Якога памеру кропля дажджу

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

Шчыраванні на бібліятэчным інтэрнэт-палетку
“Лета – маленькае жыццё,”— спявае вядомы бард. Яно і насамрэч — жыццё, са сваімі планамі, надзеямі, марамі, добрымі справамі і цікавымі кнігамі. Сёлета галоўным працоўным палеткам бібліятэкараў Светлагорскага раёна стала інтэрнэт-прастора. Вядома, работа ў анлайне не толькі скарэктавала бібліятэчную дзейнасць, але і надала ёй новыя яркія фарбы. Актывізацыя працы ў сеціве зрабіла нашы ўстановы больш заўважнымі ў мясцовым асяродку, прымусіла паверыць у паўнавартаснасць нашых партнёрскіх магчымасцяў.

/i/content/pi/cult/808/17335/014.jpgЯк Том Соер плот фарбаваў

Розныя арганізацыі сталі прапаноўваць нам цікавыя праекты. Так, маладыя загадчыкі і бібліятэкары гарадскіх бібліятэк на чале з дырэктарам Вікторыяй Бусел ахвотна адгукнуліся на прапанову мясцовай арганізацыі БРСМ паўдзельнічаць у праекце “#ЗаСправу”.

Мы ўлічылі тое, што ўлетку дзеці праводзяць большую частку дня на вуліцы. Таму вырашылі пафарбаваць дзіцячую гульнявую пляцоўку і добраўпарадкаваць тэрыторыю каля яе. Памятаеце, як Том Соер плот фарбаваў? Прыкладна па такім вясёлым прынцыпе да бібліятэчнай працы далучыліся і маладыя мамы з бліжэйшых дамоў. Усе ўзброіліся пальчаткамі, фарбай, пэндзлікамі і добрым настроем. У выніку матулі за гадзіны плённай працы зрабілі цуд: дзіцячая пляцоўка якасна пераўтварылася вонкава. Калі фарбы высахлі (як доўга цягнуўся гэты час!), дзеці займелі цудоўнае месца адпачынку.

/i/content/pi/cult/808/17335/015.jpgКніжны відэафармат

Праект “Цвёрды пераплёт” можна назваць праектам надзеі. Надзеі на тое, што вернецца ранейшае даэпідэмічнае жыццё і чытачы зноў вярнуцца да кнігі і чытання. За праект узяліся мясцовая тэлекампанія “Ранак” і цэнтральная раённая бібліятэка. Дапамагаюць, натуральна, супрацоўнікі дарослых і дзіцячых устаноў горада. Тэхнічны бок забяспечваюць супрацоўнікі тэлекампаніі. Яны здымаюць відэаролікі (вядома, у бібліятэчным інтэр’еры), у іх бібліятэкары расказваюць пра цікавыя кнігі для дзяцей і дарослых, на якія трэба звярнуць увагу.

Дарэчы, расповеды будуюцца на творах, адабраных бібліятэкарамі на падставе асабістага густу.

Таты бываюць розныя, кнігі — таксама

Так, напрыклад, бібліятэкар гарадской дзіцячай бібліятэкі № 6 Ала Гаўрычкіна прапанавала дашкалятам, малодшым школьнікам і іх мамам не толькі кнігі ”Наадваротная мама”, “Таты бываюць розныя” Машы Рупасавай і Ксеніі Валахановіч, серыю кніг Алега Роя “Казачны патруль”, але і вельмі цікавыя выданні пазнавальнага характару. У іх ліку кніга брытанскай пісьменніцы Дэніс Медоус “Козачка Эма, альбо Магія творчасці”, што ўвайшла ў серыю “Лес сяброўства”. Маладыя матулі не па чутках знаёмыя з мноствам “як”? “чаму”? “навошта”? І часам такія пытанні маленькіх чамучак ставяць у тупік. Таму вельмі карыснай з’яўляецца кніга Марка Бейнье і Бертрана Фішу “Навука не сум. Вучоныя адказы на дзіцячыя пытанні”, якая тлумачыць многія з’явы ды сітуацыі: якога памеру кропля дажджу? чаму ад прышчэпак балюча? ці сапраўды ўзімку сонца грэе меней? і г.д.

Безумоўна, спадабаюцца дзятве і кнігі Холлі Вебб з серыі “Добрыя гісторыі пра звяркоў ”. А вось бібліятэкар дзіцячай раённай бібліятэкі Алена Кохна ў сваім відэааглядзе раіць кнігі для падлеткаў. Супрацоўніцы раённай бібліятэкі Святлана Цімафеева і Юлія Сліва спыніліся на захапляючых жаночых романах, у тым ліку і папулярнай беларускай пісьменніцы Наталлі Батраковай. Знятыя відэаролікі паказваюцца рэгулярна ў пазнавальных праграмах тэлеканала, а таксама выстаўлены ў сацыяльных сетках. Як сведчаць бібліятэкары, прапанаваныя ў межах праекта кнігі сталі карыстацца вялікай папулярнасцю ў чытачоў. На асобныя нават ёсць чарга.

Праект працягваецца. Наперадзе больш месяца лета і шмат спакуслівых прыгод: патрэбна толькі адкрыць кнігу. Ці не так?

Валянціна РАСОШАНКА, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі