Сузор’е твораў і постацей

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

У сталічным Палацы мастацтва зараз адбываюцца чатыры выставы - “Мастакі Бабруйска”, «У сузор’і Пагоні», “Беларусь. Яднанне” і персаналія графіка Васіля Баранава. Першыя дзве прымеркаваныя да юбілеў. І творчай суполцы “Пагоня”, і Бабруйскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў споўнілася па трыццаць гадоў. “Беларусь. Яднанне” магла б мець статус юбілейнай, каб адбылася летась, калі споўнілася восемдзясят гадоў уз’яднання заходняй часткі нашай краіны з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Але летась арганізаваць мастакоў не атрымалася. Так што выстава афіцыйна прысвечана 81-й гадавіне вялікай гістарычнай падзеі, але “ў падтэксце”, у падсвядомасці — леташні юбілей вялікага ўз’яднання.

/i/content/pi/cult/807/17318/010.jpgЮбілей — гэта заўжды падвядзенне вынікаў, асэнсаванне зробленага за пэўны перыяд. На прэс-канферэнцыі, што адбылася перад вернісажам і на самім адкрыцці выставы старшыня Бабруйскай арганізацыі БСМ Валерый Калтыгін гаварыў аб праблемах, якія ёсць у арганізацыі, і як гэта адбіваецца на культурным стане горада. Мастакоў у Бабруйску няшмат, усяго дзесяць чалавек — гаворка ідзе пра тых, хто мае падцверджаны статус прафесіянала, а не пра аматараў з наяўнасцю творчых здольнасцяў. Прытоку творчых кадраў няма. Выстава ж мае мэтай паказаць у сталіцы той творчы патэнцыял, што назапашаны ў Бабруйску за трыццаць гадоў і адначасова ўшанаваць памяць творцаў, што сышлі з жыцця. Гэта Эдуард Белагураў, Юрый Нікіфараў, Уладзімір Дамарад, Уладзімір Рубцоў, Антон Ясюкайць. Іх творчасць сведчанне таго, што ў Беларусі няма культурнай правінцыі, што і ў рэгіёнах магчыма паўнавартаснае мастацтва. Сёння плённа працуюць жывапісцы Анатоль Концуб і Алег Савічаў, графікі Сямён Абрамаў і Уладзімір Самачарнаў, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Валерый Калтыгін, Іріна Кустава, Таццяна Арасланава, Таццяна Карчажкіна.

Кожны з пералічаных ці неўзгаданых удзельнікаў выставы па-свойму цікавы, але асобна скажу пра Юрыя Нікіфарава. На сёння гэты творца недаацэнены. Калі ягонае майстэрства прыцягвае ўвагу адразу, дык глыбінны сэнс ягоных твораў патрабуе ад гледача інтэлекту і дасведчаннасці не толькі ў пытаннях мастацтва. На маю думку, творца такога маштабу мусіць быць прадстаўлены вялікай выставай у Нацыянальным мастацкім музеі.

За трыццаць гадоў суполка “Пагоня” правяла мноства і пленэраў, не аднойчы выступала з культурніцкімі ініцыятывамі, што мелі шырокі грамадскі розгалас. Дзейнасць суполкі, накіраваная на папулярызацыю нацыянальнай гісторыі і фармаванне нацыянальнай ідэі, паспрыяла асэнсаванню беларускім грамадствам уласнай гістарычнай памяці, ідэнтыфікацыі нацыі, умацаванню духоўнага суверэнітэту Беларусі. У адрозненне ад іншых творчых аб’яднанняў, дзе мастакі групуюцца паводле стылёвых прыярытэтаў і эстэтычных канцэпцый, сяброў суполкі яднае стаўленне да дзяржаўнай незалежнасці як нашай найвышэйшай каштоўнасці. Менавіта таму ў ёй сабраліся творцы не падобныя адзін да аднаго, якім у іншай сітуацыі было б даволі цяжка паразумецца. Вось і на гэтай выставе суполку прэзентуюць семь вельмі розных мастакоў — Пётра Багданаў, Вольга Бычко, Анатоль Волкаў, Алег і Алена Карповічы, Віктар Мікіта, Юрый Піскун. Гэта творцы маладзейшай і сярэдняй генерацыі суполкі, якія сёлета адзначаюць свае юбілейныя даты. Семь невялікіх персаналій, з якіх складаецца вобраз краіны з годнай даўняй гісторыяй і духоўна насычаным сённяшнім днём. Асабіста для мяне ў кантэксце выставы адкрыццём сталі акварэлі Алены Карповіч. Ведаў, што такая мастачка ёсць, але яе справа неяк была ў ценю творчасці яе мужа — выдатнага майстра гратэску, што як ніхто іншы ў нашай краіне ўзняў малюнак на газетнай паласе ці на старонцы часопіса на ўзровень высокага мастацтва, зразумелага і дасведчаным адмыслоўцам, і паспалітым людзям. А тут відаць, калі работы Алега і Алены выстаўлены побач, што ў творчым сэнсе яны вартыя адзін аднаго.

/i/content/pi/cult/807/17318/011.jpgВасіль Баранаў, сябра гэтай жа суполкі, уласнай персанальнай выставай відавочна здзівіў прыхільнікаў свайго таленту. Мы ведаем яго як майстра графікі брутальнай стылістыкі і арыгінальнага мыслення, здольнага перадаваць настраёвасць праз умоўную матэрыяльнасць. А тут адкрылася жывапісная іпастась ягонай натуры. Зноў жа на мяжы матэрыяльнасці і настраёвасці.

Прэзентаваная гледачу “Беларусь. Яднанне” нагадвае пра падзеі больш як 80-гадовай даўніны. Адносна трактоўкі 17 верасня 1939 года найбольш актыўна дыскутуюць у суседніх краінах, між тым як голаса беларусаў, якіх тыя падзеі датычаць непасрэдна, нібыта і не чуваць. Між тым, праз мастацкую акцыю нагадваем, што нам неабыякавая наша гісторыі, і што б ні казалі замежнікі пра 17 верасня, для нас гэта дата сімвалізуе аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Гвалтоўна раз’яднаны народ у 1939 годзе наноў сабраўся ў нашай беларускай хаце, пад нашым беларускім дахам. У выставе бяруць удзел жывапісцы Андрэй Дубінін, Віктар Мікіта, Глеб Отчык, Юрый Піскун, графік Рыгор Сітніца, скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія, Павел Вайніцкі, Сяргей Аганаў, Марыя Тарлецкая, мастакі-прыкладнікі Вольга Рэднікіна, Ала Непачаловіч, Алена Обадава, Валерый Калтыгін. Апошні паспрыяў таму, што экспазіцыя атрымала і міжнародны чыннік, бо тэму аб’яднання ён прапанаваў для творчай распрацоўкі мастакам з іншых краін, што бралі ўдзел у апошнім пленэры “Арт-Жыжаль”. Гэтыя творы таксама прадстаўлены ў Палацы.

Асноўная ідэя, якой кіраваліся ўдзельнікі выставы — гэта тое, што ў верасні 1939 года Беларусь набыла ў тэрытарыяльным, дэмаграфічным, культурным і духоўным сэнсах тую крытычную масу, якая дазволіла нацыі выстаяць у віхуры мінулага стагоддзя, урэшце стаць цалкам суверэннай дзяржавай.

Фота аўтара і Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"