Айчынная генеалогія: зірнуць у мінулае, каб пабачыць будучыню

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

Дзе навучыцца пашане да продкаў?
У апошнія дзесяцігоддзі ў нашым грамадстве актыўна расце зацікаўленасць да мінуўшчыны. І не толькі да агульнай гісторыі дзяржавы і народа – але і да ўласнай, сямейнай. Мінулае краіны складаецца з мностваў лёсаў блізкіх і далёкіх продкаў, таму так важна кожнаму, па магчымасці, даследаваць іх біяграфіі ды повязі. Бо хто ж лепш за ўсё разбярэцца ў перыпетыях лёсу чалавека з мінулага, як не ягоны нашчадак?

/i/content/pi/cult/808/17331/09.jpgВядома, можна спадзявацца на дапамогу і паслугі адмыслоўцаў, якія за пэўную плату здзейсняць пошук у архівах і, з вялікай верагоднасцю, адшукаюць продкаў таго ці іншага чалавека. Але ж хіба не цікавей самому разабрацца ў перыпетыях лёсаў сваіх прашчураў, дакрануцца да дакументаў, дзе згадваюцца іх імёны, цешыцца кожнай новай знаходцы аб сваіх крэўных, якія жылі за стагоддзі да нас? Для гэтага, як высвятляецца, неабавязкова нават быць прафесійным гісторыкам ці архівістам – але, вядома, пэўныя веды па гістарычных дысцыплінах варта засвоіць. Як можна зрабіць першыя крокі на шляху да разгадкі таямніц уласнага радаводу?

Карані зацікаўленасці

Кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вадзім Урублеўскі даўно і ўсур’ёз займаецца вывучэннем генеалогіі. З дзяцінства ён цікавіўся месцам чалавека ў часе і прасторы, антрапалагічным вымярэннем мінуўшчыны. Яшчэ ў школьныя гады будучы даследчык пачаў цікавіцца генеалогіяй, спрабаваў складаць свой радавод – хаця ведаў па гісторыі сям’і яшчэ бракавала. Не ставала адказаў на пэўныя пытанні, якія патрабавалі вырашэння – гэта, відаць, і падштурхнула да выбару шляху ў навуцы. Школьнікам будучы гісторык маляваў паводле дасяжных крыніц не толькі сваё ўласнае генеалагічнае дрэва, але і радаводы Рурыкавічаў, Радзівілаў, іншых славутых родаў і гістарычных асоб. Рабіў усё гэта хлопец на сваё жаданне – ніякіх заданняў такога кшталту ён ад настаўнікаў не атрымліваў.

А вось я прыгадваю, што на мяжы стагоддзяў, будучы вучнем чацвёртага ці пятага класа, я ўжо атрымліваў падобныя заданні акурат у школе, і тады ж звяртаўся да бацькоў, дзядуль і бабуль з першымі пытаннямі аб сваіх продках, каб скласці ўласнае генеалагічнае дрэва. Магчыма, у тым ліку, гэта паўплывала таксама і на мой выбар жыццёвага шляху. Калі я паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Вадзім Урублеўскі там ужо навучаўся, і нават паспеў абараніць у 2006 годзе сваю першую работу, прысвечаную крыніцам па генеалогіі сялянства паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва.

А ў сакавіку 2009 года Вадзім Урублеўскі ўжо стаў намеснікам кіраўніка гуртка даследчыкаў генеалогіі “Радавод”, які быў створаны на гістарычным факультэце БДУ на чале з выкладчыкам кафедры крыніцазнаўства Андрэем Латушкіным. Гурток дзейнічае і сёння, больш чым за дзесяць гадоў яго існавання ўжо адбылося каля паўсотні пасяджэнняў, на якіх выступалі з дакладамі адмыслоўцы з генеалогіі, геральдыкі, некрапалістыкі, антрапанімікі – навукі аб паходжанні імёнаў ды прозвішчаў. З часам сярод удзельнікаў гуртка з’явіліся не толькі студэнты-гісторыкі, але і іншыя людзі, зацікаўленыя ў вывучэнні сямейнага радавода.

Школа, адкрытая для ўсіх

А ў 2013 годзе Вадзім Урублеўскі ўжо самастойна стварыў і ўзначаліў дабрачынны асветніцкі праект “Школа практычнай генеалогіі”. Ён дзейнічае пры праваслаўным прыходзе ў памяць Свяціцеля Мікалая, епіскапа і асветніка Японіі, што ў мінскім мікрараёне Каменная Горка. Першую абвестку аб пачатку дзейнасці школы далі ў газеце “Царкоўнае слова” – таму адгукнуліся на яе ўжо не толькі і не столькі студэнты, але і людзі сталыя. На здзіўленне стваральнікаў школы, на першы занятак прыйшлі каля сарака чалавек. Прычым людзі прыязджалі і здалёк – з Мастоўскага і Чэрвеньскага раёнаў, з Оршы. Праўда, пазней частка ўдзельнікаў адсеялася, а ў наступныя гады колькасць навучэнцаў школы складала ў асноўным пятнаццаць — дваццаць чалавек. Як правіла, большасць удзельнікаў праходзіць курс да канца, і ў выніку ім удаецца папоўніць сямейныя архівы і ўзбагаціць веды аб мінулым свайго роду. Заняткі ў школе адбываюцца двойчы на месяц – восем лекцый па тэорыі да Новага года, і восем практычных заняткаў – пасля, агулам навучальны працэс доўжыцца ад верасня да красавіка.

Сярод навучэнцаў Школы практычнай генеалогіі асобы самага рознага веку – ад дваццаці аднаго да сямідзесяці пяці гадоў. Асноўную масу складаюць людзі трыццаці – сарака гадоў, якія ўжо склаліся ў сямейным і прафесійным плане, маюць час на хобі і вывучэнне гісторыі свайго роду. Ёсць сярод іх і шматдзетныя бацькі. А вось моладзі больш цікавыя адукацыя і сацыялізацыя – пра пошук продкаў у студэнцкім веку задумваюцца нямногія. І гэта прыкра – бо тым часам акурат за гэтую пару могуць абарвацца пэўныя сувязі, неабходныя для далейшага генеалагічнага пошуку.

Паміраюць старэйшыя сваякі, руйнуюцца старыя надмагіллі на пахаваннях продкаў – інфармацыя, неабходная для складання гісторыі сям’і, губляецца незваротна. Між тым менавіта вусная гісторыя, запісы расповедаў сваякоў з’яўляюцца першапачатковай асновай для далейшых пошукаў. Архівы развіваюцца, ствараюцца новыя базы дадзеных і паказальнікі, палягчаецца і спрашчаецца нават доступ да саміх дакументаў – пры жаданні, звярнуцца да архіўных крыніц ніколі не позна. Але без базісу, які даюць роспыты сваякоў, далейшы архіўны пошук можа быць значна цяжэйшым.

Спазнаць сябе праз лёсы прашчураў

Навошта ж увогуле варта займацца даследаваннем свайго радаводу? Не толькі з чыстай цікаўнасці. Даведваючыся аб лёсах сваіх продкаў, мы можам глыбей спазнаць сябе, правесці пэўныя паралелі між сваімі ўчынкамі і рашэннямі – і паводзінамі нашых продкаў у падобных сітуацыях. Адмыслоўцы ўпэўненыя: тое, што нам перадаецца ад нашых продкаў, мы атрымліваем не толькі генетычным шляхам, але і праз сацыяльныя коды. Пэўныя мадэлі выхавання і светаўспрымання транслююцца праз сямейныя практыкі, традыцыі і звычаі – нават калі яны часам і не асэнсоўваюцца. Траўмы бацькоў і дзядоў могуць адбівацца на іх нашчадках у сучаснасці і будучыні. Многімі і сёння яшчэ перажываецца досвед апошняй вайны, тых ці іншых эканамічных нягод мінулага. Многія адказы на пытанні сучаснасці можна знайсці ў сямейнай гісторыі – гэтым займаецца такі накірунак, як псіхагенеалогія.

Значныя цяжкасці могуць паўстаць яшчэ на этапе збору інфармацыі ад сваякоў – нярэдкая такая сітуацыя, калі сталейшыя людзі на тыя ці іншыя роспыты адказваюць, што ў іх сям’і пра гісторыю роду не гаварылі, гэта не было прынята. Часткова гэта тлумачыцца тым, што ў пэўныя перыяды гісторыі ў мінулым стагоддзі тыя ці іншыя звесткі аб паходжанні продкаў маглі пашкодзіць нашчадкам, і нават зрабіцца падставай для пераследу і рэпрэсій.

Але даследчыкі адзначаюць, што карані праблемы замоўчвання мінулага крыюцца ў самой культуры сялянскага этнасу – большасць продкаў сучасных беларусаў, будучы вяскоўцамі, не мелі ні часу, ні патрэбы задавацца пытаннямі ўласнага паходжання і лёсу сваіх прашчураў. Найстарэйшыя з нашых сучаснікаў прыгадваюць, што ў часы іх маладосці папросту не было прынята гаварыць пра мінулае – людзі былі занятыя пытаннямі працы і выжывання. Хаця, безумоўна, заўсёды сустракаліся і такія, якія запаміналі гісторыі і паданні, выконвалі функцыю перадачы сацыяльнай памяці – але сёння, на жаль, яны ўжо адыходзяць ад нас. Большасць людзей толькі ў сталым узросце пачынае адчуваць патрэбу ў перадачы памяці, назапашанай пакаленнямі, ўсведамляць, што варта было б запамінаць мінулае, размаўляць са старэйшымі блізкімі. Але такое разуменне, на жаль, часта прыходзіць запозна, калі пераймаць ужо няма чаго і ад каго. Таму так важна з маладых гадоў пачынаць дбаць аб зберажэнні памяці, і паболей увагі надаваць расповедам старэйшых сваякоў.

Генетыка на службе гісторыі

А што ж рабіць, калі па пэўных перыядах сямейнай гісторыі бракуе не толькі вусных, але і пісьмовых крыніц? Напрыклад, калі яны былі знішчаныя, не захаваліся ў выніку войн і разбурэнняў ці з нейкіх іншых прычын? Тут на дапамогу можа прыйсці ДНК-генеалогія. На жаль, ДНК-экспертыза – працэдура нятанная і няхуткая, але пры наяўнасці жадання, часу і сродкаў, зрабіць яе варта. Часам у выніку ўдаецца знайсці раней невядомых далёкіх сваякоў, якія здолелі прасачыць свой радавод глыбей. Праблема хіба ў тым, што, на жаль, многія замаўляюць ДНК-аналіз і атрымліваюць яго вынікі, але самі не займаюцца генеалогіяй – і таму нават пры супадзенні паходжання і выяўленні агульных продкаў, наўрад ці могуць паведаміць нешта невядомае сваім далёкім сваякам.

Але бываюць і адваротныя выпадкі. Так, у Беларусі ёсць некалькі даволі буйных аб’яднанняў сваякоў і цёзак па прозвішчы. Бадай найбуйнейшае з іх – “Планета Матусевічаў”, сярод яго ўдзельнікаў па ўсім свеце ёсць людзі з далёкага замежжа, нават з Аўстраліі. Актыўна даследуюць сваю генеалогію Булаты – гэты род паходзіць з Капыльскага раёна, некалі там існавала вёска Булатнікі. На жаль, паселішча гэтае знікла ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, але прадстаўнікі роду Булатаў дамагліся ўсталявання памятнага знака на месцы свайго сямейнага гнязда.

Праблемы і перспектывы

Зацікаўленасць генеалогіяй і сумежнымі дысцыплінамі, накшталт геральдыкі, некрапалістыкі ці антрапанімікі, у Беларусі расце, але сапраўдны росквіт яе, наколькі можна меркаваць, пакуль яшчэ наперадзе. Неабходная папулярызацыя і адукацыя ў сферы сямейнай гісторыі, падвышэнне генеалагічнай культуры грамадства. На жаль, сёння часам здараецца, што некаторыя некрытычна падыходзяць да збору і аналізу генеалагічных матэрыялаў, прафануюць даследаванне радаводаў.

Але стае і сур’ёзных, прафесійных даследчыкаў – хаця кола спецыялістаў такога кшталту ў нашай краіне даволі вузкае. Адмыслоўцы адзначаюць, што даўно наспела патрэба ўзнікнення рэспубліканскага генеалагічнага аб’яднання, якое дазволіла б злучыць намаганні ўсіх энтузіястаў гэтай цікавай і пачэснай справы. Застаецца спадзявацца, што такая арганізацыя рана ці позна з’явіцца і здолее станоўча паўплываць на развіццё беларускай генеалогіі ды падвысіць зацікаўленасць грамадства гэтай дысцыплінай.