Бы камень ад сэрца

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

Як я стаў валанцёрам на Кальварыі
Вясной гэтага года ў пошуках пахаванняў сваякоў Станіслава Манюшкі, жыццярысамі якіх я ўжо не першы нумар надакучваю чытачам “К”, мне давялося завітаць на самы стары з ацалелых мінскіх някропалеў. І ўражанне Кальварыйскія могілкі пакінулі несамавітае. Убачыўшы вясной маштаб працы, я вырашыў паспрабаваць, наколькі хопіць часу і сілаў, сам або з дапамогай паплечнікаў “змяніць свет да лепшага”. І аказалася, што гэта цалкам магчыма.

/i/content/pi/cult/808/17334/013.jpgНавошта на могілках дрэвы

Можна, вядома, наракаць, што няма ў Мінску аналагаў віленскіх Росаў, львоўскіх Лычакаўскіх ці варшаўскіх Павонзкаў, дзе захаваліся дзесяткі тысяч старых пахаванняў, дзе пануе адмысловая атмасфера, здатная натхняць даследчыкаў і экскурсаводаў, мастакоў і паэтаў. На Кальварыі маштаб куды больш сціплы. Капліц каля дзясятка, і стан некаторых з іх даволі сумны, але далёка не безнадзейны. Старых пахаванняў — ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя — толькі чатыры сектары, аднак і на іх у розны час адбывалася “ўшчыльненне”. На сёння вядома больш за 6000 імёнаў пахаваных тут людзей, але не ўсе старыя магілы захаваліся. Сустракаецца інфармацыя, што пахаваных насамрэч куды болей — каля 15 000.

Усяго ж на могілках, плошча якіх каля 14 гектараў, пахавана каля 30 000 асобаў. У іх ліку – прадстаўнікі беларускай эліты: ад такіх класікаў, як паэт Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і славуты мастак Ян Дамель, да нядаўніх сучаснікаў – знакамітых паэтаў, мастакоў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў…

Але вернемся на гістарычныя сектары. Хоць, на першы погляд, там збольшага нічога не муліць вока, увесну і ўвосень, калі знікае зеляніна, погляд пачынае заўважаць сотні перакуленых і напаўзакапаных надмагільных камянёў. Не бракуе і камянёў, пахіленых ва ўсе бакі свету — як на старых вясковых могілках, дзе рукі нямоглых бабуль і дзядуль ужо не здатныя направіць надмагіллі продкаў.

І сітуацыя год ад году толькі пагаршаецца. Бо час бярэ сваё. Прыкладам, адносна нядаўна абрынулася ўваходная арка неагатычнай капліцы пачатку ХХ ст., якую яшчэ можна ўбачыць на здымку ў даведніку “Каталіцкія храмы Беларусі” (2008).

Зразумела, памяць пра продкаў вымагае клопату і пра месцы іх спачыну. Прыкладам, на тых жа Росах ужо колькі год вядуцца каласальныя працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Прычым апошняе зусім не азначае татальную змену гістарычнага ландшафта і ўпарадкаванне згодна з адзіным стандартам  — каб шэрагі былі роўныя бы пашыхтаваныя жаўнеры. Як пару год таму паспрабавалі зрабіць на Вайсковых могілках, што выклікала хвалю абурэння грамадскасці і забарону далейшых прац ўладамі.

Разам з тым, тады ўзнік і рух валанцёраў, пра які не раз пісала “Культура”. Адным з вельмі важных яго дасягненняў стала вяртанне дзесяткаў забытых імёнаў, пра захаванне памяці якіх ужо няма каму паклапаціцца. І гэтая праца, як бачна з сацыяльных сетак, не спыняецца. Хаця падаецца, што матэрыялаў для даведніка па Вайсковых могілках ужо сабрана больш чым дастаткова.

Адным з аргументаў “рэарганізатараў” знешняга аблічча Вайсковых могілак было тое, што паміж старых агароджаў і крыжоў вельмі цяжка касіць траву. Аргумент, быццам бы, слушны. Але час паказаў, што насамрэч усё не так. Бо на “добраўпарадкаванай” частцы могілак трава паднялася вышэй за калена — там ужо няма ценю ад дрэваў, які не даваў буяць дробнаму парасніку. Адмыслоўцы пра гэта даўно ведаюць, аднак з імі, на жаль, не параіліся. А другая праблема ў тым, што для дагляду за тэрыторыяй павінны быць у наяўнасці рабочыя рукі.

Пакуль пісаўся гэты артыкул, прыйшла навіна пра без перабольшвання варварскую “лесанарыхтоўку” на могілках пад Слонімам, якія, па меркаванні даследчыкаў, былі заснаваныя ажно ў ХІІ стагоддзі. Справа не толькі ў тым, што дрэвы валяцца на камяні, а потым цяжкая тэхніка выцягвае іх трасамі праз усе могілкі да лесавозаў. Такія дзеянні прыводзяць да вельмі негатыўных наступстваў у будучыні. Вясковыя “абяздрэўленыя” могілкі пераўтвараюцца ў суцэльны непралазны лес з хмызняка, крапівы, баршчэўніка. І пануе там ўжо не прахалодны цень, а клешч, камар ды іншыя не надта прыемныя прадстаўнікі фаўны.

У пошуках лома

І тут самы час ізноў перанесціся на Кальварыйскія могілкі. Першы самотны “суботнік”, які доўжыўся пару гадзінаў, паказаў, што перакуленыя камяні даволі лёгка вяртаюцца ў свой нармальны стан. І сонечнае святло праз дзесяцігоддзі зацмення ізноў падае на імёны людзей, якія жылі на гэтай зямлі сто год таму.

Так нарадзілася думка стварыць ў сацыяльных сетках групу, прысвечаную гэтым могілкам, і з яе дапамогай распавесці пра сітуацыю ды заахвоціць мінчукоў да стваральнай працы. На дзіва, адгукнулася вельмі шмат людзей. Але заморская хвароба зблытала ўсе планы. Дакладней, прымусіла іх адкласці на пару месяцаў. І вось, урэшце той час настаў.

Мая ініцыятыва пачалася з візіту ў дырэкцыю Кальварыйскіх могілак. Я ставіў задачу атрымаць дазвол на валанцёрскія працы і, па магчымасці, рыштунак (бо такая сур’ёзная прылада, як лом, вельмі неабходны пры пад’ёме перакуленых камянёў, ёсць не ў кожнай гарадской гаспадарцы). А таксама ўвогуле абмеркаваць сітуацыю на могілках.

Сустрэлі там мяне ветла. Намеснік дырэктара Уладзімір Цвяткоў запэўніў, што валанцёрам на Кальварыі не проста рады, але і заклікаюць іх на дапамогу. Бо руплівых працоўных рук катастрафічна не хапае. З-за невысокіх па мінскіх мерках заробкаў ахвотных праводзіць траціну жыцця ў свеце продкаў знаходзіцца небагата. Да таго ж, працы, часам даволі цяжкай, вельмі і вельмі шмат. Напрыклад, завяршыўшы абход могілак з трымерам, амаль адразу даводзіцца заходзіць на другое кола. І так ўсё лета.

Таму валанцёры могуць разлічваць тут на самы радушны прыём. А дырэкцыя гатовая прадаставіць не толькі ламы-рыдлёўкі, але нават трымер і спецвопратку.

Галоўная ўмова — каб з-за звышруплівасці валанцёраў у дырэкцыі пазней не ўзнікала канфліктаў са сваякамі пахаваных. Бо некаторыя з камянёў, як сказаў спадар Цвяткоў, перагарнулі яны самі і наўмысна — пасля таго, як паставілі новыя помнікі. Але, на мой погляд, такія выпадкі амаль выключныя, бо тых новых помнікаў на гістарычных сектарах амаль няма. Але ў кожным разе пажадана, каб рупліўцы ставілі ў вядомасць дырэкцыю аб плане прац.

Ад сп. Цвяткова мы даведаліся, што валанцёрскія працы вядуцца і ад касцёла. Але адкуль тады дзясяткі перакуленых камянёў блізу храма? Тэрыторыя вакол яго выглядае даволі дагледжанай, але зрабі дзесяць крокаў у бок — і можна гуляць у хмызах у хованкі.

“Патрапіў пад паравоз”

Узброўшыся рыштункам, якім з намі падзяліліся супрацоўнікі дырэкцыі, мы ў кампаніі з гісторыкам Гальяшам Чарняўскім адправіліся на загадзя абранае месца. Там на невялічкім па памерах участку было нямала паваленых камнёў рознай вагі і габарытаў. За няпоўныя чатыры гадзіны працы нам удалося “паставіць на ногі” сем. Некаторыя мы змаглі падняць літаральна за пару хвілінаў, прычым адной парай рук і асабліва не напружваючыся. Іншыя ж патрабавалі больш сур’ёзных высілкаў. Як напрыклад, зборнае (тумба і стэла) надмагілле сям’і Пятровічаў, якія памерлі ў 1886 і 1893 гг., або помнік Ганны Лісоўскай, спачылай у 1894 годзе ва ўзросце 28 год. Неверагодна цяжкі камень паставіў на яе магіле несуцешны муж!

Усяго ў той дзень агульнымі высілкамі былі вернутыя імёны васьмі чалавек. Ва ўсялякім выпадку, даведнік пра Кальварыйскія могілкі (1996) пра іх не згадвае. Акрамя жонкі Людвіка Пятровіча, імя якой у даведніку адсутнічала, удалося ўдакладніць, што сам Людвік пражыў не 33 гады, але 53.

Асабліва трэба вылучыць знойдзены апошнім невялічкі надгробак маладога (22 гады) Альфонса Дашкевіча, які быў “забіты паравозам” 13 студзеня 1878 года. Згадзіцеся, цяпер такую прычыну смерці, пэўна, не сталі бы ўвекавечваць у камяні. Але ў тыя часы, калі чыгунка толькі-толькі адваявала месца пад сваю каляіну, паравоз шмат для каго быў накшталт НЛА або “машыны самога Люцыпара”. Таму факт трагедыі і адлюстравалі. Дарэчы, магчыма, за гэтым крыецца якая-небудзь чарговая таямніца. Варта было б даследчыкам гісторыі Мінска і чыгункі пацягнуць за яе палатно.

Другая талака, якая адбылася тым жа складам 17 ліпеня, стала не менш плённай. Усяго было апрацавана 13 надмагілляў. Больш за палову ўдалося падняць, некаторыя з урослых у зямлю – вярнуць на паверхню. Мы даведаліся пяць імёнаў мінчукоў, чые помнікі ляжалі на зямлі надпісам уніз. Бонусам стала знаходка камяня з перабітым першапачатковым надпісам. І яшчэ цікавостка. Адна магіла аказалася неінвентарызаваная, хоць помнік, які выдатна захаваўся і не быў перакулены, стаяў ля самай сцяжыны. Што прымушае задумацца пра неабходнасць чарговай, больш пільнай інвентарызацыі на гістарычных сектарах.

Вынік, як мы бачым, нечаканы. А галоўнае, карысны. І таму працяг будзе.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар