Не выключэнне, а правіла, або Факт прапіскі ў рэгіянальным каледжы

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Рэгіянальныя каледжы сферы культуры зусім нядаўна правялі выпускныя экзамены і цяпер рыхтуюцца да наплыву абітурыентаў у свае прыёмныя камісіі. Як прайшлі апошнія месяцы вучобы ў часы неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі і якія змены чакаюцца ў наступным навучальным годзе — пра ўсё гэтае ды пра многае іншае даведалася “К”.

/i/content/pi/cult/807/17321/015.jpgДыстанцыя і дыстанцыйныя конкурсы

Натуральна, усе ўстановы адукацыі сферы культуры тым або іншым чынам зазналі змены ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

— Сёлета мы пераводзілі сваіх навучэнцаў на дыстанцыйныя формы работы, выкарыстоўвалі, напрыклад, той жа Zoom, хаця, скажам, пры падрыхтоўцы харэографаў падобныя формы работы, на мой погляд, не надта прадуктыўныя, — кажа дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Ірына Махалёва. — Разам з тым, нам фактычна ўдалося адпрацаваць увесь год у рэальнай, а не ў віртуальнай прасторы — дыстанцыйнае навучанне ўводзілася ў нас толькі на тры тыдні, а ўжо дзяржаўныя экзамены мы прымалі ў аўдыторыях. Зразумела, з захаваннем сацыяльна бяспечнай дыстанцыі, пры праветрыванні памяшканняў і наяўнасці дэзінфекцыйных сродкаў.

Ва ўстанове ладзіліся і шматлікія мерапрыемствы, прымеркаваныя да знакавых дат. Напрыклад, сярод акцый, зладжаных да Дня Перамогі, супрацоўнікамі каледжа была зроблена віртуальная выстава твораў мастакоў і паэтаў на тэму “Жанчына і вайна”. А яшчэ навучэнцы ўстановы культуры цягам мінулых месяцаў неаднойчы (збольшага, дыстанцыйна) прымалі ўдзел у шматлікіх міжнародных конкурсах, на якіх заваявалі заслужаныя ўзнагароды. Напрыклад, Яўгенія Масленнікава атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Эстрадны вакал (сола)” на IV Міжнародным конкурсе мастацтваў “Art kids”, што прайшоў у Магілёве ў дыстанцыйным фармаце і сабраў больш за 500 канкурсантаў з Беларусі і іншых краін свету.

Не варта і казаць, што цяпер ва ўсіх каледжах сферы культуры з нецярплівасцю чакаюць пачатку прыёмнай кампаніі. Напрыклад, у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў прыём дакументаў ад абітурыентаў пачнецца з наступнага тыдня — з 20 ліпеня. Такі ж тэрмін прыёму дакументаў усталяваны і ў Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы.

— Сёлета, відаць, у нас будзе конкурс пры паступленні, — адзначыў “К” дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа Аляксей Саладухін. — Праўда, конкурс чакаем не надта вялікі, але, як вядома, талентаў многа не бывае. Да таго ж, мы звычайна ведаем сваіх абітурыентаў у твар, бо ладзім прафарыентацыйную работу яшчэ задоўга да іх паступлення ў нашу ўстанову, ездзім па школах Гродзенскай вобласці і ўжо на месцах знаёмімся з найбольш таленавітымі вучнямі мясцовых ДШМ.

Складаная эпідэміялагічная сітуацыя, па словах суразмоўцы, не надта паўплывала на якасць адукацыйнага працэсу, таму дыпломы выпускнікі атрымалі заслужана і своечасова. Разам з тым, у сувязі з наяўнай сітуацыяй, некаторым навучэнцам прыйшлося не толькі вучыцца, але і ўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах у дыстанцыйным фармаце.

Так, апошнім часам вучні Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа бралі неаднаразовы ўдзел у шматлікіх міжнародных конкурсах. Напрыклад, Ілья Мандрык атрымаў дыплом лаўрэата І ступені на XI Міжнародным дыстанцыйным конкурсе “DIGI-TALENTY. WIOSNA 2020” (г. Свідніца, Польшча). А яшчэ адзін навучэнец каледжа, Канстанцін Каскевіч, заваяваў такі ж дыплом лаўрэата І ступені на XII Міжнародным дыстанцыйным конкурсе “DIGI-TALENTY lATO 2020 (частка I)”, што ладзіўся ў гэтым жа польскім горадзе.

Дарэчы, ужо названы мной Ілья Мандрык нядаўна атрымаў дыплом лаўрэата I ступені на Міжнародным анлайн-конкурсе мастацтваў “Sweden Art Awards 2020” , які адбыўся 26 — 30 чэрвеня ў горадзе Крысціянстад (Швецыя). Так што юныя таленты ў Гродна з прапіскай у мясцовых каледжах — гэта, хутчэй, не выключэнне, а правіла.

Інтэрнат і інструменты

Акрамя творчых дасягненняў, у рэгіянальных каледжах дбаюць і пра матэрыяльна-тэхнічную базу. Напрыклад, у Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы імя Р. Шырмы сёлета не толькі святкуюць юбілей — 80 гадоў з часу заснавання ўстановы адукацыі, — але і парадуюць сваіх іншагародніх студэнтаў досыць пазітыўнай навіной. Так, у верасні ва ўстанове адукацыі з’явіцца ўласны інтэрнат. Як абяцаюць у адміністрацыі Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа, жыллём забяспечаць усіх ахвотных з ліку будучых і сённяшніх навучэнцаў.

Значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база і ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў. Па словах дырэктара ўстановы Ірыны Абдулаевай, да канца бягучага года ў каледжы стане значна больш аўдыторый для навучання.

— Згодна з планам мадэрнізацыі нашай установы ў нас у хуткім часе — недзе да канца бягучага года — з’явіцца надбудова — пяты паверх, — кажа Ірына Абдулаева. — Прычым, на гэтым пятым паверсе (зараз мы вучымся ў чатырохпавярховым будынку) будуць размешчаны не толькі вучэбныя аўдыторыі, але і малая канцэртная зала. Акрамя таго, калі казаць пра паляпшэнне нашай матэрыяльнай базы, дык сёлета ў нас з’явіліся сем новых фартэпіяна айчыннай вытворчасці, новыя баяны і гармонікі.

Усе гэтыя музычныя інструменты, па словах кіраўніка ўстановы, актыўна выкарыстоўваюцца як падчас заняткаў, так і творчымі калектывамі каледжа. Сярод іх ужо больш за дзесяць гадоў ажыццяўляюць сваю працу тры народныя калектывы (адзін з іх летась атрымаў званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”), вакальны ансамбль і Тэатр эстраднага танца.

Летась навучэнцы і супрацоўнікі каледжа прынялі ўдзел у больш чым 120 канцэртах, конкурсах і фестывалях, у тым ліку — і за мяжой. Але сёлета, як кажа Ірына Станіславаўна, многія запланаваныя міжнародныя паездкі і выступленні — ва Украіну, Прыбалтыку, Грузію — былі, на жаль, адмененыя з-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі. Разам з тым, выступленні ў Беларусі навучэнцаў каледжа працягваюцца даволі паспяхова. Напрыклад, зусім нядаўна на І Міжнародным шматжанравым конкурсе “Летняя хваля” Дыпломам лаўрэата І ступені была ўзнагароджана навучэнка ўстановы Юлія Атрашкевіч у намінацыі “народны вакал”.

Сёння ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў, як і ў іншых рэгіянальных каледжах Беларусі, усё падрыхтавана ў чаканні абітурыентаў.

— Мінулагодні план прыёму, як і штогод, на бюджэтныя месцы быў выкананы на 100 адсоткаў (конкурс у 2019 годзе склаў 1,5 чалавека на месца), — кажа Ірына Абдулаева. — Мяркую, што сёлета конкурс таксама будзе, хоць, можа, і крыху меншы, чым раней. Але, як кажуць, пажывем — пабачым.

Дарэчы, неспрыяльную эпідэміялагічную сітуацыю ў каледжы прайшлі з мінімальнымі стратамі: калі агульнаадукацыйныя дысцыпліны выкладаліся дыстанцыйна, дык практычныя заняткі ладзіліся ў “рэале” — у малакамплектных групах. І гэтая праца дала свой плён: усе выпускнікі атрымалі дыпломы згодна з высокім узроўнем сваіх ведаў.

Перамога за перамогай

Адна са старэйшых навучальных устаноў сферы культуры ў Беларусі — Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў — адсвяткаваў сёлета ажно 95 гадоў з часу заснавання! Лічба, пагадзіцеся, уражвае. Таксама станоўчыя ўражанні, па словах дырэктара ўстановы Ірыны Беляковай, былі і ва ўсіх прысутных на святочнай імпрэзе з нагоды юбілею, што адбылася ў Магілёўскім абласным тэатры яшчэ на пачатку года. На свяце пад назвай “Летапісу галоўныя старонкі” прысутнічалі ветэраны, выкладчыкі, былыя выпускнікі і сённяшнія навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

— Калі ж казаць пра ўступную кампанію, дык яна распачнецца ў хуткім часе, і мы яе вельмі чакаем, — кажа Ірына Белякова. — Тым больш, што сёлета мы парадуем сваіх навучэнцаў новым кірункам на спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” — будзем вучыць іх у новым навучальным годзе авалодваць не толькі сакрэтамі керамікі, вышыўкі, разьбы па дрэве, але і мастацкага саломкапляцення.

Але ж не вучобай адзінай жыве чалавек. Так, навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў зусім нядаўна прынялі ўдзел у святочнай праграме з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у складзе народнага харэаграфічнага ансамбля “Алеся” і Народнага хору народнай песні. А навучэнец каледжа Антон Мажарын заняў 2 месца ў намінацыі “Школа моды” са сваёй калекцыяй “MALEVICH.BY” на XXIX Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фота “Млын моды”. Мерапрыемства прайшло 30 чэрвеня ў канцэртнай зале Prime Hall у Мінску. Дадам, што ў фінале фестывалю-конкурсу было прадстаўлена 45 калекцый маладых беларускіх дызайнераў з усіх рэгіёнаў Беларусі, так што заняць прызавое месца ў гэтым прадстаўнічым форуме было вельмі складана і прэстыжна.

Не варта і казаць, што і ў іншых навучальных установах сферы культуры сёлета больш увагі аддавалі інтэрнэт-конкурсам, дасылаючы на адрас журы дэманстрацыйныя відэаролікі і прэзентацыі або ладзілі падобныя конкурсы самастойна. Так, у Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага з 20 мая па 7 чэрвеня быў праведзены IV Абласны адкрыты інтэрнэт-конкурс інструментальных і вакальна-інструментальных эстрадных і джазавых ансамбляў “Jazz-вясна — 2020”, у якім прынялі ўдзел не толькі навучэнцы каледжа, але і дзясяткі калектываў з усіх куткоў Брэсцкай вобласці і Беларусі. Так што, як бачна, творчая праца ў рэгіянальных каледжах Беларусі не спыняецца ні на адзін дзень і ладзіцца на самым высокім узроўні, нягледзячы нават на эпідэміялагічную сітуацыю.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"