Арган загучаў у Мядзведзічах

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Цягам 10 месяцаў доўжыўся рамонт старажытнага аргана ў вёсцы Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна. 27 чэрвеня адбылася невялікая музычная прэзентацыя адноўленага інструмента.

/i/content/pi/cult/807/17322/016.jpgІнструмент стагоддзя

Арган у Мядзведзічах — другі па велічыні гістарычны арган Брэсцкай вобласці (а таксама ўсёй Пінскай дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла). Сярод усіх гістарычных арганаў Беларусі, якія знаходзяцца ў адрэмантаваным стане, гэта трэці па колькасці рэгістраў пасля Пінскага і Мсцібаўскага.

Збудаваны ў 1912 годзе ў Вільні фірмай Пятра Вайцяховіча, Мядзведзіцкі арган з’яўляецца найбуйнейшым старажытным інструментам поўнасцю рамантычнага стылю, які дайшоў да нас у аўтэнтычным выглядзе. Таксама гэта адзін з найбуйнейшых арганаў Беларусі, пабудаваных да Першай сусветнай вайны.

Аднаўленне

Ініцыятарам рамонту аргана выступіў Ляхавіцкі райвыканкам, прадстаўнікі якога натхніліся фестывалем арганнай музыкі ў Пінску, і вырашылі штосьці падобнае зрабіць у сваім раёне. Плануецца таксама, што ў Мядзведзічах фестываль будзе рэгулярным і міжнародным, а сам арган уключаць у турыстычны маршрут разам з сядзібай Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы.

Цягам апошніх дзесяці месяцаў група энтузіястаў і арганістаў, людзей самых розных прафесій, рамантавала гэты арган. У рамонце агулам удзельнічала 12 чалавек. Гэта Вячаслаў Чорны, Аляксей Бакаў, Ксенія Чарней, Лізавета Марозава, Кацярына Іванова, Калініка Мядзведзева, Ганна Горбач, Павел і Генрых Свірэпы, пробашч парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах ксёндз Вінцэнт Сяўрук, Марыя Булда, Дарыюш Зых і Аляксандр Ахрэмка. Кіраваў працэсам Аляксандр Бурдзялёў, стваральнік энцыклапедыі “Арганы Беларусі”.

/i/content/pi/cult/807/17322/017.jpg“Самай складанай была праца з язычковымі рэгістрамі. У гэтага аргана іх два, што патрабуе вялікай кваліфікацыі”, — адзначае Аляксандр.

У чэрвені гэтага года ўжо павінен быў прайсці першы фестываль у Мядзведзічах. Планавалася, што ў ім прымуць удзел арганісты з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кракава, Германіі і Нідэрландаў, але пандэмія парушыла ўсе планы. Тым не менш, плануецца, што ў наступным годзе фестываль усё ж адбудзецца.

Прэзентацыя аргана

27 чэрвеня ў Мядзведзічах прайшла прэзентацыя адноўленага аргана, на якім сыгралі арганісты Ігар Алоўнікаў, Вольга Падгайская і Калініка Мядзведзева, а таксама Аляксандр Бурдзялёў (сарод), Аксана Герасімёнак (скрыпка), і Платон Мядзведзеў (табла).

На прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі Ляхавіцкага райвыканкама, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка, вернікі парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах, а таксама шматлікія госці з розных мясцінаў.

Глыбокія і лёгкія, рэзкія і мілагучна-плаўныя — розныя мелодыі перадавалі асаблівую атмасферу, якая гучала праз творы класікаў.

На наступны дзень, зусім нечакана для сябе, а таксама для парафіянаў касцёла, арганісты наладзілі міні-канцэрт, прысвечаны памяці мецэната Юрыя Зісера, які шмат зрабіў для аднаўлення арганнай культуры ў Беларусі.

Канцэрт стаў прыемным сюрпрызам, а таксама незвычайным завяршэннем прэзентацыі абноўленага аргана ў Мядзведзічах. А далей — чакаем на фестываль.

Марына ВАЛАСАР

Фота аўтара