Таямніцы Манюшкаў

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Частка XIV
Мюлеры Распавядаючы ў папярэдніх частках пра жонку кампазітара Аляксандру Мюлер, мы ў самых агульных словах сказалі і пра яе сям’ю. Цяпер нас чакае гісторыя Мюлераў у канцэнтраваным выглядзе. То-бок, усё самае цікавае і па магчымасці новае. Бо, у адрозненне ад Закрэўскіх, сваякоў Аляксандры па кудзелі, пра Мюлераў было вядома даволі шмат. Ізноў жа, дзякуючы перш за ўсё лекару Станіславу Мараўскаму. Яго знаёмства з Мюлерамі і непадзеленае каханне да Марыі, маці Аляксандры, стала прычынай моцных душэўных пакут, а потым прымусіла ўзяцца за пяро і пакінуць неверагодна цікавыя ўспаміны.

/i/content/pi/cult/806/17305/023.jpgРэпатрыянт або “тубылец”?

У каментарыях да ўспамінаў Станіслава Мараўскага, перавыдадзеных у 1959-м пад назвай “Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie. 1818 — 1825”, падаюцца даволі цікавыя звесткі пра заснавальніка віленскай галіны роду Яна Мюлера. На падставе дакументаў віленскага архіва выдаўцы сцвярджаюць, што “ў 1795 годзе, Ян, сын Яна Мюлера, новааселы, 46 год, набілітаваны ў 1790, родам з Львова. Жанаты з панай Альжбетай Краўз, дачкой Якуба Краўза, родам з Варшавы. Мае двух сыноў: Ксаверы, 14 год, Станіслаў, 11 год. Мае мураваны дом на вуліцы Траецкай пад нумарам 427 ім самім набыты ў яснавяльможных Зянковічаў на гарадской зямлі. Заўсёды жыве ў горадзе, нікуды не выязжаючы цягам 20 год. Жыве ў палацы Яснаасвечанага князя Сапегі, генерала, пад 432. (Палац Сапегі на вуліцы Святаянскай № 21 потым быў аддадзены царскай уладай пад “Расійскі дом”.) Займаецца купецкім гандлем. У 1789 быў лаўнікам і паслом на сойм, у 1791 апеляцыйным суддзёй, у 1793 паслом на гарадзенскі сойм і радцам. Ян Мюлер быў таксама сябрам Цэнтральнай Дэпутацыі Вялікага Княства Літоўскага, …бургамістрам Вільні. У карэце Мюлера вывезлі гетмана Касакоўскага на месца экзекуцыі”.

Дапоўнім гэтую інфармацыю з дапамогай іншых архіўных крыніц. У розных лістах да князя Караля Станіслава Радзівіла ў 1784 і 1788 згадваецца нейкі “купец Мюлер”, які мае пэўныя інтарэсы ў Наваградскім ваяводстве і “высока шануе добразычлівасць князя да сябе”. Не магу сцвярджаць, што гаворка вядзецца менавіта пра Яна Мюлера, бо Мюлераў ва ўсе часы ў Вільні было вельмі шмат, і, верагодна, праз аднаго яны займаліся гандлем. Але ёсць адна зачэпка. Закрэўскія, як вядома, “патрапілі ў тэатральнае сіло” да Радзівіла ў 1784-м. Пасля смерці князя і вайны 1792 года Закрэўскія перабіраюцца ў Вільню. І літаральна адразу завязваюць “кумаўскія” стасункі з Мюлерамі. А крыху пазней дзве дачкі Закрэўскіх — Марыяна і Альжбета — сталі жонкамі двух сыноў Яна Мюлера — Ксаверыя і Станіслава.

/i/content/pi/cult/806/17305/024.jpgТаксама патрабуе дадатковай праверкі інфармацыя пра “новааселасць” Яна Мюлера “з Львова” і Альжбеты Краўзэ “з Варшавы”. І Мюлеры, і Краўзы, і Вернеры (жонка Закрэўскага — з Вернераў) былі шырока прадстаўлены сярод віленскіх кальвіністаў у XVIII стагоддзі. І цалкам можа быць, што карані Мюлераў-Краўзаў насамрэч віленскія. А часова выехаць са сталіцы іх або іхніх бацькоў прымусілі якія-небудзь палітычныя закалоты 1760 — 1770-х. І вярнуліся яны з эміграцыі ўжо каталікамі.

Шлюб Мюлеры ўзялі да 25 мая 1780 года. У гэты дзень Альжбета (ужо як Мюлер) асіставала на хросце ў Гілеўскіх. Але першанец іх, Францішак-Ксаверы, нарадзіўся і быў ахрышчаны толькі 12 снежня 1781 года ў касцёле святога Яна. Хрост правёў ксёндз Міхал Александровіч, кумамі ж малога Ксаверыя сталі вялікалітоўскі вайсковец Ігнат Бенцдорф і Петранэла Мінкевіч, дачка віленскага бургамістра. Асіставалі маёр расійскіх войск Ян Вэбтар і жонка бургамістра Вільні Элеанора Прамянецкая.

У гэтай метрыцы бацька Ксаверыя запісаны як Фрыдэрык Мюлер. У далейшым Ёган Фрыдэрык (калі ён сапраўды раней быў кальвіністам), пазбавіцца “нямецкага пачатку” і будзе згадвацца пад больш звычным, “славянскім” імем Ян. Колькі ўсяго было дзяцей у гэтай сям’і, пакуль невядома. Але тое, што адных хлопцаў было больш чым два, устанавіць удалося.

Праз шэсць гадоў пасля нараджэння будучага цесця Станіслава Манюшкі Ксаверыя быў ахрышчаны Станіслаў (цесць злога генія Манюшкі Караля Штурма). 14 сакавіка 1790 усё там жа, у касцёле святога Яна ахрысцілі Юзафа-Антона. Апошняга сына Мюлераў, Казіміра, ахрысцілі 15 лютага 1798 года. Кумой яго стала тэатралка Марыя, жонка Станіслава Закрэўскага. Па ўсёй верагоднасці двое апошніх сыноў пражылі нядоўга, бо пра далейшы іх лёс звестак знайсці не ўдалося.

Варта нагадаць, што будучая цешча Манюшкі Марыяна Закрэўская, нарадзілася каля 1795 года, але дапаўненне хросту, які спярша быў зроблены адной вадой, адбылося толькі праз сем гадоў —19 лістапада 1802-га ў касцёле святога Яна, парафіянамі якога сталі Закрэўскія пасля перасялення са Слуцка ў Вільню. У той самы дзень дапоўнілі і хрост старэйшай сястры Марыяны —Альжбеты, і яе кумой стала ўдава Яна Мюлера: той не так даўно ўжо адышоў у вечнасць.

Памёр віленскі бургамістр 24 красавіка 1801 года. Вельмі цікава, што літаральна наконадні гарадская рада ўхваліла праект заснавання новых могілак на Росах. Сцвярджаецца, нібы першым, каго там пахавалі, стаў менавіта Ян Мюлер. Дарэчы, на тым самым пагорку, дзе калісьці знаходзілася магіла Мюлера, летась былі перапахаваныя паўстанцы 1863 года, чые парэшткі знайшлі на гары Гедыміна.

Калі і кім была знішчаная магіла Мюлера, нам невядома. Але варта адзначыць, што практыка крадзяжу старых надмагільных пліт, якая сустракаецца і цяпер, у ХІХ — ХХ стагоддзях была пастаўлена на паток. Прынамсі, на Росах.

Пакаранне пад гучныя воплескі

Як нам ужо вядома, у 1794 годзе Ян Мюлер, як і Станіслаў Закрэўскі, падтрымаў паўстанне, якім у ВКЛ кіраваў генерал Якуб Ясінскі. У момант яго выбуху вялікі гетман літоўскі Шыман Касакоўскі — славуты дзеяч прарасійскай Таргавіцкай канфедэрацыі, якога лічылі калабарантам — жыў у доме Мюлераў. Сярод жаўнераў, якія ахоўвалі ваеначальніка, былі і тыя, хто далучыўся да паўстання. Таму калі паўстанцы прыйшлі за “ненавіснай усёй Літве” асобай, варта фактычна без супраціву здала пазіцыі. Арыштанта на карэце Мюлераў перавезлі ў цэйхгауз. Адкуль, пасля вынясення 25 красавіка смяротнага прысуду, Касакоўскі ў блакітнай карэце, запрэжанай парай белых коней, пад моцнай аховай пяхоты і кавалерыі адправіўся на ратушную плошчу, дзе ўжо стаялі шыбеніцы. Пасля таго, як адвакатам віленскіх судоў Гаспарам Эльснерам быў зачытаны дэкрэт, у якім пералічваліся ўсе правіны гетмана, надышоў час споведзі, а потым і экзекуцыі. Калі справа была зробленая, нехта з натоўпу закрычаў “Віват!” і люд, які сабраўся на плошчы, падхапіў гэты вокліч і разнёс па ўсіх вуліцах горада.

Адным з сяброў Судовай камісіі Найвышэйшай рады паўстання ВКЛ, якая вынесла такі суворы прысуд, быў палкоўнік Нацыянальнай кавалерыі ВКЛ Самуэль Корсак. Той самы, які 19 красавіка 1773 года стаў поплеч з Тадэвушам Рэйтанам, баронячы і гонар ВКЛ, і незалежнасць радзімы. Дарэчы, абодва былі з Наваградскага ваяводства і ўсведамлялі сябе ліцьвінамі.

За тое, што Корсак быў адным з тых, хто адправіў на смерць расійскага прыспешніка Касакоўскага, пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай яго расшуквала паліцыя. Але марна. Ён ад’ехаў за мяжу і вярнуўся на радзіму толькі ў 1812 годзе разам з войскамі Напалеона.

Дом на Нямецкай

Пасля смерці Яна Мюлера яго ўдава Альжбета нядоўга была ў самоце. У 1802 годзе падчас хросту старэйшай дачкі Станіслава Закрэўскага, Альжбеты, разам з ёй як асістэнт прысутнічаў капітан расійскага войска Георгій Лісаневіч. Але, несумненна, што пазнаёміліся ўсе ўдзельнікі той урачыстасці задоўга да яе. У выніку, 18 лістапада 1804 года ў тым самым касцёле святога Яна ў прысутнасці сведкаў Ігната Грабоўскага, Дзмітрыя Высочына і Томаса Рэйзера адбыўся шлюб Лісаневіча з удавой Мюлер.

Маладыя сталі жыць у доме Мюлераў на Нямецкай, 6. Будынак гэты мае даўнюю гісторыю і, на шчасце, захаваўся да нашых дзён. Да Мюлераў ім валодалі Бжастоўскія, а перад імі, у 1750-х, — Флемінгі. А ў другой палове ХІХ стагоддзя дом перайшоў ва ўласнасць Венслаўскіх, у руках якіх заставаўся да канца вайны. Цяпер там офісы, таму ў будынак патрапіць даволі складана. Мясцовымі энтузіястамі неаднаразова і ў розныя часы прадпрымаліся спробы стварыць там нешта накшталт музейчыка, але, падобна, пакуль безвынікова.

Самы час нагадаць, што менавіта ў гэтай камяніцы нарадзілася ў 1818 годзе жонка Станіслава Манюшкі, там адбылася і першая пастаноўка славутай у будучыні оперы “Галька”. А потым з гэтага дома сям’я кампазітара была літаральна “выкінута на вуліцу” — руплівасцю швагера Манюшкі Яна Мюлера і Караля Штурма. Таму Станіслаў і перабраўся канчаткова ў Варшаву, дзе ён атрымаў сталую працу пры Вялікім тэатры.

А завяршэнне гісторыі Мюлераў — у наступным нумары.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар