыманую ўрачыстасць. Мы бачым, што снег ужо растаў і вада, падступаючы да лесу, адлюстроўвае блакіт, якім дыхае неба. Сонечныя прамяні ўзмацняюць гэта адчуванне. Яшчэ ярчэй пры такім святле выяўляе сябе своеасаблівасць шматпластовага колеру. Завершанасць карціны адчуваецца і ў найтанчэйшай лесіроўцы. Карціна “На летніку” дзівіць амаль побытавай прастатой сюжэту. Дзяўчына пасля нядоўгага мыцця бялізны ў рацэ сядзіць на памосце і мые ногі…

— Мне хацелася, так бы мовіць, да канчатковай мяжы “раскласці” цені дрэва, — распавядае мастак, — а заадно адчуць, ці ёсць наогул гэтая мяжа. Таму здаецца, што дзяўчына не дапісана, хоць усё менавіта так задумана.

Не толькі ў гэтай карціне Пранішнікаў дае нам магчымасць дапоўніць сваім уяўленнем той ці іншы сюжэт. Менавіта так глядзіцца і “Пастушка”. Лёгка здагадацца, што юная гераіня сюжэту — студэнтка, якая прыехала ў роднае сяло на вакацыі. У цені плятня чытае кнігу. Побач — козы са сваім цікаўным норавам. Яны зазіраюць ва ўсе дзіркі плота, але далёка не сыходзяць, быццам разумеючы, што нельга турбаваць іх юную гаспадыньку… Сціпласць задумы зусім не адмяняе ні кампазіцыйнай, ні каларытнай складанасці. Але майстэрства таленту спрошчвае да натуральнасці ўсё і ў гэтым творы.

— Увогуле выставай у Гомелі я хацеў яшчэ раз пацвердзіць сваё дачыненне да разнастайнасці тэм беларускага Палесся, — прызнаецца мастак.

Але і без гэтых слоў кожнаму гледачу зразумелае жаданне аўтара. Карціны Міхася Пранішнікава не маюць патрэбы ні ў якіх тлумачэннях. Яны кажуць і самі за сябе. Варта падысці да “Поплава”, — і адразу ж адчуеш моц векавога дуба, які ўладарна не ведае цеснаты ў прасторы. Сакавітыя, высокія, хоць і патанаюць у вадзе, травы. Наводдаль — статак кароў. А яшчэ далей, пад кронай дрэва, цень пастуха. Напэўна, ён штосьці выразае. Паветра перадае нам горача-вільготны паўдзённы час.

Так, мастаку зараз не трэба шукаць, як у раннім юнацтве, сюжэты,— яны самі шукаюць і знаходзяць яго, бо піша ён не толькі тое, што бачыць, але і тое, што таленавіта адчувае. А маляўнічыя матывы беларускага Палесся сапраўды невычэрпныя. Здавалася б, самы характэрны сюжэт традыцыйна ўвасоблены ў пейзажы “Балота”. Але і тут мастак змог па-свойму мякка, амаль акварэльна перадаць размытыя, знікаючыя аблокі, якія як бы сціраюць мяжу паміж зямлёй і небам. На пярэднім плане — абяскроненая бяроза, што ўчапілася каранямі за выратавальную купіну. Яна выразна цягнецца ў неба, быццам і там шукае сабе апору. Пастознасть упэўненых мазкоў вельмі тонка кантрастуе з лёгкай лесіроўкай. Па словах пейзажыста, гэта яму спатрэбілася для таго, каб максімальна перадаць каларытную моц святла. Для таго ж, давялося нарошчваць пласт неба, як бы ссоўваючы прасторавае адчуванне рэалій. Някошаныя лугі і жывая разнастайнасць палявых кветак у прадчуванні ранішняй свежасці… Карціна так і названа — “Раніца”. Свой адухоўлены свет змаглі ўвабраць пейзажы “Квітнее верас”, “Затока”, “Сланечнікі”, “Рэчыца. Дзьмухаўцы квітнеюць”, “Востраў”. І ў кожным з іх — свая маляўнічая прастора, якая выявіла сталае майстэрства таленавітага мастака, яго абраны вопытам каларыт.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ