Каб часткова адказаць на гэтае пытанне, дазволю сабе працытаваць ліст з Бабруйскага раёна. “Паважаная рэдакцыя! Вас непакояць з вялікай глыбінкі, з аграгарадка Міхалёва. Разумеем, гэта крыху не сціпла, але можа вы размесціце матэрыял пра выхаванцаў тамтэйшай ДШМ, — напісала настаўнік Аксана Кучынская. — Спяваюць у вёсцы ўсе, але асабліва — школьнікі. А дыстанцыйныя формы работы дазваляюць ім пашырыць межы і дэманстраваць таленты ў розных краінах і гарадах”. Пісаў неаднаразова і, відаць, яшчэ буду пісаць, што сціпласць у справе рэкламы творчых дасягненняў памочнік сумніўны. А для вакальнага гурта “Міхалёўскія пястухі” асноўным стымулам для перамогі ў дыстанцыйным конкурсе “Дон, які спявае” ў расійскім Растове-на-Доне стаў гонар за родны кут. Лепшай матывацыі для творчага поспеху і не прыгадаць. Прынамсі, для ўшанавання сваёй школы каву піць неабавязкова. Дастаткова верыць у сваю зорку, як гэта робяць Аня Канавальчык, Жэня Хаванская, Ксенія Зубрыкава і Дзіма Вяроўкін — лепшых вакалістаў ансамбля, якія здолелі зрабіць песню часткай душы. Вось і ўся творчая лабараторыя! Дарэчы, глыбінка — не прысуд, а гонар. Менавіта ў маленькіх вёсачках і зарадзілася ў свой час высокае народнае мастацтва. Берагчы такія вёсачкі, памнажаць іх славу і ведаць іх гісторыю — асноўныя складнікі тэхналогіі сучаснай беларускай творчасці. Не, я ніяк не супраць, калі пры гэтым творца навядзе глянец на свой абутак. Не будзе гэта пазалішнім, асабліва пры атрыманні афіцыйных узнагарод за поспехі.
Падчас майстар-класа многія спрабавалі вышыць арнамент “Багач”. І ў іх атрымалася, нават нягледзячы на тое, што іголку і канву яны трымалі ўпершыню. Справа ў тым, што “Багач” — сімвал дастатку ды добрага ўраджаю, гэта неацэнная спадчына, што дасталася нам ад продкаў. Ці ж можна было тут схібіць? Менавіта так прайшоў Дзень вышыванкі ў Карэлічах. Пра гэта паведаміла супрацоўнік аддзела метадычнай работы мясцовага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Аксана Януш.
“Конкурс вырабаў “Сімволіка Беларусі” прайшоў на Ваўкавышчыне, — распавядае загадчык аддзела пра правядзенні культурных мерапрыемстваў раённага Цэнтра культуры Ларыса Ланіна. — Лепшыя работы выканалі ў Шыловіцкім, Матвееўскім, Плебанаўскім, Ізабелінскім і Рэплеўскім Дамах культуры”.
Шэраг лістоў прысвечаны святкаванням Дня Незалежнасці нашай краіны.
З гэтай нагоды Мастоўская раённая бібліятэка, як паведамляе маркетолаг установы Вольга Коршун, наладзіла працу інфармацыйна-маладзёжнай пляцоўкі “Квітней і красуй, мая Беларусь!”
Шчучынская раённая бібліятэка імя Ц ёткі запрасіла ў чытальную залу не толькі пачытаць, але і пазнаёміцца з выставай “Лялька ў люстэрку часу”. Метадыст аддзела маркетынгу Настасся Дзедзіён сцвярджае, што сумяшчэнне кніжнага і не вельмі іншым разам дае вельмі станоўчы эфект у працэсе станаўлення чытацкага сяброўства з бібліятэкай. Вось вам яшчэ адна “таямніца” творчай бібліятэчнай кухні.
Рэдактар Полацкага РЦК Кацярына Паўловіч напісала, што да Дня Незалежнасці быў прымеракаваны раённы агляд-конкурс візітовак-прэзентацый сельскіх клубных устаноў. Першае месца заняў Азінскі СДК. Другое і трэцяе месцы падзялілі Зялёнкаўская, Багатырская і Завозерская, Фарынаўскя клубныя ўстановы.
У Мазалаве Дзень Незалежнасці адзначылі маштабным канцэртам. Пра гэта паведаміў Андрэй Струнчанка, якога можна смела называць летапісцам развіцця культуры Віцебскага раёна.
Урачыстай часткай свята ў Ашмянах стала акцыя “Пісьмо нашчадкам”. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Таццяна Мягкова звярнулася да будучых пакаленняў з заклікам захоўваць мір на Зямлі. Капсула са зваротам будзе захоўвацца ў краязнаўчым музеі да 2045 года.
А ў Лідскім замку тымі днямі прайшоў фестываль нацыянальных культур Лідчыны “Суквецце сяброўства”. Гэта пятнаццатае па ліку мерапрыемства.
Метадыст культурна-масавага сектара Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсяннікава напісала, што калектывы Палаца мастацтваў павіншавалі землякоў з Днём Незалежнасці ў прамым эфіры.
Вольга Камаркова паведамляе, што Дзень Незалежнасці для жыхароў аграгарадка Кублічы Ушацкага раёна стаў адметным: у цэнтры паселішча адкрыўся памятны знак “Яўрэйскае пасяленне - Кублічы”.
Святкаванні ў Карэлічах завяршыліся вялікім канцэртам. Працавалі таксама шматлікія фотазоны.
Шавулічы — Ваўкавыская Хатынь. Рэжысёр мясцовага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Настасся Шлома распавядае: “Трагедыя адбылася 7 ліпеня 1943 года. Карнікі спалілі 366 мірных жыхароў. Штогод на Купалле ў мемарыяльным комплексе “Шавулічы” адбываецца мітынг-рэквіем, які ладзяць супрацоўнікі РЦК”.
Адрадзіць нацыянальны касцюм — гэта як адрадзіць уласнае прозвішча пасля працяглай амнезіі. “Выздараўленне” тут — і стымул, і матывацыя, і найпершая прычына ганаровай самаідэнтыфікацыі. Менавіта пра гэта і піша вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава. “Нацыянальны касцюм, — падкрэслівае яна, — галоўны візуальны сімвал нацыянальнага вобраза беларуса. Ніводны прадмет не зможа даць тых сведчанняў пра чалавека, якія дае касцюм”. Чарговы праект установы па рэканструкцыі традыцыйнага касцюма і актуалізацыі яго ў сучаснай прасторы быў абвешчаны сёлета сярод клубных устаноў і майстроў вобласці. Абласны конкурс-выставу назвалі “Беларускі народны касцюм Магілёўшчыны”. Конкурс ладзіцца ў некалькі этапаў па намінацыях “Лепшы традыцыйны рэканструяваны касцюм” і “Лепшы этнакасцюм”. Да ўдзелу ў конкурсе прадстаўлена каля сарака работ — касцюмаў і калекцый.
Яшчэ адна навіна ад Андрэя Струнчанкі. Гэтым разам гаворка пра абласное дыстанцыйнае свята “Тэатральная вясна - 2020”. У мерапрыемстве бралі ўдзел калектывы мастацкай творчасці амаль з усіх раёнаў Віцебшчыны. Гран-пры атрымаў народны тэатр “Час” Цэнтра культуры Наваполацка (рэжысёр Алена Клопава).
Супрацоўнікі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа правялі ў гарадскім парку фальклорныя вячоркі “Купальскія напевы”. Пра гэта напісала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Слонімскай райбібліятэкі Наталля Гурская.
Нестандартна пастараліся адзначыць Купалле і ў Мастоўскім раёне. “Прыклад таму — Глядавіцкі сельскі клуб, — распавядае Настасся Збераноўская, — дзе абрадавая дзея стала брэндавым мерапрыемствам”. Ці варта згадваць, што стварэнне брэнда — адна з дзейсных тэхналогій дынамічнага развіцця рэгіянальнай культуры
І напрыканцы слова — спецыялісту Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяне Бычанок. “25 ліпеня пажарнай службе Беларусі спаўняецца 167 гадоў, — піша яна. — Цяпер цяжка ўявіць сабе краіну без службы выратавання. Яна змагаецца з пажарамі, ураганамі, паводкамі, выбухамі. Усіх выратавальнікаў — з прафесійным святам!”
Беражыце сябе! Вас натхняе на працу перакананне ў тым, што вы на вёсцы — першыя асобы. Вы — таксама выратавальнікі, толькі не ад агню, а ад кепскага настрою. Вы — выратавальнікі вёскі і вяскоўцаў.
Сустрэнемся праз тыдзень.