Прастора годнасці

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

Зацемкі на палях карты вандровак
Эмацыйнае ўспрыманне пабачанага часта залежыць ад таго, што мы загадзя пра яго ведаем; якую інфармацыю мелі пра аб’ект да таго, як ён трапіў нам на вочы. Калі ж гаворка ідзе пра краіну, канкрэтна — пра Беларусь, дык тое, як ставяцца да яе замежнікі ды і ўласныя грамадзяне, звычайна перадвызначана існуючымі стэрэатыпамі, утворанымі гістарычнай ды ідэалагічнай міфалогіяй. А замацаваныя тыя стэрэатыпы звычайнай лянотай, бо людзі гатовы прыняць хай недасканалыя, але простыя фармулёўкі, абы самім галаву не ўключаць. І нават пабачыўшы сёння на свае вочы штосьці цалкам супрацьлеглае згаданым тэзам і сутыкнуўшыся з неабвержнай аргументацыяй на карысць годнасці тутэйшага люду, такі чалавек будзе ўпарта трымацца за звыклае. Інэрцыя мыслення — страшная сіла.

/i/content/pi/cult/807/17314/06.jpgЯ не такі ўжо малады чалавек, і большая частка майго жыцця прыпадае на савецкую эпоху. Памятаю, як у свядомасці грамадзян Савецкага Саюза гонар за вялікую дзяржаву спалучаўся з нейкім падабенствам комплексу непаўнавартаснасці.

Ёсць у мяне са студэнцкіх часоў прыяцель, які жыве ў так званым “далёкім замежжы”. Па сённяшнім часе факт звычайны. Сёння для беларусаў, асабліва маладых, міграцыя, працоўная ці якая яшчэ, у якім заўгодна напрамку, ад’езд з радзімы на пэўны час ці на сталае жыхарства — праблемы не ўяўляе. Але мой прыяцель з’ехаў яшчэ за савецкім часам, калі такой учынак звычайна азначаў “білет у адзін канец”, а марыць пра жыццё, як тады казалі, “за бугром”, пачаў з чатырнаццаці гадоў. Прычына ўсяму — культурны стрэс, які ён перажыў у названым узросце, калі яму выпала цэлы месяц гасцяваць у сваякоў у Швецыі. Яго, у параўнанні з нашай тагачаснай рэчаіснасцю, надзвычай уразіла тое, што для паспалітага шведа — не начальніка пры высокай пасадзе, не крутога бізнесмэна, не зоркі эстраднай, а проста сумленнага працаўніка на звычайнай рабоце — было нармальным мець катэдж і аўтамабіль. А яшчэ пашпарт, з якім можна ехаць у якую заўгодна краіну свету, не выстойваючы, як тады ў СССР, кіламетровыя чэргі ў АВІРы, не чакаючы месяцамі візы-дазволу на перасячэнне мяжы. Канешне, і ў Швецыі ніхто сацыяльныя градацыі не адмяняў, і там жылі і жывуць па-рознаму, і сваіх, спецыфічных для гэтай краіны праблем, хапала, але ў любым выпадку параўнанне сацыяльнай структуры дзвюх дзяржаў тады было не на карысць СССР. А яшчэ на тле добраўпарадкаваных паселішчаў, малых і вялікіх, эфектна глядзеліся помнікі даўніны.

Вам нічога не нагадвае Швецыя, якая калісьці ўразіла майго прыяцеля? Мне яна нагадвае сённяшнюю Беларусь. І катэдж, і самаход, і замежныя вандроўкі каштуюць грошай, але гэта магчыма. Натуральна нават. Гэта, як сёння гавораць, трэнд. Як і адрэстаўраваныя помнікі дойлідства пасярод добраўпарадкаваных паселішчаў.

Вяртаючыся да канкрэтыкі маёй нядаўняй вандроўкі, згадаю некаторыя агульныя высновы з гэтага досведу. Заходняя частка Беларусі пазней за ўсходнюю трапіла ў сферу маштабных сацыяльных эксперыментаў, таму і культурныя страты на заходнім абшары, на шчасце, меншыя. Тут меней такога, што трэба аднаўляць ад падмурку, калі-нікалі можна было абыйсціся проста касметычным рамонтам. Але каштоўнаму каменю трэба і аправа адпаведная. Трэба пад’язныя шляхі, турыстычная інфраструктура, зрэшты — дагледжанае наваколле ў выглядзе незасмечанай прыроды, вясковых ці гарадскіх вуліц, што лашчаць вока ці хаця б яго не абражаюць. Памятаю, у 70-я гады журналіст, які паводле службовага абавязку часта бываў у калгасах, распавядаў, што ад тых вёсак было ўражанне, нібыта людзі пасяліліся там часова і хутка з’едуць. Не былі тыя людзі гаспадарамі на зямлі і выгляду нават не рабілі. Сёння, па маіх назіраннях, жыхары вёсак і малых гарадоў імкнуцца, каб іх жытло і прысядзібны ўчастак былі ўпрыгожваннем вуліцы. А гэта ўжо іншая псіхалогія, гаспадарская. Наяўнасць жа ў паселішчы вядомага помніка дойлідства выклікае ў жыхароў законную гордасць. Ім падабаецца, што каля храмаў у Індуры, Мураванцы, Сынкавічах, што стаяць у баку ад вялікай дарогі, увесь час спыняюцца аўтамабілі з нумарамі розных рэгіёнаў. Значыць, людзі спецыяльна прыехалі, каб паглядзець на “іх” храм. У Індуры, дзе мы аглядалі касцёл Святой Троіцы, мясцовы жыхар параіў нам паглядзець яшчэ і царкву, а таксама сінагогу. Сінагога, праўда, закінутая. Але будынак закансерваваны: накрыты дахам, дзверы і вокна закалочаныя. Мо калі дойдуць рукі і да аднаўлення тут характэрнай для Беларусі трыяды: касцёл-царква-сінагога.

/i/content/pi/cult/807/17314/07.jpgАдзначу адну акалічнасць, важную для разумення культурніцка-канфесійнай сітуацыі ў заходняй частцы краіны праз маё асабістае вонкавае назіранне. Касцёлы па архітэктуры тут звычайна цікавейшыя за цэрквы. У касцёльнай архітэктуры прадстаўлены бадай усе стрыжнявыя плыні і стылі сусветнай культуры, пры тым, што многія цэрквы выглядаюць так, нібыта выйшлі з адной архітэктурнай майстэрні. Мне падалося, што праекціроўшчыкі часоў Расійскай імперыі быццам вельмі спяшаліся, бо мусілі за кароткі тэрмін забудаваць знакамі праваслаўнай прысутнасці прастору, дзе дамінаваў — так гістарычна склалася, каталіцызм. Я разумею, што параўноўваць храмы розных канфесій старадаўніх часоў, тым больш, што яны ўжо сталі часткай нашай гісторыі, мо і не надта карэктна. Розныя традыцыі, розныя каноны, але кожны храм — дом Божы.

Між тым праваслаўны Петрапаўлаўскі храм у Бярозе на берасцейшчыне меня ўразіў вельмі. Гісторыя царквы сягае ў часы Льва Сапегі. Была яна і ўніяцкай, і картэзіянцам належыла, праваслаўныя трывала атабарыліся ў ёй у 1839 годзе, а сучасны выгляд царква набыла ў 2000-м. Цяпер гэта адна з самых прыгожых праваслаўных святынь Беларусі, а яе біяграфія — адбітак драматызму гісторыі міжканфесійных стасункаў у нашай краіне.

У Іўі да згаданай вышэй трыяды дадаецца яшчэ адзін чыннік — мячэць. Памятны знак у гонар чатырох рэлігій лічыцца сімвалам горада. Невялікія гарады кшталту Іўя ў побытавым сэнсе даволі зручныя. Тут усё у крокавай даступнасці — крамы, культурныя ўстановы, банкі, кіраўнічыя структуры. Калі ў Мінску за якой паперай выправіцца — дзень згубіць, дык тут усё пад бокам. Так што я разумею тых немаладых людзей, якія на пенсіі кватэру ў вялікім горадзе пакідаюць дзецям, а самі набываць жытло для спакойнага жыцця ў мястэчках ці нават вёсках.

Увогуле навігатар у часе вандроўкі працаваў спраўна, толькі на Скідзеле даў збой. З той прычыны, што мы ўвялі недакладны адрас, замовілі “касцёл”, а іх там некалькі. Адзін — гістарычны помнік, другі — сучаснай пабудовы, вельмі цікавай архітэктуры. І яшчэ мы так і не знайшлі гарадскую сядзібу ў Івацэвічах. Так я і не зразумеў чаму: адрас знайшлі ў Сеціве, ехалі па навігатары…

Пружаны найбольш запомніліся мне, як ні дзіўна, не сваёй гістарычнай забудовай і вялікім паркам — хоць і яны ў памяці засталіся, а цэнтральнай плошчай з помнікам Леніну работы Льва Гумілеўскага і характэрнай, чыста функцыянальнай, савецкай архітэктурай. У Пружанах склаўся ансамбль, які выдатна характарызуе нашу гарадскую эстэтыку 60 — 70 гадоў, сціплую, але па-свойму выразную.

Палац Пуслоўскіх у Косаве я бачыў толькі на фотаздымках, прычым у зруйнаваным выглядзе. У 1944 годзе пасля сыходу акупантаў палац, які выстаяў вайну, чамусьці спалілі. Мабыць, вайна як з’ява і наяўнаць зброі ў руках нешта робіць з псіхікай, асабліва з няўстойлівай… Зараз палац амаль цалкам адбудаваны. Рэстаўратары і будаўнікі працуюць над інтэр’ерамі. Па другі бок дарогі таксама адроджаная сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Разам яны складаюць выдатны гісторыка-культурніцкі комплекс. Высока эстэтычны і глыбока эмацыйны.

У часе вандроўкі я не аднойчы згадваў словы жывапісца Андрэя Дубініна пра культурны шок, які ён перажыў у часе доўгага знаходжання ў Італіі. Там нейкая фантастычная канцэнтрацыя мастацкіх каштоўнасцяў на невялікай плошчы. Беларусь не Італія, але месца сваё ў цэнтры Еўропы займае цалкам заслужана. Прыгожая краіна з вялікай гісторыяй.

А найчасцей з пабачанага я ўзгадваю Сынкавіцкую Свята-Міхайлаўскую царкву. Год пабудовы — 1407. Ёсць такое разуменне “прастора гонару” ці “прастора годнасці”. Яно прыйшло ў звычайную мову ад вайскоўцаў. Так называецца адлегласць паміж вайсковым падраздзяленнем і групай сцяга на парадзе, што падкрэслівае ганаровы статус сімвала. Тую царкву відаць здалёк. Яна стаіць у полі як упрыгожанне велізарнай прасторы. Як Беларусь у цэнтры Еўропы.

Наступным разам паедзем з сям’ёй па Віцебшчыне і Магілёўшчыне.

Фота аўтара.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"