Інфармацыйная нагода: як стварыць прэцэдэнт?

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

Працоўныя будні музеяў абласных цэнтраў
Любое паселішча, любы горад ці мястэчка Беларусі маюць сваю ўнікальную гісторыю. З гэтай агульнавядомай аксіёмы вынікае наступная: музеі гісторыі таго ці іншага горада — гэта цэлы сусвет адметных экспанатаў і эксклюзіўных экскурсій, падчас якіх кожны ахвотны можа дакрануцца да таямніц, што сягаюць на стагоддзі, а то і на тысячагоддзі ў мінулае. Як падобныя музеі працуюць сёння ў абласных цэнтрах? Што прапаноўваюць сваім пастаянным і новым наведвальнікам? Як змагаюцца за выкананне планаў платных паслуг? На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні паспрабавала атрымаць адказ “К”.

/i/content/pi/cult/808/17337/017.jpgПлынь наведвальнікаў павялічваецца

Пра гісторыю Брэста можна расказваць гадзінамі, і гэта будзе не толькі расповед пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці, а яшчэ і пра Берасцейскую біблію, Берасцейскую ўнію, Афанасія Філіповіча (Брэсцкага) ды шмат пра што, ці каго, яшчэ. Нездарма ж у музеі гісторыі Брэста налічваецца на сёння больш за 4 тысячы прадметаў, датаваных пачынаючы ад XVII стагоддзя. Да слова, кожны год фонды папаўняюцца прыкладна 150-цю новымі экспанатамі.

— Безумоўна, самы эксклюзіўны з гэтых прадметаў — арыгінал Брэсцкай Бібліі, які быў перададзены нам у дар Кіраўніком дзяржавы падчас урачыстасцяў у гонар 1000-годдзя горада, — адзначыла ў размове са мной дырэктар установы Святлана Тамчук. — Унікальны асобнік 14 студзеня ўпершыню выставілі на ўсеагульны агляд і мы адразу адчулі наплыў наведвальнікаў. На жаль, калі ў студзені і лютым гэты наплыў захоўваўся, то ў вясновыя месяцы, у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, плынь экскурсантаў значна скарацілася.

У сувязі з гэтым у музеі актывізавалі працу з віртуальнымі наведвальнікамі: размяшчалі фотаздымкі экспанатаў у сацыяльных сетках, ладзілі забаўляльныя і пазнавальныя конкурсы і віктарыны.

— Толькі цяпер, у чэрвені і ліпені, мы пачалі адчуваць, што плынь людзей, якія завітваюць да нас, паціху павялічвацца, — кажа Святлана Тамчук. — Спадзяюся, гэта пазітыўная тэндэнцыя працягнецца і мы будзем працаваць таксама, як і раней, да эпідэміі.

Па словах дырэктара ўстановы культуры, планы платных паслуг для музея яшчэ не займелі зменаў ці карэкціроўкі ў меншы бок. І гэта нягледзячы на тое, што людзей, якія прыходзілі на экскурсіі ў Музей гісторыі Брэста, гэтай вясной з-за зразумелых прычын значна паменела, і, адпаведна, скараціліся грашовыя паступленні ў музейную касу. Між тым не сакрэт, што пазабюджэтныя грошы — важны чыннік для набыцця новых экспанатаў, правядзення неадкладных рамонтных работ ці нават для папаўнення прэміяльнага фонду.

Сярод іншых надзённых пытанняў, якія сёння стаяць перад установай культуры, — павелічэнне музейных плошчаў, у першую чаргу — пад фондасховішча.

— На сёння нашы экспазіцыйныя плошчы — усяго каля 200 квадратных метраў, — адзначае дырэктар установы культуры. — Таму перад намі востра стаіць пытанне павелічэння як экспазіцыйных плошчаў, так і атрыманне памяшкання пад фондасховішча. Цяпер ў мясцовых улад ёсць планы па перадачы нам некаторых памяшканняў аднаго адміністрацыйнага будынка, дзе раней размяшчаліся суды Маскоўскага і Ленінскага раёнаў горада.

Названы будынак, дарэчы, уваходзіць у склад комплексу гісторыка-культурных каштоўнасцяў “Гістарычны цэнтр Брэста” і, як кажа Святлана Тамчук, знаходзіцца непадалёк ад музейнай установы. Так што размяшчэнне там фондасховішча, а таксама, магчыма, іншых музейных экспазіцый, было б цалкам дарэчы. Праўда, тэрміны рэалізацыі названага праекта на сёння ўдакладняюцца гарадскімі ўладамі, так што агучаная праблема пакуль што застаецца нявырашанай.

Малдова ў Гомелі

Падобная сітуацыя з колькасцю наведвальнікаў — і ў Музеі гісторыі горада Гомеля. Як адзначыла в.а. дырэктара ўстановы Анастасія Ропат, у іх таксама назіралася значнае зніжэнне колькасці наведвальнікаў у гэтыя вясновыя месяцы. Ды і цяпер сітуацыя не надта радуе.

— Летам да нас вельмі часта прыязджалі арганізаваныя экскурсіі, — кажа Анастасія Ропат, — але цяпер пра гэта можна толькі марыць. Жыхары Гомеля да нас ісці чамусьці не надта жадаюць, хоць у нас ёсць магчымасць ладзіць экскурсіі і з захаваннем бяспечнай сацыяльнай дыстанцыі — маем 7 экспазіцыйных залаў. Што да прыезджых і вандроўных турыстаў, дык і іх вельмі мала — бываюць адзін-два чалавекі там, дзе раней былі дзясяткі людзей у арганізаваных групах.

Выйсце з гэтай праблемнай сітуацыі, як і ў музейшчыкаў з Брэста, было адно: актыўная праца і “раскрутка” музея ў інтэрнэце.

— Мы ладзілі прэзентацыі праз сацыяльныя сеткі, — адзначыла суразмоўца. — Паказвалі нашы выставы, а таксама дэманстравалі цікавыя прадметы з новых паступленняў і сваіх фондаў. Будзем працягваць гэтую працу і надалей, бо бачым, што цікавасць да падобнай формы работы ёсць у многіх жыхароў Гомеля.

Днямі, як дадала Анастасія Ропат, музейшчыкамі былі адкрыты дзве новыя выставы. Напрыклад, першая з іх, што прэзентавалася ў музеі 10 ліпеня, — гэта фотавыстава загадчыка аддзела фотаілюстрацыі абласной газеты “Гомельская праўда”, фотамастака, сябра Беларускага саюза фатографаў і Беларускага саюза журналістаў Алега Белавусава пад назвай “Сама дасканаласць”. А на другой фотавыставе “Малдова. Краіна і людзі” былі прэзентаваны каля 30 работ фатографа з Кішынёва Дана Гуцу.

Маніторым цікавае

Музей гісторыі Магілёва — гэта, мабыць, адзін з самых вядомых музеяў падобнага кшталту ў Беларусі. Дзіва што: інфармацыйных нагодаў заявіць пра сябе музейшчыкі маюць безліч. Гэта і пашыў калекцый касцюмаў у стылістыцы эпохі Магдэбургскага права, і набыццё арыгіналу Статута Вялікага Княства Літоўскага, надрукаванага ў 1594 годзе, і, калі казаць пра нядаўняе, вяртанне ў Беларусь мяча мсціслаўскага рыцара, даспехі якога, датаваныя канцом XV стагоддзя, з нядаўняга часу знаходзяцца ў экспазіцыі Музея гісторыі Магілёва.

— На жаль, ніякімі іншымі новымі здабыткамі пахваліцца пакуль не можам, — адзначыў у размове намеснік дырэктара ўстановы культуры Яўген Балбераў. — Разам з тым, магу запэўніць, што праца над набыццём новых экспанатаў — пераважна старадрукаў, выдадзеных у Магілёве ці на Магілёўшчыне, а таксама твораў выяўленчага мастацтва мясцовых мастакоў, — абавязкова працягнецца. Таму мы сёння пастаянна маніторым усю цікавую нам інфармацыю, што з’яўляецца на сусветных інтэрнэт-аўкцыёнах, так што інфармацыйныя нагоды згадаць наш музей у СМІ яшчэ будуць.

Што да паўсядзённай дзейнасці, дык установа культуры таксама зазнала на сабе скарачэнне колькасці наведвальнікаў у вясновыя месяцы.

— Па маіх адчуваннях, толькі з мінулага тыдня можна сказаць, што мы пабачылі нейкае ажыўленне і аднаўленне цікавасці да музея, да нашых экспазіцый, — кажа Яўген Балбераў. — Так, на мінулым тыдні нам пачалі паступаць арганізаваныя заяўкі з Мазыра, з мясцовых гарадскіх прадпрыемстваў. Спадзяемся, што ў перспектыве падобных заявак, як і саміх экскурсій, значна пабольшае.

Але ж тое, зразумела, не азначае, што ўвесь гэты час музейшчыкі сядзелі, склаўшы рукі ў чаканні наведвальнікаў. Яны размяшчалі на сваіх старонках у сацыяльных сетках музейныя навіны, відэа-прэзентацыі выстаў, ладзілі віктарыны (адна з іх называецца “Магілёў на акварэлях старых майстраў”), а таксама распрацавалі відэа-экскурсію па залах сваёй установы.

Напрыклад, у відэа-экскурсіі “Магілёў эпохі Магдэбургскага права” — па экспазіцыі, што размешчаная ў Ратушы,— можна даведацца, чаму горад меў чырвоную пячатку, за што яму далі новы герб або пра тое, каму плацілі грошы аштрафаваныя за п’янства месцічы. Таксама ў інтэрнэце можна паглядзець інтэрактыўную выставу, прысвечаную 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне пад назвай “Будуць вечна сады расцвітаць…”. Да слова, за ўрачыстым адкрыццём згаданай выставы 6 мая можна было таксама назіраць у рэжыме рэальнага часу ў анлайн-фармаце.

— Мяркую, мы і далей працягнем “шчыраваць” у інтэрнэце, бо падобная праца вельмі запатрабавана ў нашых наведвальнікаў, — працягвае Яўген Балбераў. — Што ні кажы, а сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі трэба абавязкова выкарыстоўваць у сваёй музейнай дзейнасці. Мы гэта разумелі і раней, а цяпер, у эпоху эпідэміі, гэтая праца набывае новае, яшчэ больш важнае значэнне.

І апошняе. Па словах намесніка дырэктара ўстановы культуры, на дзень горада, 28 чэрвеня, супрацоўнікі музея зладзілі для гараджан бясплатныя экскурсіі па гістарычным цэнтры Магілёва. А 26 чэрвеня ў Магілёве распачаў працу выставачны праект пад адкрытым небам “Мастак і горад”. Ініцыятарам і спонсарам гэтага агульнарэспубліканскага праекта выступае банк “ВТБ” (Беларусь), а партнёрам у арганізацыі выставы выступіў Музей гісторыі Магілёва. З фондаў музея былі выбраны 24 работы мастакоў, што адлюстравалі на сваіх палотнах разнастайныя віды старадаўняга горада. Не варта і казаць, што гэтая выстава ў фармаце open-air прыцягнула вялікую ўвагу не толькі жыхароў Магілёва, але і шматлікіх гасцей абласнога цэнтра.

Так што, як сведчыць уся гэта праца музейшчыкаў, інфармацыйныя нагоды для СМІ сёння можна ствараць не толькі ў віртуальнай, але і ў рэальнай прасторы. І не так важна, ці будзе гэта самастойная ініцыятыва, ці акцыя з удзелам партнёраў ды спонсараў. Галоўнае, што пра дзейнасць тваёй установы даведаецца значная колькасць людзей — будучых наведвальнікаў экспазіцыйных залаў і, магчыма, тваіх будучых адданых сяброў нават у часы сусветнай пандэміі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"