Бэз з пяшчотнай назвай “Паўлінка”

№ 28 (1467) 11.07.2020 - 18.07.2020 г

Як праходзіў Купалаўскі суботнік у Акопах
У чарговы дзень нараджэння Янкі Купалы ў Акопах, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка, названага імем Песняра, прадстаўнікі шэрагу культурніцкіх устаноў сталіцы зладзілі свайго роду суботнік. Пад вокнамі хаты, у якой наш геній напісаў “Паўлінку”, “Раскіданае гняздо”, “Тутэйшых” і іншыя шэдэўры, пасадзілі ў памяць паэта кусты бэзу “Паўлінка”.

/i/content/pi/cult/806/17292/01.jpgПобач з пасадкамі пастаўлены камень, на якім шыльдачка з тэкстам, што бэз пасаджаны 7 ліпеня 2020 года прадстаўнікамі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Цэнтральнага батанічніга сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Удакладню, што ў дэлегацыі Купалаўскага тэатра былі актрысы, якія ў розныя гады выконвалі на сцэне ролю Паўлінкі. Да таго ж у гэтай прыгожай акцыі бралі таксама ўдзел супрацоўнікі іншых літаратурных музеяў, Міністэрства культуры, пісьменніцкай грамады, Фонду культуры, грамадскага аб’яднання ўкраінцаў Беларусі “Заповіт”.

/i/content/pi/cult/806/17292/02.jpgА пачалася акцыя ўскладаннем белых ружаў, якія паэт па ўспамінах тых, хто яго ведаў, вылучыў сярод іншых кветак, да помніка Песняру ў Купалаўскім парку сталіцы. Сёння Акопы — фактычна мінскі прыгарад. Дабрацца сюды ад цэнтра горада можна хутка і з камфортам, нават не адчуўшы адлегласці. А ў Купалавы часы гэта была тыповая вясковая глыбінка, і выправіцца тады ў Акопы з Вільні ці з Мінска, не кажучы пра Пецярбург, было як наведацца ў іншы свет. Мабыць, за гэта і любіў Янка Купала Акопы. Тут, ва ўтульным вясковым доме (цяпер гэта музей) пасярод прыроды, на той час амаль некранутай, сярод блізкіх яму людзей паэт мог засяродзіцца на творчасці. Менавіта тут ён знайшоў прататыпы ўсіх герояў “Паўлінкі”.

/i/content/pi/cult/806/17292/03.jpgСпецыяльна для ўдзельнікаў “Купалаўскага суботніка” была наладжана экскурсія па музеі. Экспазіцыя, якая мае назву “Кропкі моцы”, створана летась. У нейкім сэнсе сінонімам “кропкі моцы” можа быць выраз “намоленая месца” — пункт, дзе чалавек з высокімі маральнымі якасцямі і трывалымі жыццёвымі прынцыпамі можа падсілкавацца станоўчай энергіяй. Менавіта як Купала ў Акопах. Музей не толькі ўяўляе з сябе храналогію жыцця і творчасці паэта, але і сумленна распавядае пра час, у якім Купала жыў і тварыў. Мне ў зале, прысвечаным Купалавай драматургіі і сярод іншага — цяжкага шляху да гледача “Тутэйшых”, згадалася іранічная сентэнцыя Міхаіла Святлова пра тое, якой мусіць быць мемарыяльная шыльда на ягоным доме — “Тут жыў і ад гэтага памёр…”

Дарэчы ,да некаторых Купалавых словаў можна ставіцца як да прароцтва. Усведамляючы агульначалавечы сэнс і высокі клас сваёй драматургіі, ён гаварыў: “Я памру, а “Раскіданае гняздо” застанецца”…

Музей у Акопах, дакладней філіял сталічнага музея Купалы, выдатны ва ўсіх адносіх. Цудоўная экспазіцыя, дзе звыклыя музейныя чыннікі гарманічна спалучаныя з інтэрактывам; добра захаваны прыродны ландшафт, які сам па сабе ва ўмовах паўзучай урбанізацыі ўжо з’яўляецца музейным экспанатам. А цяпер яшчэ пад акном, з якога Янка Купала глядзеў на свет, будзе расці бэз, названы ў гонар ягонага шэдэўра.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"