Скульптур-ура!

№ 29 (1468) 18.07.2020 - 25.07.2020 г

У час канцэрта адкрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” традыцыйна ўручаецца спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. Сёлета яе ўладальнікам стаў Філіп Кіркораў. За некалькі гадзін да гэтага адбылася цырымонія адкрыцця яго “Зоркі” перад уваходам у Летні амфітэатр. На гэтай Плошчы зорак у самым пачатку алеі на пастаменце ўсталявана і павялічаная выява прыза. Вось толькі аўтар той скульптуры не пазначаны — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, уладальнік прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Уладзімір Слабодчыкаў.

/i/content/pi/cult/807/17311/04.jpg— Штогод скульптура вырабляецца нанова, — дзеліцца творчым працэсам Уладзімір Іванавіч. — Адлітая скульптура чаканіцца, паліруецца ўручную. Увінчваецца замоўленая ювелірам гравіроўка, прымацоўваецца ажурная стужачка. Падстаўку вырабляе іншая фірма. Ну, а потым усё гэта вязуць у Віцебск, і я заўсёды хвалююся, як перанясе маё дзецішча дарогу. Абавязкова сачу за гала-канцэртам адкрыцця: як пройдзе цырымонія ўручэння ўзнагароды, як выступіць яе ўладальнік. Філіп Кіркораў — яркая асоба, прафесіянал, і бачыць свой прыз у ягоных руках — задавальненне. Дарэчы, трымаць скульптуру не так проста: яна важыць, між іншым, сем —восем кілаграмаў. Таму надалей думаю рабіць яе больш лёгкай, каб уганараваным майстрам мастацтва не даводзілася праходзіць своеасаблівы тэст па фізічнай падрыхтоўцы. З’явіліся новыя тэхналогіі, больш лёгкія сплавы — час не стаіць на месцы, нават у галіне вызначэння добрага, разумнага, вечнага.

Слухаю суразмоўцу, а перад вачыма — выява дзяўчыны з узнятым над галавой вянком. Тут спасылкі і да антычных традыцый, калі пераможцаў уганароўвалі лаўровымі вянкамі, і да нацыянальных — таго ж Купалля. Бо вяночак той, калі прыгледзішся, — з нашых палявых кветак. Дый сам па сабе ён сімвалізуе непадзельнае спляценне: народаў, мастацтваў, чалавечых душ. А басаногая дзяўчына — ці ж не Муза? Ці, можа, яшчэ і анёлак? Бо шлейф-накідка-пелерын за плячыма — бы тыя крылы: натхнення, адухоўленасці, нябеснага палёту. Што ні кажыце, а ў бязмежнай галерэі відаў мастацтваў, якія ахоплівае “Славянскі базар у Віцебску”, пачэснае месца займае і майстэрства скульптуры.