Сёння ў інтэрнэце на тэматычных сайтах можна знайсці ў вольным доступе з пару дзясяткаў гістарычных аэрафотаздымкаў Мінска. Пераважная большасць адносіцца да гадоў Вялікай Айчыннай вайны, што робіць іх неацэннымі крыніцамі, якія нясуць у сабе звесткі не толькі аб архітэктурным абліччы старога горада, але і аб трагічных падзеях ваеннага ліхалецця. Але насамрэч лік такіх крыніц па гісторыі беларускай сталіцы ідзе на сотні. Распавесці пра сакрэты гістарычных аэрафотаздымкаў Мінска мы папрасілі іх даўняга даследчыка і збіральніка — мінскага краязнаўцу Паўла Растоўцава.
Шлях да ведаў
Нарадзіўшыся ў Мінску ў 1977 годзе, будучы калекцыянер яшчэ з малых гадоў пачаў цікавіцца гісторыяй роднага горада, з ахвотай чытаў любыя кнігі на гэтую тэму — хоць у тыя гады іх з’яўлялася заўважна менш, чым цяпер. Любіў шукаць і разглядаць старыя фота, карты, планы Мінска... У эру да з’яўлення інтэрнэту ў нашых краях любая такая знаходка была яшчэ больш цікавай і значнай, і дапытлівы юнак скарыстоўваў любую магчымасць, каб даведацца пра свой горад нешта новае. І вось у 1993 годзе такая цікаўнасць прывяла шаснаццацігадовага хлопца на выставу, якая праходзіла ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У той часовай экспазіцыі былі прадстаўлены фота, зробленыя ў Мінску ў гады вайны нямецкімі лётчыкамі. Калекцыю гэтых незвычайных здымкаў прывезла тады ў нашу сталіцу дачка аднаго з кіраўнікоў нямецкай службы аэрафотаздымкі Ханса Руэфа. Жанчына не ўпершыню ўжо была ў Мінску — яна наведвала нашу краіну ў складзе групы Нямецкага чарнобыльскага фонду, прывозіла дапамогу і падарункі для беларускіх дзяцей. Мабыць, адчуваючы пэўную віну і няёмкасць за паводзіны сваіх суайчыннікаў у Беларусі падчас акупацыі, немка вырашыла зрабіць падарунак мінскаму музею Вялікай Айчыннай вайны і перадала туды ваенныя фота беларускай сталіцы, якія ўсё жыццё захоўваў яе бацька.
Так Павел Растоўцаў упершыню пабачыў аэрафотаздымкі, і яны дужа яго ўразілі — можна сказаць, тая выстава змяніла ягонае жыццё, хоць і не адразу. Другі раз гэтыя незвычайныя выявы нагадалі пра сябе ў 2005 годзе, калі Павел, ужо дарослы мужчына з вышэйшай адукацыяй і працай, пабачыў ваенныя аэрафотаздымкі ў інтэрнэце, на сайце “Мінск стары і новы”, прысвечаныя гарадской гісторыі. Там былі тыя самыя, знаёмыя фота з колішняй выставы ў музеі — але былі і іншыя здымкі. Павел зноў быў уражаны - скантактаваўшыся з аўтарам сайта, мінскім краязнаўцам Уладзімірам Валожынскім, ён даведаўся, што такія фота прадаюцца праз інтэрнэт, і іх можна паспрабаваць набыць. Так пакрысе Павел Растоўцаў пачаў сістэматызаваць веды аб аэрафотаздымках Мінска, а пасля і збіраць сваю калекцыю такіх фота.
Загадка музейнай калекцыі
Удалося яму папрацаваць і з тымі самымі здымкамі з калекцыі Ханса Руэфа, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праўда, Павел асцярожна зазначае, што паходжанне і першапачатковая прыналежнасць гэтай калекцыі для яго і дагэтуль застаецца загадкай. Пачаўшы шукаць інфармацыю аб чалавеку, якога звалі Ханс Руэф, Павел Растоўцаў са здзіўленнем высветліў, што такія імя і прозвішча не згадваюцца ні ў якіх даведніках ці іншых крыніцах па гісторыі нямецкай службы аэрафотаздымкі. Адзіная інфармацыя, якую ўдалося адшукаць — гэта невялічкая зацемка ў адным з нумароў нямецкага часопіса “Der Spiegel” за 1991 год, дзе ўсё тая ж жанчына распавядае, што яе бацька ўзначальваў нямецкую службу аэрафотаздымкі. Аднак, як тлумачыць Растоўцаў, насамрэч гэтую пасаду займаў зусім іншы чалавек. Загадка Ханса Руэфа, на жаль, пакуль застаецца неразгаданай. Дарэчы, у калекцыі, якая захоўваецца ў мінскім музеі, ёсць толькі тры арыгінальныя здымкі, а астатнія — копіі.
Ключ да разгадкі гэтай таямніцы, магчыма, з’явіўся літаральна пару тыдняў таму — на вочы Паўлу трапіўся тактычны дапаможнік для нямецкай авіяцыі 1930-х гадоў, дзе змешчаныя аэфрафотаздымкі розных гарадоў, і ў тым ліку — два даваенныя здымкі Мінска, якія можна датаваць 1939 годам. На адным фота можна пабачыць цэнтр і паўночную частку горада, на другім — раён гарадскога аэрапорта на поўдні. Дык вось, аналагічны здымак з аэрапортам ёсць і ў мінскай музейнай калекцыі — што наводзіць на думку аб тым, што Ханс Руэф мог мець дачыненне да навучальнай праграмы для нямецкіх лётчыкаў.
Здымкі нашай сталіцы ў замежных архівах
З 2007 года Паўлу Растоўцаву ўдалося ў выніку мэтанакіраванага пошуку ў інтэрнэце і архівах сабраць калекцыю з некалькіх дзясяткаў аэрафотаздымкаў Мінска, і пошукі гэтыя, вядома, не спыняюцца і сёння. Шукаць даводзіцца не толькі ў айчынных архівах і нават не ў блізкім замежжы — найбуйнейшая калекцыя нямецкіх аэрафота часоў Другой сусветнай вайны захоўваецца ў ЗША, куды яны былі вывезеныя пасля вайны. Амерыканцы выкарыстоўвалі здымкі, зробленыя нямецкімі лётчыкамі, як каштоўную крыніцу інфармацыі аб Савецкім Саюзе — з 800 тысяч фота аддзела авіяфатаграфіі Люфтваффэ каля трох чвэрцяў складалі здымкі менавіта савецкіх тэрыторый. Фота гэтыя нейкі час былі засакрэчаныя, але грыф таемнасці з іх даўно знялі — яшчэ ў 1980-я, калі атрымалі шырокае распаўсюджанне спадарожнікавыя здымкі.
У 2009 годзе Паўлу Растоўцаву ўдалося высветліць, колькі ж менавіта на сённяшні дзень у амерыканскіх архівах захоўваецца нямецкіх аэрафотаздымкаў Мінска. Краязнавец прызнаецца, што чакаў даведацца пра лік, не большы за пару дзясяткаў — але вынік яго агаломшыў. Насамрэч, такіх здымкаў у ЗША захоўваецца каля дзвюх з паловай соцень. З іх больш за 150 складаюць выявы з фонду маршрутных аэрафотаздымкаў — гэта фота з агульным выглядам горада, якія зробленыя падчас пралёту нямецкага самалёта-разведчыка над цэлым шэрагам населеных пунктаў у межах аднаго палётнага задання падчас Вялікай Айчыннай вайны. І яшчэ каля сотні здымкаў знаходзяцца ў так званым фондзе вялікіх гарадоў, дзе змешчаныя ўжо больш падрабязныя фота, якія дазвалялі атрымліваць звесткі для разведкі.
Аб чым расказвае аэрафота
Галоўная каштоўнасць аэрафотаздымкаў палягае ў тым, што яны спалучаюць рысы фатаграфіі (фіксуючы канкрэтны момант часу) і карты (паказваючы выгляд вялікай тэрыторыі). Пры браку картаграфічных крыніц, на якіх былі б паказаныя ўсе даваенныя будынкі Мінска, аэрафотаздымкі з’яўляюцца ўнікальнай крыніцай для высвятлення гарадскіх адрасоў да вайны і ў гады акупацыі. Часта на аэрафотаздымках можна пабачыць тыя будынкі, якія не трапілі ў аб’ектыў фатографаў на зямлі. Аэрафотаздымка фіксавала таксама змены ландшафту, што можа даць адказ на многія загадкі і распавесці пра падзеі і рэаліі часоў акупацыі - то-бок, не толькі аб тым, дзе што знаходзілася, але і што адбывалася. Так, напрыклад, на аэрафотаздымках 1943 года выразна заўважныя засыпаныя рвы на яўрэйскіх могілках, якія існавалі ў раёне вуліцы Клары Цэткін — гэта сведчанне масавых пахаванняў вязняў гета, якія адбываліся акурат у гэты час у гэтым месцы.
Аэрафотаздымкі часта дапамагаюць таксама вызначыць месцы, паказаныя на звычайных фота, зробленых з паверхні зямлі — у выпадку, калі выяўленыя на іх забудова ці ландшафт да нашага часу зніклі з карты горада ці непазнавальна змяніліся. Раздрукаваныя арыгіналы аэрафотаздымкаў зазвычай маюць памер 30х30 сантыметраў. Важны атрыбут, які дазваляе даведацца пра абставіны ўзнікнення здымка — адбітак хранометра фотаапарата, на якім можна пабачыць дакладны час, калі была зроблена выява.
Сведчанні трагічных дзён
Павел Растоўцаў адзначае, што савецкая аэрафотаздымка Мінска часоў вайны на сённяшні дзень даследчыкам невядомая. Магчыма, дзесьці захаваліся і такія фота, але адшукаць іх пакуль не ўдалося. Справа, відаць, у тым, што савецкая авіяцыя не мела патрэбы здымаць сваю, і без таго добра знаёмую тэрыторыю. А звесткі аб месцазнаходжанні тых ці іншых аб’ектаў савецкая разведка атрымлівала непасрэдна ад партызан і падпольшчыкаў, якія карысталіся дакладнымі картамі мясцовасці.
А вось немцам, каб атрымаць дакладную інфармацыю пра савецкія гарады, даводзілася абапірацца акурат на звесткі, атрыманыя ў выніку паветранай разведкі — асабліва напярэдадні нападу на СССР і ў першыя месяцы вайны. Самалёты-разведчыкі адсочвалі не толькі выгляд гарадоў, але і размяшчэнне ды рух войск. Таму ў Мінску, напрыклад, асаблівую ўвагу немцаў прыцягвалі раён вакзала і аэрапорта — існуе некалькі дзясяткаў здымкаў толькі гэтых мясцін. Прычым самы ранні нямецкі аэрафотаздымак часоў Другой сусветнай, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, быў зроблены задоўга да нападу Германіі на СССР — ажно ў ліпені 1939 года! На працягу некалькіх даваенных гадоў нямецкія разведчыкі здымалі савецкія гарады, рыхтуючыся да нападу, і з пачаткам вайны гэтая разведка актывізавалася яшчэ больш.
На аэрафотаздымках Мінска першых дзён Вялікай Айчыннай нямецкімі разведчыкамі былі пазначаныя нават колькасць і тыпы савецкіх самалётаў, якія знаходзіліся ў той час на гарадскім аэрадроме. Усе аэрафотаздымкі ўважліва аналізаваліся — захопнікі пазначалі на іх як меркаваныя цэлі, так і вынікі сваіх налётаў на горад. Таму аэрафота з’яўляюцца надзвычай каштоўнай крыніцай, якая дазваляе на ўласныя вочы пабачыць трагедыю першых дзён вайны — немцы педантычна фіксавалі вынікі штодзённых бамбардзіровак Мінска з 23 па 26 чэрвеня.
А ў верасні 1941 года гітлераўцы здымалі ўжо акупаваны горад — гэтыя фота пазней публікавалі ў еўрапейскай прэсе. Прычым, нацыстам нават удавалася распаўсюджваць дэзінфармацыю — падбіраючы фота, на якіх не было відаць варонак ад бомб, яны спрабавалі пераканаць замежную аўдыторыю, нібыта разбураныя дамы Мінска згарэлі ў выніку падпалаў, учыненых перад адступленнем Чырвонай арміі. Насамрэч жа вялізныя кварталы мураваных будынкаў пацярпелі ад нямецкіх запальвальных бомб, якія знішчалі драўляныя перакрыцці і ператваралі дамы ў пустыя “скрынкі”. Ад пажару, выкліканага такімі бомбамі, выгаралі ў першыя дні вайны таксама і вялізныя кварталы драўлянай забудовы на левым беразе Свіслачы — аж да Камароўкі на поўначы.
Даследчыкам сёння вядомыя нямецкія аэрафотаздымкі Мінска, зробленыя ў чэрвені, ліпені і верасні 1941, у чэрвені 1942, маі і кастрычніку 1943 — а ў 1944 да канца акупацыі немцы здымалі Мінск штомесяц. Апошнія здымкі былі зробленыя 8, 15 і 22 ліпеня 1944 — усе гэтыя фота фіксавалі вынікі нямецкіх бамбардзіровак Мінска, якія працягваліся і пасля яго вызвалення Чырвонай арміяй. Такім чынам, уважлівы і дапытлівы даследчык з дапамогай гэтых фота, супастаўляючы іх з інфармацыяй іншых крыніц, можа атрымаць багата звестак аб дакладным часе і абставінах ваенных разбурэнняў Мінска.
Не толькі падчас апошняй вайны...
Храналогія аэрафотаздымкаў Мінска не абмяжоўваецца перыядам Вялікай Айчыннай вайны — таксама вядомыя як мінімум два здымкі часоў Першай сусветнай і адзін польскі здымак 1920 года. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што аэрафотаздымка, як сродак разведкі, атрымала распаўсюджанне адразу ж, як толькі чалавек здолеў узняцца ў паветра. Дарэчы, такія здымкі ў пачатку ХХ стагоддзя рабілі не толькі з самалётаў, але і з аэрастатаў.
Пасля вайны Мінск здымалі з паветра ўжо савецкія лётчыкі — у 1956 і 1977, калі планавалася перавыданне карты горада — апошняя здымка налічвае каля пяці тысяч кадраў, горад на ёй зафіксаваны з вялікай падрабязнасцю. Зрэшты, ужо ў 1960 — 1970-х гадах з’яўляецца і здымка з касмічных спадарожнікаў — у калекцыі амерыканскай Нацыянальнай адміністрацыі аэранаўтыкі і космасу (НАСА) ёсць таксама некалькі фота Мінска тых часоў. Вядома, першапачаткова такія здымкі былі засакрэчаныя, але ў наш час, са з’яўленнем і развіццём інтэрнэту, спадарожнікавыя фота зрабіліся агульнадаступнымі.
Актуальныя спадарожнікавыя здымкі Мінска пачалі з’яўляцца ў Сеціве на адпаведных сервісах з 2001 года, і, вядома ж, яны рэгулярна абнаўляюцца і цяпер. Мінск, як і любы іншы горад, няспынна расце і змяняецца — таму нават зроблены летась ці ў мінулым месяцы здымак ужо сёння ці заўтра можа зрабіцца каштоўнай крыніцай для вывучэння гісторыі сталіцы, і каштоўнасць такога фота з часам будзе толькі ўзрастаць.
...і не толькі Мінск
Аэрафотаздымкі Мінска сёння ўжо нельга назваць невядомым відам крыніц — у інтэрнэце даступныя некалькі дзясяткаў такіх фота, краязнаўцы актыўна карыстаюцца імі для высвятлення новых фактаў гарадской мінуўшчыны. Але ўсё-ткі аэрафота застаюцца маладаследаванымі — грунтоўнай навуковай працы, якая аналізавала б гісторыю іх узнікнення і абагульняла інфармацыю, што змяшчаюць гэтыя выявы, дагэтуль няма.
Вядома, у будучыні гісторыкам, археолагам і іншым спецыялістам, якія займаюцца вывучэннем мінуўшчыны гарадоў, варта звярнуць на гэты від крыніц самую пільную ўвагу, як і на іншыя картаграфічныя дакументы. Тым больш, што, натуральна, захавалася аэрафотаздымка не толькі Мінска, але і каля двух дзясяткаў іншых беларускіх гарадоў. Усе гэтыя выявы ўяўляюць надзвычайную цікавасць для краязнаўцаў і могуць раскрыць пільным і дасведчаным даследчыкам багата таямніц.