“Калі застануся жывы...”

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Усё далей і далей ад нас вайна. І ўсё далей па адлегласці той гістарычны дзень 3 ліпеня, калі быў вызвалены наш родны Мінск. Так, шмат гадоў мінула з тае сонечнай найшчаслівай падзеі. Але вось з цягам часу вайна, якая бязлітасна вырвала з жыцця трэцюю частку насельніцтва Беларусі, нібы зноў пачынае набліжацца да нас, успамінаецца ўсё часцей і пранізлівей ці то ў кантэксце чорнага 22 червеня, ці то — з радасцю і са слязамі на вачах — у першыя пераможныя майскія дні кожнага года. А самым галоўным нацыянальным падарункам для нас, беларусаў, сталі, мабыць, першыя ліпеньскія дні, калі мы святкуем і вызваленне нашай зямлі ад фашысцкай навалы, і сучасны Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/805/17290/021.jpgТак, на вялікі жаль, удзельнікаў той вялікай эпахальнай вайны становіцца ўсё менш. Тут ужо нічога не зробіш... Вось і ў нас, у Беларускім саюзе мастакоў, сёння ў жывых засталіся толькі двое салдат-пераможцаў: народны мастак Леанід Шчамялёў і заслужаны дзеяч мастацтваў Аляксандр Салаўёў. А ваявала на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі больш за 120 прафесійных творцаў, а таксама тых, хто вярнуўшыся з акопаў пасля Перамогі на ўсё жыццё абраў сабе прафесію жывапісца, графіка ці скульптара, упісаўшы сваё імя ў выяўленчы летапіс эпохі.

/i/content/pi/cult/805/17290/023.jpgДля ветэранаў вайна і стала галоўнай Памяццю іх жыцця, якая потым увасаблялася ў жывапісныя карціны, скульптуры, гравюры, плакаты, малюнкі, мемарыялы, манументальныя роспісы. І тут нельга адняць, нельга дадаць. Яны, былыя воіны, пераможцы, сваім мастакоўскім талентам усё зрабілі для таго, каб іхнія дзеці і ўнукі хаця б трошкі “ўвайшлі” ў тую гераічную і трагічную прастору, у якой іх бацькі і дзяды, тады зусім юныя, маладыя, бязвусыя, апынуліся ў гадах “сороковых, роковых”. І мне здаецца, что гэтая іхняя візуальная память, захаваная ў творах, менавіта для сённяшняй моладзі з’яўляецца тым самым компасам, па якім трэба выбіраць правільны маральны шлях. Таму што той чысты парыў любові да сваёй Айчыны, той ахвярны напал і гатоўнасць аддаць жыццё за яе — незабыўныя, такога больш не было ніколі.

Немагчыма пералічыць усіх тых франтавікоў і партызанаў, хто ўнёс свой пасільны ўклад у скарбніцу выяўленчага мастацтва Беларусі: пра многіх пераможцаў Вялікай Айчыннай у розныя часы шмат расказвала наша газета “Культура”. Сярод іх — лётчык-знішчальнік, Герой Савецкага Саюза Міхаіл Зялёнкін, шэсць кавалераў ордэна Славы і баявога Чырвонага Сцяга, а тры чвэрці ўдзельнікаў баёў за Радзіму былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, баявымі медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”.

/i/content/pi/cult/805/17290/024.jpgА што ж тыя мастакі, народжаныя на зямлі Беларусі, якія наогул не вярнуліся з вайны? Хто іх сёння ведае? Ды, на жаль, практычна ніхто! І ў інтэрнэце вы нічога не знойдзеце пра іхнія ваенные лёсы. Некаторыя імёны загінулых, праўда, высечаны на мемарыяльнай мармуровай дошцы нашага Саюза мастакоў, але пра іх жыццё і творчасць, зноў жа, што вядома? А далёка ж не ўсе мастакі, прытым вельмі таленавітыя, тады, перад вайной, знаходзіліся ў творчым Саюзе. Напомню, што ў 1940-м годзе адбыўся першы прыём у Саюз савецкіх мастакоў Беларусі, членамі якога тады сталі амаль 40 чалавек. Аднак на падыходзе было яшчэ каля дваццаці творцаў — але вайна ўнесла свае чорныя карэктывы.

Шмат гадоў мяне хвалявала пытанне: як жылі ў мастацтве тыя людзі, якіх забрала вайна і спадчына якіх амаль што не ацалела, а тое і зусім не захавалася? Не было дзе і не было каму захоўваць іхнія творы. Засталіся толькі імёны і сціплыя даныя анкет у архівах... І не заўсёды ёсць нават фотаздымкі. Кожны новы факт як вынік доўгага карпатлівага пошуку — бясцэнны. Але даўно ўжо няма ў жывых большасці сяброў, равеснікаў, блізкіх сваякоў тых, хто загінуў у баях або сканаў у канцлагерах і гета. На шчасце, дачка таленавітага скульптара Абрама Жорава — Святлана, з якой я не аднойчы сустракаўся, мне шмат чаго расказала пра свайго тату і шмат чаго зрабіла для ўвекавечання яго памяці. А яшчэ кагосьці з прамых нашчадкаў загінулых мастакоў сёння, мабыць, знайсці і не выпадае. Карацей кажучы, цяпер кожнае запісанае слова, кожны радок успамінаў — часта адзіная магчымасць, што ўзнаўляе вобраз тых цудоўных людзей, якія назаўсёды засталіся маладымі...

У гэтыя першыя ліпеньскіе дні Свята Вызвалення нашай Радзімы хачу нагадаць імёны, якія я здолеў, пачынаючы з 70-х гадоў, пазнаходзіць не толькі ў беларускіх і маскоўскіх архівах, але штосьці паспеў пачэрпнуць з “жывых” успамінаў — А.Бембеля, З.Азгура, А.Глебава, Я.Красоўскага, А.Мазалёва, С.Селіханава, М.Зялёнкіна, Л.Лейтмана ды іншых прадстаўнікоў старэйшага пакалення мастакоў, якія асабіста, у даваенны час сумеснай вучобы і работы, ведалі сваіх загінулых сяброў і равеснікаў. Вось гэтыя імёны: А.Арлоў, М.Малевіч, А.Пашута, У.Бярвенскі, Ш.Пікус, А.Бразер, І.Эйдэльман, Г.Ізмайлаў, І.Мільчын, З.Мірынгоф, Я.Саматыя, Х.Гутэрман, М.Калішэвіч, Б.Каплан, С.Аншалевіч, С.Даўжанскі, Л.Сонкін, Р.Баброўскі, Л.Юдзін, М.Вакслер... Пра апошняга з гэтага спіса ў беларусай прэсе я згадваю ўпершыню.

Пра некаторых загінулых мастакоў раскажу трошкі падрабязней. Самымі малодшымі з іх былі Віталь Букаты і Васіль Капыценка. Таленавіты рысавальшчык-самавук, 17-гадовы Букаты, пра якога мне расказаў Заір Азгур, спачатку працаваў у плакат-газеце “Раздавім фашысцкую гадзіну!” Захавалася ягоная кампазіцыя-заклік “Партызаны! У бой за родную Беларусь!”, дзе з дакладным мастакоўскім чуццём знойдзены і вобраз савецкага партызана, які ў свяшчэнным гневе паўстаў ва ўвесь рост, і брыдкая фігура фашыста-злачынца, які паквапіўся на нашу зямлю. Фон — танкі з чорнымі крыжамі, што паўзуць далёка ззаду, дым пажарышчаў, абпаленыя палі і лясы... Тым не менш, Віталь Букаты, працуючы ў рэдакцыі плаката, увесь час ірваўся на фронт, і, хутка атрымаўшы прафесію мінёра, трапіў у партызанскі атрад на Віцебшчыне. У адным з баёў з карнікамі па-геройску загінуў...

19-гадовы Васіль Капыценка — учарашні студэнт Віцебскага мастацкага вучылішча, з першых дзён вайны разам са сваім любімым настаўнікам Аляксандрам Мазалёвым стаў падпольшчыкам-антыфашыстам у горадзе Рудня. Усё ж фашысты высачылі Васіля і пасля доўгіх катаванняў расстралялі... У Смаленскім гістарычным музеі захоўваюцца некалькі ягоных работ, у тым ліку “Аўтапартрэт”, створаны незадоўга да яго арышту, і накід пажылой жанчыны, пад якім — аўтарскі подпіс: “...42. Рудня. Турма”...

Так здарылася, што таленавіты мастак Аркадзь Астаповіч, які зрабіў значны ўклад у развіццё даваеннага нацыянальнага графічнага пейзажу, нарадзіўшыся ў Мінску, пайшоў адсюль і на сваю смерць. Сыходзіў ён з горада ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны: 45-гадовы старшы лейтэнант запасу пайшоў на фронт добраахвотнікам. За пару дзён да ўваходжання немцаў у Мінск ён пакінуў жонку і двух сыноў у сям’і свайго былога вучня ў вёсцы Каралёў Стан. Потым прайшоў пешкі каля 300 кіламетраў на ўсход і злучыўся з ацалелымі часцямі Чырвонай Арміі. Але толькі тры месяцы паспеў праваяваць у 111-м асобным батальёне 6-й стралковай дывізіі. 23 верасня 1941 года, у дзень нараджэння сваёй сястры, мастак загінуў смерцю храбрых у кровапралітнай бітве ля вёскі Рухава-Буды пад горадам Арлом. Сястра мастака Зінаіда Антонаўна атрымала пахавальную за подпісамі камандзіра батальёна, ваеннага камісара Шалудзько і начальніка штаба Шулякоўскага. Да сённяшняга дня так і не вядомае месца яго пахавання...

Захаваўся апошні ліст мастака, які ён даслаў сваёй сястры Зіне, ейнаму мужу І.Бачарову і пляменніцы Ніне з той самай 6-й стралковай дывізіі, куды ён, старшы лейтэнант, уліўся пасля таго, як пакінуў палаючы Мінск. Хачу прывесці яго цалкам: “12 ліпеня 1941 г. Дарагія Зіначка, Іван Аляксандравіч і Ніначка!Напісаў два лісты, але не ведаю, ці атрымалі вы іх. Я ўжо ў часці, хутка буду ведаць свой адрас, тады напішу, а цябе, Зіначка, прашу тады неадкладна паведаміць, ці ёсць якія звесткі ад Ніны, якую я з хворым Сенем і Валем пакінуў у в. Каралёў Стан (калгас Леніна) ля станцыі Калодзішчы, за 15 км ад Мінска, у сям’і Філіповіча. Хочацца спадзявацца, што яны як-небудзь адтуль выбраліся, тады яна вам напіша. Слабая ў мяне надзея ўбачыць іх зноў ці хоць бы даведацца, што яны жывыя. Але хочацца спадзявацца на гэта. Я здаровы. Ногі, якія крыху падбіў пад час пераходу, праходзяць. Цяпер галоўнае пытанне для мяне — гэта лёс Ніны і дзяцей. Каб ведаў, што з імі, ці ўсё добра, больш бы я нічога не хацеў. Спадзяюся, што ў вас усё добра.Цалую вас усіх. Ваш Аркадзь”. А ў мінскай майстэрні мастака, мабыць, так і застаўся на стале чысты белы, не крануты акварэльным пэндзлем, аркуш, на якім праз хуткі час “праявіліся” чырвоныя кроплі крыві, пралітыя беларускім мастаком-салдатам у тым яго апошнім баі пад Арлом… Са спадчынай гэтага творцы “пашанцавала” больш, у параўнанні з лёсам твораў іншых загінулых мастакоў: у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца некалькі дзясяткаў яго работ.

P.S. Сястра мастака — Зінаіда Антонаўна Астаповіч-Бачарова, якая мне пра ўсё гэта распавяла і паказала ліст, апошнія трыццаць гадоў свайго жыцця пражыла ў Віцебску.

Абрам Жораў — скульптар. Нарадзіўся ў 1907 годзе ў Магілёве. Вучыўся ў Міхаіла Керзіна ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Яшчэ студэнтам браў удзел у выстаўках, будучы ўжо членам Віцебскага аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі. У 1930-я гады прымаў актыўны ўдзел у скульптурным афармленні Дома ўрада БССР і Беларускага павільёна на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. Блізкі сябра З.Азгура, А.Бембеля і А.Глебава. Сярод яго станковых кампазіцый - “Сярго Арджанікідзэ ў разведцы пад Барысавам”, “Лён”, “Плытагоны”, “Качагар”.

Калі пачалася Вялікая Айчынная, мастак пайшоў на фронт. Адтуль, па меры магчымасці, пісаў лісты жонцы і маленькай дачушцы Святлане. Але ўдалося захаваць толькі тры паштоўкі, дзе замест маркі — пячатка палявой пошты і адбітак “Праверана ваеннай цэнзурай” (Я бачыў гэтыя гістарычныя “артэфакты”). У канцы лістапада 1942-га Жорава адклікалі з фронту ў Маскву і як мастаку прапанавалі бронь. Ён адмовіўся і вярнуўся ў свой полк. Вось фрагмент з ягонага ліста да таварышаў-мастакоў: “Мы грамім немцаў скрозь і ўсюды. Каб вы маглі бачыць маіх таварышаў! Гэта — героі, вартыя лепшага твора мастацтва. Якія выдатныя вобразы! Калі застануся жывы, колькі будзе работы! Я раблю замалёўкі, галоўным чынам партрэты...”

Перапіска з роднымі і сябрамі абарвалася ў канцы 1943-га. За тыдзень да новага, 1944 года прыйшоў апошні ліст, дзе мастак віншаваў сям’ю са святам, паведамляў, што жывы і здаровы, марыць як мага хутчэй вярнуцца ў сваю любімую мінскую майстэрню... Але хутка прыйшло паведамленне: камандзір узвода аэраздымкі Абрам Жораў прапаў без вестак у баях на Украіне...

Там жа, на Украіне, пад Харкавам, у 1943-м загінуў у баі яшчэ адзін беларускі мастак — Іосіф Фянюк. Захаваліся некаторыя яго франтавыя лісты да жонкі. Вось што ён пісаў за год да апошняга свайго бою: “Зрэдку трапляюцца кніжкі, якія чытаць — асалода. Сабраў я некалькі дробных ілюстрацый і праглядаю іх у вольны час. Гэта замяняе мне музей. Канешне, нельга сказаць, што гэта паўнацэнная замена, аднак і яна прыносіць мне вялікае задавальненне. У думках займаюся жывапісам, і нельга сказаць, што гэта не дае ніякай карысці. Наадварот, мне думаецца, я — развіваюся, і як прыйдзе час, калі ў маіх руках будуць пэндзлі, фарбы і палатно, дык ты ўбачыш, што гэты час дарэмна не прапаў, убачыш мой рост і мае поспехі. Вымушаная цяперашняя творчая бяздзейнасць накоплівае ўва мне запас нерэалізаванай энергіі, якая з яшчэ большай сілай выявіцца пасля. Чым як найтужэй сціснеш спружыну — тым больш у ёй сілы...” З апошняга ліста да жонкі за паўгода да гібелі: “Вось табе некалькі чарнавых накідаў да серыі... У кожнай кампазіцыі — не натуралістычна падрабязны выпадак, а кампазіцыйна абагульненае мастацкае выяўленне сваіх пачуццяў і перажыванняў. Да гэтага трэба імкнуцца...”

Яшчэ адзін беларускі скульптар — Абрам Бразер. З 1918 года, пасля прыезду з Парыжа, актыўна працаваў разам з М.Шагалам, К.Малевічам, Л.Лісіцкім у Віцебску на “фронце” новага авангарднага выяўленчага мастацтва. Праз пяць гадоў з’ехаў у Мінск на пастаяннае месца жыхарства і працы. У канцы 20-х быў членам Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі. У 1940-м, адным з першых, стаў заслужаным дзеячам мастацтва Беларусі і членам Саюза савецкіх мастакоў БССР першага склікання. Аўтар скульптурных партрэтаў Я.Купалы, С.Міхоэлса, Ю.Пэна, помніка швейцарскаму педагогу Іагану Гэнрыху Песталоцці ў Віцебску (не захаваўся). Яго вялікая персанальная выстава была адкрыта за некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай. Пасля акупацыі Мінска ўсе творы з выставы былі фашыстамі знішчаны. А сам Бразер арыштаваны і кінуты ў “Вялікае” гета, якое існавала ў раёне Юбілейнай плошчы (пасля Перамогі — Рэспубліканская, зараз Раманаўская Слабада). У сакавіку 1942-га Бразер разам з сям’ёй быў расстраляны. У архіўных матэрыялах мінскага гета захавалася дакладная запіска каменданта ад 4 сакавіка 1942 года, у якой паведамляецца, што мастак Абрам Бразер быў арыштаваны па абвінавачванні ў шпыянажы. Быццам бы, працуючы над партрэтамі нямецкіх афіцэраў, ён актыўна займаўся зборам важнай ваеннай інфармацыі, якую перадаваў мінскім падпольшчыкам і партызанам. Дарэчы, скульптар і педагог Міхаіл Керзін, першы дырэктар Віцебскага мастацкага тэхнікума, застаючыся ў акупаваным Мінску, таксама быў звязаны з партызанамі Міншчыны. Але застаўся жывым... Аб гэтым ён расказваў асабіста мне ў 70-я гады ў час маіх двух сустрэч з ім у ленінградскай Акадэміі мастацтваў, дзе мастак тады працаваў.

Дарэчы, тады ж у Ленінградзе я ўпершыню даведаўся, што беларускі ілюстратар, рысавальшчык і архітэктар Майсей Ваксер, выхавальнік Акадэміі, сакурснік і сябра будучых народных архітэктараў СССР, нашых зямлякоў Георгія Заборскага і Уладзіміра Караля, у лютым 1942 года памёр у блакаду ад голада. Да вайны для мінскіх выдавецтваў ён праілюстраваў кнігі “Легенда пра Ціля Уленшпігеля” Шарля дэ Кастэра, “Абломаў” М.Ганчарова. Таксама ім створаны ілюстрацыі да зборніка аповесцяў і апавяданняў Алеся Якімовіча “Выпадак на чыгунцы”(1938) і аповесці Якуба Коласа “У глыбiні Палесся” (1928). Захавалася сведчанне, что пісьменнік быў вельмі задаволены мастацкім афармленнем, зробленым маладым мастаком. Усе чорна-белыя ілюстрацыі ў тэхніцы “малюнак пяром” Ваксера датаваны 1937 — 1940 гадамі. Многія з гэтых графічных кампазіцый экспанаваліся на Усебеларускіх мастацкіх выставах і ўдзельнічалі ў першай Дэкадзе беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве. Зараз усе гэтыя творы Ваксера захоўваюцца ў бібліятэцы Академіі мастацтваў у Пецярбургу.

Віцябчанін Леў Зевін — жывапісец і графік. Вучыўся ў школе-майстэрні Ю.Пэна разам з З.Азгурам, Я.Мініным і С.Юдовіным. Потым — у Народнай мастацкай школе ў М.Шагала, К.Малевіча, В.Ермалаевай, Р.Фалька. Да 1925 года працягваў адукацыю ў маскоўскім ВХУТЕМАСе. Шмат выстаўляўся, у тым ліку на першых трох Усебеларускіх выстаўках і выстаўках савецкай графікі і кнігі ў Лондане, Оксфардзе, Манчэстэры і Ліверпулі. Аўтар вельмі цікавых жывапісных твораў: “Рабочая сям’я”, “Аблокі над возерам”, “Мацярынства”, “Квартэт”, “Палявыя работы”, “Заняпад”, “Швейная фабрыка ў Віцебску”. У першыя дні Вялікай Айчыннай 38-гадовы мастак пайшоў добраахвотнікам на фронт. Вядома, што ўвосень і зімой 41-га ён удзельнічаў у баях пад Масквой. Далей сляды яго губляюцца. Магчыма, ён загінуў у баі; магчыма, апынуўся, як і дзясяткі тысяч іншых, у палоне і дзесьці згінуў па дарозе ў пекла або ў фашысцкім канцлагеры...

Так, на шчасце, шмат мастакоў — колішніх байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, партызанаў і падпольшчыкаў, што прайшлі па той вайне,— выжылі, каб у пасляваенны час пакінуць свае каштоўныя ўспаміны ў творах выяўленчага мастацтва, у якіх яны імкнуліся адлюстроўваць праўду і толькі праўду — якую ведалі, якую перажылі, здабылі цягам многіх гадоў роздумаў і душэўных пакут... Усіх іх мы ведаем. У тым ліку і тых, хто так ці інакш прымаючы непасрэдны удзел ў бітве за Беларусь, ішоў далей, на штурм Сандаміра, Варшавы, Брэславач, Будапешта, Берліна, Прагі. Але не будзем забываць і тых, каму вайна так і не дазволіла вярнуцца ў свае творчыя майстэрні...

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"