Таямніцы Манюшкаў

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Частка XV
Пішучы пра Закрэўскіх і Мюлераў, немагчыма абысці ўвагай успаміны былога філарэта і філамата Станіслава Мараўскага. Стаўшы сямейным лекарам абедзвюх фамілій, ён аказаўся далучаным да ўсіх таямніц жыцця продкаў жонкі кампазітара Аляксандры Манюшка. Безліч разоў бачыў яе яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай і, верагодна, не раз змагаўся з ейнымі хваробамі. Быў закаханы “раз і назаўсёды” ў маці Аляксандры Марыяну. А ў яго самога была закаханая яе сястра Альжбета. Што, само сабой, не спрошчвала і без таго напружаную сітуацыю. Таму пакінуўшы медыцынскую практыку і пасяліўшыся ў маёнтку сваёй маці з роду Сямашкаў ва Устроне, усе свае душэўныя пакуты (а іх было занадта шмат для адной асобы) ён даверыў паперы. Праўда, успаміны атрымаліся не сентыментальным раманам — Мараўскі шчодра дадаваў туды розныя гістарычныя анекдоты з віленскага жыцця. І не толькі віленскага. Адзін такі сюжэт варты асаблівай увагі, бо мае самае непасрэднае дачыненне да нашай справы.

/i/content/pi/cult/807/17326/026.jpgГэта Вы, “Пікавая дама”?

У 1833 годзе Аляксандр Пушкін з нейкай адной яму вядомай прычыны ці не першым з расійскіх творцаў выказаўся на тэму “карты, грошы, разбэшчаныя норавы”. Не стану нагадваць усім вядомы сюжэт славутай аповесці “Пікавая дама”, якая добра вядома і аматарам кінематографа, бо была неаднаразова экранізаваная. Дарэчы, нядаўна памёр таленавіты акцёр Віктар Праскурын, які сыграў у версіі 1982 года галоўную ролю Германа.

Пра тое, чаму, на думку пушкіністаў, за прататып “Дамы” была абраная “Вусатая і барадатая княгіня Наталля Галіцына”, таксама напісана шмат. Але паспрабуем пашукаць дадатковыя крыніцы натхнення Пушкіна, праводзячы пэўныя паралелі, якія мне падаюцца невыпадковымі.

У 1827 годзе Станіслаў Мараўскі прыязджае ў Пецярбург, дзе затрымаецца аж да 1838 года. Гнала яго туды, у тым ліку, і жаданне забыць ліцьвінку Марыяну з Закрэўскіх, жонку афіцэра Ксаверыя Мюлера. Жадання ўвогуле забыць пра гэтую сям’ю таксама не бракавала. Сапраўды, было з чаго — сказаў бы кожны, хто прачытаў бы драму пра гэты “любоўны трохкутнік”, дзе ўсіх дзейных асобаў розных планаў было каля 10.

Апынуўшыся на “неўскім бруку”, Мараўскі адразу аднавіў сяброўства з землякамі і сябрамі па патаемнай студэнцкай дзейнасці — Адамам Міцкевічам і Францішкам Малеўскім. Неўзабаве Міцкевіч запрасіў яго на абед у Пецяргофе. Так Мараўскі пазнаёміўся з Пушкіным, які сядзеў за сталом насупраць яго. Ад таго часу і да самага апошняга дня паэта, смяротна параненага Дантэсам на дуэлі 27 студзеня 1837-га, іх знаёмства не перарывалася. Дарэчы, едучы на дуэль, Дантэс сустрэў Мараўскага з кампаніяй (яны таксама былі выдатна знаёмыя), нешта ім пракрычаў з кібіткі і рушыў далей. Каб праз гадзіну зрабіць ракавы стрэл.

Міцкевіч, трапляючы ў кампанію рускіх сяброў, забаўляў іх рознымі наваградска-віленскімі байкамі ды анекдотамі — за што і атрымаў мянушку “Адам Адамович Вральман” (так звалі немца-гувернёра фанвізінскага “Недоросля”). Мараўскі, які быў не меншым знаўцам цікавостак мінуўшчыны і меў не горшае красамоўства, за анекдотам у кішэню таксама не лез. Таму не было б нічога дзіўнага, калі б нейкі цікавы сюжэт, агучаны за сталом, запаў у падсвядомасць Пушкіна, каб праз нейкі час даць імпульс для працы над новым творам. У дадзеным выпадку, напрыклад, для “Пікавай дамы”. І вось чаму.

Прывід салона на Нямецкай

Стары трохпавярховы палац Мюлераў у Вільні быў не проста палацам. Выгоднае месцазнаходжанне ў цэнтры (метраў дзвесце да ратушы), наяўнасць шматлікіх пакояў “у наём”, велізарная зала для масавых мерапрыемстваў (грамадска-палітычных паседжанняў і іншых азартных шляхецкіх забаў) рабілі яго прывабным агеньчыкам у сумным начным змроку. Але там, дзе карты, там і грошы, шампанскае, шпікі, змоўшчыкі ды ўсё астатняе.

Перад тым як выправіць сына ў людзі, бацька Станіслава Мараўскага паклікаў яго ў свой кабінет, зачыніў дзверы (чаго ніколі не здаралася) і даў яму апошнюю навуку. Бачачы, што сын завязаў стасункі з Мюлерамі, Мараўскі-старэйшы вырашыў яго папярэдзіць: “Маці яго (Мюлера малодшага — заўв. З.Ю), шмат фартун сваякоў і сяброў маіх праглынула! Трымала картачны дом. Але і свавольная пры тым была жанчына!... Не, не будзе там блаславення Божага! Бацька, калісьці пачцівы кравец, потым віленскі бургамістр, сядзеў у яе пры пячы, калі не за печкай, і рот адкрыць не смеў. Сын, які цяпер у Вільні, маўчун і крывадушнік…”

Рысамі характару жонка Яна Мюлера Альжбета — учорашняя гандлярка, а з 1790-га шляхетная асоба — нечым нагадвала княгіню Галіцыну. Яе муж, які заўсёды “безропотно” зносіў усе яе выкрунтасы і цяжкасці характару, толькі аднойчы наважыўся запярэчыць княгіне — калі зразумеў, што чарговы яе пройгрыш яму не выплаціць. Таму Галіцына і звярнулася да Сен-Жармэна — які ад шчырага сэрца і выдаў ёй сакрэт трох карт.

Альжбета Мюлер, як казаў бацька Мараўскага, сапраўды чэрпала з людскіх слабасцяў поўнымі жменямі, бо кожны вечар золата за пасярэдніцкія паслугі цякло ў яе кішэню. Сама яна таксама была, нібыта, не супраць пакідаць карты на стол. Вядома, з поспехам. Слушна і тое, што ў гэтым “салуне” адны спускалі маёнткі ды ішлі тапіцца ў Вяллю, а другія набівалі гаманцы золатам ды срэбрам. Да ўсяго, такія месцы выкарыстоўваліся яшчэ і з іншымі мэтамі. “Слухачы” адсочвалі, што менцяць у запале жарсцяў нецвярозыя языкі, і адпраўлялі справаздачы ў адпаведныя ўстановы.

Аднак часам картачныя гульні служылі і на карысць. Напрыклад, з’яўленне ў Вільні другога салона — канкурэнта мюлераўскаму — было абумоўлена высокай мэтай. Там за зялёнымі канспіратыўнымі сталамі, якія расставіў былы расійскі вайсковец і вядомы шулер Ігнат Хадзкевіч, пільна працавалі арганізатары паўстання 1794 года з палкоўнікам Якубам Ясінскім на чале. Так было бяспечна, бо ў салонах легальна маглі сустракацца вялікія гурмы людзей. Пазней менавіта Хадзкевіч прывёз з Варшавы ад Касцюшкі патэнт Ясінскаму на чын генерала, а сабе на чын палкоўніка.

Як і гераіня “Пікавай дамы”, пасля сваёй смерці Альжбета Мюлер з’яўлялася і ў якасці прывіда. Для дамовай абслугі ўбачыць яе ўначы было справай звычайнай. А вось для тых, хто арандаваў жытло ў левым крыле дома, якое асабліва любіла здань, такая начная з’ява ў святле месяца была занадта шакавальнай. Сям’я Остэн-Сакенаў, якая здымала пакоі ў гэтым крыле, нават з’ехала, аднойчы ўбачыўшы яе. Акурат у тую самую ноч, калі прывід убачыў і Станіслаў Мараўскі —“цвярознік” і лекар, які гадамі бачыў чалавечыя трупы рознай ступені захаванасці і меў стальную нервовую сістэму. Як сцвярджае доктар, дзверы, праз якія бы нож “прайшла” Мюлерша, былі зачыненыя на ключ.

Тут адразу ўзгадваецца момант, калі старая княгіня з’явілася Герману і з дазволу “таямнічых сілаў, якія мяне паслалі”, выдала яму ракавы сакрэт трох карт. Цікава, што ёсць і яшчэ адна паралель: Мюлеры жылі ў Вільні на Нямецкай вуліцы, а персанаж Пушкіна Герман — як быццам бы немец. Не кажучы ўжо пра лінію кахання — Мараўскі ж быў закаханы ў сваю пацыентку — дачку старой Мюлер, а тую ён, дарэчы, жыўцом ніколі не бачыў, бо яна даўно памерла. А Герман, каб даведацца сакрэт, абіваў парогі княскага дома, просячы рукі выхаванкі княгіні, няшчаснай Лізы.

Ці натхніў Мараўскі Пушкіна, мы, відаць, ніколі ўжо не даведаемся. Але версія, як мне падаецца, мае права на існаванне.

Муж, які горш за татарына

У 1804 годзе, адбыўшы жалобны тэрмін па мужу, уласніца салона на Нямецкай Альжбета Мюлер пабралася другім шлюбам. Прычым па каханні. Абраннікам стаў, як пісаў Мараўскі, “камісарскі ўраднік, шулер і вялікі грамадскі нягоднік, нейкі Лісаневіч”. У метрыцы шлюбу яго імя запісана як Георгій, але знайсці іншы дакумент, у якім бы згадваўся Георгій Лісаневіч, пакуль не ўдалося. Не выключана, што ім можа аказацца Рыгор Лісаневіч, вядомы ў будучыні расійскі генерал, Елісаветградскі конна-егерскі полк якога некалькі гадоў стаяў у Вількаміры Віленскай губерні. Сведкамі на іх вяселлі былі вельмі цікавыя асобы — віленскі купец Тамаш Рэйзер, які з іншымі “людзьмі добрай волі” фінансаваў напалеонаўскую агентуру на тэрыторыі Расійскай імперыі. Або Дзмітрый Высочын з пецярбургскага дваранства, які нейкі час узначальваў Галоўны суд у Беластоку, і сын якога Аляксандр, скончыўшы беластоцкую гімназію і кадэцкі корпус, стаў дзекабрыстам. Ці адвакат Ігнат Грабоўскі — адзін з тых, хто рыхтаваў паўстанне ў Вільні ў 1794-м. Але час вярнуцца да Лісаневіча.

Напрыканцы 1810 года яго жонка Альжбета памерла, маючы 56 гадоў. У метрыцы гаворыцца, што 2 снежня 1810 года яна была пахаваная на Бернардынскіх могілках Вільні. Магчыма, пазней каля яе пахавалі сына Станіслава і Караля Штурма, пра якіх мы ўжо распавядалі.

Некалькі гадоў, пражытых з мужам-аферыстам, які бялізну адпраўляў праць у Парыж (!), каштавалі ёй, гэтак суворай для першага мужа і падатлівай для любых капрызаў другога, ці не ўсёй маёмасці. Калі яна памерла, Лісаневіч — відаць, “з гора” — некалькі дзён забываўся пра гэта паведаміць сваякам і ўладам. Але не забыўся наладзіць спешны вываз з дома ўсяго самага каштоўнага, што яшчэ засталося. Слугі, зразумела, гэта ўпільнавалі і паведамілі яе сынам Ксаверыю і Станіславу, якія са сваіх палкоў прыехалі ў Вільню, каб заспець карціну канчатковага рабунку.

Пасля гэтага распачаўся судовы працэс, які доўжыўся гадоў 15 ці болей. І чым ён завершыўся невядома. Тут чамусьці згадваецца опера “Чужое багацце нікому не служыць”, якая была напісаная і пастаўленая ў Нясвіжы прыдворным капельмайстрам Караля Станіслава Радзівіла Ёганам Голандам у 1785 годзе — або, усё ж, прыдворным капельмайстрам Алясандра Данэзі?

На гэтым з Мюлерамі можна развітацца. Пра сыноў віленскага бургамістра — Ксаверыя і Станіслава, іх сем’і і сувязь са Станіславам Манюшкам гаворка вялася ў папярэдніх частках. Наперадзе ў нас сустрэча з Маджарскімі герба “Дар” і Манюшкамі герба “Крыўда”.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар