Чалавек у архіўным дакуменце

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Прамоўленае рэспандэнтам
Усё часцей на паліцах кнігарань можна пабачыць выданні, прысвечаныя мінуўшчыне тых ці іншых населеных пунктаў. Такія працы грунтуюцца, не ў апошнюю чаргу, на запісах вусных успамінаў іх жыхароў. Прычым гаворка можа ісці не толькі пра гарады ды мястэчкі, але нават пра вёскі. Але ці кожны запіс такіх успамінаў можна лічыць паўнавартаснай гістарычнай крыніцай? Якімі правіламі мусяць кіравацца даследчыкі, каб сумленна падысці да справы стварэння падобных дакументаў часу?

/i/content/pi/cult/806/17294/06.jpgІнфармацыяй, якую паведамляюць пры размове відавочцы мінуўшчыны, займаецца такі накірунак, як вусная гісторыя. У шырокім сэнсе гэты метад вядомы з пракаветных вякоў — яшчэ ў часы Герадота гісторыкі скарыстоўвалі ў сваіх працах звесткі, атрыманыя з вусных паведамленняў сведкаў падзей. Але ў вузкім сэнсе, як строга акрэслены навуковы метад, вусная гісторыя сфарміравалася толькі ў ХХ стагоддзі, са з’яўленнем адмысловых тэхнічных інструментаў, якія дазваляюць дакладна зафіксаваць гаворку чалавека — аўдыё- і відэаапаратуры. Вусная гісторыя даследуе як само мінулае, так і асаблівасці памяці аб ім — шляхам запісу, захавання і аналізу інтэрв’ю са сведкамі ці ўдзельнікамі падзей. Важным складнікам прытым з’яўляецца і наступная інтэрпрэтацыя вуснай крыніцы.

Віртуальны, даступны для ўсіх

У Беларусі першыя інтэрв’ю з відавочцамі гістарычных падзей запісваліся ўжо ў паваенны час — дастаткова прыгадаць хаця б кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі”, якая змяшчала запісы расповедаў сведкаў карных акцый нацыстаў у гады вайны. Дарэчы, у шэрагу выданняў кніга выходзіла разам з пласцінкамі, на якіх можна было праслухаць і галасы саміх відавочцаў. Гэтаксама часам запісваліся на стужку і ўспаміны ўдзельнікаў вайны, краязнаўчыя звесткі, фальклор... Аднак, так ці іначай, часам інфармацыя з гэтых запісаў падлягала рэдагаванню, страчваўся кантэкст.

Найбольшае развіццё ў Беларусі вусная гісторыя атрымала ўжо ў ХХІ стагоддзі. Сёння ў нашай краіне ў гэтым кірунку працуе дастаткова невялікае кола даследчыкаў, большасць з якіх аб’яднаныя вакол створанага ў 2011 годзе Беларускага архіва вуснай гісторыі. Гэтая грамадская арганізацыя займаецца запісам, захаваннем і папулярызацыяй успамінаў-інтэрв’ю жывых сведкаў часу. Перш гісторыкі вырашылі абагуліць тыя запісы, якія ўжо былі сабраныя на момант стварэння архіва, а таксама працягваць займацца мэтанакіраваным стварэннем новых гістарычных крыніц такога кшталту. Інтэрв’ю, сабраныя архівам, размяшчаюцца на ягоным сайце ў інтэрнэце па адрасе nashapamiac.org, дзе пасля рэгістрацыі да іх можа мець доступ кожны даследчык у любой кропцы зямнога шару.

Ірына Кашталян, якая каардынавала дзейнасць Беларускага архіва вуснай гісторыі ад яго стварэння да 2015 года, зазначае, што з вуснагістарычнымі дакументамі рэспандэнтаў, якія паходзілі з Беларусі, яна пачала сутыкацца яшчэ ў пачатку 2000-х, і тады зацікавілася гэтай тэмай. Напрыклад, нават у так званым Архіве Стывена Спілберга, створаным па ініцыятыве гэтага славутага кінарэжысёра, дзе захоўваюцца, між іншага, матэрыялы, якія ён выкарыстоўваў у час працы над сваім знакамітым фільмам “Спіс Шындлера”, сярод 50 тысяч інтэрв’ю са сведкамі Халакосту можна адшукаць больш за 600 запісаў з Беларусі.

Архівіст Вольга Іванова з 2000-х гадоў вывучала беларускія асабістыя архівы, часткі якіх у выніку тых ці іншых гістарычных падзей сёння раскіданыя па розных установах і краінах. Даследчыца заўжды цікавілася адлюстраваннем чалавека ў архіўным дакуменце. Таму цікаўнасць да вусных успамінаў як дакументаў, якія фіксуюць памяць, быў натуральным працягам яе вышукаў. Калі ствараўся Беларускі архіў вуснай гісторыі, Вользе Івановай прапанавалі, як дасведчанаму архівісту, упарадкаваць і сістэматызаваць зборы. Што ж яны змяшчаюць?

На сёння архіў утрымлівае інтэрв’ю, запісаныя амаль ад паўтара тысячы рэспандэнтаў — прычым саміх запісаў крыху больш, бо з некаторымі людзьмі адбывалася па некалькі гутарак. Агулам архіў налічвае амаль восем тысяч дакументаў — бо акрамя ўласна запісаў гутарак, даследчыкі збіраюць таксама электронныя копіі іншых відаў крыніц — фотаздымкаў, пасведчанняў і гэтак далей. Важнай формай працы з запісанымі ўспамінамі з’яўляецца іх транскрыбіраванне, апісанне, пазначэнне дат, імёнаў, геаграфічных назваў і тэм, якія згадваюцца ў інтэрв’ю. Усе гэтыя звесткі аблягчаюць даследчыкам пошук дакументаў на сайце.

Выслухаць і зафіксаваць

Беларускі архіў вуснай гісторыі займаецца не толькі захаваннем дакументаў, але і іх мэтанакіраваным зборам. Аб’яднаныя вакол архіва даследчыкі ў розныя гады ладзілі ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі экспедыцыі, прысвечаныя запісу інфармацыі аб такіх важных і трагічных падзеях гісторыі, як даваенны і паваенны голад на Палессі, калектывізацыя, далучэнне Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе.

Даследчыкі адзначаюць, што выкарыстоўванне метаду вуснай гісторыі дае магчымасць для архівіста самому ўдзельнічаць у стварэнні дакумента, закласці накірункі і метады яго далейшага даследавання. Для паўнаты захавання звестак, атрыманых ад рэспандэнта, падчас інтэрв’ю адбываецца паралельная фіксацыя на аўдыё і відэа. Па-першае, гэта страхуе ад памылак тэхнікі, па-другое — дазваляе зафіксаваць каштоўную невербальную інфармацыю — рухі, жэстыкуляцыю, міміку суразмоўцы.

Каштоўнасць такіх інтэрв’ю, запісаных згодна з усімі правіламі, у тым, што яны дазваляюць найбольш дакладна і поўна зафіксаваць сведчанні аб мінулым, а пасля гэтак жа дакладна іх інтэрпрэтаваць. Гэта здымае праблему магчымай маніпуляцыі, вырывання з кантэксту. Хаця, вядома, любы вуснагістарычны дакумент мае патрэбу ў супастаўленні з іншымі відамі крыніц — бо нават сведкі падзей мінуўшчыны могуць не мець рацыі, наўмысна ці ненаўмысна скажаць звесткі.

Вусная гісторыя мае сваю методыку збору сведчанняў, і парады па запісе інтэрв’ю можна было б пералічваць доўга. Кожная гутарка патрабуе пэўнай падрыхтоўкі, складання апытальніка, выбару магчымых тэм. Але перадусім, бадай, важна проста ўважліва слухаць суразмоўцу і не перабіваць яго. Ёсць свая спецыфіка і ў выбары ды пошуку суразмоўцы: у пэўнай ступені, у вёсцы збіраць успаміны лягчэй — там патрэбнага чалавека можна сустрэць проста на вуліцы, ды й усе, збольшага, ведаюць адзін аднаго. Але і ў гарадскіх умовах збор успамінаў мае свае плюсы — тут можна, пры жаданні, запісаць успаміны людзей, якія пераехалі ў горад з розных куткоў рэгіёна ці нават цэлай краіны. Варта толькі адшукаць неабходнага суразмоўцу — і атрымаць ягоны давер.

Акрамя збору ды захавання вусных успамінаў, Беларускі архіў вуснай гісторыі надае вялікую ўвагу папулярызацыі самога гэтага накірунку. Доўгі час у навуковых колах захоўваўся пэўны скепсіс да вуснагістарычных крыніц, але прыхільнікі гэтага метаду прыкладаюць усе намаганні, каб змяніць сітуацыю да лепшага і ўмацаваць месца і ролю вуснай гісторыі ў акадэмічнай навуцы — вядома ж, пры ўмове супастаўлення такіх звестак з іншымі відамі дакументаў.

Як кажа сённяшні каардынатар архіва Андрэй Мастыка, цяпер задача асяродку палягае перадусім у папулярызацыі метаду вуснай гісторыі, распаўсюджанні ведаў аб яго прымяненні. Неабходны выхад у рэгіёны, стварэнне асяродкаў, якія займаліся б зборам інфармацыі ў розных кутках краіны, бо ахапіць усю Беларусь, як і ўсё багацце тэм, даволі цяжка. Тым часам, існуе таксама праблема імклівай страты рэспандэнтаў — сведкі мінулых гадоў няўмольна сыходзяць з жыцця, а разам з імі страчваецца і памяць аб мінулым, індывідуальная для кожнага.

Гісторыя вёскі ў памяці жыхароў

Вусныя ўспаміны сёння ўсё шырэй выкарыстоўваюцца ў навуковых і дыдактычных выданнях. Напрыклад, зусім нядаўна ўспаміны Беларускага архіва вуснай гісторыі былі выкарыстаныя ў дапаможніку “Незабытыя ахвяры вайны”, выпушчаным накладам 150 асобнікаў, які ўжо амаль цалкам разышоўся па навучальных установах краіны. На прыкладзеным да зборніка дыску можна пабачыць 104 фрагменты з 35 інтэрв’ю ахвяр нацызму.

Удзельнікі каманды архіва выкарыстоўваюць метады вуснай гісторыі і ў іншых сваіх даследаваннях. Так, напрыклад, Вольга Іванова ў 2018 годзе выдала кнігу “Прамоўленая гісторыя. ХХ стагоддзе ў памяці жыхароў беларускай вёскі”, у якой былі сабраныя ўспаміны рэспандэнтаў з розных куткоў Беларусі. А сёлета з’явілася і новая кніга даследчыцы — “Ліпляны. Біяграфія і штодзённасць беларускай вёскі”. Гэтае выданне прысвечанае ўжо канкрэтнай мясціне — аграгарадку ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці.

Кніга гэтая з’явілася сёлета па ініцыятыве бізнесмэна Ігара Жабароўскага, які нарадзіўся ў Ліплянах. Каб захаваць памяць пра гісторыю гэтай мясціны, ён вырашыў звярнуцца да адмыслоўцаў па вуснай гісторыі, якія запісалі б успаміны старажыхароў. Вольга Іванова адзначае, што ім было цікава ўзяцца за такую працу, бо Ліпляны знаходзяцца ў дужа прывабным для даследчыкаў рэгіёне — гэта так званае Убарцкае Палессе (назва — ад ракі Убарць). У сэнсе этнаграфіі і гісторыі гэта даволі архаічны, аўтэнтычны край, дзе захавалася многа слядоў мінуўшчыны. Да таго ж, існуе больш вуснагістарычных даследаванняў з захаду Палесся, чым з усходу — рэч у тым, што Заходняя Беларусь перажыла цягам ХХ стагоддзя больш змен і трансфармацый, таму, магчыма, і звяртае на сябе ўвагу гісторыкаў часцей. Тым больш цікава было цяпер паглыбіцца ў мінулае ўсходнепалескай вёскі.

Яшчэ адзін плюс у выбары Ліплян як аб’екта для збору вусных успамінаў — вёска даволі вялікая, каб можна было атрымаць рэпрэзентатыўную выбарку і скласці больш-менш праўдзівае ўяўленне аб тым, што тут адбывалася. Пятнаццаць рэспандэнтаў былі знойдзеныя ў саміх Ліплянах, а яшчэ сямёра нарадзіліся тут, але цяпер жывуць у гарадах. Дарэчы, жыхары вёскі носяць усяго чатыры прозвішчы: Казачэнка, Лось, Паўлечка і Сечка, прычым усе гэтыя роды вядомыя па дакументах яшчэ з XVIII стагоддзя. Кніга змяшчае таксама звесткі аб гісторыі Ліплян да ХХ стагоддзя, вядомыя з пісьмовых крыніц — але асноўную яе частку складаюць менавіта запісы вусных успамінаў жыхароў. На жаль, некаторыя з рэспандэнтаў за тры гады, якія прайшлі ў працы над кнігай, нават паспелі ўжо пакінуць гэты свет.

Вядома, у расповедах жыхароў, акрамя апісання штодзённасці вёскі, найчасцей згадваліся часы найбольшых узрушэнняў: голад, войны, змены ўлады. Напрыклад, адна з апавядальніц падчас інтэрв’ю раптам пачала спяваць песню на польскай мове. Гісторыкі былі здзіўленыя — Ліпляны ж былі ў міжваенны час па ўсходні бок Рыжскай мяжы. Аказалася, што маці рэспандэнткі памятала, як яшчэ падчас Савецка-польскай вайны ў 1920 годзе ў вёсцы спыняліся на пастой палякі, і салдаты спявалі песню, якую жанчына запомніла і нават перадала сваёй дачцэ. Немалое месца займаюць ва ўспамінах ліплянцаў, натуральна, і часы нацысцкай акупацыі, Халакост, аблавы, вываз людзей на працу ў Германію. Падчас Вялікай Айчыннай вайны вёска была спаленая, а яе жыхарам даводзілася хавацца сярод балот. Усе рэспандэнты безумоўна называюць гады акупацыі найцяжэйшым часам на сваёй памяці.

Дапамог пры стварэнні кнігі таксама летапіс вёскі, які вядуць яшчэ з 1970-х гадоў у тутэйшай школе. У выданне ўвайшлі і запісаныя яшчэ за савецкім часам успаміны франтавікоў, якіх даўно няма сярод жывых. Кніга таксама змяшчае звесткі аб мікратапаніміцы вёскі, музыцы і спевах, абрадах, тут можна знайсці ўзоры вясковай лірыкі, замоваў, мясцовы слоўнік. У дадатку змешчаныя спісы жыхароў, якія загінулі падчас войн ХХ стагоддзя або былі вывезеныя на працу ў Германію. Да кнігі прыкладаецца дыск, на якім можна прагледзець фільм аб вёсцы, пачуць жывую гаворку ліплянцаў, пабачыць карту гэтых мясцін 1866 года.

На жаль, з-за сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыі прэм’еру кнігі ў самой вёсцы давялося пакуль адкласці. Але тыя з ліплянцаў, хто ўжо меў магчымасць азнаёміцца з вынікам працы гісторыкаў, надта расчуліліся. Як ні дзіўна, з кнігі яны багата дазналіся адзін пра аднаго такога, чаго раней нават не ведалі. А значыць, задача даследчыкаў сапраўды выкананая, і метад вуснай гісторыі ў гэтым выпадку апраўдаў сябе, паказваючы, як працуе калектыўная памяць. Добра было б, каб некалі кожны склаў падобную кнігу ўспамінаў пра сваю вёску, раён ці вуліцу ў горадзе. Памяць аб нашай агульнай мінуўшчыне так і складаецца — з мноства згадак розных людзей аб малой радзіме, якая ў кожнага свая.