А я ўспомніў сваю маці Соф’ю Ільінічну, якая жыла ў адной з вёсак Вілейшчыны. Яна ўмела добра ткаць на кроснах, але я навучыцца ткаць так і не здагадаўся. Таму асабліва парадаваўся за ўнукаў ткачыхі Старадарожскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Марыі Волкавай: Сяргей, Інга і Арцём з асалодай працягваюць справу бабулі.
Пашчасціла і іншым дзецям. Школьніцы Алёна Селязнёва і Дар’я Цыброўская вучацца ў вопытнай ткачыхі Таццяны Астроўскай. Дарэчы, Таццяна Аляксандраўна стала на свяце дыпламантам у намінацыі “Лепшая майстрыха-настаўніца”, а яе вучаніцы ўзнагароджаны за творчы дэбют. Ахвотна ходзіць дзятва ў майстэрню традыцыйнага ткацтва “Матрушка”, якая створана пры Камунаркаўскім СДК Любанскага раёна. Не дзіва, што сёлета майстэрня атрымала званне народнай.
Сваё ўмельства ў тканні паясоў паказала кіраўнік гуртка па саломкапляценні Вілейскага РЦР Святлана Макарэвіч. На семінары ў Мінскай абласной бібліятэцы ў студзені яна навучылася ткаць паясы і гэтай справай захапіла сваю дачку Таню — студэнтку, будучую выкладчыцу музыкі. А вось сын Сяргей, студэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта радыёэлектронікі і інфарматыкі, займаецца лозапляценнем, удала выступіў у раённым конкурсе, у спаборніцтве “Лазовыя карункі” ў Клецку. Словам, рамяство сям’і перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Любоў да рамёстваў аказалася спадчыннай і ў іншай сям’і. Бацька і дзед Сяргея Дубягі рабілі кашы. Цяпер Сяргей, дырэктар Вілейскага раённага цэнтра рамёстваў, з ахвотай займаецца разьбой па дрэве. Яго майстэрствам захапіліся нават у Венесуэле, дзе ён дэманстраваў свае вырабы. Ды і на Старадарожчыне мае нямала прыхільнікаў: сёлета разьбяр прымаў удзел у абласным пленэры майстроў манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва” і пакінуў на памяць гараджанам выяву старадаражанкі, якая цяпер сустракае гасцей хлебам-соллю ля ўвахода ў раённы Цэнтр дзіцячай творчасці. Адразу з’явілася новая прымета: вясельны поезд тройчы аб’язджае гэтую скульптуру. На шчасце.
Адметна, што ў “Матчыных кроснах” прынялі ўдзел пляцельшчыкі паясоў з Цэнтра славянскіх культур “Раздолле” (Клайпеда, Літва). Рыта Будравічэне і Іаланта Бракайтэ змаглі прыехаць на свята дзякуючы дамове, што заключана паміж аддзелам культуры Старадарожскага райвыканкама і Цэнтрам славянскіх культур “Раздолле” (гл. “К” №22 за 2008 г.).
Анатоль БАРЫС
Старыя Дарогі