Interstellar Івана

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Выпускнік БДАМ стварыў поўнакупальнае кіно
Ліпеньскі прахалодны вечар. Я іду на адмысловы паказ дыпломнай работы выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Івана Гапіенкі - “Мары зорак”. Куды б вы думалі? У Мінскі планетарый, дзе нада мной на купале разварочваецца відовішчны папулярны нарыс пра піянераў касмалогіі: Капернік, Бруна, Эйнштэйн, Цыялкоўскі ды нават Стывен Хокінг... “Мары зорак”, стрымана і няспешна трымаючыся лінейнай апавядальнай гісторыі, месцамі “выдаюць” уражальныя панарамы, візуальныя атракцыёны, ну а віды зорнага неба ўвогуле прымушаюць гледача яшчэ вышэй задраць галаву. “Канешне, хацелася б, каб зор было яшчэ больш, але мы ўжо не паспявалі па часе”, — удакладняе аўтар, а між тым анімацыйная работа Івана Гапіенкі доўжыцца каля 17 хвілін.

Вядома, гэты крок варты ўвагі — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Мінскі планетарый два гады таму заключылі дамову аб супрацоўніцтве. Прычым, што цікава, фільмы на адпаведную тэматыку пачалі рабіць студэнты факультэта дызайну — менавіта кіраўніцтва апошняга выступіла з ініцыятывай такога эксперыменту. Як вынік — сёлета плён супрацоўніцтва дзвюх інстытуцый здолее ўбачыць не толькі прафесура. У кастрычніку “Мары зорак” Івана Гапіенкі ды “Дрэва жыцця” Мікіты Бур’яка, ужо выпускнікоў БДАМ, будуць паказаны ў рамках праграмы ІІІ Мінскага міжнароднага фестывалю паўнакупальнага кіно.

/i/content/pi/cult/807/17316/1112.jpg

Аднак, варта адзначыць, што наш сённяшні герой — рэжысёр-аніматар Іван ГАПІЕНКА — чалавек у стварэнні кіно пра зоркі не выпадковы. Летась у прасторы Оk16 малады кінематаграфіст прэзентаваў публіцы свой самастойны анімацыйны праект “Караўлества зорак”. (І фільм за гэты час ужо стаў пераможцам і лаўрэатам шматлікіх міжнародных фестываляў). А ў 2016 годзе яго касмічная ўрбан-стужка “Дзеці будучыні спяць” была прызнана лепшай у адпаведнай намінацыі на фестывалі “Бульбамуві”, ды не прайшла незаўважнай на Міжнародным фестывалі ў Суздалі. Пры гэтым Іван, нагадаю, не выпускнік анімацыйнага аддзялення, а дызайнерскага. Падобная акалічнасць, пагадзіцеся, правакуе на пытанне.

— Іван, як так сталася: вы, з вялікім азартам робячы анімацыйныя праекты, усё ж вучыліся на дызайнера?

— На дызайнера віртуальнага асяродка, калі быць дакладным. Усё вельмі проста. У той час, калі я скончыў гімназію-каледж мастацтваў — гэта мая першая адукацыя, у Акадэміі мастацтваў не было набору на анімацыю. Таму я паступіў на факультэт дызайну, таму што там была анімацыя па спецыяльнасці дызайн віртуальнага асяродка.

— У прынцыпе, блізка.

— Так. Лічу, што гэта быў добры крок, бо я атрымаў інструментарый, з дапамогай якога магу ствараць камп’ютарную анімацыю — і 2D, i 3D. А дзякуючы адукацыі ў гімназіі-каледжы, графіка і жывапіс для мяне не далёкія рэчы — я ўмею і люблю ў іх працаваць. Таму зараз магу нават выбіраць, у якой тэхніцы рабіць фільм. Ды, шчыра кажучы, мне падабаецца спалучаць розныя прыёмы. Да прыкладу, у “Каралеўстве зор” я выкарыстоўваў і графіку, і 2D.

/i/content/pi/cult/807/17316/1114.jpg

"Каралеўства зорак"

— Але вы далей дакладна звяжаце сваё жыццё з анімацыяй?

— Безумоўна. Здаецца, я толькі скончыў вялізны фільм, а ўжо сёння думаю пра сваю наступную работу. Некалькі дзён таму прывідзіўся сон — і я ўжо ўяўляю, што з гэтай мроі можа атрымацца.

— Ведаючы вашы папярэднія аўтарскія работы - “Дзеці будучыні спяць” і “Каралеўства зорак”, якія акурат вылучаюцца несупынным рухам, нечаканымі візуальнымі вобразамі, больш асацыятыўным шэрагам чым у вашай дыпломнай карціне “Мары зорак”, што зроблена ў больш простым, наратыўным ключы, не магу ўтрымацца ад пытання: ці свядома вы ішлі на такі ход? Вам было цікава паспрабаваць сябе ў папулярным кіно?

— Варта ўлічваць, што нам была пастаўлена задача. Планетарый акрэсліў тэмы, якія цікавыя інстытуцыі, і я абраў расповед пра касманаўтыку, пра асоб, што напрацягу вякоў вывучалі космас і рабілі адкрыцці ў адпаведных навуках — астраноміі і касмалогіі. Прызнацца, прыйшлося сябе ў пэўных момантах стрымліваць, але зрабіць падобнае асветніцкае кіно, разлічанае на вялікую аўдыторыю, мне было цікава. Тым больш, што гэта паўнакупальны фільм, разабрацца, як ён ствараецца — таксама выклік.

/i/content/pi/cult/807/17316/1115.jpg

"Каралеўства зорак"

 — Сапраўды! Я нават не зусім уяўляю, як у такім кіно робіцца раскадроўка.

— У сцэнарыі мы прыдумалі некалькі лакацый, дзе будзе адбывацца дзеянне: храм Старажытнай Грэцыі, сярэднявечныя будынкі, сучасная абсерваторыя... Я маляваў схему, на якой пазначаў месцазнаходжанне камеры на гэтых лакацыях. Патлумачу: у нас камера ў фільме рухаецца не толькі па гарызанталі, але і па вертыкалі, раскрываючы прастору дзеяння. Рабіў схемы ў першую чаргу для каманды — са мной працавалі студэнты трэцяга курса.

Таксама падчас працы над карцінай мы рабілі шмат тэстаў. Уводзім які-небудзь элемент — тэстуем. Правяраем, як гэта спалучаецца з іншымі часткамі, у цэлым, як глядзіцца на купале. Лічу, што ў нас і атрымалася зрабіць такое вялікае кіно за такі кароткі тэрмін — пяць месяцаў, бо мы ўвесь час трымалі тэмп.

— Удакладню: вы кожны тыдзень рабілі такія рабочыя прагляды зробленага ў планетарыі?

— Менавіта. І супрацоўнікі ўстановы заўжды ішлі мне насустрач. У час візітаў, да слова, давялося шмат дазнацца пра наш планетарый.

— Але ў вашым фільме вы выкарыстоўваеце зорныя прасторы, захаваныя з дапамогай спадарожніка?

— Гэта адмысловая праграма Space Engine, віртуальны сімулятар Сусвету. Праграма заснавана на рэальных навуковых даных, Сусвет там выяўлены такім, якім ён лічыцца ў навуцы. У ёй можна даследаваць самыя розныя зоркі, нават Галактыкі. І каб вольна праз праграму “падарожнічаць”, а потым скарыстацца выявамі зорак дзеля фільма, я набыў права на яе выкарыстанне.

— Іван, прызнацца, упершыню бачу мастака, якому б настолькі была цікавая будучыня і касмічныя прасторы. Можа быць, у дачыненні “Мары зорак” тое не зусім відавочна, але “Каралеўства зорак”, “Дзеці будучыні...” дэманструюць вас як творцу, якому цікава ўяўляць, фантазіраваць, зазіраць наперад...

— Прычым атрымоўваецца гэта неяк падсвядома (усміхаецца). Я чалавек, які і сапраўды любіць чытаць пра адкрыцці, science fiction, усё гэта ёсць. І калі я рабіў свой першы мультфільм, мяне цікавіла магчымая трансфармацыя чалавека ў будучыні. Але такія фантазійныя зорныя гісторыі ўзніклі ўжо пазней, у “Каралеўстве...” Дарэчы, магу зазначыць, што ў мінулым годзе я працаваў на фільме Ірыны Кадзюковай “Дантэ. Беатрычэ”, і таксама ў полі маёй увагі было зорнае неба. Нейкае дзіўнае супадзенне (смяецца).

Усё гэта здараецца не тое каб асэнсавана, а хутчэй — збег абставін, які, тым не менш, дэманструе некаторую маю схільнасць да складаных, філасофскіх пытанняў, да сэнсавых і эмацыйных парадоксаў.

У цэлым, анімацыя для мяне — гэта тая прастора, у якой няма межаў. Вы можаце пераствараць яе як заўгодна. У адрозненне ад ігравога кіно, якое ўсё ж такі больш-менш абапіраецца на рэальнасць і вымушана з ёй лічыцца, у выпадку з анімацыяй можна прыдумаць што заўгодна, патрапіць куды заўгодна. Гэта такая мая ўстаноўка, якая, магчыма, і натхняе на далёкія сусветы і часы.

— Ваша “Каралеўства зорак” пакінула на мяне надзвычай моцнае ўражанне. Хоць, мяркую, не кожны глядач здолее сказаць, што зразумеў усё, што адбывалася ў фільме.

— І я часта чую такі дакор. Прызнацца, “Каралеўства зорак” — была тая яшчэ эпапея. Я рабіў гэту стужку адзін чытыры гады — і нельга сказаць, што яна мяне не выматала. Аднак мне было важна ўсё зрабіць самому — у выніку, зараз я больш упэўнены ў сваіх сілах.

Магу зразумець гледача, якому складана разабрацца ў гісторыі. Аднак мне не хацелася рабіць яе простай: там ёсць наратыў, але ён раскрываецца праз візуальны шэраг, які складаецца як мазаіка. Я не адразу знаходзіў выяўленчыя рашэнні. Вельмі перажываў наконт хадоў. Гэтая карціна — кіно-пытанне. Мяркую, праз “Каралеўства зорак” я канчаткова і зразумеў, чаго хачу ад анімацыі. Памятаеце, у фільме ёсць сцэна, якая нібыта ні з чым не звязана, калі з-за гарызонту з’яўляецца істота і глядзіць напроўст на гледача?

— Так. Такі страшны і дзіўны момант.

— Там ёсць пэўны стан, які і схоплівае публіка. І вось гэта мне больш за ўсё і падабаецца — анімацыя, на маю думку, і мусіць перадаваць станы.

Зараз, у прыватнасці, мяне захапляе таксама катэгорыя часу. Вы заўважалі, што для кагосьці час цягнецца марудна-марудна, а ў гэты момант для іншага ён пралятае як адно імгненне? Я хацеў паразважаць над адноснасцю часу ў адной са сваіх будучых стужак.

Я зараз выглядаю такім арт-хауснікам, але, прызнацца, не адмаўляю анімацыі і ў магчымасці расказваць простыя гісторыі.

/i/content/pi/cult/807/17316/1113.jpg

"Мары зорак"

— Што цікава, звычайна аўтар абірае пэўную часавую прастору, каб паразважаць над сённяшнім днём. Вы ж у тым жа “Каралеўстве зорак” выкшталцона аддаецеся выдумцы. Для вас істотная сувязь з сучасным днём?

— Цікавае пытанне. Усё ж сучаснасць — яна таксама ў фільме ёсць. Я жыву ў ёй — а значыць яна падсвядома “прарываецца” ў мае творы праз мову вобразаў. “Каралеўства зорак” — яно таксама пра сённяшніх нас, проста гэта інакш расказана. Але ў плане аповеду, вы маеце рацыю, я імкнуся кудысьці далей, пазбягаючы простых шляхоў: альбо ўправа, альбо ўлева, толькі не па цэнтры (смяецца).

— Прапаную цяпер трошкі зазямліцца. Якім вы бачыце далейшы ваш шлях? Якім чынам будзеце рэалізоўваць вашы праекты?

— Зараз я працую ў адной IT-кампаніі, але мяркую далей ствараць анімацыйнае кіно. Шукаю найлепшую формулу для спалучэння творчасці і заробку.

— У вас не было ідэі пайсці на “Беларусьфільм”?

— Зарая ведаю, што на кінастудыі складаная сітуацыя. Ідуць скарачэнні асноўнага штату, што ўжо казаць пра новыя месцы. Падчас вучобы я прымаў удзел у многіх праектах нашых аніматараў, я — адкрыты для прапаноў, аднак усё ж не разглядаю гэту пляцоўку як адзіную магчымую.

— Вы кажаце пра анімацыю станаў і асаблівай выяўленчай прасторы. Цікава, ці ёсць для вас у беларускай анімацыі нахтняючыя прыклады?

— Вядома. “Дантэ. Беатрычэ” Ірыны Кадзюковай — ці ж гэта не натхняючая стужка? Я працаваў на “Сямёра казлянятаў” Марыны Карпавай — было надзвычай цікава. Дар’я Дзядок, лічу, са мной на адной хвалі па духу анімацыі... Справа ў тым, што ў нас ёсць таленавітыя аўтары і фільмы, аднак няма індустрыі. І атрымоўваецца, што выдатныя творы часам і застаюцца закрытымі для большасці.

Мне складана загадваць зараз, як будзе складвацца далей. Але буду рабіць усё ад мяне залежнае, каб мая анімацыя не стала спрошчанай у візуальных і сэнсавых планах. Працаваць над рэжысурай варта, але калі анімацыя — мова, хацелася б разважаць над вартымі ўвагі рэчамі цікава і нетрывіяльна.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"