Тэатр “у фокусе”

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

Мінскі абласны драматычны тэатр, што ў Маладзечне, у ліпені перайшоў ад паказаў анлайн да “жывых” спектакляў. Тая ж практыка працягнецца ў жніўні. А на верасень запланавана адкрыццё юбілейнага 30-га сезона.

/i/content/pi/cult/808/17332/010.jpgВыконваюцца ўсе меры перасцярогі. На ўваходзе кожнаму гледачу прапаноўваюцца маска і пальчаткі, у зале прадугледжана шахматная рассадка. У выніку запаўняецца акурат палова залы, што ў цяперашніх умовах можа лічыцца за аншлаг.

— Вырашылі, што ўлетку вячэрнія спектаклі на стацыянары будзем даваць кожны аўторак, — распавядае дырэктар тэатра Юрый Крывенькі. —Спачатку сумняваліся, ці пойдзе глядач. Але пераканаліся, што людзі засумавалі па мастацтве. Мы ж, у сваю чаргу, паставілі ў афішу найперш нядаўнія прэм’еры, якія да пачатку пандэміі многія жадаючыя паглядзець не паспелі. Дый артысты без публікі стаміліся.

/i/content/pi/cult/808/17332/011.jpgТой жа Алег Чэчанеў іграе ў “Фокусах жыцця”, абапіраючыся на кіёк. Гледачы ўпэўнены, што гэта прадугледжана яго роллю Макса. І мала хто ведае, што нядаўна артыст перанёс складаны пералом нагі, што кожны крок для яго — пераадоленне. Ці што суцэльная дэлегацыя маладзечанскіх дзеячаў тэатра спецыяльна ездзіла ў сталічны цырк па кансультацыі, каб паказаць у гэтым спектаклі сапраўдныя фокусы: тыя запланаваны п’есай Вудзі Алена “Лунаючая лямпачка”, да якой і звярнуўся рэжысёр Дзяніс Нупрэйчык. А вось 13-гадовага Сціва давялося ператварыць у спектаклі ў гэткую баявую дзяўчынку, бо адпаведнага хлопца не знайшлося. Што ж, тэатр, як і героі гэтай п’есы, працягвае шукаць сябе, нягледзячы на ўсе перашкоды. Ну, а што атрымліваецца —меркаваць гледачу.

Адной з лакальных перамог напярэдадні 30-годдзя тэатра з’яўляецца ўвага грамадскасці: спектакль “Не пакідай мяне” прайшоў строгую адборачную камісію па вылучэнні на Нацыянальную тэатральную прэмію і патрапіў у фіналісты, дзе з 61 заявы засталася акурат палова прэтэндэнтаў.

— У жніўні, — працягвае Юрый Крывенькі, — гледачы ўбачаць спектаклі “Сямейны партрэт са староннім”, “Верная жонка”, “Красуні”, “Дзеўкі”. Адначасова мы рыхтуем чарговыя прэм’еры. Той жа Дзяніс Нупрэйчык аднаўляе дзіцячую казку “Проста Мяфа”, якая калісьці карысталася ў нас поспехам. А мастацкі кіраўнік Валерый Анісенка абраў п’есу “Хайп” маладой беларускай аўтаркі Улады Альхоўскай. Тэма —надзвычай актуальная. Дый сам спектакль, спадзяемся, будзе шмат у чым маладзёжным — з удзелам маладых артыстаў і разлічаны на моладзь, а таксама ўсіх, каму неабыякавы вечныя праблемы бацькоў і дзяцей у сучасных умовах.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"