Пін-код да оперы “Пінокіё”

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі даўно пачаў рыхтавацца не толькі да новага сезона, але і да навагодніх святаў. Перад сыходам у адпачынак тут былі прыняты макет і пастаноўчая канцэпцыя дзіцячай оперы “Пінокіё” сучаснага нямецкага кампазітара Глорыі Бруні. Прэм’ера спектакля, які паставіць малады рэжысёр Наталля Бараноўская, запланавана на канец снежня.

/i/content/pi/cult/807/17319/012.jpgПакуль мы лепей ведаем “Бураціна” — казку Аляксея Талстога, якая за савецкія дзесяцігоддзі была растыражавана не толькі ўсё новымі кніжнымі выданнямі, але і шматлікімі ўвасабленнямі ў іншых відах мастацтва, уключаючы тэатр і кіно. Пры гэтым неяк не было прынята даводзіць, што ўсё гэта было створана ў свой час “па матывах” казкі “Прыгоды Пінокіё: гісторыя драўлянай лялькі” італьянскага пісьменніка і журналіста ХІХ стагоддзя Карла Калодзі. Перакладзеная на 87 моў, яна добра вядома ў свеце. Перакладалася і на рускую — яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. У савецкія ж дзесяцігоддзі ўпершыню была надрукавана ў 1959 годзе — і зноў забыта да перабудовы, калі пачаліся яе новыя выданні.

Больш за дзесяцігоддзе таму “Пінокіё” ставіўся Алегам Жугждам у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек — як прадстаўленне артыстаў італьянскай камедыі масак. Каля двух гадоў аднайменны спектакль ідзе ў нашым ТЮГу, ажыццёўлены Віталем Баркоўскім паводле версіі Жаны Лашкевіч, дзе падзеі перанесены ў сучаснасць і пададзены скрозь прызму актуальных экалагічных праблем.

/i/content/pi/cult/807/17319/013.jpgНаталля Бараноўская, сёлетняя выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, акцэнтуе ў сваім будучым оперным спектаклі іншае — тэму выхавання чалавека, гісторыю пра тое, як лялька становіцца чалавекам. Памылкі героя даюць яму магчымасць стаць лепей, і ён прыходзіць да разумення неабходнасці ахвяраваць сабой у імя іншага чалавека. На думку рэжысёра, менавіта гэта робіць з лялечнага Пінокіё сапраўднага хлопчыка, якога, у сваю чаргу, выратоўвае ад смерці Фея: казкі павінны заканчвацца добра.

Ідэя ператварэння драўлянага чалавечка ў жывога сына майстра-вынаходніка Джэпета была ў арыгінале К.Калодзі. Але там яна абгрунтоўвалася іначай — праз тое, што Пінокіё пачынае дапамагаць хвораму бацьку, многа і цяжка працуе, каб штодзень прыносіць яму выратавальны кубак свежага малака: “Дзеці, якія дапамагаюць бацькам у нястачы і хваробе, заслугоўваюць вялікага ўхвалення і вялікай павагі, нават калі яны не з’яўляюцца ўзорамі паслухмянства і добрых паводзінаў”. Рэжысёр зрабіла сваю рэдакцыю — і казкі, і оперы, нават падключыла да гэтага кампазітара, вымусіўшы дапісаць некаторыя старонкі. І адказала на мае пытанні пра тое, як невядомая ў нас опера патрапіла да яе.

— Гэты музычны матэрыял, — распавяла Наталля Бараноўская, — яшчэ ў час вучобы прапанавала мне прафесар Маргарыта Мікалаеўна Ізворска-Елізар’ева, у класе якой я займалася. Опера неаднаразова ставілася ў тэатрах Германіі, Іспаніі, заўжды вельмі добра прымалася публікай. Але я вырашыла крыху больш адаптаваць яе для нашых дзяцей. Гэта тычыцца не толькі вершаванага перакладу (а ўсё будзе спявацца, зразумела, па-руску). Я ўнесла ў оперу хрысціянскі матыў самаахвяравання, якога не было ў лібрэта. Разам з дырыжорам Уладзімірам Авадком мы змянілі драматургію, штосьці скарацілі. Змянілі фінал першай дзеі, зрабілі яго больш драматычным, каб дзеці пахваляваліся за галоўнага героя. Але і пакінулі надзею, што ўсё павінна скончыцца добра.

— Усе гэтыя змены, — дадаў Уладзімір Авадок, — удакладняліся з аўтарам. Мы перапісваліся з Глорыяй Бруні, звязваліся з ёй анлайн. Яна заўжды ішла насустрач, улічвала нашы прапановы: змяшаны хор перарабіла ў дзіцячы, каб гэтыя партыі маглі выконваць удзельнікі Дзіцячай студыі тэатра. Новы фінал першай дзеі яна яшчэ сачыняе, да падвойнага аркестравага складу хоча далучыць дадатковыя інструменты. У астатнім — дастаткова працяглую ўверцюру мы ператварылі ў невялікі ўступ, скарацілі ўсю надта складаную музыку. Увогуле ж, спектакль будзе разгортвацца як паступовы пераход ад зінгшпіля з размоўнымі дыялогамі да ўсё большай опернасці. Гэта дапаможа дзецям увайсці ў новы для некаторых жанр.

Знаёмячы членаў мастацкага савета з будучым спектаклем, рэжысёр Наталля Бараноўская сама праспявала некаторыя нумары. У якасці “чалавека-аркестра” выступіла канцэртмайстар Марыя Токар.

Мяркуючы па зробленым макеце і намаляваных эскізах касцюмаў, казка прыйшлася па душы і мастаку Любові Сідзельнікавай. Спектакль абяцае стаць, да ўсяго, вельмі прыгожым. Там павінны быць цікавыя відэапраекцыі — накшталт Краіны цудаў, што з’яўляецца з пяску, для чаго запрошаны таксама мастак-мультыплікатар. Павінны быць і шматлікія ўласна сцэнічныя цуды, якія, безумоўна, уразяць маленькіх гледачоў. Як вам, да прыкладу, такі эпізод? Пясочны Чалавек, які стане галоўным антаганістам добрых сіл, адкрывае свой чамаданчык. У яго адзін за адным улазяць дзеці, хаваюцца там. А як назбіраецца іх дастаткова, Пясочны Чалавек зачыняе замок і цягне той чамадан з сабой.

Плануюцца і інтэрактыўныя моманты. А менавіта — музычныя, цыркавыя выступленні пасярод глядзельнай залы, якія актывізуюць увагу і заўжды горача падтрымліваюцца публікай.

Не засумуюць і дарослыя, убачыўшы шмат новых нечаканых дэталяў. Той жа Джэпета — правобраз таты Карлы — паўстане гэткім Леанарда да Вінчы: у сцэнаграфіі зроблены спасылкі на навукова-вынаходніцкую творчасць знакамітага майстра эпохі Адраджэння.

Дарэчы, імя Карла, добра вядомае па “Бураціна”, мае самае непасрэднае дачыненне і да “Пінокіё”. Справа не толькі ў тым, што так звалі аўтара італьянскай казкі (Калодзі — гэта яго псеўданім, сапраўднае прозвішча — Ларэнціні). Так звалі, як высветлілася, рэальнага майстра, які на мяжы ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў выпілаваў драўляныя дэталі рэальнага… Пінокіё. Так-так, казачны герой меў свой чалавечы правобраз — менавіта з такім імем. Рыхтуючы гэты матэрыял, знайшла цікавую інфармацыю (вядома, інтэрнэту не заўсёды трэба верыць, тым не менш). Аказваецца, жыў калісьці хлопчык Пінокіё Санчас, які пакутаваў на затрымку росту. Застаўшыся карлікам, пайшоў у войска барабаншчыкам. Вярнуўся з вайны без ног, са зламаным носам, іншымі калецтвамі. І нейкі Карла Бестульджы зрабіў яму такія выдатныя пратэзы, што той стаў выступаць на кірмашах, здзіўляючы народ сваім драўляным целам і цыркавымі трукамі. Баюць, падчас аднаго з такіх выступленняў і загінуў. Ці ведаў пра тое пісьменнік? Канешне. Ён нарадзіўся на 60 гадоў пазней за Пінокіё, але быў пахаваны непадалёк ад свайго героя, якому падарыў неўміручасць.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"