Храм, які асвячае шлях

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Гэты нумар “Культуры” выходзіць акурат на Дзень Крыжаўздзвіжання Гасподняга. У вёсцы Каралёў Стан Мінскага раёна гэтымі днямі аднаўляецца царква, якая колькі часу таму згарэла, — Свята-Крыжаўздзвіжанскі храм. Настаяцель яе іерэй айцец Аляксандр (Аляксандр Гарбуноў) сеў за руль трактара, набытага за ахвяраванні прыхаджан, бо праца па добраўпарадкаванні царквы і прылеглай да яе тэрыторыі яшчэ не скончана.

 /i/content/pi/cult/176/1731/Hram2.jpg

Свята-Крыжаўздзвіжанская царква.

Халады не замінаюць буяню квецені пунсовых руж пад крыжам і іконай Божай Маці, квітнеюць чырвоныя з белым вяргіні і аранжавыя настуркі. На альпійскіх горках — і ўвогуле экзатычныя паўднёвыя кветкі. У сваім кутку спеюць буякі, трэба сабраць вінаград, яблыкі, грушы, капусту, бульбу, — гэта цэлы гектар зямлі, адведзены пад жытло святара і ягонай сям’і.
А сам Свята-Крыжаўздзвіжанскі храм — драўляны, “жывы” — ужо зрублены. Будавалі яго прафесіяналы, што ўздымалі не адну царкву. Ужо сёння можна выпрабаваць званы. Ды айцец Аляксандр пакуль што ў рабочым адзенні. Ён — за рулём трактара: на царкоўным двары будзе яшчэ адна пабудова.
— Будуем кіёск, каб пакінуць марнасць па-за святым храмам. Каб і свечку, і запіску можна было ўзяць тут. Менш гучных размоў у святой мясціне — менш няўвагі да малітвы.
Стары драўляны Свята-Крыжаўздзвіжанскі храм нечакана згарэў. Ён быў на ўзгорку, што з процілеглага боку шашы, якая, бы ніткай, пераразае Каралёў Стан.
Пад час пажару расплавіліся нават званы, а металічныя канструкцыі ператварыліся ў згусткі. А вось ікона Уваскрэсення Гасподняга, простая, зробленая з паперы, не згарэла. Сёння яна захоўваецца як цудатворная. Засталіся цэлымі Евангелле ды Апостал. Многія тутэйшыя жыхары лічаць, што пажарам Гасподзь указаў на няправільнае стаўленне да дзяцей у сучасным грамадстве. Так, могуць згарэць сцены царквы, толькі Святыні не знішчыць агонь. Таму і трэба берагчы чысціню дзіцячай душы.
Іерэй айцец Аляксандр не бачыў храма, што згарэў. Ён родам з Мурманска. Прыехаўшы ў Мінск, скончыў радыётэхнічны каледж, служыў у арміі, навучаўся ў авіябудаўнічай установе, а пасля паехаў у Жыровічы. Выпрабаваўшы сябе ў духоўнай школе, абраў жыццё святара. І атрымаў блаславенне на ўзнаўленне Свята-Крыжаўздзвіжанскай царквы.
Побач з айцом Аляксандрам — матушка Іна, сын і дачка, якія дапамагаюць ва ўсім. Дзеці наведваюць нядзельную школу, якая мае даволі вялікую праваслаўную бібліятэку, уласную фанатэку, дзе можна, з дапамогай айца Аляксандра, вывучаць Евангелле. Школу гэтую наведваюць многія вясковыя дзеці — і зусім маленькія, і падлеткі. А на споведзь у царкву, якая пакуль што знаходзіцца ў адной з пабудоў на другім паверсе, прыязджаюць прыхаджане нават са сталіцы. Дарэчы, яны, поруч з іншымі, дапамагаюць айцу Аляксандру з матушкай Інай апрацоўваць зямлю, саджаць гарод, даглядаць за садам:
— Да сарака чалавек, бывае, прыязджаюць на службу, — кажа айцец Аляксандр.
Пасля айцец Аляксандр распавёў, што Крыжаўздзвіжанне — дванадзесятае праваслаўнае свята. У чым яго таінства? Маці Канстанціна Алена доўга шукала Крыж Госпада. Знайшла ў купе смецця тры крыжы. Які ж з іх Хрыстовы? Прыклала да хворай — тая ацалілася. Крыж Госпада сапраўды можа ацаліць, калі верыць.
Згадваецца аналогія са Свята-Крыжаўздзвіжанскай царквой, якая паўстае сёння з попелу. Айцец Аляксандр пацвярджае гэта. У храме ўжо ёсць вялікая ікона Хрыста і Божай Маці.
Наведаў царкву і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ. Пад час свайго візіту сказаў:
— Я рады наведаць гэтую новую царкву, першую за час майго трэцяга візіту на беларускую зямлю. Гэта першы храм, які асвячае шлях кожнага чалавека, што прыязджае ў сталіцу Рэспублікі Беларусь. І кожнага, хто яе пакідае. Храм пабудаваны ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга як сімвала веры кожнага і доўгацярпення ў ягоным жыццёвым крыжанашэнні.

Вольга ЯГОРАВА
Фота аўтара