Раскоша “гуляць з агнём”

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

“Вось у гэтым пакоі, — распавядае дырэктар музея “Віцебскі цэнтр сучасных мастацтваў” Валянціна Кірылава, — паказваючы на нічым не прыкметныя з першага погляду дзверы з алюмініевай лічбай “восем”, — жыў Марк Шагал са сваё жонкай і дачкой Ідай. А вось у гэтым — суседнім — цясніліся Казімір Малевіч з Соф’яй Уладзіміраўнай. 20 красавіка 1920 года тут у іх нарадзілася дачка, якую яны назвалі Уна — па першых складах назвы Віцебскага мастацкага аб’яднання “УНОВИС” (абрэвіятура ад рускага: “утвердители нового искусства”), што арганізаваў Казімір Севярынавіч. Нічым не прыкметныя бляклыя сцены, высокая столь халоднага будынка. А між тым я знаходжуся ў “святая святых” сусветнага авангарда — колішнім Віцебскім вышэйшым народным мастацкім вучылішчы, якое ў 1918 годзе стварыў Марк Шагал, запрасіўшы працаваць да сябе выбітных мастакоў-сучаснікаў.

Нібыта хтосьці атуліў стары будынак сваімі крыламі, і дзіўным чынам дом-легенда захаваўся, “выжыў”, “прайшоўшы” праз Вялікую Айчынную вайну, пад час якой быў разбураны амаль увесь Віцебск. І вось я фатаграфую ляпніну на яго столі, калонах, разглядаю ўзоры на лесвічных парэнчах, якія засталіся яшчэ з той самай пары, калі апантаны УНОВИС рэпеціраваў тут на трэцім паверсе ў 1920 годзе супрэматычную оперу “Перамога над сонцам”…

 

Пісаць пра гэты будынак, у якім нарадзіліся творы, што стварылі славу многім музеям і галерэям свету, мяркую, можна і без нагод, але сёння мы маем дзве цудоўныя падставы ўспомніць яго гісторыю. Першая — будынак былога Віцебскага вышэйшага народнага мастацкага вучылішча, які быў ва ўласнасці Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, сёлета перададзены гарадскім уладам Віцебска. І другая: на мінулым тыдні зроблены першы ўклад у рэстаўрацыю легендарнай пабудовы. Музей “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”, што размесціцца тут, атрымаў грант на рэстаўрацыю вокнаў.
Вельмі доўгі час пра гісторыю гэтага будынка ніхто не ведаў. Беларускія даследчыкі атрымалі магчымасць агледзець славуты дом толькі ў 1991 годзе.
“А да гэтай пары нават віцебская інтэлігенцыя не ведала, што пабудова засталася”, — распавядае Валянціна Кірылава.

УНОВИС — сапраўдны “вулей”

Вышэйшае народнае мастацкае вучылішча, Майстэрні УНОВИСа, Вольныя мастацкія майстэрні, Мастацка-практычны інстытут — “зорныя часіны” трохпавярховага будынка па сённяшняй вуліцы Праўды прыпадаюць на 1918 — 1924 гады. Тады, у самым пачатку “зорнай” гісторыі, вуліца мела зусім іншую назву — Бухарынская, а сам дом, які сёння сціпла назавём халодным будынкам з вялікай гісторыяй, належаў зусім іншаму чалавеку — банкіру і аднаму з дырэктараў акцыянернага таварыства “Віцебскі трамвай” Вішняку і называўся ні больш, ні менш — “асабняком”.
Менавіта гэты будынак адстаяў упаўнаважаны калегіі па справах мастацтваў Віцебскай губерні Марк Шагал, дамогшыся вылучэння дома для Народнай мастацкай школы. Адстаяў — і стварыў з яго сапраўдны віцебскі “вулей”, выхаванцы якога ў рэшце рэшт перавярнулі ўяўленні мастацкага свету.

 /i/content/pi/cult/176/1732/Raskossa1.jpg

УНОВИС, чэрвень 1922 г. Стаяць (злева направа): І.Чэрвінка, К.Малевіч, Я.Раяк, Н.Коган, М.Суэцін, Л.Юдзін, Я.Магарыл; сядзяць (злева направа): М.Векслер, В.Ермалаева, І.Чашнік, Л.Хідзекель.

Першая кагортай у новастворанае віцебскае вучылішча па запрашэнні Шагала прыходзяць працаваць М.Дабужынскі, К.Багуслаўская, І.Пуні, Я.Цільберг, Ю.Пэн… Потым — В.Ермалаева, Л.Лісіцкі, Р.Фальк, А.Ром, Д.Якерсон… “Мара аб тым, каб дзеці гарадской беднаты, якія дома пэцкалі з любоўю паперу, далучыліся да мастацтва, ажыццяўляецца, — пісаў Шагал. — Мы можам сабе дазволіць раскошу “гуляць з агнём”, і ў нашых сценах прадстаўлены і функцыянуюць свабодна кіраўніцтва і майстэрні ўсіх напрамкаў: ад левага да “правых” уключна”.
Калі па запрашэннні Лазара Лісіцкага ў вучылішча прыходзіць Казімір Малевіч, школа ўяўляе з сябе добра падрыхтаваную глебу для выбуху, эксперыменту. З аднаго боку — акадэмічная адукацыя безумоўнага аўтарытэта Юдаля Пэна, з іншага — абсалютнае раўнапраўе ўсіх пунктаў погляду на мастацтва. Нават кіраванне школай ажыццяўлялася Калегіяй. На другі дзень пасля прыезду Малевіч чытае лекцыі, і яго тэорыі ды ідэі з вялікай цікавасцю ўспрымае таленавітая “акадэмія” (ужывём тут гэтае слова), каб потым “разрадзіцца” сваім творчым адказам.
У 1920 годзе пад сцягі УНОВИСа — сцвярджальнікаў новага мастацтва, “партыі супрэматыстаў-эканамістаў” — сталі ўсе аддзяленні Віцебскіх вольных мастацкіх майстэрняў за выключэннем адной акадэмічнай і адной скульптурнай (апошняя, дарэчы, “здалася” праз два месяцы). У гэтым годзе Шагал прымае кардынальнае рашэнне аб прадастаўленнні мастакам пакояў-майстэрняў у вучылішчы.
У адным з іх, як ужо адзначалася, нарадзілася Уна Казіміраўна Малевіч.

Горад кругоў і лётаючых людзей

Трэба адзначыць, што прыхільнікі цудоўнай утопіі хуткага пераўтварэння свету не толькі абмяркоўвалі ідэі нараджэння новых рэвалюцыйных мастацкіх форм, пісалі маніфесты, артыкулы, праводзілі даследаванні, выдавалі альманахі, часопісы, але і ўвасаблялі свае задумы ў жыццё. УНОВИС праектаваў, здаецца, усё: плакаты, сцягі, харчовыя карткі, шыльды, набіўкі для тканін, афармляў святы, канструяваў і распісваў трыбуны, інтэр’еры, нават трамваі і параходы. “УНОВИСаўцы” “выпрабоўвалі” супрэматызмам гарадскую прастору, змяняючы вакол сябе ўсё — вуліцы, сцены, транспарт, пабудовы. “Я трапіла ў Віцебск пасля Кастрычніцкіх урачыстасцей, — успамінае мастачка С.Дымшыц-Талстая, — але горад яшчэ “гарэў” ад афармлення Малевіча — кругоў, квадратаў, кропак, ліній розных колераў — і шагалаўскіх лётаючых людзей. Мне падалося, што я трапіла ў зачараваны горад, але, у той жа час, было ўсё магчыма і цудоўна, і віцябчане на той перыяд зрабіліся супрэматыстамі”. С.Эйзенштэйн, які таксама трапіў у Віцебск у тыя часы, быў узрушанысупрэматычным пераўтварэннем: “Тут галоўныя вуліцы пакрыты белай фарбай па чырвоных цаглінках. А па белым фоне разбягаюцца зялёныя кругі, аранжавыя квадраты, сінія трохкутнікі…”
Невядома, чым бы скончыўся гэты феерверк навацый, колераў, палётаў, калі б не… матэрыяльнае становішча, якое з кожным днём у вучэльні пагаршалася... У лютым 1922 года Віцебск пакідае Шагал. “Продаж мэблі быў праведзены з-за выключных абставін… Усе іншагароднія выкладчыкі вырашылі з-за голаду ўцякаць з Віцебска, — піша ў тлумачальнай даведцы Іван Гаўрус, які заняў пасаду рэктара ўжо пасля таго, як яе пакінула Вера Ермалаева. — …Інстытут у 1921 — 1922 гг. перажываў незвычайна цяжкія эканамічныя ўмовы. Выкладчыкі галадалі, у Малевіча з-за голаду развіліся сухоты. Былі прададзены неабходныя асабістыя рэчы.
Падтрымкі і інструктавання як ад “Галоўпрафорба”, так і “Губпрафорба” і прафорганаў не было. Інстытут быў кінуты на волю лёсу. Група кіраўнікоў Коган, Наскоў, Малевіч — разам з Ермалаевай збеглі ў Петраград, бо спадзявання на паляпшэнне матэрыяльнага становішча не было …”.

 /i/content/pi/cult/176/1732/Raskossa2.jpg

Так трывіяльна згасла “залатая творчая эра” будынка па вуліцы Бухарынскай. Але тыя напрацоўкі і ідэі, тыя творы, што былі ўвасоблены рознымі мастакамі пад час існавання Вольных майстэрняў і навучальнай мастацкай установы ў Віцебску, дзе, дарэчы, адбыўся ўсяго адзін выпуск, з’яўляюцца гонарам і ўпрыгожаннем мастацкіх галерэй і музеяў свету.
Менавіта гэтыя галодныя, халодныя і незабыўныя тры-чатыры гады пад дахам былога асабняка банкіра Вішняка вызначылі далейшы лёс кожнага з мастакоў-рэвалюцыянераў. У цэлым жа, ні больш, ні менш — далейшы лёс самога мастацтва.

Вярнуць сваё імя

Нарэшце, пасля доўгіх гадоў забыцця славуты дом вяртае сваё імя і, спадзяёмся, прызначэнне. У 1999 годзе на будынку была ўстаноўлена памятная дошка, прысвечаная падзеям 1918 —1924 гг., сёлета Міністэрства архітэктуры і буданіўцтва краіны аддае памяшканні дома-сведкі і ўдзельніка вялікіх спрэчак і вынаходніцтваў пад музей (да гэтага часу ў ім размяшчаўся вылічальны цэнтр).
Дык якой жа будзе канцэпцыя новай установы?
— За апошнія гады нас наведала столькі даследчыкаў з Расіі, Францыі, Германіі, ЗША, што мы разумеем: аднаўленне гэтага дома — не толькі лакальная задача, — кажа дырэктар Музея “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”, установы культуры, якая была сфарміравана ў 1998 годзе з мэтай аднаўлення гісторыі будынка па вуліцы Праўды, а таксама стварэння базы для падтрымкі і развіцця новага пакалення мастакоў на аснове віцебскай школы авангарда. — Па сутнасці, аднаўленне і рэстаўрацыя гэтага дома — устанаўленне справядлівасці вышэйшага парадку. Яго творчая спадчына, якая да вайны і ў наступныя гады разляцелася па ўсім свеце, стаўшы асновай для стварэння музеяў і значных сусветных комплексаў, усё роўна мае карані тут. І таму, падаецца, у гэтым будынку мусіць быць шматфункцыянальны музейны комплекс з усім цыклам наватарскіх ідэй: інфармацыйных, аналітычных, выдавецкіх… Чалавек, які ў яго прыйдзе, па-першае, даведаецца пра гісторыка-культурную спадчыну дома, па-другое, пра лёс людзей, якія жылі і працавалі тут… Гэты аспект не менш драматычны, чым уласна творчасць мастакоў: многія з іх у перыяд 1933 — 1937 гг. былі рэпрэсіраваны, хтосьці — расстраляны, але іх спадчына захавалася. У самыя страшныя часы знаходзіліся людзі, якія захоўвалі іх работы, дакументы, часам рызыкуючы сваім жыццём. Для нас вельмі важна паказаць гэтыя экспанаты.

 /i/content/pi/cult/176/1732/Raskossa3.jpg

Другі момант — працэс спасціжэння гісторыі, пра якую мы з вамі гаворым,— працягвае Валянціна Кірылава, — ужо сёння яна мае свой працяг. Творчае аб’яднанне “Квадрат” — аб’яднанне дзесяці віцебскіх мастакоў, якое імкнулася вярнуць гэты дом, дом Шагала, якое ладзіла выстаўкі ў пачатку 90-х, што па першым часе забараняліся, а потым сталі гонарам Беларусі — іх творчая спадчына з’яднала мінулае і сапраўднае, стала ніткачкай не капіравання, а менавіта развіцця мастацкіх ідэй.
Сёння ў мастацкім выхаваннні Віцебска існуе аўтарская праграма, якая дазваляе не проста ўсвядоміць пэўныя творы сучаснага мастацтва, а спасцігнуць менавіта гэты ланцужок: як адбылося, што ад акадэмічнага руху пайшлі супрэматычныя, кубісцкія, футурыстычныя ідэі, якім чынам мы сёння прыходзім да разумення бясконцай прасторы, якую асэнсоўвалі нашы папярэднікі. Дыялог часу, накірункаў, асоб — вось канцэпцыянашага музея. Разам будуць адбывацца музеефікацыя гістарычнай тэрыторыі і стварэнне Цэнтра сучаснага мастацтва, які кіруецца прынцыпамі дыялога і стваральнасці.

Эксперымент плюс акадэмізм

У бліжэйшых планах віцебскіх гарадскіх улад — рэстаўрацыя будучай тэрыторыі эксперыментальнай і акадэмічнай творчасці. “Гэты будынак мусіць стаць адной з “разыначак” горада, — гаворыць начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Віктар Кібісаў падчас афіцыйнай цырымоніі ўручэння гранта, — ён мае такую гісторыю! І пасля сваёй рэстаўрацыі здолее прывабліваць турыстаў з усяго свету”.
Часовы Павераны ў справах ЗША ў рэспубліцы Беларусь Джонатан Мур, уручаючы дырэктару музея пераможны сертыфікат на атрыманне гранта для рэстаўрацыі вокнаў будынка, пацвердзіў думку начальніка аддзела культуры, прызнаўшыся, што першым горадам Беларусі, пра які ён дазнаўся, быў менавіта Віцебск — радзіма Марка Шагала.

У баку ад абмеркаванняў мастацкай спадчыны віцебскай калыскі сусветнага авангарда не застанецца і “Культура”, якая, пачынаючы з 1993 года, прысвяціла не адзін артыкул пачынальнікам новага мастацтва ў горадзе над Заходняй Дзвіной. Якім быць музею? Як удасканаліць яго канцэпцыю, каб зрабіць будынак Віцебскага вышэйшага народнага мастацкага вучылішча нават не адной з “разыначак” горада, а сапраўды Мекай турызму, абмяркуем у бліжэйшых нумарах “К”.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ