Кіно пад зоркамі ў... слухаўках

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Пандэмія ўносіць свае карэктывы ў жыццё кінааматараў: зараз кіно можна (а галоўнае, бяспечна) глядзець на вуліцы, на вольным паветры, прынамсі ў двары Мемарыяльнай майстэрні-музея Заіра Азгура. Тут глядзяць стужкі сусветнага кінематографа пад зоркамі кожную сераду і пятніцу ў 22:00. Квіток у свет рамантыкі каштуе 7 BYN, а сама атмасфера — неацэнная. Але пра ўсё па парадку.

/i/content/pi/cult/806/17306/025.jpgНа прагляды фільмаў праекта Cinemascope #shhh 2020 рэкамендуецца браць адзенне па надвор’і: ніколі не ведаеш, як будзе на вуліцы. А асабіста ад сябе можна параіць узяць коўдру ці нешта ўтульнае, на што можна сесці на траву. Так атмасферу кіно на вольным паветры можна адчуць лепш. У рамках праекта стужкі глядзяць з дапамогай бесправадных слухавак. Выглядае гэта цікава і незвычайна. Яны і ёсць адзін з галоўных плюсаў такіх паказаў!

“Па-першае, у слухаўках кожны можа рэгуляваць гучнасць самастойна. Для кагосьці гэта можа быць важна. У кінатэатрах нічога з гэтым не зробіш: сядзіш і гучнасць цісне на вушы. Ад гэтага робіцца нават нецікава. Па-другое, чалавеку, які прыйшоў на наш паказ, нішто не замінае: ні чмяканне суседзяў побач, ні карканне варон, нават есці можна, таму што на вуліцы не так чутныя пахі, як у зале кінатэатра. Яшчэ тут можна пасядзець на траве!”, — каментуюць паказы арганізатары праекта Вольга Надольская і Гера Глік.

Колькасць месцаў на сеансы Cinemascope #shhh 2020 абмежаваная. “Зала” на вольным паветры — 50 чалавек. Такая лічба абумоўлена двума фактарамі: колькасцю слухавак і месцаў у скульптурнай зале музея, куды пасадзяць аматараў добрага кіно ў выпадку дажджу. Таму квіткі разыходзяцца досыць хутка. Галоўнае паспяваць купляць!

Што да праграмы #shhh 2020: у гэтым месяцы яшчэ ёсць магчымасць паглядзець “Зазі ў метро” (15 ліпеня), “Доктар Стрэйнджлаў, ці Як навучыцца не хвалявацца і палюбіць атамную бомбу” (17 ліпеня), “Незнаёмыя ў цягніку” (22 ліпеня), “Ціхае жыццё” (24 ліпеня), “Уладар мух” (29 ліпеня) і “Сямейка Адамс” (31 ліпеня). Усе фільмы не вельмі доўгія. Яны падабраны так, каб можна было паспець даехаць дадому на транспарце. Так што хвалявацца за позні час не варта.

Паліна Бязуглая
Фота аўтара