Лялька — не цацка, а твор мастацтва

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Мастацтва аўтарскай лялькі параўнальна новае, але ўжо прызнанае часткай “вялікага” выяўленчага мастацтва. Сапраўдны лялечны бум адбываецца па ўсім свеце — мноства майстроў, мастакоў, калекцыянераў, дызайнераў захопленыя лялькамі: а яны могуць быць самымі рознымі, выкананымі ў мностве арыгінальных тэхнік. Адна з першых, хто ў Беларусі на прафесійным узроўні пачаў ствараць аўтарскіх персанажных лялек, — Анастасія Адамовіч. Днямі ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва ў Мінску адкрылася яе персанальная выстава “Задолле”. Што гэта за дзіўны лялечны свет і як у яго трапіць — пагутарым з мастаком Анастасіяй АДАМОВІЧ.

/i/content/pi/cult/806/17296/09.jpg— Самое слова “лялька” найперш выклікае асацыяцыю з дзіцячай цацкай, як з нечым забаўным і несалідным. І ў мастацкім свеце, магчыма, да “лялечнікаў” не самае сур’ёзнае стаўленне. Вам даводзілася з такім сутыкацца?

— Асабіста мне не даводзілася, бо мяне сур’ёзна ўспрымаюць ужо досыць даўно — недарма ж я называю сябе мастаком. Але я разумею, у чым карані падобнага стаўлення. Тэрмін “мастак па ляльках”, а не “лялечнік” ці “лялечны майстар”, я прыдумала сабе сама для больш дакладнага вызначэння. А зараз многія займаюцца лялькамі, і ў нас у Беларусі таксама нямала таленавітых творцаў. Але ж на нейкіх штогадовых выставах кшталту “Млына” можна пабачыць самае рознае. І часта для мяне гэта нават нейкі асабісты боль, калі я бачу, як прафаніруецца мая прафесія. Тое, што раблю я з пэўнымі ведамі і здольнасцямі, з доляй перфекцыянізму, з арыгінальнай мастацкай думкай і вобразам, ставіцца такім чынам на адну палічку з аматарскай творчасцю, з “ширпотребом”, з няўмелым капіраваннем чужых ідэй, з нізкім нават тэхналагічным узроўнем, не кажучы ўжо пра мастацкі.

— У сэнсе, вашу працу можна параўнаць з працай мастака ці скульптара, і лялька — гэта такі ж мастацкі твор, толькі створаны па сваіх законах?

— Абсалютна правільна. Насамрэч за кожнай лялькай стаіць цэлая гісторыя, і нават самая маленькая дробязь, нават нейкі кавалачак карунка ці гузік працуюць на сюжэт і вобраз. Гэта не проста трохмерны аб’ект — гэта як ажыўшая ілюстрацыя, ажыўшая карціна. І спецыялісты, што бачаць мае працы, ніколі не скажуць — падумаеш, у мяне ў дзяцінстве таксама былі пупсы і лялькі, што тут такога асаблівага! Канешне, мае значэнне агульная мастацкая адукаванасць гледачоў, здольнасць адрозніць адно ад другога. А неабазнаныя ў мастацтве людзі, дарэчы, часта змяняюць сваё меркаванне, калі даведваюцца, колькі могуць каштаваць такія лялькі, — спачатку здзіўляюцца, а потым прасякаюцца павагай і імкнуцца зразумець, у чым тут сэнс. Хаця здараюцца і выпадкі, што нехта абураецца, бо думаў купіць ляльку за 5 рублёў, а яна, аказваецца, каштуе 500.

— Дарэчы, а колькі могуць каштаваць аўтарскія лялькі?

— Свае працы я раблю для самай рознай аудыторыі, па самых розных коштах. Асобная гаворка, калі я на заказ ствараю партрэтную ляльку — не жывапісны партрэт, а ляльку. Ва ўсім свеце зараз многа калекцыянераў, якія сочаць за працэсам, за творчасцю сваіх любімых мастакоў. Гэтая мастацкая плынь — аўтарскія лялькі — увогуле зараз на ўздыме, і на сусветным рынку цэны могуць быць нават да некалькіх тысяч еўра.

— А ці многія ў Беларусі праводзяць персанальныя выставы аўтарскіх лялек?

 — У прынцыпе, займацца лялькамі як хобі нікому ж не забаронена, любы можа зладзіць сабе нешта падобнае. Але сур’ёзныя персанальныя выставы, па-мойму, адбываюцца не так ужо і часта. Мая першая была ў 2009 годзе, і музеі сапраўды рады мяне бачыць, хочуць, каб мае творы ў іх падоўгу стаялі — бо тыя збіраюць наведнікаў. Праўда, выстаўляцца часта я не магу, бо не заўсёды ёсць належная колькасць экспанатаў — лялькі ствараюцца доўга, іх няшмат, а каб сабраць дастаткова твораў для выставы, трэба гадамі нічога не прадаваць — а лялькі разыходзяцца, разлятаюцца ў розныя краіны. Вось на гэтай выставе, што адкрылася 8 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва ў Мінску, 21 праца — гэта тое, што назбіралася за некалькі гадоў, персанажы з беларускага бестыарыя: Дамавік, Лесавуха, Скарбнік, Лазнік, Русалка і гэтак далей. А яшчэ малюнкі.

/i/content/pi/cult/806/17296/08.jpg— Стварэнне аўтарскіх лялек зараз з’ява даволі распаўсюджаная, хоць і параўнальна новая. Вы ў Беларусі, наколькі я разумею, адной з першых заняліся лялькамі на сур’ёзным узроўні.

— На тое, што гэта стала масавай з’явай, моцна паўплывала з’яўленне новых тэхналогій і даступнасць самых розных матэрыялаў. А калі я пачынала, многае даводзілася самой прыдумваць — традыцыйныя гліна ці фарфор для маёй мэты не падыходзілі, быў толькі прасцейшы пластык, які я фарбавала. А зараз усё можна купіць, індустрыя прапануе самае рознае — і прафесійныя палімеры, і валасы для лялек на любы густ — я, напрыклад, карыстаюся шэрсцю ламы, а спецыяльныя, лялечных маштабаў карункі заказваю ў майстрыхі з Францыі. Цяпер любы чалавек на аматарскім узроўні можа пачаць ляпіць лялек. І мяне часта просяць правесці майстар-клас — па лепцы твару, ці рук, ці яшчэ чаго. А я кажу, што пачынаць лепку твару трэба са спробы намаляваць гіпсавы шар! А потым вывучыць анатомію, навучыцца маляваць партрэты і тыя ж рукі, выпрацаваць свае мастацкія ідэі — бо навошта вам капіраваць мае твары і мае рукі? У сэнсе, многае трэба ўжо ўмець, перш чым брацца за ляльку. І я доўга вучылася — скончыла мастацкі ліцэй, які зараз Гімназія-каледж мастацтваў, а ў Акадэміі атрымала прафесію мастацтвазнаўцы. І як мне растлумачыць такому неадукаванаму аматару, што для кожнага персанажа я ляплю індывідуальныя рукі — у Бабы-Ягі яны з артрытнымі костачкамі, у Лазніка іншыя — прыплясканыя і вільготныя, Скарбнік мае тонкія доўгія пальцы, бо акрамя пералічвання грошай цяжкай работы ён не ведае, і гэтак далей? А я ж чую калі-нікалі: “Лялькі робіце? Мая маленькая пляменніца таксама іх робіць, вельмі падобна”. Ну што тут скажаш.

— Вы ствараеце толькі добрых лялек, абаяльных? Нават калі гэта Баба-Яга да прыкладу.

— Мабыць, мая сублімацыя скіраваная менавіта ў гэты бок. Бабкі-Ёжкі мне вельмі падабаюцца, я іх часта раблю — але ў мяне яны, канешне, ніяк не адмоўныя персанажы, нягледзячы на сваю рэпутацыю ў масавай свядомасці. Я адштурхоўваюся хутчэй ад вобраза старой, якая жыве асобна ад людзей, якая многае ведае і ўмее, вобраза Берагіні. Увогуле, я вывучаю фальклорныя крыніцы, і стараюся вылучаць тое, што ўласціва менавіта нашай беларускай традыцыі. Асабліва ў апошнія гады я захапілася гэтай тэмай, так і атрымалася цяперашняя выстава ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва. У нас жа на гэтым матэрыяле мала хто працуе, акрамя славутых ілюстрацый Валерыя Славука да двухтомніка “Беларускі фальклор” і не многае знойдзеш. Думаю я і пра тое, як наша беларуская міфалогія пераклікаецца з агульнаеўрапейскім фальклорам, і з сучасным светам фэнтэзі — тут вялікая прастора для творчасці. Мае лялькі з гэтай серыі — яны ўсе трошкі і тролі. А Бабкі-Ёжкі, канешне, самыя абаяльныя — насатыя, з вострым падбародкам. Як ні дзіўна, многія жанчыны кажуць, што яны ў старасці хочуць быць такімі ж бабкамі. Хоць я і раблю гэтых лялек вельмі рэалістычна, з усімі прыкметамі ўзросту.

— А як у вас з’явілася такое захапленне, як вы сталі мастаком па ляльках?

— Я проста любіла ў іх іграцца, вельмі любіла Барбі, любіла іх апранаць, шыць нешта — аднойчы нават спрабавала пашыць сабе мяккую Барбі, каб з ёй можна было спаць. А аднойчы ў нас дома рассыпалася старая Снягурка пад ёлку, і я сама зрабіла новую. Так у старэйшых класах ліцэя і праявілася мая схільнасць. Калі прыйшоў час паступаць далей, я, мабыць, не знайшла для сябе адпаведнага аддзялення, і вырашыла пайсці на мастацтвазнаўцу ў Акадэмію мастацтваў. Неўзабаве перавялася на завочнае і стала працаваць у прыватнай кампаніі дызайнерам па сцэнічных касцюмах. І там паспрабавала стварыць адну ляльку, другую, яны ўсім спадабаліся. А як іх рабіць, вучылася практычна сама: гадоў 17 таму яшчэ не было такога патока інфармацыі, розных ролікаў у інтэрнэце. Я да ўсяго даходзіла ўласным розумам, метадам спроб і памылак у літаральным сэнсе — напрыклад, да таго, што каб злепленая галава даволі вялікага памеру добра прапяклася і не трэснула, яе трэба набіць фольгай, і гэтак далей. Калі потым у Расіі выйшла кніга-падручнік Надзеі Генсіцкай, то аказалася, што я ўжо сама да ўсяго даўмелася.

— А ў прынцыпе, ёсць жа тэатральныя лялькі, ды й проста лялек людзі даўно робяць?

— Гэтыя лялькі адрозніваюцца ад тэатральных, яна ствараюцца па зусім іншых прынцыпах: у тэатры яны павінны рухацца, там маюць значэнне даволі буйныя планы, буйныя дэталі, іх робяць з іншых матэрыялаў. Калі згадаць мінулыя стагоддзі і тых дарагіх лялек, што ішлі на падарункі вялікім чынам і захоўваліся ў дамах як вялікія каштоўнасці — гэта былі менавіта лялькі, з якімі можна было іграцца, рухаць ручкамі-ножкамі, пераапранаць іх і гэтак далей. Зараз жа мы маем справу з нечым абсалютна іншым — тая лялька, якую раблю я, гэта як скульптура, як карціна, у якой цэлы сюжэт. Можа, нават варта ўжо прыдумаць нейкі іншы тэрмін, новае слова для больш дакладнага азначэння. Увогуле, я адчуваю, што прынамсі ў Беларусі не хапае добрай мастацкай крытыкі, мастацтвазнаўцаў, якія б адпаведна ацэньвалі творы. Бо ў нашым асяроддзі лічыцца нармальным скрасці чужую ідэю, скапіраваць вобраз, зрабіць халтуру — ніхто ж цябе не пакрытыкуе, не ацэніць з мастацкага пункта гледжання, не расставіць усё па належных паліцах, не падштурхне да развіцця.

— Але ж вы і мастацтвазнаўца…

— Трэба выбіраць нешта адно — ці рабіць, ці ацэньваць. Прызнаюся, я сама не да канца разбіраюся ў логіцы працэсу, не разумею, чаму людзі купляюць маіх лялек, чаму падчас гатовыя плаціць вялікія грошы. Мне ж потым такія водгукі прыходзяць, людзі такія лісты пішуць! Каму мая лялька выратавала жыццё, каго ў складаны перыяд выцягнула з дэпрэсіі… А нехта, калі ў сям’і праблемы, трэ чаравічок Бабкі-Ёжкі, і верыць, што гэта дапамагае. (смех) Людзі ставяцца да лялек як да талісманаў, абярэгаў, даюць лялькам імёны, хаця сама я так не раблю. Самых розных гісторый многа, але ўсе яны станоўчыя. Нехта прызнаецца, што баяўся раней лялек у доме — маўляў, яны могуць ноччу расплюшчыць вочы і загаварыць, а вось з вашымі наадварот спакойна. Я раблю анёльчыкаў — зараз у мяне такія беларускія анёльчыкі, з беларускім арнаментам — дык многія знаходзяць у іх падабенства са сваімі дзеткамі. Мае лялечныя вобразы, такім чынам, трапляюць у нейкія патаемныя месцы душы людзей. Стаўленне да лялек зусім іншае, не такое, як, напрыклад, да карцін ці проста статуэтак — з лялькамі ў людзей значна больш блізкая сувязь.