Аперацыя “Багратыён” інтэрактыўна

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

На працягу 310 дзён наведвальнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны змогуць атрымаць інфармацыю пра ход вызвалення раёнаў краіны ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і адначасова ўбачыць на дэманстрацыйным экране хроніку і слайд-фільмы паводле дакументальных матэрыялаў з багатых фондаў установы.

Прэзентацыя інтэрактыўнай карты “Вызваленне Беларусі: 23.09.1943 — 29.07.1944 гады” і камп’ютэрнай гульні “Аперацыя “Багратыён” адбылася ў музеі на гэтым тыдні і была прымеркавана да аднайменнай наступальнай аперацыі.
Ідэя праекта — паказаць усе этапы вызвалення рэспублікі. І да 29 ліпеня 2009 года супрацоўнікі музея будуць адзначаць на гістарычнай карце БССР у даваенных межах змяненні лініі фронту і вызваленыя населеныя пункты — ад вялікіх гарадоў да маленькіх вёсачак. Музейным супрацоўнікам у гэтым дапамогуць архіўныя дакументы. На працягу працы гэтага праекта будзе дэманстравацца і фільм, які распавядае пра вызваленне Беларусі.
Зацікавіць моладзь і першая ў свеце камп’ютэрная стратэгічная гульня з выкарыстаннем матэрыялаў, прысвечаных вызваленню Беларусі, што была сёлета створана кампаніяй “Гейм стрым”. Гульня “Аперацыя “Багратыён” заснавана на прынцыпах гістарызму і рэалізму. Кожны яе ўдзельнік зможа атрымаць інфармацыю пра ваенную тэхніку і гісторыю гэтай ваеннай аперацыі.
Каб атрымаць якасны і канкурэнтаздольны прадукт, распрацоўшчыкі выязджалі на месцы бітваў, рабілі здымкі мясцовасці, працавалі з архіўнымі дакументамі і чарцяжамі ваеннай тэхнікі.
Акрамя гэтага, да святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі музей пры падтрымцы агракамбіната “Дзяржынскі” рыхтуе два маштабныя праекты: “Старая мяжа” і “Партызанскі лагер”. Апошні, у прыватнасці, пабудаваны ў адпаведнасці са старымі картамі на месцы аб’екта, што існаваў пад час вайны, максімальна рэалістычна ўзновіць жыццё беларускіх партызан.

Канстанцін АНТАНОВІЧ