Перамога: дзень за днём

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

23 верасня Першы канал распачаў прэм’ерны паказ цыкла праграм “Беларусь. Гісторыя Перамогі”, падрыхтаваных Агенцтвам тэлевізійных навін. Як паведамілі “К” у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, кожная серыя — троххвілінная, цягам дня дэманструецца на Першым канале тройчы. Мэта больш чым 300 серый — узнаўленне храналогіі вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў дзень за днём: пачынаючы з 23 верасня 1943-га, калі быў узяты першы наш населены пункт — горад Камарын, і да 28 ліпеня 1944-га — дня вызвалення Брэста і канчатковага выгнання з беларускай зямлі фашыстаў...

 /i/content/pi/cult/176/1728/Peramoga.jpg

У складзе асноўнай творчай групы — кіраўнік праекта Ягор Марозаў, сцэнарыст Аляксандр Гарадко, рэжысёр Аляксандр Шурмілёў. Як паведаміў “К” Ягор Марозаў, праект “Беларусь. Гісторыя Перамогі” накіраваны на тое, каб праз унікальныя архіўныя відэаматэрыялы, пастановачныя здымкі паказаць тэлегледачу подзвіг вызваліцеляў, распавесці пра герояў, паведаміць пра невядомыя факты партызанскага руху. Выкарыстоўваецца карта гадоў Вялікай Айчыннай, на якой пазначаны кожны населены пункт Беларусі, вызвалены ад захопнікаў. Неацэнную дапамогу ў стварэнні серыі інфармацыйна-гістарычных праграм аказвае Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Асобныя факты, звязаныя з падзеямі тых часін, яшчэ невядомы шырокаму колу гледачоў Першага канала.
У кожнай праграме ёсць свой герой — камандзір ці салдат, што вызначыўся ў баях за Беларусь. Дакументы і фотаздымкі, пісьмы і дзённікі вызваліцеляў дапаўняюць відэашэраг кожнай серыі цыкла. Праект, які скончыцца ў наступным годзе, пакліканы стварыць абагульнены партрэт воіна-вызваліцеля, што выратаваў нашу Радзіму ад фашысцкай навалы, здабыў Перамогу, часта коштам уласнага жыцця...
Нагадаем, што серыя інфармацыйна-гістарычных праграм пад агульнай назвай “Беларусь. Гісторыя Перамогі”, прымеркаваных да 65-годдзя вызвалення краіны, выходзяць на Першым канале штодня: па буднях — у 9.10, 14.55, 22.50, па выхадных — у 9.10, 14.55, 21.45.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ