Гаспадыня “Традыцыі”

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Шлях у культуру ніколі не бывае выпадковым
Пяцігадовай Надзейцы мама кажа праз усхліпы: “Памёрла бабуля Надэшка, едзем на пахаванне”. Дзяўчынка не разумее, што значаць словы “памёрла” і “пахаванне”, з усяго сказанага робіць выснову, што паедуць яны да бабулі ў Селішчы і радасна смяецца. Малая любіла паездкі ў вёску, дзе яе ласкава сустракалі некалькі бабуль. Строга кажучы, Надэшка — бабуля мамы, гэта значыць Надзейчына прабабуля. Але дзяўчынка пакуль не разбіраецца ва ўсіх тонкасцях сваяцкіх адносін. Вось яны едуць у кузаве машыны, побач з імі стаіць нейкая скрыня, у ёй — штучныя кветкі. А дзяўчынцы — радасна: яна ўпершыню едзе ў кузаве машыны, яе захлістваюць новыя ўражанні. Менавіта яны, гэтыя ўражанні, і стануць асновай для станаўлення творчай асобы.

/i/content/pi/cult/807/17324/019.jpgМузыка вёскі і настаўніцкі хлеб

Вось такі адметны ўспамін з дзяцінства: праводзіць прабабулю прыйшлі практычна ўсе жыхары вёскі. Наступнае яркае ўражанне таксама пакінула вёска. На Надзю, якая частавалася хлебам з цукрам, напаў певень. Адрозніваўся ён на рэдкасць незалежным характарам і злым норавам. Гэтага забіяку нават мясцовыя сабакі абыходзілі. Певень, пляскаючы крыламі, літаральна прыпячатаў дзяўчынку да брамкі і зжор увесь салодкі хлеб. Бабуля не даравала такой дзёрзкасці і назаўтра зварыла з пеўня смачны курнік.

А яшчэ вёска — гэта салодкі пах сена на возе, у якім іх вязе сусед дзед Піліп, і канцэрты, якія ладзяць дзеткі на вуліцы для сваіх родных. Збіралася на прадстаўленне ўся вёска. Удзячныя гледачы ахвотна апладзіравалі юным артыстам. Успаміны пра дзяцінства напоўнены атмасферай любові, якой добрыя вяскоўцы проста ахутвалі дзетак. Школьныя гады запомніліся як светлы, заліты сонцам і музыкай свет. Надзя паспяхова здала экзамены і паступіла ў Гомельскае педагагічнае вучылішча імя Выгоцкага, хоць конкурс у той год быў сем чалавек на месца. Шчаслівыя студэнцкія гады праляцелі, як адно імгненне.

/i/content/pi/cult/807/17324/020.jpgСвой працоўны шлях пачынала ў Светлагорскай сярэдняй школе № 7. Вось у прыгожым сарафане ідзе яна па калідоры з намеснікам дырэктара Сухавым-Манавым. А дырэктар школы Кулакоўскі радасна сустракае маладога спецыяліста: “Нам патрэбны і настаўнік спеваў, і настаўнік пачатковых класаў, і свежыя рукі на сельгасработы”. Завуч уздыхае: “Рукі свежыя, але непрацоўныя!” Справа ў тым, што Надзея паспела ўжо і замуж выйсці, і развесціся, і чакала дзіця. Як толькі сыночку споўнілася два месяцы, настаўніца выйшла на працу ў школу.

Катэгорыя — вышэйшая

/i/content/pi/cult/807/17324/021.jpgНяпростым было жыццё ў маладой жанчыны. Давялося папрацаваць у розных месцах. Была яна музычным кіраўніком у дзіцячым садку № 8, выкладала музыку і спевы ў СШ № 10, працавала сацыяльным педагогам у СШ № 6, у аддзеле адукацыі — метадыстам па ахове правоў дзіця, выкладала сусветную мастацкую культуру і была сацыяльным педагогам у гімназіі. За гэтыя гады паспела скончыць завочна ГДУ імя Францыска Скарыны, факультэт рускай і беларускай мовы і літаратуры, Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці сацыяльны педагог і атрымаць вышэйшую катэгорыю і настаўніка, і метадыста, і сацыяльнага педагога. Але, самае важнае ў тым, што жанчына сустрэла галоўнага чалавека ў сваім жыцці, выйшла за яго замуж і нарадзіла дачушку. З усімі сваімі абавязкамі — маці, жонкі, педагога — выдатна спраўлялася і выглядала пры гэтым гадоў на пятнаццаць маладзей свайго веку.

Памятаю сваё першае ўражанне пра Надзею Іванаўну, як пра калегу: разумная, прыгожая, элегантная, цудоўны суразмоўца і надзейны чалавек. Быў у нас у гімназіі ў тыя гады спартыўны клас. Ох, і цяжкавата часам было спраўляцца з упартымі своеасаблівымі будучымі спартсменамі. Надзею Іванаўну яны любілі, слухаліся і называлі “наша мамка”. “Як вы з імі спраўляецеся?” — пытаю. “Ды прымаю іх такімі, якія яны ёсць, — адказвае яна, — і люблю іх”. Прафесія сацыяльнага педагога — цяжкі школьны клопат. Ім даводзіцца, як кажуць, знаходзіць кансэнсус з бацькамі — гультаямі ды п’яніцамі. Часам з болем у сэрцы сацыяльны педагог рыхтуе дакументы на пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Чаму з болем у сэрцы? Надзея Іванаўна неяк сказала: “Ах, калі б нашы родныя дагледжаныя ненаглядныя дзетачкі любілі нас гэтак жа, як гэтыя няшчасныя абдзеленыя дзеці любяць сваіх шалапутных бацькоў!”

Чарговы паварот

/i/content/pi/cult/807/17324/022.jpgПедкалектыў гімназіі сардэчна віншаваў Надзею Іванаўну з 50-гадовым юбілеем. Як яна сама адзначае, нават здзівілася, колькі добразычлівасці, любові і цяпла падарылі ёй настаўнікі. На гэтым урачыстым мерапрыемстве яна развіталася са сваімі калегамі. Лёс прынёс ёй чарговы круты паварот — пасаду дырэктара карціннай галерэі. Пагадзілася на гэты “хлеб” па просьбе паэта Ізяслава Катлярова, бо да таго часу ў галерэі ўжо каля года не было дырэктара, назапасілася маса праблем, якія трэба было тэрмінова вырашаць. Прыйшлося зноў пачынаць з нуля. Прафесія педагога прывучае да абавязковасці, адказнасці, яе складнікамі з’яўляюцца працавітасць і нават некаторы педантызм і перфекцыянізм. Закасаўшы рукавы, прынялася вывучаць юрыдычныя дакументы, знаёміцца са спецыфікай працы, займацца самаадукацыяй у галіне жывапісу і скульптуры.

А пачала яна з адкрыцця шматпланавай выставы светлагорскіх мастакоў, затым Катляроў дапамог арганізаваць выставу народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча. Адначасова новы дырэктар вучылася вырашаць гаспадарчыя пытанні. Цяжка захварэла маці, так што часу катастрафічна не хапала. Прыйшлося навучыцца вадзіць машыну. Ехала па горадзе і ледзь не плакала ад страху, але хутка асвоілася і цяпер пачувае сябе за рулём досыць упэўнена.

Людзі-плюс

Сутыкнулася вось з якой прафесійнай асаблівасцю: калі ў якасці сацыяльнага педагога ёй даводзілася мець зносіны, вобразна кажучы, з “людзьмі-мінус”, то цяпер прыйшлося навучыцца размаўляць з “людзьмі-тры плюс”. Прадстаўнікі сферы мастацтва — асаблівы свет, і, калі ён цябе не прыме, то і ў працы поспеху не будзе. Прынялі!

Зноў паспявала ўсё: дамаўляцца з аўтарамі, праводзіць выставы, прэзентацыі, экскурсіі, наладжваць экспазіцыі фонду галерэі ў іншых гарадах. Пры гэтым даглядала спачатку за цяжкахворай ляжачай мамай, затым даглядзела гэтак жа ляжачую хворую маці першага мужа, і паспявала дапамагаць нявестцы ў наглядзе за дзецьмі. Нягледзячы ні на якія цяжкасці, заставалася ўсё такой жа элегантнай і маладжавай.

Неяк Надзея Іванаўна сама захварэла. Потым суседка па палаце распавядала, што пакуль Надзея ляжала без прытомнасці, над ёй гаротна галасіла маці нявесткі: “А мая ж ты свашанька, ты толькі не памірай! Хто ж тады майму дзіцятку дапаможа”?

За дзевяць гадоў Шынкевіч падняла працу ў галерэі на новы ўзровень: была адкрытая яшчэ адна зала, штогод адбывалася больш за 60 выстаў, наладжана супрацоўніцтва з карціннымі галерэямі Беларусі. Матэрыялы з фонду галерэі выстаўляліся два разы на форуме “Музеі Беларусі”. Акрамя таго, Надзея Іванаўна лічыла асабістай сваёй задачай максімальна паказаць творчы патэнцыял Светлагорска: неаднаразова праводзіліся выставы маладых мастакоў горада і юных талентаў — дзяцей, якія займаюцца пад кіраўніцтвам таленавітых педагогаў у ЦТДіМ “Ювента”.

Замест заканчэння

І зноў — круты паварот лёсу: прыйшлося пакінуць любімую справу, у якую ўкладзена столькі сіл і душы і пераехаць у Мінск. Але і тут Надзея Іванаўна не толькі дапамагае сям’і дачкі гадаваць унукаў, але і занялася асабістай творчасцю: робіць з экалагічна чыстых матэрыялаў цудоўныя цацкі для дзяцей. Магчыма выстава яе работ пройдзе калі-небудзь і ў роднай яе карціннай галерэі “Традыцыя” ў Светлагорску.

Галіна КАПЕЦКАЯ, г. Светлагорск