У капліцу праз партал

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Акрамя жылога будынка непасрэдна замка ў палацава-паркавы комплекс Мірскага замка, як вядома, уваходзіць і арыгінальная капліца Святаполк-Мірскіх, пабудаваная ў неараманскім стылі, якую пасля доўгай рэстаўрацыі гэтай восенню можна будзе наведаць.

Як паведаміла “К” намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея па навуковай рабоце Надзея Усава (філіялам гэтай установы і з’яўляецца комплекс), у бліжэйшы час у родавай царкве-склепе плануецца адкрыць выстаўку “Капліца князёў Святаполк-Мірскіх. Гісторыя будаўніцтва”, дзе будуць паказаны рарытэтныя фотаздымкі сям’і князёў, пейзажнага парку пачатку ХХ стагоддзя, венецыянскай мазаікі на царкве, а таксама родавае дрэва Святаполк-Мірскіх, чарцяжы і планы капліцы.
Пад час рэстаўрацыі і падрыхтоўкі экспазіцыі супрацоўнікі музея плённа супрацоўнічалі з прадстаўніцай роду Святаполк-Мірскіх Марыяй, якая зараз жыве ў Лондане, паведаміла Н.Усава. Таксама былі праведзены навуковыя канферэнцыі, знойдзены чарцяжы царквы, атрымана апісанне герба з расійскага архіва. Разам з прафесарам Анатолем Федаруком, а таксама польскімі і італьянскімі спецыялістамі па гістарычнай садова-паркавай культуры была праведзена работа па вывучэнні “італьянскага саду” англійскага пейзажнага парку вакол замка і царквы.
Акрамя таго, турыстаў чакаюць адноўленыя паводле фотаздымкаў і ўспамінаў мясцовых жыхароў копіі мазаік, прысвечаных іконам Божай Маці Данской і Іверскай, Святому Мікалаю Цудатворцу, а таксама герб-картуш на галоўным фасадзе капліцы.
У перспектыве, па словах Надзеі Усавай, плануецца завяршыць працу над стварэннем іканастаса і аформіць верхнюю частку храма ў адпаведнасці з праваслаўнай традыцыяй. Вялікія спадзяванні ўскладаюцца і на будучы інфармацыйны партал, з дапамогай якога можна будзе знайсці іншых прадстаўнікоў Святаполк-Мірскіх, а турыстам — пазнаёміцца з экспазіцыяй і заказаць экскурсію.