Баталіі акордаў

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Калектывы і салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі ладзяць адначасова дзве акцыі: “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла” і “Культурнае лета: майстры мастацтваў — дзецям”.

/i/content/pi/cult/805/17289/020.jpgЗвіняць каса і песня

Рэспубліканскі праект Міністэрства культуры Беларусі “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла” звычайна ахоплівае жнівень: музыканты выязджаюць не толькі ў аграгарадкі, але і літаральна ў поле, каб падарыць вяскоўцам добры настрой, “зарадзіць” іх на далейшыя працоўныя здзяйсненні ў “бітве за ўраджай”.

Сёлета сельскія “музычныя баталіі” пачаліся раней — з канца чэрвеня.

— Мы з вялікай адказнасцю паставіліся да гэтых выступленняў, — расказаў напярэдадні паездкі мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” Вячаслаў Статкевіч. — Новую праграму рыхтавалі, рэпеціравалі прыблізна месяц. Вядома, будзем паказваць і нашы “хіты”, але заўжды хочацца прапанаваць і штосьці новае. Гэта і апрацоўкі беларускіх народных песень, што з’яўляецца адным са стрыжнявых кірункаў нашага калектыву, і новыя кампазіцыі, блізкія народным. Будуць, да прыкладу, песні “Запрашаем у Беларусь” Леаніда Шульмана на словы Сяргея Скавыша і мае, “Налітая вішня” Уладзіміра Гінько на верш Васіля Цітаўца, на яго ж словы — “Два галубы” Алега Чыркуна, народная песня “Лецейка — гарачая пара” і многія іншыя. Сярод танцавальных нумароў — так званы трыпціх, складзены з “Лявоніхі”, трапаку і падэспані. Праграма цалкам — паўтары гадзіны “чыстай” музыкі. У час канцэртаў, зразумела, працягласць павялічваецца: далучаюцца прамовы, апладысменты. Але ёсць магчымасць сачыць за рэакцыяй публікі і, калі трэба, штосьці скарэктаваць. Да таго ж, мы імкнемся ладзіць гэткае інтэрактыўнае шоу, каб гледачы не моўчкі слухалі, а таксама ўдзельнічалі.

Наш першы канцэрт — у аграгарадку Парычы Светлагорскага раёна. Доўга і прыдзірліва абіралі месца — у парку ці на прыступках Дома культуры. Спыніліся на апошнім, бо некаторае ўзвышша накшталт “сцэны” дае магчымасць лепей убачыць дзеянне. Нашы шляхі праходзяць праз Ляхавічы Брэсцкай вобласці, Глушу, што на Бабруйшчыне. А ў ліпені нас чакае Лідчына, аграгарадок Ганчары, дзе штогод ладзіцца свята “Звініць каса — жыве вёска”. Ну, а мы скажам так: гучыць песня — жыве добры настрой.

Вакол света — з музыкай лета

На сёння паспелі прайсці ўжо некалькі мерапрыемстваў акцыі “Культурная лета: майстры мастацтваў — дзецям”, падрыхтаванай Філармоніяй для дзяцей і юнацтва пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.

— Вядома, мы працуем для дзяцей увесь год, — пацвердзіла адміністратар згаданай “філармоніі ў філармоніі” Ірына Траццякова. — Але для летніх канікулаў падрыхтавалі канцэртныя праграмы, складзеныя з самых лепшых нумароў, аб’яднаных цікавымі для дзяцей і актуальнымі для цяперашняга часу тэмамі. Адна з іх — “Будзьце здаровыя!” — гаворыць сама за сябе. Гэта не “лекцыя” пра тое, як пазбегнуць вірусаў, а, лічыце, інтэрактыўная гульня, скіраваная на неабходнасць прывіць і замацаваць у дзяцей навыкі здаровага ладу жыцця. Ці, да прыкладу, “Музычная кругасветка”, з якой мы выступілі ў сталічным Дзіцячым доме № 5. Гэта сапраўднае “віртуальнае” падарожжа, падрыхтаванае нашым баяністам Яўгенам Курыльчыкам (ён і іграе, і расказвае) разам з іншымі артыстамі. Тут музыка розных краін не толькі выконваецца на мове арыгінала, але і спалучаецца з відэакантэнтам, аповедам пра некаторыя традыцыі гэтых народаў. Цягам праграмы дзеці пашыраюць кругагляд, далучаюцца да культуры розных куткоў планеты, вучацца, як сябе паводзіць, як вітацца на розных мовах. З праграмай “Дзень добры, лета!” нашы артысты выступілі ў яшчэ адным Дзіцячым доме — № 7, прычым на свежым паветры, у Асіповіцкай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Паўсюль — вельмі ветлівы прыём з боку кіраўніцтва, жывая рэакцыя дзяцей — самых розных, ад 7 да 17 гадоў.

— У Асіповічы, — падзялілася ўражаннямі адна з удзельніц праграмы, спявачка Галіна Сакольнік, — мы ехалі са шчымлівымі пачуццямі. Бо заўсёды хочацца хоць чымсьці дапамагчы дзецям з асаблівасцямі развіцця, прынесці ім радасць. Спадзяюся, нам гэта ўдалося. Было бачна, як свяціліся дзіцячыя вочкі, як хтосьці імкнуўся рухацца ў такт музыцы: гэты від мастацтва нікога не можа пакінуць абыякавым.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"